Мовы ўсяго жывога. Сербскія народныя казкі

Мовы ўсяго жывога. Сербскія народныя казкі
2.45 р.
Вага: 250 г
Памеры: 205x260 мм



Укладанне, пераклад, прадмова – І. А. Чароты; маст. Т. Г. Шэлест. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 151 с. : іл.

ISBN 978-985-02-0964-1

Зборнік складаюць самыя цікавыя казкі сербскага народа – у асноўным з запісаў слыннага фалькларыста Вука Стэфанавіча Караджыча (1787 – 1864). Сербскім казкам уласцівая непаўторная займальнасць, яны даюць магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі ўмовамі жыцця братняга народа, яго традыцыямі і нацыянальным характарам.

ЗМЕСТ

Сербы – добрыя сябры. Іван Чарота

Вежа ні на небе, ні на зямлі
Баш Чэлік
Мовы ўсяго жывога
"У цара Траяна казліныя вушы..."
Змей-маладажон
Д'ябал і яго вучань
Лысы
Тры вугры
Дзяўчына цара перамудрыла
Дзяўчына, шпарчэйшая за каня
Воўк і гайдук
Чорнае ягнятка
Мядзведзевіч
Ліхая жонка
Турак, серб і цыган
Цёмная старана
Лёс
Булбул-пташачка
Матчыны слёзы
Скупы і шчодры
Певень і ліса

Сербы – добрыя сябры

Дарагі юны чытач!

Думаю, ты ўжо звяртаў увагу на сугучнасць такіх слоў, як "сябры" і "сербы". У гэтым, напэўна, ёсць своеасаблівы, а магчыма, і нейкі таямнічы, сэнс. Так ці інакш, для беларусаў сербы ніколі не былі ворагамі, гэтыя два народы ніколі не ваявалі між сабою. Наадварот, неаднойчы разам супрацьстаялі ворагам-заваёўнікам. А інакш і не павінна быць, паколькі іх яднае не толькі сяброўства, але і сваяцтва – адны карані, агульны радавод, а таксама падобныя гістарычныя шляхі ад глыбокай старажытнасці і да цяперашняга часу.

Як вядома, у навуцы ўжо доўгі час вядуцца дыскусіі наконт геаграфічных каардынат прарадзімы славян і наконт таго, адкуль саюз славянскіх плямён, адзіны ў глыбокай старажытнасці, пачаў рассяленне. Ды паказальна, што розныя меркаванні навукоўцаў можна звесці, больш-менш упэўнена, вось да чаго: прарадзіма славян знаходзілася або на землях, якія заселены сучаснымі беларусамі, або на землях, якія цяпер суадносяцца з тэрыторыяй пражывання сербаў. Адпаведна, паводле адной версіі вучоных, старажытныя славяне падаліся ў свет адсюль (ёсць меркаванне, што з цяперашняга Палесся) і з часам, пераадолеўшы Карпаты, зайшлі на Балканскі паўвостраў. Паводле другой версіі, першапачаткова славяне займалі Балканы, а потым сталі рассяляцца і паступова абжылі цэнтральнаеўрапейскія і ўсходнееўрапейскія тэрыторыі.

Магчыма, мой юны дружа, ты некалі знойдзеш свой – пераканаўчы і неабвержны – адказ на згаданыя пытанні ды паставіш кропку ў гэтых навуковых дыскусіях. А пакуль што яны для нас маюць значнасць не столькі самі па сабе, колькі дзеля агульнага разумення глыбінна-каранных повязей і пазнейшых кантактаў, якія здзяйсняліся паміж беларусамі і сербамі на працягу многіх стагоддзяў – больш за ўсё ў духоўнай сферы, праз культуру, пісьменства, мастацтва розных відаў.

