Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

pARTisan. №9. 2009

1.13 р.
Вага: 500 г
Памеры: 0x0 мм



Альманах сучаснае беларускае культуры. — 90 с. Тэма нумару: Горад Сонца – 2.

“Па горадзе папаўзьлі чуткі, што яго выкупляюць марсіяне, якія чамусьці называюць сябе ас-сырыйцамі. Яны зьбіраюцца на месцы выкупленых палацаў збудаваць 35-павярховыя тэлескапічныя шкляныя вежы ў выглядзе велізарных фаласаў. Гэтыя вежы яны назавуць гатэлямі, і жыць у іх будуць, мабыць, таксама ас-сырыйцы-марсіяне, бо вядома, што ў Горад Сонца ўжо даўно ніхто іншы апроч іх не прыяжджае” (А. Клінаў “Горад Багоў”).

Вайна Гораду Сонца абвешчана! Захопнікі ўжо вызначылі свае стратэгічныя мэты.

Заўтра менчукі заснуць у сваім, да драбніц знаёмым горадзе, а прачнуцца ў чужым, варожым. Пасьлязаўтра тое самае здарыцца з жыхарамі іншых гарадоў і мястэчак. Пра пагрозу пераўтварэньня Менску ў безаблічны правінцыйны горад безь мінулага й будучыні вядуць дыскусію аўтары дзявятага нумару альманаху pARTisan.

Артур Клінаў у праграмным артыкуле “Горад Багоў” акрэсьлівае маштабы небясьпекі й заклікае: “Горад Сонца ўнутры нас. Вайна — у нашых мазгох. Барбары — гэта мы. Час абвесьціць мір, Тэрыторыю Вайны — Тэрыторыяй Міру. Трэба спыніцца. Час абжываць гэтую зямлю. Зьлезьці з каня, згрузіць з падводаў сьціплыя манаткі й збудаваць дом. Свой дом. Але не на месцы таго, што ўжо стаіць, а побач. І пачаць жыць у гэтым доме, паміраць у гэтым доме. І каб дзеці нараджаліся ў гэтым доме, і дзеці дзяцей — таксама ў тым жа доме. І каб побач стаяў іншы дом, за ім наступны, за ім яшчэ, яшчэ й яшчэ. І каб разам яны ўтваралі горад. Наш горад. І калі прыйдуць барбары, ас-сырыйцы, марсіяне-інвэстары, каб зьнесьці яго, — будзьма бараніць свой дом, бараніць свой горад. Горад Сонца ўнутры нас! Горад Сонца — гэта мы!”

Ці ёсьць шанец уратаваць Горад Сонца? Ці магчыма стрымаць нашэсьце архітэктурнага кічу? Ці ёсьць альтэрнатыва сёньняшняй хаатычнай інвэстыцыйнай палітыцы ў гістарычным цэнтры Менску, якая назаўсёды можа пазбавіць горад унікальнага шанцу стаць адной з найбольш цікавых і унікальных эўрапейскіх сталіцаў.

У матэрыяле “Горад Сонца – 2. Праект пабудовы ідэальнага гораду” галоўны рэдактар альманаху pARTisan Артур Клінаў — адзін з аўтараў найноўшай канцэпцыі разьвіцьця цэнтру Менску — прапануе праграму канкрэтных захадаў дзеля выратаваньня Гораду Сонца й гістарычнага цэнтру: “...Мы не ўратуем горад, калі проста ўцягнемся ў барацьбу за кожны асобны квартал ці будынак. Праблема мусіць быць вырашана сыстэмна й на самым высокім дзяржаўным узроўні. На сёньня існуе адзіны шанец уратаваць гэтыя помнікі архітэктуры — прыняць комплексную інвэстыцыйную праграму па Горадзе Сонца. Мы прапануем гораду й краіне ідэю вялікага праекту, мэта якога — пераўтварэньне Менску ў адзін з буйнейшых у Эўропе турыстычных і культурных цэнтраў. Аднак у дадзенай сытуацыі мы мусім весьці аргумэнтацыю з пазыцыяў эканомікі, давесьці ў лічбах, што атрымае краіна, калі рэалізуе такі інвэстыцыйны праект. Калі праграма “Горад Сонца” выйдзе на праектную магутнасьць, мы зможам рэалізоўваць турыстычных паслугаў на палову мільярда даляраў у год. І гэта толькі грошы, якія замежныя госьці будуць пакідаць непасрэдна ў горадзе. А ёсьць жа яшчэ мільярды даляраў, якія інвэстары укладуць у разьвіцьцё інфраструктуры — будаўніцтва гатэляў, музэяў, рэстаранаў, сэрвісаў, забаўляльных комплексаў.

