Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Мінск: падарожжа па горадзе

Мінск: падарожжа па горадзе
3.49 р.
Вага: 100 г
Памеры: 220x220 мм



Кніга-гульня. Гістарычныя даведкі / аўт. тэксту Л. Рублеўская, П. Грынчанка; мастак У. Карман. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. – 15 с.

ISBN 978-985-02-1110-1

Штодзень мы праходзім паўз цікавыя пабудовы, бачым архітэктурныя помнікі, гуляем па вулках, названых у гонар славутых людзей... İ вельмі рэдка ведаем не толькі гісторыю, але нават назвы многіх найцікавейшых аб’ектаў.

У выданні папулярна расказваецца пра гісторыю і сучаснасць сталіцы нашае рэспублікі. Кніга, дзе ў займальнай форме даюцца кароткія гістарычныя звесткі пра знакавыя мясціны горада, знаёміць дзяцей і дарослых са сталіцай Беларусі. Дзеці могуць гуляць самастойна ці разам з бацькамі і праз гульню трывала замацоўваць свае веды. Кніга дае магчымасць стаць знаўцам сваёй сталіцы.

Гэтае выданне – цудоўны дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў па вывучэнні гісторыі Мінска, адметных архітэктурных помнікаў, мясцін, славутых асоб і арыгінальны падарунак першакласнікам на Дзень ведаў, выпускнікам дзіцячых садоў і ўсім, хто хоча пазнаёміцца з гісторыяй сталіцы нашай радзімы з дапамогай займальнай кнігі-гульні.

Вокладка кнігі "Мінск: падарожжа па горадзе" зроблена ў форме гульні, вядомай у Еўропе пад назвай pexeso. Квадраты з карцінкамі-выявамі знакамітых мясцін і асоб, кожная з якіх паўтараецца двойчы, выразаюцца і перамешваюцца. Удзельнікі гульні па чарзе разбіраюць карцінкі і параўноўваюць выявы. Выйграе той, у каго па сканчэнні гульні карцінак з аднолькавымі выявамі набярэцца найбольш. Другі варыянт гульні нагадвае Memo – вядомую гульню на запамінанне. Квадрацікі кладзем выявамі ўніз, і кожны па чарзе здымае па 2 карткі. Пераварочваем. Калі на квадраціках будуць аднолькавыя малюнкі, пакідаем іх сабе, а калі розныя – кладзем на месца. Выйграе той, у каго будзе найбольш парных картак.

У кнізе даецца кароткая інфармацыя па кожным з аб’ектаў.

Прадмова да кнігі-гульні

Гісторыя была да нас нялітасцівай. Наш горад шмат разоў знішчалі ворагі. Нават не часткова – цалкам, бязлітасна, так, каб не адрадзіўся... А ён адраджаўся. Нашыя продкі прыходзілі на гэтае месца і адбудоўвалі дамы і храмы, млыны і бровары, брукавалі вуліцы і ладзілі кірмашы... Чаму яны тут пасяліліся? Напэўна, прывабілі іх чыстыя рэкі і поўныя дзічынай лясы... Вяліся тут і зубры, і мядзведзі. У 1908 г. пры будаўніцтве Аляксандраўскай чыгункі знайшлі косткі маманта, тура і выкапнёвага каня. У 1923 г. на правым беразе Свіслачы, у раёне Лошыцы, – чэрап аўцабыка. Нават зусім нядаўна, у 2006 г., падчас будаўніцтва метро ва Уруччы знайшлі няпоўныя шкілеты ляснога слана і першабытнага быка. А ў 2008 г. на вуліцы Машынабудаўнікоў – цэлыя "могілкі" мамантавых костак!

Называўся наш горад у розныя часы па-рознаму: Менеск, Меньск, Менск, Мінск... Адкуль такое імя? İснуе легенда, што пасяліўся на беразе Свіслачы волат-млынар Менеск. Пабудаваў на рацэ свой млын на сямі колах... Ды не зерне перамолвалася ў чароўных жорнах, а... камяні. Ёсць і больш звычайная версія – нібыта назвалі Менск ад слоў "мена", "абмен", бо прыязджалі на тутэйшыя кірмашы купцы з усяго свету. Не дзіва – знаходзіцца наш горад на скрыжаванні гандлёвых шляхоў... А вось за 16 кіламетраў на захад ад нашага горада, там, дзе цяпер музей народнага драўлянага дойлідства Строчыцы, струменіць ціхая, амаль перасохлая рака Менка... На яе берагах знайшлі старое гарадзішча. Вось і ўзнікла версія: а раптам летапісны Менск быў менавіта тут, на рацэ Менка, ад назвы якой і атрымаў свае імя?

