![]() |
4.99 р.
Вага: 290 г
Памеры: 135x200 мм
|
Партрэт пісьменніка і чалавека : літаратуразнаўчае эсэ. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 208 с.
ISBN 978-985-6941-86-6
Уладзімір Караткевіч, легендарны беларускі рамантык, апярэджваў свой час, узняўся над канфармізмам, над паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышынь, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, чалавека з людзьмі і народамі.
Пісьменнік незвычайнага, рэнесанснага таленту, ён стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле. І задача гэтай кнігі – растлумачыць, хаця б часткова, той феномен, імя якому – Караткевіч. Аўтар спрабуе разгадаць многія загадкі геніяльнай празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.
Вечная дарога Уладзіміра Караткевіча
Асоба пісьменніка-рамантыка Уладзіміра Караткевіча і праз дзесяцігоддзі (ды і праз стагоддзі!) па-ранейшаму, мо нават з большай увагай, чым пры жыцці, будзе выклікаць цікавасць усё новых і новых пакаленняў чытачоў.
Аўтар неўміручых раманаў "Зямля пад белымі крыламі", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Нельга забыць", пачынальнік жанру гістарычнага дэтэктыва ў беларускай прозе, паэт, яркі публіцыст, ён, як ніхто іншы, паставіў літаратуру на службу гісторыі, спалучыў, аб'яднаў дзве Музы...
Жыццё твораў легендарнага пісьменніка працягваецца. Выдавецтва "Мастацкая літаратура" распачынае выданне 25-томнага Збору твораў У Караткевіча. Выходзяць кнігі класіка айчыннай літаратуры ў іншых выдавецтвах. У перыядычных выданнях друкуюцца раней невядомыя мастацкія творы. 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча падштурхнула шмат каго да напісання ўспамінаў пра легендарнага сучасніка. Усе гэтыя факты сведчаць пра рост увагі да творчай і жыццёвай біяграфіі Уладзіміра Сямёнавіча.
"Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" – кніга, якая ўпершыню прыйшла да чытача ў 1990 годзе. "Мастацкая літаратура" падаравала чытачу амаль што "па свежых слядах" напісаны твор. Адам Мальдзіс, сябра пісьменніка, які пайшоў з жыцця ў 1984 годзе, напісаў сваю дакументальную і разам з тым лірычную, мастацкую сагу пра творцу і творчасць па матэрыялах сваіх ранейшых дзённікавых запісаў. Усяго хапае ў кнізе – і гумару таксама. Але чым найперш уражвае праца дасведчанага культуролага, гісторыка літаратуры? Так, улюбёнасцю ў Караткевіча. Але – і жаданнем выразна акрэсліць месца Караткевіча ў грамадскім і нацыянальным жыцці народа Беларусі. Следам за кнігай А. Мальдзіса пабачылі свет многія караткевічазнаўчыя працы. І гэта проста выдатна, што аўтар гістарычнай прозы і публіцыстыкі, паэт, які, падобна Міцкевічу – шукальніку Польшчы, шукаў Беларусь, выклікае няспынную ўвагу. Магчыма, будуць перавыдавацца і гэтыя сур'ёзныя караткевічазнаўчыя працы. Але напісанае А. Мальдзісам – з іншага шэрага. "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" – пякучы напамін пра месца і ролю мастацтва, пра яго вартасці ў засваенні народнага, гістарычнага вопыту беларусаў.
Як мне асабіста падаецца, кнігу-ўспамін можна ўкладваць у зборнікі прозы самога Караткевіча, яна павінна быць дадаткам нават да акадэмічнага збору твораў пісьменніка. А сёння, праз дваццаць гадоў з часу першага выдання, чытача чакае сустрэча не толькі з аповедам А. Мальдзіса, але і з самой постаццю Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Са старонак кнігі "Жыццё і ўзнясенне..." ён сыходзіць бы жывы...
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Перш чым пачаць непасрэднае апавяданне, я павінен зрабіць некалькі тлумачэнняў. Найперш пра назву кнігі. Сяму-таму яна можа здацца прэтэнцыёзнай і нават містычнай. Але слова "ўзнясенне" трэба трактаваць "матэрыялістычна" — як узнясенне над сваім часам, узнясенне да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Апрача таго, тут ёсць прамая "рэмінісцэнцыя", звязаная з Караткевічам. Калі на кінастудыі "Беларусьфільм" пачалі здымаць фільм па яго сцэнарыю "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", камусьці гэта назва здалася крамольнай, і фільм выйшаў (дакладней, не выйшаў, а надоўга лёг на паліцу) як "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка". Новую назву Караткевіч успрыняў спакойна, з гумарам. Яна стала для яго нават сімвалам чагосьці асабістага. І калі ў 1980 годзе, пасля першага грознага прыступу хваробы, ён крыху акрыяў, я пажартаваў: "Ну вось, цяпер можна будзе пісаць кнігу "Жыціе і ўваскрэсенне Уладзіміра Караткевіча", ён разрагатаўся: "Ну – давай, давай! Няхай яно спраўдзіцца!"
Адам Мальдзіс, пачатак кнігі
Пра Адама Мальдзіса ў Вікіпедыі.