Падарожжа ў свет дзівосаў

Падарожжа ў свет дзівосаў
8.49 р.
Вага: 650 г
Памеры: 210x225 мм



Падарожжа ў свет дзівосаў: для малодшага школьнага узросту / укладальнік П. П. Саковіч. — Мінск : Беларусь, 2013. — 264 с. : іл. — Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-01-1003-9

Хто часцей расказвае казкі дзеткам? Пытанне гэтае, думаецца, з шэрагу рытарычных. Ці не кожны, асабліва не задумваючыся, адкажа, што гэта звычайна робяць матулі, бабулі, цёткі… Адным словам, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Тыя, каму, бадай, самой прыродай наканавана знаходзіць належны падыход да сэрцаў хлопчыкаў і дзяўчынак. Ці не па гэтай прычыне і ў кнізе «Падарожжа ў свет дзівосаў», укладзенай Паўлам Саковічам і выпушчанай выдавецтвам «Беларусь», годна выглядае менавіта жаночая казка. Зразумела, такое азначэнне шмат у чым умоўнае, але яно да месца. Адметна і тое, што творы гэтага жанру аднолькава цікавыя як у аўтараў, якія ўжо маюць значныя творчыя набыткі ў галіне дзіцячай літаратуры, так і ў тых, хто робіць у ёй першыя крокі.

Да апошніх адносіцца і Юлія Зарэцкая, якая хораша зарэкамендавала сябе кнігай гумару і сатыры «Шчаслівыя людзі», а таксама апавяданнямі з цыкла «Дунілавіцкія былі». З імі яна выступала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць». «Полымя», «Нёман» і іншых выданнях, а цяпер яны ўвайшлі ў яе новую кнігу, што неўзабаве пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Аказваецца, у Ю. Зарэцкай ёсць і на дзіва адметныя казкі.

Для кнігі «Падарожжа ў свет дзівосаў» яна прапанавала тры творы гэтага жанру. Героямі іх з’яўляюцца жывёлы, а калі канкрэтней — насельнікі заапарка. Усе яны даўно паспелі пазнаёміцца, знаходзяцца паміж сабой у сяброўскіх стасунках, таму і няма ў іх адзін ад аднаго асаблівых сакрэтаў. Дый радасцямі сваімі гатовы падзяліцца, у чым і пераконвае казка «Прывабны шалік». І зебра Мая, і мядзведзь Міхась, і ліса Аліса ў захапленні ад шаліка, які звязала жырафе Зіне яе мама. І раптам гэты шалік нехта скраў. Як высветлілася, паквапілася на яго сяброўка Зіны — малпа Ліна, у чым, праўда, сама неўзабаве і прызналася.

Малпа Ліна — адна з гераінь казак «Небяспечны касцёр» і «Карысная знаходка». Дакладней, асноўнае дзеянне разгортваецца менавіта вакол яе. Істотна тое, што Ю. Зарэцкая не аднабакова падыходзіць да гэтай жыхаркі заапарка, паказвае яе характар у развіцці. Калі ў казцы «Небяспечны касцёр», як і ў «Прывабным шаліку», малпа Ліна паўстае не з лепшага боку — яна аказалася сярод тых, хто прапанаваў для сугрэву раскласці касцёр (ад гэтага ледзь не ўзнік пажар), то ў «Карыснай знаходцы» першай заўважыла кімсьці згубленую кніжку «Правілы дарожнага руху», з якой і пачалі знаёміцца звяры.