Параўноўваючы сербаў з беларусамі, трэба памятаць, што тых і другіх прыблізна аднолькавая колькасць была на пачатку XX стагоддзя, прыкладна тое самае і на пачатку стагоддзя XXI. Зноў-такі, у навейшы час набыццё самастойнай дзяржаўнасці сербаў звязана з распададам саюзнай дзяржавы СФРЮ, гэтаксама як беларусаў – з распадам СССР... У многім падобнымі былі гістарычныя перыпетыі, абумоўленыя вынікамі несправядлівых пераўладкаванняў свету, якія вялі да гвалтоўных размежаванняў, падзелаў і супрацьстаянняў – ажно да братазабойчых войнаў, страт тэрыторый і страт мільёнаў насельніцтва. Так, абодва нашы народы сустракалі многія варожыя навалы, апыналіся пад уладай захопнікаў, зведалі на сабе пераводы пад прымусам у іншую веру...

А ў сувязі з гэтым шмат агульнага мае самасвядомасць, сфарміраваная пад уздзеяннем такіх умоў і выпрабаванняў. Сутнасць яе належным чынам праявілася ў перыяд Другой сусветнай, для нас Вялікай Айчыннай, вайны, калі, як мы добра памятаем, загінуў кожны чацвёрты беларус. Сербы таксама панеслі неймаверна вялікія, жахлівыя ахвяры, паколькі мужна ўзняліся на барацьбу супраць захопнікаў.

Дарэчы, тады наш Янка Купала пісаў: "Азірніцеся па баках, беларусы! Шырыцца і расце ў роднай па крыві Югаславіі сакаліны партызанскі рух. Немцы заклейваюць грознымі плакатамі залітую крывёю краіну. "За кожнага забітага немца будзе расстраляна і павешана сто сербаў!" Смехам сустракаюць фашысцкія пагрозы сербскія партызаны і кажуць: "Вельмі многа – сто сербаў за аднаго немца, не па кішэні. Але калі кожны серб раней заб'е па аднаму немцу, дык як жа ж вы, фашысцкія каты, заб'яце сто сербаў за аднаго фашыста?" Гэтаксама скажам і мы, беларусы".

Невыпадкова наш слынны Пясняр бачыў у сербах прыклад. Яны сапраўды вылучаліся патрыятызмам, свабодалюбствам, няскоранасцю, а непасрэдна ў барацьбе з ворагам – самаахвярнасцю, трываласцю, мужнасцю, адвагай. Прычым гэтыя рысы нацыянальнага характару выхаваліся і неадменна праяўляліся ў ранейшых змаганнях з ворагамі. Каб лепш зразумець гэта, прыгадаем важнейшыя падзеі сербскай гісторыі – непаўторна складанай і трагічнай.

Аб'яднанне і цэнтралізацыя ўлады на сербскіх землях адбывалася яшчэ ў перыяд ранняга сярэдневякоўя. І пад канец XII стагоддзя сербы мелі настолькі трывалую дзяржаўнасць, што дамагліся прызнання незалежнасці ад Візантыі. Выключная заслуга ў гэтым належыць вялікаму жупану (уладару) Стэфану Нэманю, заснавальніку ўладарскай дынастыі Нэманічаў, і яго сынам – Саву, дзякуючы якому самастойнасць атрымала Сербская Праваслаўная Царква, і Стэфану, які стаў першым сербскім каралём. Сербская дзяржава ўмацоўвалася і мела вельмі высокія па тым часе дасягненні ва ўсіх сферах гаспадаркі і культуры. Далейшаму ж росквіту перашкодзілі заваёўнікі-туркі.

У 1389 годзе адбылася гістарычная бітва на Косавым полі. Тады сербы пад камандаваннем мужнага і мудрага князя Лазара выступілі супраць большага ў шэсць разоў войска турэцкага султана Мурата. Вынікі бітвы былі такія, што нікога немагчыма назваць пераможцам: загінуў князь Лазар, і войска яго панесла велізарныя страты. Загінуў і султан Мурат, прычым яго войска панесла страты не меншыя. Аднак пасля Косаўскай бітвы Сербія аказалася знясіленай, паступова трапіла пад турэцкую ўладу і стала часткаю Асманскай імперыі амаль на пяць стагоддзяў.

