Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Мірановіч Яўген. Беларусы ў Польшчы (1918 – 1949)

Мірановіч Яўген. Беларусы ў Польшчы (1918 – 1949)
12.99 р.
Вага: 340 г
Памеры: 170x240 мм



Ілюстраваная гісторыя. Вільня : Інстытут беларусістыкі ; Беласток : Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 191 с.
ISBN 83-60456-20-8

Кніга беластоцкага гісторыка Яўгена Мірановіча "Беларусы ў Польшчы. 1918-1949 гг." — гэта дапрацаваная, папраўленая вэрсія доктарскай дысэртацыі гісторыка, якая пабачыла сьвет у 1993 годзе ў прэстыжным варшаўскім выдавецтве Польскай Акадэміі навук.

Слова да беларускага чытача.

Гэтая кніжка пісалася мною ў канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя як доктарская праца, абароненая ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Скарочаны яе зьмест трохі пазьней, у 1993 г., быў дастаткова вялікім накладам выдадзены польскім Дзяржаўным навуковым выдавецтвам. Для польскіх навуковага і палітычнага асяродзьдзяў стала яна тады першым даведнікам пра беларусаў Беласточчыны, якіх большасьць палякаў усё яшчэ лічыла рэліктам колішняга царскага панаваньня. Пра Беларусь і яе палітычнае ды гістарычнае месца на карце Эўропы грамадзяне Польшчы, нават самыя адукаваныя, ведалі тады няшмат. У школьных падручніках пісалася, што раней на гэтым месцы была Літва, пасьля Польшча, а пазьней Расея і Савецкі Саюз. Калі нейкай адной фразай і згадвалася пра Беларусь, то часьцей за ўсё як пра адміністрацыйную адзінку СССР.

Узьнікненьне Рэспублікі Беларусь выклікала ў Польшчы натуральную зацікаўленасьць гісторыяй і культурай суседняй дзяржавы і яе народу. Таму выдадзеная ў той момант кніжка ўспрымалася як адна зь нешматлікіх крыніц, у якіх можна было знайсьці адказы на асноўныя пытаньні пра беларусаў. Рэцэнзэнты ацэньвалі яе ўвогуле станоўча, хоць некаторыя палякі і вышуквалі на яе старонках праявы беларускага нацыяналізму, а беларусы, пагаджаючыся з асноўнымі тэзісамі, з жалем падкрэсьлівалі, што кніжка надта моцна агаляе „беларускую душу” і стварае не зусім прывабны вобраз нашай грамадзкасьці.

Праца была напісаная на аснове архіўных матэрыялаў, літаратуры і ўспамінаў жыхароў Беласточчыны, якія распавядалі як пра свае ўласныя лёсы, так і пра лёсы іх сем’яў ды родных вёсак. Ад часу першага выданьня кніжкі сталі даступныя многія дакумэнты, якія раней хаваліся ад дасьледчыкаў, выйшлі шматлікія публікацыі, аднак фізычна ня стала большасьці маіх рэспандэнтаў. Веды, якія я ад іх атрымаў, дазволілі мне самому пабачыць і паказаць іншым жывое грамадзтва ў штодзённым жыцьці, зь ягонымі эмоцыямі, марамі і гіерархіяй этычных каштоўнасьцяў. Калі б мне давялося пачынаць такую працу сёньня, то такога выніку дасягнуць было б немагчыма па прычыне адсутнасьці такой незаменнай і неацэннай крыніцы, якой была памяць беларусаў Беласточчыны.

Другая частка дадзенай кніжкі паказвае вобраз беларускага традыцыйнага грамадзтва ў апошні пэрыяд яго існаваньня. У пяцідзясятыя гады, у сувязі зь вялікай хваляй эміграцыі зь беларускіх вёсак і пачаткам мадэрнізацыйных працэсаў, яно пачало страчваць свой першабытны характар, а праз паўстагодзьдзя цалкам зьнікла. Сучасныя спробы беларускіх дзеячоў аднаўляць некаторыя формы даўняй абраднасьці найчасьцей вельмі далёка разыходзяцца з арыгіналам.

У апошнія гады мінулага стагодзьдзя, дасьледуючы гісторыю Беларусі, мне шмат часу давялося праводзіць у Рэспубліцы Беларусь, чытаць мясцовыя газэты, кніжкі, мець пастаянны кантакт з грамадзянамі суседняй дзяржавы. Пасьля пары гадоў гэтых кантактаў я прыйшоў да высновы, што хоць сучасныя беларусы ў Польшчы гавораць у асноўным на польскай мове, у той час як у Рэспубліцы Беларусь — на расейскай, а іхная сьвядомасьць фармавалася ў розных дзяржавах, яны вельмі адныя да другіх падобныя. Пераважная большасьць беларусаў па абодва бакі мяжы мае амаль аднолькавае стаўленьне да сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, палітыкі і геапалітыкі, рэлігіі, этыкі і асабістага сацыяльнага статусу.

