Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Мрожак Славамір. Дом на мяжы

Мрожак Славамір. Дом на мяжы
4.99 р.
Вага: 330 г
Памеры: 145x215 мм



Выбраныя творы / Укл. У. Сіўчыкаў; Прадм. В. Ракіцкага. — Мінск: Радыёла-Плюс; Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2008. — 216 с.

ISBN 978-985-448-093-0 (Радыёла-Плюс)
ISBN 978-83-61617-92-1 (Kolegium Europy Wschodniej)

У кнігу аднаго з найбуйнейшых і самых знакамітых у свеце польскіх драматургаў, яскравага прадстаўніка тэатру абсурду Славаміра Мрожака ўвайшлі яго п’есы і апавяданні

ЗМЕСТ

Парадоксы і вандроўкі. Прадмова В. Ракіцкага

П’ЕСЫ
Стрыптыз. Пераклаў Вячаслаў Ракіцкі
Танга. Пераклаў Лявон Баршчэўскі
Дом на мяжы. Пераклаў Вячаслаў Ракіцкі

АПАВЯДАННІ
Пераклала Марына Шода
Леў
Хачу быць канём
Лебедзь
Слон
Жырафа
Дзеці
З цемры
Фон эпохі
Мастацтва
Закаханы ляснік
Апошні гусар
Паэзія
У дарозе
Хроніка горада ў аблозе

Парадоксы і вандроўкі

Славамір Мрожак — адзін з найбуйнейшых і самых знакамітых у свеце польскіх драматургаў другой паловы ХХ стагоддзя — эпохі, якая для Польшчы была часам вострых палітычных і сацыяльных супярэчнасцяў. Супярэчнасці еўрапейскай краіны, якая трапіла ў палон камуністычнай ідэалогіі і маралі, выразна адлюстраваліся ў парадаксальных п’есах і гумарыстычных апавяданнях творцы.

Нарадзіўся Славамір Мрожак у 1930 годзе ў беднай сям’і, далёкай ад мастацтва. Вучыўся на архітэктурным факультэце Кракаўскага політэхнічнага інстытута, наведваў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. У 20-гадовым узросце пачаў літаратурную дзейнасць з фельетонаў і гумарэсак. Надрукаваныя ў перыёдыцы, яны пазней склалі зборнікі. Але першай сур’ёзнай кнігай Мрожак лічыць зборнік “Слон”, які пабачыў свет у 1957 годзе. Тут у поўнай ступені заззяў ягоны талент тонкага, вострага на язык гумарыста. Крытыка адразу адзначыла далучанасць да традыцыі польскай гумарыстычнай літаратуры — іронія над будзённымі жыццёвымі калізіямі, праз якія праглядае філасофская перспектыва жыцця. Кнігу вельмі хутка разабралі на афарызмы. Мрожак піша, што “асобныя фразы з кнігі пераўтварыліся ў прымаўкі, што даказвае, наколькі мае думкі былі тады блізкія і зразумелыя маім суайчыннікам”.

Але сапраўдную славу Славамір Мрожак атрымаў як драматург. Дэбютаваў у 1958 годзе п’есай “Паліцыя”. А п’еса “Танга”, напісаная ў 1964 годзе, прыносіць Мрожаку сусветную славу. Пакінуўшы Кракаў, ён заваёўвае Варшаву, становіцца модным сталічным літаратарам і карыкатурыстам. Мрожак арыгінальна развівае відавочную на той час тэндэнцыю філасофскай і сатырычнай публіцыстыкі, якая ахоплівае ўсе віды мастацтва. Ён злучае ў гарманічнае цэлае слова і малюнак, вытокі чаго, напэўна, трэба шукаць у жанры коміксу. Крытычны погляд на камуністычную рэчаіснасць, якая выглядае як абсурд, прыводзіць і да аналагічнага мастацкага спосабу адлюстраванне гэтай рэчаіснасці ў драматургіі.

Менавіта да “тэатру абсурду” залічвае крытыка ягоныя драматычныя творы, якія ў 1960 — 1970-я гады выходзілі практычна штогод. Імя аўтара п’ес “Індык”, “У адкрытым моры”, “Караль”, “Стрыптыз”, “Танга”, “Дом на мяжы”, “Эмігранты” становіцца ў адзін шэраг з такімі прызнанымі еўрапейскімі драматургамі-абсурдыстамі, як Сэмюэль Бэкет, Гаральд Пінтар, Эжэн Іянэску, Жан Жэнэ.

Сам Мрожак эстэтыку сваіх п’ес вызначаў як парадаксальную. Ягоны “тэатр парадоксу” — гэта востры гратэск, змадэляваныя па-над жыццём сітуацыі, у якія трапляюць да такой ступені аднамерныя персанажы, што нават не маюць права на асабістае імя.