Казка «Карысная знаходка», пры ўсіх мастацкіх вартасцях іншых твораў Ю. Зарэцкай для дзяцей, асабліва ўдалася аўтарцы. Ю. Зарэцкая знайшла цікавы падыход да тлумачэння пэўных правіл дарожнага руху. Насельнікі заапарка як бы прымерваюць іх на сябе. Напрыклад, адбываецца такая размова:
«— Ну-ну, а вось дакладна мае гарбы! — упэўнена сказаў вярблюд Гаўрыла. — Вунь — адзін, вунь — другі.
— Ох-ох-ох, — усміхнуўся слон Сямён, — гэта ж не гарбы, а знак “Няроўная дарога”».
Следам ідзе яшчэ адзін дыялог:
«— Зірніце, а вось гэта — я! — падляцеў бусел Якуб. І крылы, і хвост, як у мяне.
— Не, — ледзьве не зарагатаў слон Сямён, — гэта знак «Нізкалятаючыя самалёты»! А ты ж, Якуб, высока лятаеш!»

Гэтую казку Ю. Зарэцкай, несумненна, можна выкарыстоўваць і на ўроках, ды і ў пазакласным чытанні, знаёмячы вучняў з правіламі дарожнага руху. Хочацца спадзявацца, што з цягам часу ў яе з’явяцца і іншыя казкі пра гэтых насельнікаў заапарка, якія складуць і самастойную кнігу. Канечне, самой Ю. Зарэцкай вырашаць, як яна будзе называцца, адно безумоўна: у той ці іншай ступені дзеянне павінна быць звязана з малпай Лінай, вобраз якой — творчая знаходка пісьменніцы.

Знайсці ж свайго, непадобнага да іншых, літаратурнага персанажа, як вядома, не так і проста. Відавочна і тое, што такія адкрыцці бываюць не толькі ў сталых пісьменнікаў, у чым пераканала Вольга Нікольская. Дарэчы, гэта рэдкі выпадак: яе аповесць-казка «Мы — агенты «Калбафір»…» за кароткі час вытрымала два выданні: спачатку ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і Мастацтва», а потым у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Кніга не толькі хутка разышлася, але і прадаецца на кніжным «чорным рынку» Расіі, хоць ні адно з названых выдавецтваў яе за межы Беларусі не адпраўляла. Што ж, звяртаецца ўвага на тое, што найбольш запатрабавана. Таму і кінастудыя «Беларусьфільм» прапаноўвала маладой пісьменніцы экранізаваць гэты твор. Праўда, з задумкі нічога не атрымалася: В. Нікольская праявіла прынцыповасць і адмовілася ўносіць у сюжэт змены, што парушаюць яе аўтарскую задуму. А тым часам на падыходзе ў яе новая кніга, што з’яўляецца працягам першай.

Прычына такой папулярнасці твораў В. Нікольскай найперш у тым, што яна знайшла сваіх герояў — катоў Колбаса і Кефіра. Цяпер з імі, а таксама з іншымі персанажамі можна пазнаёміцца і ў апавяданнях «Дым у лесе» і «Цукерка замест разеткі», што прадстаўлены ў кнізе «Падарожжа ў свет дзівосаў». Творы атрымаліся вельмі займальныя, захапляльныя і, зразумела, у меру дыдактычныя. У дзіцячай літаратуры, як вядома, іначай і нельга. У абодвух апавяданнях В. Нікольскай праводзіцца думка пра тое, што неабходна паво­дзіць сябе так, каб не ствараць небяспекі сабе ж самому. У першым са згаданых твораў пажар у лесе ўзнік праз тое, што двое маленькіх лісянят, знайшоўшы ў лесе запалкі, вырашылі з імі пагуляць. Запалілі адну, другую… Пажар давялося тушыць Колбасу, Кефіру дый іхняму сябру сабаку Рыжыку. А пасля на дапамогу прыйшлі і лясныя жыхары. У апавяданні ж «Цукерка замест разеткі» Колбас аказаўся катом здагадлівым, а перадусім дасведчаным. Паколькі шмат чытаў, то добра ведаў, што электрычнасць можа ўяўляць небяспеку. Таму, калі ўбачыў, што маленькі хлопчык Ванечка спрабуе засунуць металічныя пруткі ў разетку, адцягнуў яго ўвагу ад гэтага занятку.
Нямала радасці дзецям прынясе і п’еса-казка Таццяны Сівец «Брык і Шуся шукаюць лета». З гэтым творам многія хлопчыкі і дзяўчынкі, дарэчы, ужо знаёмыя: на сцэне Тэатра юнага гледача не першы год з нязменным поспехам ідзе аднайменны спектакль. Прывабнасць як самой казкі, так і яе сцэнічнага ўвасаблення ў тым, што аўтар, пішучы гэты твор, ні ў чым не паўтарыла іншых, пайшла менавіта сваім шляхам: арыгінальны сюжэт, арыгінальнае вырашэнне тэмы традыцыйнага сутыкнення дабра і зла. І, канечне ж, арыгінальныя персанажы, якіх не паблытаеш ні з якімі іншымі. Як ёсць адзіны Бураціна, адзіны Чыпаліна, ці, скажам, хлопчык Бульбінка Леаніда Прокшы, альбо Бульбобы Паўла Місько, так і Брык і Шуся — унікальныя героі, якія існуюць у адзіным экзэмпляры.