Я перакананы, што калі б я такую самую кніжку пісаў, напрыклад, пра беларусаў Гарадзеншчыны, то ў выніку атрымаўся б вельмі падобны вобраз грамадзтва, якое жыло ва ўмовах савецкай дзяржавы. Грамадзкія працэсы і тут, і там праходзілі прыблізна ў той жа самы час, у аднолькавай пасьлядоўнасьці і выклікалі аднолькавыя наступствы, адгэтуль і падабенства нашых рэакцыяў на ўсе праявы штодзённага жыцьця. Сёньня беларусаў Беласточчыны і Рэспублікі Беларусь не аб’ядноўваюць ні мова, ні нацыянальная культура, якія вядомыя ў Польшчы толькі нешматлікім прадстаўнікам грамадзкай эліты. Аб’ядноўвае нас толькі падабенства лёсу.

10 траўня 2010 г., Беласток

 Мірановіч Яўген

ЗЬМЕСТ

Слова да беларускага чытача
Уступ

Нараджэньне беларускага нацыянальнага руху
Беларусы ў польскай дзяржаве (1918 – 1949 гг.)
Пэрыяд савецкай улады (верасень 1939 г. – чэрвень 1941 г.)
Досьвед з часоў нямецкай акупацыі (чэрвень 1941 гю – ліпень 1944 г.)
Колькасьць і размяшчэньне беларусаў у Польшчы пасьля Другой ўсясьветнай вайны
Эканамічнае становішча беларускага насельніцтва ў Польшчы
Палітычныя ўмовы нацыянальнага жыцьця беларусаў у Польшчы (1944 – 1949 гг.)
Адносіны беларусаў да польскай дзяржавы і народу
Праблема асьветы на роднай мове
Нацыянальная сьвядомасьць

Крыніцы і літаратура

Іменны паказальнік

 

Яўген Мірановіч (нарадзіўся 2 верасьня 1955 г. на Беласточчыне) — беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзяяч.
Скончыў філіял Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку. У 1990 годзе атрымаў ступень доктара гуманітарных навук. Прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту.
Галоўныя кірункі дасьледаваньняў — беларуска-польскія стасункі, беларускі нацыянальны рух у Польшчы, найноўшая гісторыя Польшчы і Беларусі.


Раім таксама паглядзець:
Латышонак Алег. Беласток – Полацак
6.99 р.

Латышонак Алег. Беласток – Полацак

У кнігу ўвайшлі выбраныя публіцыстычныя артыкулы, напісаныя аўтарам на працягу амаль 30-ці гадоў – з пачатку 1980-х да 2008 г. – пра жыцьцё беларусаў Беласточчыны, пра паездкі на Беларусь, пра становішча беларускай эміграцыі, пра падзеі сусьветнай важнасьці, пабачаныя вачамі прадстаўніка беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пач
11.99 р.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст.

Хоць асноўнай мэтавай аўдыторыяй дадзенага падручніка зьяўляліся беларусы, якія сёньня жывуць у Польшчы, цікавасць яна ўяўляе і для жыхароў мэтраполіі, г. зн. Рэспублікі Беларусь. Ужо на самым пачатку кнігі, ва ўступе, аўтары прадэкляравалі, што "мы будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў".

Баршчэўскі Лявон. Беларуска-польскі размоўнік-даведнік
6.99 р.

Баршчэўскі Лявон. Беларуска-польскі размоўнік-даведнік

Беларуска-польскі размоўнік-даведнік прызначаецца найперш тым, хто выязджае ў Польшчу ў камандзіроўку, на адпачынак, турыстам.

У кнізе таксама змешчана актуальная інфармацыя пра самыя важныя турыстычныя аб'екты на тэрыторыі Польшчы.
Утрымлівае размоўнік-даведнік і практычную транскрыпцыю.

Дваццаць польскіх апавяданьняў
3.99 р.

Дваццаць польскіх апавяданьняў

У зборнік увайшлі дваццаць апавяданьняў дзесяці папулярных і чытаных сучасных польскіх аўтараў. Адрозныя векам і стылістыкай, яны адлюстроўваюць найбольш характэрныя мастацкія тэндэнцыі ў кароткай прозе сённяшняй Польшчы.