Людзі ў страху перад уладай, навязанымі ім нежыццёвымі ідэаламі губляюць сваё “я”. Ім не даецца права адчуваць, перажываць, спачуваць. Яны — забаўныя марыянеткі, з якімі могуць вырабляць што захочуць больш моцныя марыянеткі ці звышнатуральныя сілы. Само права чалавека на выбар ці нават на існаванне ў п’есах Мрожака становіцца дыскусійным. Пазбаўленыя псіхалагізму, п’есы станавіліся падобнымі да філасофскіх ці публіцыстычных трактатаў. Але трактатаў не сумных, а прывабных чытачу і гледачу, бо прырода іх вельмі тэатральная, да таго ж напоўненая гумарам — часам вытанчаным, а часам і брутальным. У больш звыклым вызначэнні п’есы Мрожака можна назваць і прыпавесцямі. Гэта прыпавесці пра чалавека, у прастору прыватнага жыцця якога нахабна ўрываецца дзяржава, кантралюе яго, маніпулюе ім, урэшце, знішчае яго.
Паводле кампазіцыйных пабудоў Мрожак, безумоўна, належыць да абсурдысцкай заходнееўрапейскай драмы, але паводле праблематыкі і філасофіі ён натуральна далучаецца да эстэтыкі сваіх вялікіх польскіх папярэднікаў — Вітольда Гамбровіча і Станіслава Віткевіча.

Жыццё Мрожака — гэта вандроўкі па свеце. Прычына найперш у тым, што не проста складваліся ягоныя стасункі з камуністычнай і нават посткамуністычнай Польшчай, якую ён некалькі разоў пакідаў, а пасля вяртаўся. Камуністычная ўлада доўгі час заплюшчвала вочы на ягоны крытыцызм. У 1960-я гады на Захадзе, дзе ён станавіўся ўсё больш і больш папулярным, Мрожак выглядаў як сімвал свабоды творчасці ў камуністычнай краіне. І нават калі ў 1963 годзе, скарыстаўшыся з турыстычнай візы, ён застаўся ў Італіі, ягоныя п’есы працягвалі ставіць у Польшчы, выдавалі і кнігі. Так працягвалася да 1968 года, калі драматург выступіў з адкрытым лістом, у якім асудзіў агрэсію краін Варшаўскай дамовы супраць Чэхаславакіі. Тады ён ужо жыў у Францыі. Мрожак не вярнуўся ў Польшчу, як ад яго патрабавалі ўлады. У выніку ягоная творчасць апынулася пад забаронай.

Пасля смерці жонкі ў 1969 годзе Мрожак жыве ў Бразіліі, Венесуэле, Мексіцы, ЗША, Нямеччыне. Тым часам сітуацыя ў Польшчы стала мяняцца да лепшага, і драматург праз паўтара дзесяцігоддзя самавыгнання вяртаецца на радзіму. Здавалася б, назаўсёды. Але — не. Пасля разгрому “Салідарнасці” зноў рэзка крытыкуе камуністычныя ўлады і зноў з’язджае. Новая забарона на вяртанне ў краіну і новая забарона творчасці.
У 1987 годзе з другой жонкай-мексіканкай пасяліўся ў Мексіцы. Там у 1988 годзе ён напісаў сваю “Аўтабіяграфію”. Менавіта ў гэтым творы мы знаходзім тлумачэнне вытокаў і прыроды ягонага “тэатра абсурду”: “Я доўга не задумваўся пра абсурд. А калі нарэшце задумаўся, дык зразумеў, што акурат і знаходжуся ў абсурдзе. І нават пачаў пісаць нешта пра абсурд...”

У 1996 годзе Славамір Мрожак вярнуўся ў новую Польшчу, дзе яго ўшаноўвалі найвышэйшымі дзяржаўнымі і літаратурнымі ўзнагародамі. Але вяртанне сталася не назаўсёды. 6 чэрвеня 2008 года 78-гадовы драматург выехаў у Ніцу, на поўдзень Францыі, гэтым разам, як зазначыў, назаўсёды, але не з палітычных прычынаў, а таму, што настаў час адпачыць, а клімат там больш спрыяльны.

Беларускі тэатр, які ў сваёй асноўнай плыні заўсёды імкнуўся да псіхалагізму і рэалізму, не вельмі прыхільна паставіўся да абсурдысцкай драматургіі. Толькі ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі аслабла цэнзура і ўзнік студыйны тэатральны рух, не вельмі смела, але былі зробленыя спробы пастановак п’ес гэтай эстэтыкі. Славаміру Мрожаку пашанцавала найбольш. Магчыма, таму, што і тэматыка, сюжэтныя калізіі былі больш зразумелымі (Польшча і Беларусь былі ў адным, камуністычным лагеры), і гумар з яго алюзіямі больш даходлівы беларусам, бо надзвычай блізкія гісторыя і культура суседніх народаў. Былі перакладзеныя на беларускую мову і ўбачылі святло беларускай рампы “Стрыптыз”, “Караль”, “Танга”, “Дом на мяжы”, “Эмігранты”.

Вячаслаў РАКІЦКІ


Раім таксама паглядзець:
Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke
4.99 р.

Гамбровіч Вітальд. Ferdydurke

Раман / Пер. з польск. Васіля Сёмухі. — Мінск: Калегіюм Еўропы Усходняй імя Яна Новака-Езёраньскага; Зміцер Колас, 2009.— 266 с.— (Littera scripta).

Дваццаць польскіх апавяданьняў
3.99 р.

Дваццаць польскіх апавяданьняў

У зборнік увайшлі дваццаць апавяданьняў дзесяці папулярных і чытаных сучасных польскіх аўтараў. Адрозныя векам і стылістыкай, яны адлюстроўваюць найбольш характэрныя мастацкія тэндэнцыі ў кароткай прозе сённяшняй Польшчы.

2.99 р.

Гюле Павел. Мэрсэдэс-Бэнц

Раман, апавяданьні / Пераклад з польскай М. Шоды. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. — 248 с.