Супраціўленне турэцкім заваёўнікам у розных формах аказвалася ўвесь гэты перыяд, а магутныя ўсенародныя паўстанні 1804 і 1815 гадоў далі вынік: у 1830 годзе Сербія была прызнаная як самастойны край у складзе Асманскай імперыі, неўзабаве – як княства, а ў 1867-м канчаткова пазбавілася турэцкага ярма, вярнула сабе незалежнасць. Праўда, не ў ранейшых межах. І вызваленчая барацьба працягвалася ў ходзе Балканскіх войнаў пачатку XX стагоддзя. Потым былі яшчэ Першая і Другая сусветныя войны, а зусім нядаўна, у 1999 годзе, – вайна, якую супраць Сербіі з Чарнагорыяй, г. зн. Саюзнай Рэспублікі Югаславіі, вялі войскі НАТА, пры дапамозе сваёй авіяцыі разбурыўшы сотні мастоў, прадпрыемстваў, устаноў культуры і асветы, знішчыўшы і пакалечыўшы тысячы людзей, а сотні тысяч пакінуўшы без даху над галавой, вымусіўшы стаць бежанцамі ці эмігрантамі.

У выніку апошніх пераўладкаванняў свету сербы як карэнныя жыхары апынуліся ў некалькіх новаўтвораных краінах – акрамя Рэспублікі Сербіі, у Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіне, Харватыі, Македоніі. Драматычна, да таго ж, развіваюцца падзеі, звязаныя з будучыняй калыскі сербскай культуры – краю Косава і Метохія, адкуль сербаў ужо амаль усіх выцеснілі. А ўсё гэта, вядома, аслабляе і ўсведамленне адзінства нацыі.

Нягледзячы на такія жорсткія выпрабаванні і ахвяры, сербскі народ застаецца мужным і трывалым. Не менш важна, што ён клапатліва ахоўвае свае помнікі матэрыяльнай культуры, зберагае скарбы духоўнасці і славеснасці. А гэта скарбы вялікай вартасці. Дастаткова згадаць сербскія эпічныя песні, якімі захапляліся Гётэ, Мэрымэ, Пушкін і якія па праву набылі сусветнае прызнанне.

Безумоўна, цікавымі, своеасаблівымі з'яўляюцца і сербскія казкі. У гэтым, дружа мой, ты пераканаешся сам, калі ўважліва прачытаеш кніжку. Несумненна, ты заўважыш, якія гэта творы разнастайныя. Сапраўды, кожны з іх змяшчае нешта своеасаблівае: у адным – незвычайны герой, у другім – дзіўная падзея, у трэцім – непаўторная манера аповеду, у чацвёртым – адметныя выслоўі...

Ты зразумееш, што ўзніклі прачытаныя табою казкі ў розны час. Відаць, самыя даўнія – тыя, што пра цмокаў, магутных змеяў. Яны, мяркуючы па ўсім, складзены былі ў дахрысціянскія часы, калі існаванне чалавека прадвызначаў страх перад усімі істотамі, проста дужэйшымі за яго. А паколькі сам чалавек тады не мог нават супрацьстаяць ім, не кажучы ўжо пра небяспеку большай сілы, то яму не заставалася нічога іншага, як наіўна спадзявацца на чарадзейства і фантазію і з дапамогаю іх ператвараць людзей у здольных на большае, чым ён сам, жывёл і птушак.

