Нікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург

Нікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург
14.04 р.
Вага: 2080 г
Памеры: 210x300 мм



Санкт-Пецярбург, 2009. – 536 с. : іл.

Кніга апавядае пра жыццё і дзейнасці выхадцаў з беларускіх земляў у Санкт-Пецярбургу на працягу больш як 300 гадоў. Раздзелы згрупаваны па храналогіі, а таксама прафесійнай прыналежнасці больш як 2000 выдатных і ардынарных асобаў. У гістарычнай частцы свайго апавядання аўтар прыходзіць да высновы, што Пецярбург XIX стагоддзя, будучы па колькасці жыхароў-беларусаў самым вялікім у свеце гарадскім паселішчам, выконваў функцыю культурнай і адміністратыўнай сталіцы Беларусі.

Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай беларускага народа, гісторыяй, культурай і этнаграфіяй шматнацыянальнага Санкт-Пецярбурга.

 

Книга дает широкую панораму жизни выходцев из Белоруссии в Санкт-Петербурге на протяжении более 300 лет истории города. Материал построен по хронологии, а также профессиональной принадлежности более 2000 персонажей. В исторической части своего повествования автор приходит к выводу, что Петербург-Петроград XIX – начала XX столетия, будучи самым большим в мире по количеству жителей-белорусов городским поселением, выполнял функции культурной и административной столицы Белоруссии.

Книга адресована широкому кругу читателей, интересующихся историей и культурой белорусского народа, историей и культурой многонационального Санкт-Петербурга.

ЗМЕСТ

Прадмова

Глава 1. XVIII стагоддзе: сталіца грознага суседа
Глава 2. Першае аблічча Пецярбурга – вайсковая сталіца
Глава 3. Сталіца духоўнай улады і рэлігійнай талерантнасці
Глава 4. Горад чыноўнікаў і рэвалюцыянераў
Глава 5. Горад літаратараў, мастакоў, навукоўцаў
Глава 6. Разбудова, архітэктура, асаблівасці побыту Пецярбурга ў другой палове XIX стагоддзя
Глава 7. Пецярбург – горад навукі, музеяў і бібліятэк
Глава 8. Вышэйшыя школы: сталічны універсітэт
Глава 9. Сталічная школа: вучні і настаўнікі
Глава 10. Пецярбург-Петраград у канцы XIX і першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя
Глава 11. Канец імперыі. Беларускія арганізацыі Петраграда ў сацыялістычным будаўніцтве
Глава 12. Перадваенны Ленінград: уяўнае кіно і сапраўднае жыццё
Глава 13. Другая сусветная вайна. Блакада
Глава 14. Ленінград – перабудова – Санкт-Пецярбург
Глава 15. Сучасны Пецярбург: людзі ў пагонах
Глава 16. Medici Peterburgiensi (пецярбургскія медыкі)
Глава 17. Месца, дзе мора злучаецца з небам
Глава 18. Людзі самых розных прафесій
Глава 19. Творчая інтэлігенцыя
Глава 20. У вышэйшай школе і акадэмічнай навуцы сучаснага горада
Глава 21. Беларускія арганізацыі ў сучасным Пецярбургу

Заканчэнне
Белорусский Петербург

Дадатак
Беларуская тапаніміка на карце Санкт-Пецярбурга
Пецярбургскія беларусы – Героі сацыялістычнай працы
Алфавітны імённік
Імянны паказальнік (па рэгіёнах)


Прадмова

Горад гэты не вывучаюць у курсе геаграфіі і гісторыі Беларусі: цяперашнія падручнікі пабудаваны па дзяржаўна-тэрытарыяльным прынцыпе, а наш аб'ект знаходзіцца за межамі беларускай этнічнай тэрыторыі. Санкт-Пецярбург. Вялікі горад, які доўгі час быў сталіцай той дзяржавы, куды ўваходзіў беларускі край, адным з важных цэнтраў беларускай культуры працягвае быць і дасёння. Ведаць больш пра Пецярбург – значыць лепш ведаць Беларусь. Без Пецярбурга нельга асэнсаваць феномен беларускай культуры XVIII – XX стагоддзяў, культуры дыяспары, якая назапасіла параўнальны, калі не большы, за метраполію патэнцыял. Пецярбург стаў на доўгі час месцам кантакту беларусаў з фінамі, немцамі, іншымі еўрапейскімі і азіяцкімі народамі. А магчымасці кантактаў з рускай культурай тут былі найбольшыя.