А яшчэ хацелася б звярнуць увагу і на тое, што Брык і Шуся — істоты хоць і казачныя, але адпавядаюць жыццёвай практыцы. А ў жыцці як бывае? Часам хто-небудзь знешне і непрыкметны, а колькі ў яго сэрцы дабрыні, душэўнай цеплыні. Як прыцягвае ён да сябе шчырасцю, адкрытасцю. Гэта датычыць і герояў Т. Сівец. Так, Брык — «нязграбная ўскудлачаная істота з растапыранымі лапкамі, якая смешна перавальваецца на крываватых ножках». Не такая ўжо сімпатычная і Шуся: «смяшлівая цікаўная мордачка з натапыранымі вушкамі». Але гэтыя персанажы не могуць не прывабліваць да сябе, бо… Аднак лепей сам твор Т. Сівец прачытаць. Як і п’есу-казку Наталлі Марчук «Цётухна Прастуда і Новы год», што таксама знайшла ўжо сваё сцэнічнае ўвасабленне і гэтаксама прываблівае арыгінальнасцю. Добра валодаючы сакрэтамі драматургічнага жанру, Н. Марчук усё дзеянне пабудавала так, што за ім нават дарослы чытач ці глядач сочыць з захапленнем. А што ўжо казаць пра дзяцей?! Гэта для іх сапраўды падарожжа ў свет дзівосаў.

З добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі пішуць свае творы і пісьменнікі-мужчыны. У кожнага з іх ёсць нешта, чаго ў іншых не знойдзеш. У Генадзя Аўласенкі такое багацце творчай фантазіі, што ажно па-добраму зайздросціш яму. Алесь Бадак, Сяргей Давідовіч, Міхась Пазнякоў, Генадзь Пашкоў, Міхась Сліва дый некаторыя іншыя больш традыцыяналісты, аднак яны не паўтараюць тое, што было напісана раней, а заўсёды знаходзяць свой паварот тэмы. Васіль Шырко ў казках «Чароўная зямля» і «Шчасце» ідзе ад фальклорных матываў, але дае ім уласную інтэрпрэтацыю. Адметныя яго творы яшчэ і тым, што ў іх шмат досціпу, аўтар тонка адчувае меладычнае народнае слова.

А колькі непаўторнасці ў казках Паўла Саковіча «Цып-цып і Жоўцік», «Скразняк і Ната», «Самы-самы смачны яблык», «Як лісу перахітрылі». Усё гэта проза, а поруч змешчана паэтычная «Казка-загадка пра казлянятка». Што ж, цікавы пісьменнік — цікавыя і творы. Тым больш што ўсё гэта напісана нязмушана, з любоўю да дзяцей.