Пачаўся адлік гісторыі нашага горада дзякуючы літаратурнаму твору – "Слову пра паход İгаравы". Гэта было ў 1067 г. Многія князі былі між сабой у сваяцтве, многія ваявалі між сабою. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў ды Ноўгарад. Палютаваў, павесяліўся сіле сваёй... Каб адпомсціць, кіеўскі князь İзяслаў Яраславіч з братамі – пераяслаўскім князем Усеваладам ды чарнігаўскім князем Святаславам – прыйшлі пад Менск, які тады падначальваўся Полацку. İ наш горад расплаціўся напоўніцу за перамогу палачан... Усіх мужчын выразалі нападнікі, жанчын і дзяцей забралі ў палон... Падышло войска князя Усяслава, і 3 сакавіка 1067 г. адбылася крывавая бітва... Яе і апісаў аўтар знакамітага "Слова пра паход İгаравы".

Сто гадоў таму Свіслач і Няміга, разліўшыся, затаплялі цэлыя кварталы, цэнтр Мінска ператвараўся ў сапраўдную Венецыю, і жыхары плавалі там на чаўнах. Было ж калісьці ў Нямізе столькі рыбы, што хоць рукамі лаві. А яшчэ вадзіліся ў ёй... цмокі. Прынамсі, ёсць сведчанні, што яшчэ ў XIX ст. у тым месцы, дзе зліваюцца Няміга і Свіслач, лавілі дзіўных вялізных яшчарак з цёмнай лускою, тлустых, з чатырма кароткімі лапамі... Хто ведае, магчыма, далёкі продак гэтых істот і быў цмокам з беларускіх паданняў?

Быў наш горад у ліку 15 мацнейшых гарадоў магутнай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 г. менская харугва – атрад вояў з нашага горада – брала ўдзел у славутай Грунвальдскай бітве. Жылі ў Менску тады адважныя рыцары і чароўныя дамы, рамеснікі і купцы, манахі і лекары – такія, як і ва ўсіх гарадах сярэдневяковае Еўропы. İ ў 1499 г. паводле загаду вялікага князя літоўскага Аляксандра наш горад, як іншыя вядомыя гарады, атрымаў магдэбургскае права. Гэта значыла, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат, гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя гараджане. Атрымліваў горад свой герб і сцяг.

На былой Саборнай плошчы, якая зараз называецца плошчай Свабоды, стаялі храмы і манастыры, палацы арыстакратаў і дамы багатых гандляроў, рэстараны і крамкі модаў, аптэкі і цукерні, тэатры і нават – у сярэдзіне XIX ст. – драўляны будынак першага мінскага цырка... Калісьці быў і "каралеўскі двор", дзе мог спыняцца кароль. На жаль, мала засталося сёння з тых будынкаў... Самыя прыкметныя – два кафедральныя саборы: праваслаўны Свята-Духаў і каталіцкі Марыінскі.

Ёсць паданне, што калісьці ўсе храмы плошчы злучалі падземныя хады, якія існуюць і сёння, пад асфальтам і брукаванкаю, побач з лініяй метро, якая зараз праходзіць проста пад гістарычным цэнтрам Мінска, праз яго гісторыю.

У XVI–XVIII стст. у Менску было больш за 20 цэхаў майстроў чатырох дзесяткаў прафесій. У 1591 г. быў зацверджаны статут аб'яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. Захоўвалі менскія майстры ўсе традыцыі еўрапейскага цэхавага брацтва, якое не даравала няякаснай працы. Але горад, шматкроць разбураны і спалены, паступова ператварыўся ў невялікае беднае мястэчка, загінулі яго майстры. Гаспадарка горада акрыяла, калі ў XIX ст. тут скрыжаваліся дзве чыгуначныя лініі – Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская.

Каго толькі не сустрэць было на мінскіх кірмашах! Тут меліся склады купцоў з усяго свету. Былі брукаваныя рынкі Высокі, Нізкі, Траецкі, Гандлёвы... На Рыбным рынку ля Екацярынінскай царквы, проста з драўляных масткоў, перакінутых праз раку, можна было набыць рыбу, толькі што злоўленую ў Нямізе. Яе было так шмат, што тую, якую за дзень не купілі, рыбары адпускалі назад у раку – прасцей было назаўтра налавіць новай.

Мінск заўсёды быў горадам шматнацыянальным. У 1506 г. князь Міхаіл Глінскі разбіў пад Клецкам войска крымскіх татараў, а палонных пасяліў у Менску, у Татарскай слабадзе, гэта цяпер раён праспекта Пераможцаў. У горадзе праходзіла "мяжа аседласці", месца, дзе яўрэям дазвалялася жыць у Расійскай імперыі. У XIX ст. былі часы, калі больш паловы жыхароў Менска былі яўрэямі. У канцы XIX ст. у раёне сучасных вуліц Карла Лібкнехта і Волаха было дазволена пасяліцца калоніі немцаў-лютэран.