Адзін з парадоксаў беларускай старажытнай гісторыі: уладары з тытулам гаспадара нашай дзяржавы жылі на захад і на ўсход ад Беларусі – вялікім князем літоўскім быў польскі кароль, вялікім князем літоўскім зваўся і маскоўскі цар. У Рэчы Паспалітай XVIII cт. функцыі палітычнай сталіцы іншы раз выконваліся ў Гродне (месца паседжанняў соймаў) і няўхільна перасоўваліся ў Варшаву. Але з пачатку падзелаў Рэчы Паспалітай жыццё беларускага шляхціча ўсё часцей вымагала звяртацца да далёкага паўночнага гораду, што названы ў імя святога Пятра. "Жыццё вымушае чалавека да шмат якіх добраахвотных учынкаў": каб вырашыць маёмасныя пытанні, атрымаць адукацыю, зрабіць кар'еру трэба было ехаць у Пецярбург. Тут, на месцы ўпадзення Нявы ў Фінскі заліў, пражываў імператар, тут знаходзіўся двор, тут працавалі міністры, тут былі багацейшыя банкі, тут жыў каталіцкі магілёўскі архіепіскап і засядаў праваслаўны Сінод. Стала з'яўляліся ў горадзе перасяленцы-беларусы, найбольш – выхадцы з Віцебшчыны, Смаленшчыны, Полаччыны, Магілёўшчыны. Асаблівае шаванаванне ў Пецярбургу (у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі) цудатворнага абраза Смаленскай Божай Маці магчыма звязана з гэтым прыбылым людам, які сяліўся пераважна ў сяле Смаленскім (зараз раён праспекта Елізарава) і на Васілеўскім востраве, а пражыўшы адведзены Богам тэрмін, хаваўся на тамтэйшых Смаленскіх могілках. Здаецца, выхадцы з Усходняй Беларусі аднымі з першых пачалі спрабаваць асэнсаваць сваё літоўска-беларускае мінулае і суаднесці з новымі дзяржаўнымі рэаліямі. Прыгадаем хаця б дзейнасць і творы пецярбургскага (з 1831 г.) протаіерэя Іаана Грыгаровіча – першага, у сучасным сэнсе слова, беларускага гісторыка і археографа.

Заможныя ехалі сюды не толькі з Беларусі, але і з Украіны і Грузіі, Польшчы і Татарстану, Калмыкіі і Арменіі – з усіх канцоў неабсяжнай імперыі. Большасць, зрабіўшы справы, з'язджалі, але нехта заставаўся, каб працягваць тут вайсковую ці цывільную службу, скончыць навучанне альбо вучыць іншых. Як бы гэтым "прыбыльцам" ні было цяжка ўсталявацца ў Пецярбургу, адно яны маглі заўважыць адразу: іхняя нацыянальная прыналежнасць ніяк не замінае жыць на талерантнай Поўначы. Цалкам нацыяналістычная газета "Новы час" пісала 3 верасня 1899 г. (наконт фінаў): "Огромной российской столице за два столетия не удалось растворить их в себе и сделать из чухонцев русских. Это уникально. Почему именно Петербург, привлекая к себе, не оказывает такого влияния, как другие большие города?".

Нікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург

Беларусаў у горадзе заўсёды было дастаткова шмат, але знайсці іх часам цяжэй, чым прадстаўнікоў якога з іншых народаў. Армянаў бо можна шукаць каля армянскай царквы на Неўскім праспекце ці на Смаленскіх армянскіх могілках, тых жа фінаў прадстаўлялі лахцінскія малочніцы і прыхаджане фінскай кірхі на Вялікай Канюшанай, немцы гуртаваліся вакол рэдакцыі адной са старэйшых у горадзе газет "St.-Petersburger Zeіtung" і лютэранскіх храмаў; шматлікія іншыя храмы – грэчаская, галандская, эстонскія цэрквы, бурацкі дацан, татарская мячэць – збіралі не толькі адзінаверцаў, але і зямляцкія абшчыны. Беларуская ж шматканфесіянальная грамада молячыся глядзела ў розныя часткі свету – Рым, Мекку, Іерусалім – і разыходзілася ў храмы розных вызнанняў. Праваслаўная большасць асобных, беларускіх цэркваў не мела і належала да бліжэйшага прыхода. Язычнікі, якіх этнографы сустракалі ў беларускіх губернях і ў пачатку XX ст., калі й выязджалі ў Пецярбург, веру сваю там публічна не праяўлялі. Маскоўскі гісторык Васіль Ключэўскі (1841 – 1911) адносна нацыянальнай псіхалогіі заўважыў: "І маскаль, і хахол хітрыя людзі, і хітрасць абодвух выдаецца ў прытворстве. Аднак і той і іншы прытворшчыкі па-свойму: першы любіць прыкідвацца дурнем, а другі разумным". Месца беларуса ў гэтым назіранні Ключэўскім не акрэслена, пазней беларусам прыдалося вызначэнне "шчырыя", значыць наўмысна не-хітрыя.