Чытаеш кнігу «Падарожжа ў свет дзівосаў» і неаднаразова ловіш сябе на думцы: не трэба нам прыбядняцца. Ёсць у нас годная дзіцячая літаратура, у тым ліку і сучасная. Ніхто не сцвярджае, што трэба, як кажуць, варыцца толькі ў сваім творчым саку. Пры неабходнасці можна сяму-таму павучыцца і ў пісьменнікаў іншых краін, у тым ліку і з так званага далёкага замежжа. Аднак ні ў якім разе нельга слепа капіраваць, падстройвацца пад іх. Магчыма, гэта ім неабходна знаходзіць такіх герояў, якія ёсць у творах беларускіх пісьменікаў.

На падобны момант звярнуў увагу ў прадмове да кнігі сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Георгій Марчук: «У наш час у інтэрнэце, ды і ў «мульціках» даволі часта сустракаюцца казкі, пабудаваныя на камедыйных прыёмах, у аснове якіх ляжыць відавочная недарэчнасць, на тэхнічных фокусах і труках. Нашы ж аўтары стараюцца пазбягаць штучнасці і казачных штампаў».

Прынамсі, гэта відаць па кнізе «Падарожжа ў свет дзівосаў», якая пераконвае ў тым, што дзівосаў наўкола і сапраўды шмат, трэба толькі ўмець заўважаць іх. І пісьменнікі могуць дапамагчы ў гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам.

Віталь ДЗЕНІСЕНКА

ЗМЕСТ

Свет дзівосаў і прыгод
Атрошчанка Ганна
Верабейка
Аўласенна Генадзь
Мядзведзь і Пчолы
Чаму Барсук у нары сядзіць
Адкуль жук-алень узяўся
Бадак Алесь
Хмарка
Нота «мі» для Кваквы
Белы Пеўнік
Галубовіч Янка
I балота — золата
Пра лянівых козлікаў
Зязюльчыны слёзы
Давідовіч Сяргей
Хто самы прыгожы?
Галоўнае багацце
Деревянко Михаил
Один плюс один
Живые буквы, или Приключения волшебной закорючки
Зарэцкая Юлія
Прывабны шалік
Небяспечны касцёр
Карысная знаходка
Караленка Анатоль
Зямля родная
Конеў Ягор
Адважныя сябрукі
Марчук Наталля
Цётухна Прастуда і Новы год
Никольская Ольга
Дым в лесу
Конфета вместо розетки
Новаш Наталия
Зачарованная кошка
Пазнякоў Міхась
Сон лугавы
Сіпуха
Чорны Бусел
Чырвоныя каршуны
Пашкоў Генадзь
У дзяржаве мурашынай
Рашкевич Виктор
Обезьянка Апа
Кот Васька
Саковіч Павел
Цып-цып і Жоўцік
Скразняк і Наста
Самы-самы смачны яблык
Як лісу перахітрылі
Казка-загадка пра казлянятка
Сівец Таццяна
Брык і Шуся шукаюць лета
Сліва Міхась
Як кнігі дзяўчынку выратавалі
Веласіпед-самакат
Сябры пазнаюцца ў бядзе
Стружецкая Людмила
Сказка об одиноком Кузнечике
Ткачоў Васіль
Заяц-гром
Феранц Васіль
Божая Кароўка
Верабей Чырык
Хатка Рванага Вуха
Шырко Васіль
Чароўная зямля
Шчасце

 


СВЕТ ДЗІВОСАЎ I ПРЫГОД

Казка, бадай, самы складаны з усіх жанраў літаратуры. Мажліва таму не ўсе пісьменнікі могуць дасканала валодаць ім. Найбольшыя творчыя здабыткі, на маю думку, маюць тут нашы драматургі, ёсць таленавітыя «казачнікі» сярод празаікаў і паэтаў. Варта зазначыць, што жанр казкі і ў XXI стагоддзі застаецца даволі папулярным. Ёсць фальклорныя казкі, касмічныя (даніна нашаму часу), казкі пра раслінны і жывёльны свет, казкі-«страшылкі» і г. д. Адны з іх — з акрэсленым сюжэтам '(такія дзеці любяць найбольш), ёсць амаль што бессюжэтныя, пабудаваныя на пачуццях ды асацыяцыях, на нейкай ідэі, сустракаюцца адкрыта павучальныя, дыдактычныя. У кожнай казцы — свае героі, якія адстойваюць праўду, справядлівасць, дабро, змагаючыся з сіламі зла і разбурэння.

