![]() |
7.38 р.
Вага: 700 г
Памеры: 175x250 мм
|
Зборнік літаратурных і архіўных матэрыялаў. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. - 392 с. Цьвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-6994-74-9
У чарговы зборнік гісторыка-літаратурнай серыі РВУ «Літаратура і Мастацтва» ўключаны даследаванні творчасці Максіма Багдановіча 1910 – 1940-х гадоў, дзякуючы якім можна прасачыць, як паэзія класіка беларускай літаратуры ўспрымалася на працягу першай паловы XX стагоддзя. Акцэнт зроблены на літаратуразнаўчыя працы, што не перавыдаваліся з часоў першапублікацыяў. 3 архіўных матэрыялаў асобнае месца займае першая кандыдацкая дысертацыя па творчасці беларускага паэта, абароненая Р. Жалязняком у Ленінградзе ў 1940 г. У асобным раздзеле змяшчаюцца таксама малавядомыя матэрыялы перапіскі родных і сяброў Максіма Багдановіча, з якіх асоба песняра, 120-годдзе з дня нараджэння якога святкуецца сёлета, паўстае ў новым і часта нечаканым святле.
ЗМЕСТ
Юры Пацюпа. Да вытокаў багдановічазнаўства. Прадмова
І
Антон Луцкевіч. Пясняр чыстай красы
Антон Луцкевіч. Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча
Яўхім Карскі. М. А. Багдановіч. Беларускі паэт чыстага мастацтва
Міхайла Піятуховіч. Максім Багдановіч як паэта імпрэсіяністы
Уладыслаў Дзяржынскі. Максім Багдановіч як стылізатар беларускага вершу
Аляксандр Вазнясенскі. Паэтыка Максіма Багдановіча
Дзмітрый Савановіч. "Старая Беларусь" М. Багдановіча
Дзмітрый Савановіч. Фальклор у творчасці М. Багдановіча
Рыгор Жалязняк. Паэзія Максіма Багдановіча
ІІ
Іван Замоцін. Літаратурная камісія Інбелкульту ў працэсе працы над зборам твораў М. Багдановіча
Дзіядор Дзябольскі. Успаміны.
Лісты Дзіядора Дзябольскага да Юльяна Пшыркова
Лісты Мікалая Лілеева да Ніны Ватацы
Ліст Адама Багдановіча да Антона Луцкевіча
Ліст Адама Багдановіча да Вацлава Ластоўскага
Лісты Зоські Верас да Алеся Бачылы
Лісты Зоські Верас да Ніны Ватацы
[Леанард Заяц?]. Успаміны пра Максіма Багдановіча
КАМЕНТАРЫІ
ГЛАСАРЫЙ
Да вытокаў багдановічазнаўства. Прадмова
Калі Усевалад Ігнатоўскі называў Максіма Багдановіча госцем з высокага неба, то, відаць, і сам не думаў, які веер сэнсаў тоіць у сабе гэтае азначэнне. Развіваючы ягоную дасціпную метафару, паэта можна параўнаць і з яркім метэорам на нашаніўскім чытацкім гарызонце, і з загадкавым метэарытам на чорным грунце тутэйшай літаратуры. Багдановіч адразу быў успрыняты як чужароднае цела і выклікаў буру канфліктаў. Спрэчкі склаліся ў сістэму, стварылі ўласную логіку развіцця і не затухаюць да гэтай пары, хоць паэт даўно стаў сваім, родным для беларускай літаратуры. Даследаваць гісторыю спасціжэння Багдановіча не менш цікава, чым вывучаць ягоную паэзію. Але, на жаль, сёння, абняўшы вокам абшары багдановічазнаўства, з прыкрасцю заўважаеш, што ўсё, нават найлепшае, напісанае ад 30-х гг. XX ст. і пазней, мае ў сабе нейкую заганную зададзенасць, быццам тую лыжку дзёгцю ўлілі ў бочку з мёдам. Каб пазбыцца гэтай заганнасці, даводзіцца азірацца на 20-я гг. Дасягненні ў сучасным багдановічазнаўстве мажлівыя пры адной, папярэдняй і абавязковай, умове: вяртанні да таго незашоранага дыскусійнага стану, які панаваў да 30-х гг.