Каталіцкую шляхту з Вялікага Княства Літоўскага ў расійскім Пецярбургу галоўным чынам прызнавалі за палякаў; ёй самой трэба было альбо з гэтым моўчкі пагаджацца (і захоўваць свой гонар як "польскі"), альбо спрабаваць сцвердзіць сябе як расійскае дваранства. Выбар часцей за ўсё залежаў ад сямейнай традыцыі (шмат хто ўспамінаў свае старажытныя "рускія" карані), канфесіі. Выкарыстанне ў касцёле польскай мовы і польскі патрыятызм некаторых ксяндзоў на працягу ўсёй пецярбургскай гісторыі прыводзілі каталікоў-беларусаў у шэрагі польскіх партый. Пецярбургская "polonіa" ад свайго пачатку на вялікі працэнт складалася з выхадцаў з Беларусі. Беларуская шляхта, якая яшчэ памятала сваё паходжанне з Вялікага Княства, трымалася пры гэтым незалежна ад каронных палякаў. Больш за тое, шляхціч Восіп Сянкоўскі сфармуляваў тэорыю, якая тлумачыла заняпад Беларусі-Літвы няўдалым саюзам з Каронай. Польскія гісторыкі вельмі любяць даваць такім людзям тытул нацыянальных здраднікаў, але тыя не маглі імі быць, бо да польскай нацыі і не належалі. Яны проста "шукалі сябе". Менавіта ў Пецярбургу выразна акрэслілася тэндэнцыя пераходу выхадцаў з Беларусі да беларускай самасвядомасці – яскрава сведчаць аб гэтым дзейнасць інжынера Вацлава Іваноўскага, этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, ксяндзоў-філосафаў Люцыяна Хвецькі і Фабіяна Абрантовіча, мовазнаўцы Браніслава Эпімаха-Шыпілы і шматлікіх іншых. Яшчэ ў самым пачатку ХХ стагоддзя пецярбургскія выдавецтвы ўнеслі значны уклад у развіццё беларускай літаратурнай мовы, у станаўленне граматычных і правапісных нормаў. Пры гэтым у пачынальнікаў былі вялікія сумненні нават адносна таго, якім алфавітам пісаць да беларусаў – лацінкай, кірыліцай ці на абодвух. "Ці доўга вісецьме над намі двойчы-літэрнае пракляцьце – ніхто ня ведае цяпер, – пісаў у 1912 г. пецярбургскі часопіс "Маладая Беларусь". – Адно толькі добра ведаем, у вадно крэпка верым: сьведомаму беларусу ўсе літэры роўны – для яго важна не форма – а сама істота, не чым напісана, а што напісана".

Рэвалюцыя 1917 г. і перамога бальшавікоў істотна змяніла спачатку сацыяльную, а за ёй і нацыянальна-культурную сітуацыю ў горадзе. Аб'яўленая дзяржавай барацьба з рэлігіяй ліквідавала большасць храмаў, яны перасталі быць цэнтрамі нацыянальнага жыцця. Улада шукала больш-менш адэкватную замену ў выглядзе нацыянальных дамоў асветы, клубаў і гурткоў, нацыянальнага тэатра. Аднак і гэтыя асяродкі да 1937 г. былі знішчаны. Саветызацыя пачала значыць абавязковую русіфікацыю. Тым не менш кожны чарговы перапіс насельніцтва паказваў горад як шматнацыянальны, якім ён застаецца і зараз. Русіфікацыя адбываецца як натуральны працэс, непазбежны для ўсіх груп імігрантаў. Але падыход да гэтай тэмы з часам змяніўся: ад бескампрамісных і аднабокіх тэорыяў "плавільнага катла" перайшлі да прызнання больш спагадлівых ідэяў шматколернай мазаікі, у якой даецца права на існаванне кожнай этнічнай культуры.