У гэтым зборніку прадстаўлены казкі пісьменнікаў розных пакаленняў, якія любяць гэты жанр і шукаюць свой уласны метад. У некаторых творах адчуваецца грунтоўная сувязь з фальклорам, у іншых— трапна выяўлена нацыянальная асаблівасць характару беларуса, ёсць і чыста касмапалітычныя падыходы.

У наш час у Інтэрнэце, ды і ў «мульціках» даволі часта сустракаюцца казкі, пабудаваныя на камедыйных прыёмах, у аснове якіх ляжыць відавочная недарэчнасць, на тэхнічных фокусах і труках. Нашы ж аўтары стараюцца пазбягаць штучнасці і казачных штампаў. Будзем спадзявацца, што гэты зборнік будзе з цікавасцю сустрэты юнымі чытачамі.

Георгій Марчук, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь


Раім таксама паглядзець:
Вашчанка Аляксандр. Хлопчык Лёкса і Купальскі Дзядок
6.09 р.

Вашчанка Аляксандр. Хлопчык Лёкса і Купальскі Дзядок

Сюжэт аповесці пабудаваны на тым, што гарадскі хлопчык прыязджае на канікулы ў вёску да бабулі і ў час святкавання Купалля знаёміцца з дзядком, які распавядае яму і ягоным сябрам паданні пра Змея, ваўкалакаў, дамавікоў, русалак, Вужынага цара. Пераплятаюцца гісторыя і сучаснасць, далёкае мінулае робіцца блізкім і зразумелым.

Масла Алена. Пацучок Фэлік падарожнічае
4.99 р.

Масла Алена. Пацучок Фэлік падарожнічае

Кніга расказвае пра пацучка Фэліка, няўрымслівага і летуценнага жыхара гарадскіх сутарэнняў. Яму ўсё адно, што думаюць пра яго людзі і што многія яго нават баяцца. Ён задумаў пазнаёміцца са светам, які нашмат большы, чым яго родныя сутарэнні, і стрымаць адважнага падарожніка не могуць ніякія перасцярогі.

Дзіцячы альбом (на двух дысках)
8.99 р.

Дзіцячы альбом (2CD)

Паўтары гадзіны гучаньня на двух дысках + тэксты, ноты і караоке на некаторыя песьні!

У 2010 годзе выйшаў дыск "Дзіцячы альбом. Частка першая", на якім былі прадстаўленыя 27 беларускіх народных песень для дзяцей у арыгінальных апрацоўках. І вось доўгачаканая добрая навіна: завершаная праца над другою часткаю "Дзіцячага альбому"! Прадстаўляем вашай увазе выніковае выданьне, складзенае з абедзьвюх частак і зробленае ў фармаце падвойнага CD.

Замак з паперы. Замак Вітаўта ў Гародні
5.99 р.

Замак з паперы. Замак Вітаўта ў Гародні

Адчуй сябе сапраўдным дойлідам – збяры выдатны помнік беларускай архітэктуры сваімі рукамі! Новыя наборы "Беларускіх замкаў з паперы" для дзяцей даюць такую магчымасць – збудаваць замак ва ўласнай хаце!

Стары Замак у Гродна пачынае сваю гісторыю з Х стагоддзя. Першапачаткова замак быў драўляным і моцна пакутаваў ад набегаў крыжакоў. Пасля аднаго з пажараў , у якім ледзь не загінуў Вялікі князь Вітаўт , замак быў цалкам адбудаваны з каменя і цэглы ў гатычным стылі.