У XIX ст. на Каляды, па ўспамінах беларускага вучонага А. Уласава, у Мінску "на рагах вуліц стаялі вечарам з чырвонай лятарняй наверсе батлейкі на санках"... Быў цэлы цэх батлейшчыкаў з "вучонага сасловія менскіх шаўцоў". А ў 1850-я гг. у адной з камяніц на плошчы Свабоды, нягледзячы на забарону, паказалі першы беларускі спектакль – оперу "сялянка" на словы В. Дуніна-Марцінкевіча і музыку С. Манюшкі. Яшчэ ў XVIII ст. пры ваяводскай школе ў Мінску існаваў літаратурны гурток, і ў Вільні выдалі зборнік пад назвай "Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах". А ў сярэдзіне XIX ст. беларускае паэтычнае слова напоўніцу загучала ў свецкім салоне мінчука В. Дуніна-Марцінкевіча.Тут бываў цвет гарадской творчай інтэлігенцыі, прыязджалі слынныя госці... У пачатку 1880-х у горадзе з'явілася першая газета "Минский листок".

Калі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Мінск зрабіўся яе сталіцай (хоць гэтае званне ледзь не адабраў у яго Магілёў). Пачаў імкліва развівацца, прырастаць насельніцтвам... Будынкі Акадэміі навук, опернага тэатра, Дома ўрада аўтарства архітэктара İ. Лангбарда сталіся сімваламі новай сталіцы. Яны ацалелі, хоць цэнтр Мінска ў час Вялікай Айчыннай вайны быў амаль увесь зруйнаваны. Наш горад яшчэ добра памятае вайну... Ёсць у ім шмат помнікаў, якія нагадваюць пра гэта, найперш – абеліск Перамогі. Ля Дома афіцэраў на пастаменце – танк Т-34, у памяць пра тых танкістаў, што вызвалялі Мінск. У парку Марата Казея – помнік гэтаму юнаму партызану. Калі прайсці ў паўночную частку парку імя Чэлюскінцаў, можна ўбачыць скульптуру смуткуючай жанчыны на тым месцы, дзе ў 1942 г. немцы расстралялі больш за 10 тысяч ваеннапалонных. У раёне вуліцы Мельнікайтэ, у так званай Яме, – мемарыял у памяць яўрэяў, што загінулі ў мінскім гета... İх было каля сотні тысяч.

У 1991 г. Мінск становіцца сталіцай суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. Сёння ў Мінску жыве каля 1 мільёна 800 тысяч жыхароў. У ім больш за 600 вуліц і праспектаў. Яго тэрыторыя падзяляецца на 9 раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. З'яўляюцца новыя прыгожыя будынкі, якія становяцца візітоўкай горада, – чыгуначны вакзал, Нацыянальная бібліятэка, гандлёвы цэнтр "Сталіца"... Аднаўляюцца і старажытныя месцы – напрыклад, гатэль "Еўропа", які сто гадоў таму лічыўся адным з найлепшых. Старажытны і сучасны Мінск жывуць побач.

Л. Рублеўская


Раім таксама паглядзець:
Лабадзенка Глеб. Дзіцячая заМова
14.99 р.

Лабадзенка Глеб. Дзіцячая заМова

“Спецнамінацыя” ў прэміі “Дэбют-2013” імя М. Багдановіча. Другое месца на фестывалі ADNAK у намінацыі ДЫЗАЙН & ART DIRECTION (паднамінацыя Шматстаронкавыя выданні)!

Па-даросламу дзіцячы маляўнічы дапаможнік па беларускай мове, дзе моўныя тонкасці тлумачацца на забаўных інтэрактыўных малюнках, а таксама ў дадатку змешчаны слоўнічак цікавых і складаных словаў. У выглядзе шыкоўнага бонусу ў кнізе ёсць ад рукі напісаная паслямова Рыгора Барадуліна, а таксама прадугледжанае месца для вашых уласных замалёвак і занатовак.

Ліхадзедаў Уладзімір. Мінск: падарожжа ў часе
9.93 р.

Ліхадзедаў Уладзімір. Мінск: падарожжа ў часе

Імя калекцыянера і краязнаўца Уладзіміра Ліхадзедава добра вядомае навукоўцам і аматарам айчыннай гісторыі. Адметная асаблівасць яго новай кнігі, прысвечанай беларускай сталіцы, у тым, што выявы старадаўніх паштовак суправаджаюцца сучаснымі здымкамі. І, такім чынам, кожны можа параўнаць, як выглядаў той ці іншы куток Мінска — дом, вуліца, квартал — напрыклад, 100 гадоў таму і як выглядае сёння.

Шыбека Захар. Мінск сто гадоў таму
22.99 р.

Шыбека Захар. Мінск сто гадоў таму

У кнізе малююцца разнастайныя вобразы гораду, сацыяльныя партрэты мінчукоў, змешчаныя звесткі пра гарадское асяроддзе, аб узроўні гарадской культуры і сацыяльным забеспячэнні. Шмат увагі надаецца старым адрасам, якія дапамагаюць звязаць мінуўшчыну з сучаснасцю.