* * *

Існуе велізарная краязнаўчая літаратура пра Пецярбург. Асобнае месца займаюць у ёй працы пра нацыянальныя меншасці гораду – фінаў, палякаў, грузінаў, немцаў, украінцаў, французаў – кнігі і артыкулы на гэтую тэму працягваюць з’яўляцца пастаянна. Не засталася без увагі і тэма беларусаў. У працах варшаўскіх даследчыкаў Алеся Барскага, Юркі Туронка, Рышарда Радзіка і Міхала Кандрацюка мы знойдзем цікавыя развагі аб лёсах беларусаў і беларускай культуры ў Пецярбургу. Багата публікацый належаць мінскім аўтарам. Рыгор Семашкевіч і Віталь Скалабан апісвалі грамадска-культурнае жыццё на мяжы XIX і XX стст., Вольга Гапоненка і Таццяна Процька – навукова-тэхнічную інтэлігенцыю, Міхаіл Ярмоленка – геолагаў і падарожнікаў, Віктар Скарабагатаў – музыкантаў і музычнае жыццё, Надзея Усава – сувязі беларускіх земляў з пецярбургскай Акадэміяй мастацтваў.

Асабліва трэба падкрэсліць значэнне працы Рыгора Семашкевіча. Ён першы паказаў на пецярбургскі часопіс "Гоман" з яго асуджэннем царызму і ідэямі федэратыўнасці Беларусі ў складзе Расіі, рэвалюцыйны дэмакратызм Адама Гурыновіча, а таксама культурна-асветніцкую дзейнасць Браніслава Эпімаха-Шыпілы, як на тры састаўныя часткі развіцця беларускага літаратурна-грамадскага руху у сталіцы ў канцы XIX ст. Гэтыя з'явы адлюстравалі з'яўленне новага пакалення беларускай інтэлігенцыі: інтэлігенцыі перыяду канчатковага фарміравання беларускай нацыі.

У фундаментальных выданнях канца XX ст. – "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва", "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", даведніку "Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету" і агульнай "Беларускай Энцыклапедыі" шматлікія аўтары далі сціслую і змястоўную інфармацыю пра жыццё землякоў у паўночнай сталіцы. Шмат карыснага для нашай тэмы можна знайсці ў кнігах, прысвечаных асобным прафесіям. Адносна ваенных маракоў гэта праца Б. Даўгатовіча "Адміралы зямлі беларускай". Назва гучыць іранічна: на Беларусі ж няма мора! – (хаця воінскае званне "матрос" у беларускай арміі ёсць) – аднак інфармацыя сабрана вялікая . Не засталіся ў баку ад беларусазнаўства і пецярбуржцы. Валянцін Грыцкевіч, Алег Лысенка, Наталля Юхнёва, Тамара Смірнова, Ігар Мацыеўскі даследавалі розныя бакі беларускага жыцця ў горадзе, Андрэй Антаненка напісаў успаміны аб падарожжы на радзіму продкаў, Уладзімір Бурачок, Аляксандр Макейчык – свае радаводы .

Дасёння, аднак, бракуе абагульняючай працы, кнігі, якая б з розных бакоў паказала Санкт-Пецярбург, як горад са значным беларускім насельніцтвам, асаблівасці мясцовых беларусаў, іх уплыў на эканамічную, палітычную і культурную сітуацыі на Радзіме, значэнне нацыянальных арганізацый. У персаналіі беларускага Пецярбурга мы сустракаем нашмат больш мужчын, чым жанчын, і гэта не толькі таму, што мужчыны больш мабільныя і дамагаліся большага. Лёсы жанчын, асабліва ў міжэтнічных шлюбах, асаблівасці іх стаўлення да рэлігійнага, палітычнага і культурнага жыцця ў чужым асяроддзі яшчэ трэба вывучыць.

