Невядомая Беларусь

Невядомая Беларусь
1.24 р.
Вага: 180 г
Памеры: 130x200 мм



Аналітычныя эсэ. – Менск, 2008. – 374 с.

У эсэістычнай форме кніга распавядае пра Беларусь, гісторыю, культуру і мэнтальнасьць яе насельнікаў. Гэта – краіна, убачаная вачыма ня толькі беларусаў, але і нашых суседзяў, палякаў і расейцаў.

Аўтары кнігі – вядомыя беларускія інтэлектуалы, пісьменьнікі і гісторыкі, польскія і расейскія дасьледнікі, а таксама публічныя асобы. Кніга была перакладзена і выдадзена ў Раcеі і Чэхіі.

ЗЬМЕСТ

Прадмова да беларускага выданьня
Алесь Анціпенка

І. БЕЛАРУСЬ ВАЧЫМА БЕЛАРУСАЎ

1. Роздумы пра Беларусь
Васіль Быкаў

2. Ад Рагвалода да БНР
Уладзімер Арлоў

3. Праект Беларусь
Сяргей Дубавец

4. Беларус міталягізаваны, гістарычны і рэальны
Пятро Васючэнка

5. А. Лукашэнка – партрэт улады і чалавека
Алесь Анціпенка, Валер Булгакаў

6. Мы і Расея
Валянцін Акудовіч

7. Мы і Польшча
Алесь Смалянчук

8. Эўропа тут ужо была
Ігар Вуглік

9. Беларусь ўчора і заўтра
Андрэй Дынько

ІІ. БЕЛАРУСЬ ВАЧЫМА РАСІЯНАЎ

1. Паўночна-заходнія губэрні Расеі ці Wschodnie kresy polskie?
Андрэй Акара

2. Вачыма сэрца
Аляксей Сіманаў

3. Саюз без саюзу
Аляксандар Фадзееў

4. Чалавечае і нацыянальнае
Валянцін Гефтэр

ІІІ. БЕЛАРУСЬ ВАЧЫМА ПАЛЯКАЎ

1. Маё бачаньне Беларусі
Эльжбета Смулкова

2. Нетыповае грамадзтва
Рышард Радзік

IV. ЗАМЕСТ ПАСЬЛЯСЛОЎЯ

Terra incognita
Валянцін Акудовіч

Зьвесткі пра аўтараў

ПРАДМОВА

У 2005 г. гэтая кніга была ўпершыню выдадзена ў Расеі і Чэхіі, адпаведна, у перакладах на расейскую і чэскую мовы. Шаноўны чытач можа слушна запытацца: а чаму ня ў нашай краіне? І ці варта цяпер чытаць такую "старую" кнігу?

Адказ на першае пытаньне просты і вынікае з задумы кнігі: яна стваралася перадусім для замежнага чытача. А таму перад яе аўтарамі стаяла задача распавесьці пра краіну, яе гісторыю і пра нас, беларусаў, максымальна ясна і даходліва, але аніяк не абмінаючы ўсіх тых складанасьцяў, якія часам на доўгія гады, а то і стагодзьдзі, амаль перакрэсьлівалі хоць якія пэрспэктывы нашага гістарычнага выжываньня.

А ў пэўныя пэрыяды мы папросту зьнікалі з эўрапейскай палітычнай, сацыяльнай ды культурніцкай сцэны. Нас немажліва было знайсьці хоць на якой мапе ці на старонках выдаваных кніг. Для іншых мы папросту не існавалі. А таму "ня быць", "адсутнічаць" амаль такі ж натуральны для беларуса стан, як "быць" і "прысутнічаць". 3 гэтай нашай гістарычнай ды культурніцкай апрычонасьці Валянцін Акудовіч нават сфастрыгаваў для сябе формулу індывідуальнага пражываньня жыцьця. Вядома ж, беларускага – "мяне няма".

Але дзякаваць Богу, беларусы былі і ёсьць. Бо калі б толькі адсутнічалі, дык ня мела б сэнсу пісаць пра іх і гэтую кнігу.

Маючы на мэце рэпрэзэнтаваць замежнаму чытачу нашу краіну і яе насельнікаў, мы разам з тым найменей хацелі, каб кніга служыла хоць якім палітычным мэтам. Бо калі замежны чытач што-небудзь і чуў ці чытаў пра Беларусь, дык найхутчэй пра яе актуальную палітычную сытуацыю. 3 таго важнымі для нас былі не палітычныя рэаліі, а канцэптуальныя характарыстыкі нашай гісторыі і культуры, базавыя структуры беларускай мэнтальнасьці.

Карацей, кніга мусіла адказаць на шэраг істотных пытаньняў. Адкуль мы? Чаму мы такія, якія ёсьць? Якія гістарычныя падзеі сфармавалі нас? Чым мы адрозныя ад нашых суседзяў? І што нас лучыць з Эўропай? А што з Расеяй? Мы – эўрапейцы ці эўразійцы? Чаму да сёньняшняга дня маем праблемы з нацыянальнай ідэнтычнасьцю? Куды рушым? Ці папросту ўсё яшчэ стаім на раздарожжы?

І вось цяпер, праз колькі год, тэксты зноў намі перачытаныя. І што зьмянілася за гэты час? Шмат што зьмянілася. Але, напраўду, мала што зьмянілася, калі мець на ўвазе тыя пытаньні, якія паклаліся ў аснову кнігі. І перадусім галоўнае зь іх – пра наш геапалітычны, цывілізацыйны і культурніцкі выбар, якое і дагэтуль аніяк не праясьненае.

Перачытваючы тэксты, мы натуральна сутыкаліся зь месцамі, у якіх тагачасныя ацэнкі некаторых працэсаў аказаліся неадэкватнымі сёньняшнім рэаліям, паколькі самі рэаліі зьмяніліся. У такіх выпадках рабіліся альбо рэдактарскія заўвагі, альбо нязначныя скарачэньні. Разам з тым нам было прыемна ўсьвядоміць, што самі тэксты ня страцілі сваёй актуальнасьці. А той факт, што ад часу зьяўленьня "Невядомай Беларусі" ў краіне не было выдадзена ніводнай кнігі, якая трактавала б тыя ж самыя праблемы, дае нам надзею на тое, што яна будзе цікавая і беларускаму чытачу.
Кніга ўтрымлівае таксама і шэраг тэкстаў, якія належаць вядомым расейскім і польскім дасьледнікам ды публічным асобам. Спадзяемся, што погляд збоку на нас і нашу краіну таксама зацікавіць беларускага чытача.

Алесь Анціпенка

Падрабязьней пра кнігу "Невядомая Беларусь" тут.


Раім таксама паглядзець:
Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды
24.99 р.

Арлоў Уладзімер. Імёны Свабоды

"Імёны Свабоды" – гэта 300 гістарычных партрэтаў герояў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.

Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі
8.69 р.

Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі

У дадзеным выданьні пад адной вокладкай сабраныя практычна ўсе найбольш значныя працы вядомага беларускага гісторыка з Варшавы Юр’я Туронка, у тым ліку рэвалюцыйныя для свайго часу "Вацлаў Іваноўскі і ідэя адраджэньня Беларусі" і "Беларусь пад нямецкай акупацыяй".