Пазней, пад уплывам цывілізацыйных змен, побач з ранейшымі цмокамі і змеямі з'яўляюцца стварэнні тыпу Чэліка (літаральны пераклад яго імені: Сталь, Сталёвы), хоць адносіны да навакольнага свету застаюцца тымі самымі. Але народнае светаўспрыманне і светаадлюстраванне ў казках перадае перш за ўсё і больш за ўсё нязменнае, тое, што мы называем агульначалавечымі каштоўнасцямі. Дакладней жа ўсё гэта азначае адвечнае імкненне чалавека знайсці і прыняць Бога. Нездарма адзін мудры чалавек адзначыў, што душа чалавека – па прыродзе сваей хрысціянка. І, як гэта пераканаўча паказваюць казкі, светапогляд язычніцкі – які па прыродзе сваей непазбежна культываваў спаборніцтва сілы, а гэта значыць правамернасць яе выкарыстання ў любых формах і якімі заўгодна сродкамі – адышоў на задні план, саступаючы месца светапогляду хрысціянскаму з ідэаламі ўладкавання свету паводле прынцыпаў дабра і справядлівасці. І з уяўленнямі пра чалавека, які адпавядае гэтым ідэалам незалежна ад часу – як тысячу гадоў раней, так і праз тысячу пазней.

Таму асноўны змест казак сербаў, як і беларусаў, і іншых народаў – барацьба дабра супраць зла, а галоўная ідэя – што дабро неадменна, абавязкова перамагае. А гэтая перамога немагчыма, калі беспакарана праяўляюцца такія чалавечыя заганы, як зламыснасць, жорсткасць, здрадлівасць, сквапнасць, зайздрасць, хлуслівасць, лянота, глупства. Ім абавязкова павінны дзейсна супрацьпастаўляцца якасці станоўчыя – дабрыня, спагадлівасць, вернасць, шчодрасць, сціпласць, праўдзівасць, руплівасць, памяркоўнасць. Паказальна, што ў казках чалавеку пры абставінах, якія ён не можа вырашыць сам, дапамога аказваецца з боку усіх – чараўнікоў, жывёл, рэчаў. Адбываецца гэта не інакш як у адказ на дабро, ім учыненае. А ў сувязі з гэтым невыпадкова асаблівая ўвага надаецца сям'і як саюзу людзей узаемаадданых і неадменна добразычлівых, усхваляецца чысціня ўсіх сямейных адносін.

Сербскія казкі маюць падабенства з беларускімі ў тым, што апавядаюць пра самыя істотныя, вызначальныя моманты жыцця – выкананне запавету бацькоў перад іх адыходам у лепшы свет, справядлівае вырашэнне праблемы пераемнасці і спадчыны, працяг роду, пошук і ўратаванне суджанай (нявесты, жонкі)... Асабліва цікавы абагулены вобраз сялянскага сына ці дачкі, якія становяцца роўняю каралям, бо ў нашых казках кароль – такі самы, як мужык, толькі багацейшы.

Вядома ж, казкі нясуць маральны запавет продкаў. Так ці інакш ён выказваецца ў кожным творы.

Але, зноў-такі, дарагі мой чытач, ты адшукаеш і асэнсуеш яго сам.

Цікавага і карыснага табе чытання і асэнсавання!

Іван Чарота


Раім таксама паглядзець:
Хрустальны калодзеж. Казкі народаў Еўропы ў дзвюх кнігах. Кніга 2
12.90 р.

Хрустальны калодзеж. Казкі народаў Еўропы ў дзвюх кнігах. Кніга 2

У зборнік увайшлі папулярныя казкі многіх народаў Еўропы. Яны асуджаюць зло, прагнасць, жорсткасць і ўслаўляюць смеласць, кемлівасць, дабрыню, працалюбства.

Залатая яблынька. Беларускія народныя казкі
1.91 р.

Залатая яблынька. Беларускія народныя казкі

Уклад. Н. В. Філіповіч; маст. Т. П. Беразенская [і інш]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 294 с.: іл. – (Казачны свет).

У зборнік увайшлі вядомыя беларускія чарадзейныя, бытавыя казкі і казкі пра жывёл.

Лісіца-хітрыца. Беларускія народныя казкі
3.19 р.

Лісіца-хітрыца. Беларускія народныя казкі

У зборнік увайшлі вядомыя беларускія народныя казкі ў апрацоўцы А. Якімовіча "Лісіца-хітрыца", "Курачка-рабка", "Ганарыстая варона". Усе яны вучаць любові і вернасці, дабру і працавітасці, асуджаюць зло і несправядлівасць.