* * *

Калі заязджаеш у родныя вёскі, старыя дзяды, якія цябе ня ведаюць, пытаюцца: "Ты чый будзеш, сынок?" Ім дастаткова пачуць, хто быў бацька, хто дзед… Беларусы – нацыя невялікая і дружная. Людзі любяць ведаць, хто адкуль, з каго. Таму галоўным нашым прадметам сталі ўраджэнцы беларускіх земляў, якія часова альбо стала жылі ў Санкт-Пецярбургу – Петраградзе – Ленінградзе, і іх нашчадкі, што нарадзіліся тут. Тэрмін пражывання не мае прынцыповага значэння – гэта могуць быць і некалькі месяцаў (як у выпадку наваградчаніна Адама Міцкевіча), і некалькі гадоў, і цэлае жыццё. Прыцягваюць увагу і тыя, хто пасля пецярбургскага перыяду (часцей за ўсё звязанага з атрыманнем адукацыі) з’ехалі з гораду, бо Пецярбург рабіўся адным з магутных фактараў выхавання і фарміравання свядомасці. Цікавы феномен XIX стагоддзя – плённая дзейнасць сыноў уніяцкіх святароў. Беларускі ўплыў на Расію, якая нечакана атрымала ад асуджанага пануючай царквой уніяцтва адукаваных і сумленных грамадзянаў, вызначылі Урончанкі (Врончанкі), Касовічы, Карніловічы, Шпілеўскія. Пецярбург дапамог стаўленню і рэалізацыі іх талентаў. У часы СССР беларусы разам з іншымі будавалі новы сацыялістычны Ленінград, мацавалі яго прамысловы патэнцыял, цярпелі ад сталінскага тэрору, адстойвалі горад ў жорсткім супрацьстаянні з фашыстамі, гінулі ў блакадзе. І сёння тут жыве багата выхадцаў з Беларусі, якія аддана працуюць на карысць любімага і роднага гораду.

Даўным-даўно, у 1975-м, аўтар гэтых радкоў запісваў народныя паданні і балэнды ў далёкай глухой вёсачцы на Магілёўшчыне. Людзі ў ёй не ўжывалі мацерных слоў, ні мужчыны, ні жанчыны. Я запытаў у адной старой: "А якая ж лаянка была самая моцная?" – "З селішча выганю!", адказала тая. Вось так было: выгнаць з паселішча, адрачыся, выкрэсліць з свайго роду – найгоршы праклён. А калі чалавек пайшоў сам? пайшоў шукаць прыгоды, новыя ўражанні, долю-шчасце? – тады ён няяўна заставаўся сярод сваіх, яго лісты і пасылкі з Пецярбурга ці якой-небудзь Амерыкі ажыўлялі ўспаміны і абуджалі цікавасць. Часта за ім збіраўся нехта з маладзейшых.

У савецкія часы Пецярбург стаў Ленінградам, але паток беларускіх мігрантаў туды не зменшыўся, наадварот, пабольшаў і стаў рэгулявацца. Па спецнаборах і па сваёй ініцыятыве моладзь ехала вучыцца ў прафесійна-тэхнічныя школы і вучылішчы, каб потым папоўніць шэрагі рабочага класа. Уступныя экзамены ў Ленінградскі універсітэт пачыналіся на месяц раней, чым паўсюдна ў БССР, і лепшыя вучні з беларускіх школ часта ехалі сюды паспрабаваць сябе, а найлепшыя праходзілі па конкурсу і заставаліся вучыцца. Ваенкаматы паспяхова вербавалі хлопцаў у ленінградскія ваенныя вучылішчы.

"Дзе ж і хто яны зараз?" – пытанне, на якое можна адказаць толькі асобнымі сацыялагічнымі і біяграфічнымі даследаваннямі. Беларусаў у Пецярбургу па апошнім перапісу 65 тысяч. Куды дзеліся тыя хлопцы і дзяўчаты, што паехалі ў Ленінград? Звычайна гэта былі добрыя вучні і большай часткай рамантыкі. Радзіма пакуль што не пералічыла і не ўшанавала іх: нарысы аб пяцёх пецярбургскіх беларусах-сучасніках у кнізе Г. Андрэевца "Белорусы в России" (М., 2002 г.), гэта толькі падкрэслівае. Частка з гэтых рамантыкаў сталі прагматыкамі, частка скептыкамі. Успамянуць некаторых мы паспрабуем на фоне штодзённага жыцця нашага гораду. Аўтару хацелася б данесці да чытача каларыт розных эпох, таму на старонках кнігі мы ставім нашых землякоў (крыху больш за 700 асоб) у атачэнне сучасных ім грамадскіх і культурных падзей і архітэктурных помнікаў, прамысловых аб'ектаў, вуліц, дамоў, плошчаў, вакзалаў…
Як гэта атрымалася – меркаваць чытачу. Урэшце, мае рацыю іранічны Аскар Уайльд: усе выдатныя асобы раней ці пазней вымушаны апынуцца на ўзроўні далікатнасці іх біёграфаў.

Другім прадметам апавядання сталі беларускія старажытнасці пецярбургскіх сховішчаў. У горадзе сабраны магутны патэнцыял кніг, архіўных дакументаў, рэчаў, твораў скульптуры, жывапісу і ўжытковага мастацтва, гістарычнай зброі, помнікаў нумізматыкі. Вывучаны ўсе яны вельмі слаба, а выкарыстанне іх для выставаў, экскурсійнай працы, кіна- і тэлефільмаў, не гаворачы ўжо пра мультымедыйныя публікацыі, пакуль што справа будучыні. Вандруючы па гістарычных мясцінах паўночнай сталіцы мы будзем спыняцца каля тых сховішчаў, дзе ёсць датычныя Беларусі матэрыялы і старацца хаця б трошку расказаць аб іх. Як ілюстрацыі выкарыстаны фатаграфіі, малюнкі з відамі гораду і партрэты пецярбургскіх беларусаў. Аб усім і ўсіх расказаць немагчыма; аўтар ўсведамляе рацыю карэннага пецярбуржца Казьмы Пруткова, які вучыў, што "нельга абняць неабдымнае". Нашы нарысы складуць храналагічную прагулку па гісторыі і па вуліцах і праспектах непаўторнай прыгажосці гораду над Нявой. Аўтар спадзяецца, што гэтая кніга можа стаць пачаткам далейшага ўважлівага вывучэння беларускага Пецярбурга.

Мікалай Віктаравіч Нікалаеў нарадзіўся 21 лютага 1955 г. ў г. Шчучын Гродзенскай вобласці ў сям'і ваеннага лётчыка. Гадаваўся ў вёсцы Нянькава Наваградскага раёна, скончыў сярэднюю школу № 4 г. Наваградка і гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў настаўнікам у Лукашоўскай школе Пастаўскага раёна, лабарантам і малодшым навуковым супрацоўнікам у Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН СССР, удзельнічаў у раскопках старажытнага Наваградка, Старой Ладагі, селішча Тайманава. З 1978 г. у Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы – навуковы супрацоўнік аддзела рукапісаў, загадчык аддзела рэдкіх кніг. Даследуе гісторыю сусветнай культуры, беларускае мастацтва, гісторыю царквы. Доктар філалагічных навук (1997). Аўтар манаграфіі "Палата кнігапісная" (1993), прысвечанай пытанням традыцый кніжнай культуры Беларусі, таксама больш за 200 публікацый па археалогіі, гісторыі бібліятэк, рукапіснай кнігі, бібліяграфіі. Адзін з заснавальнікаў і член прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Член Вучонага савета Санкт-Пецярбургскга дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Федэральным агенцтвам па друку і камунікацыях Расійскай Федэрацыі ўзнагароджаны юбілейным медалём "Трохсотгоддзе рускага грамадзянскага шрыфта", беларускай праваслаўнай царквой – ордэнам св. Кірылы Тураўскага 2-й ступені.

Падрабязней пра кнігу "Беларускі Пецярбург" тут або тут.


Раім таксама паглядзець:
Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі
4.99 р.

Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі

Гэтая кніга, 18-я ў серыі "Бібліятэкі Бацькаўшчыны", прысвечана мінуламу і сучаснасці беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Аўтар разглядае гісторыю беларуска-брытанскіх кантактаў, перадумовы прыезду беларусаў у гэтую краіну ў 1940-я, працэс стварэння і дзейнасць нацыянальных арганізацый розных напрамкаў.

2.50 р.

Беларусы: Сучасныя энтакультурныя працэсы

Г. І. Каспяровіч [і інш.]; рэдкал.: А. І. Лакотка [і інш.]; Нац. акад. Навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – Мінск: Беларуская навука, 2009. – 607 с.: іл. Цв. вокл.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў ССС
4.99 р.

Шабельцаў Сяргей. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930 – 1960-я гг.)

У кнізе змешчаныя дакументы і ўспаміны пра беларускую дыяспару ў Аргенціне, а таксама пра рээмігрантаў, якія пераехалі з гэтай краіны ў СССР. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць светапогляд беларускіх імігрантаў, іх грамадскую і палітычную дзейнасць у Аргенціне, працэс іх рээміграцыі ў СССР і шляхі адаптацыі на Радзіме.