Мільён і болей замежных турыстаў штогод. Ці гэта рэальна? Так, рэальна, — адказвае Клінаў. Менск валодае вялізарным, але да сёньня амаль не раскрытым турыстычным патэнцыялам. Аднак, каб турысты прыехалі, горад мусіць выпрацаваць і рэалізаваць пэўную канцэпцыю. Горад павінен мець ідэю, стратэгію свайго разьвіцьця. На чым грунтуецца гэтая стратэгія, зь якіх канцэптуальных частак складаецца, чытач даведаецца з матэтыялу “Горад Сонца – 2. Праект пабудовы ідэальнага гораду”

Антон Астаповіч у матэрыяле “Горад без аховы” раскрывае юрыдычныя тонкасьці “будаўнічай ліхаманкі” ў цэнтры Менску й папярэджвае тых, хто апантана імкнецца “прыхарошыць” горад: “Сёньня ты круты інвэстар, а заўтра ты на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці “Пішчалаўскі замак”, то бок Валадаркі. Так што думайце, паны інвэстары. Інвэстыцыі з парушэньнем закону небясьпечныя і зараз, а ў пэрспэктыве вы ня толькі можаце іх страціць, а будзеце вымушаныя плаціць велічэзныя кампэнсацыі за незаконныя дзеяньні”.

Сяргей Харэўскі ў эсэ “Горад ночы” настальгуе па незваротным і канстатуе: “Менск рызыкуе ўвайсьці ў гісторыю як сталіца, што страціла 95% сваёй аўтэнтычнай мураванай спадчыны без вайны”.

У матэрыяле “Каханы горад” архітэктар Уладзімер Папруга, стваральнік альтэрнатыўнай канцэпцыі рэканструкцыі Гістарычнага цэнтру, распавядае пра асноўныя ідэі свайго праекту рэгенэрацыі старажытнага Менску. Ці можам мы амаль цалкам аднавіць Стары горад? Ці магчыма вярнуць страчанае за стагодзьдзі? Ці можа Менск стаць падобным да Вільні? Пра гэта, а таксама пра іншыя горадабудаўнічыя праблемы гістарычнага цэнтру чытайце ў інтэрвію з Уладзімерам Папругай.

Міхал Анемпадыстаў у артыкуле “Горад Дрэва. Водар дрэва” сьцьвярджае неабходнасьць захаваньня драўлянай забудовы Менску: “…спрэчкі вакол таго, што менавіта варта захоўваць з культурнай і архітэктурнай спадчыны, а што не, падаюцца не зусім карэктнымі, бо вартасьць мы вызначаем самі, і мерай гэтай вартасьці зьяўляецца натуральнае для чалавека пачуцьцё самапавагі й любові да свайго, роднага й звыклага. Іншымі словамі, захоўваць можна (і варта) усё тое, што дапамагае нам у самаідэнтыфікацыі, падкрэсьлівае культурную адметнасьць і непаўторнасьць, увасабляе і візуалізуе традыцыю. І наадварот, калі наўзамен самапавагі й годнасьці прыходзіць пачуцьцё непаўнавартасьці, то ніякія ахоўныя сьпісы й адмысловыя праграмы ня ў стане ўратаваць створанае й назапашанае продкамі й перадаць яго нашчадкам”.

Таксама ў тэматычным блёку: архітэктар Ігар Байцоў распавядае пра гісторыю пабудовы Гораду Сонца, Кастусь Чарнец з эсэ “Горад. Паверхня й выбух”, апытаньне спэцыялістаў і простых грамадзянаў наконт таго, як яны ставяцца да плянаў будаўніцтва хмарачосу на Кастрычніцкай плошчы.

Вольга Гапеева ў эсэ “На руінах уласнага цела” разважае пра пакручасты шлях, які праходзіць чалавек, перш чым здолее спасьцігнуць і палюбіць “горад свайго цела”, пра цялесную архітэктоніку й цялесныя мадыфікацыі.

Таксама ў нумары:
традыцыйная аўтарская калёнка Андрэя Хадановіча;
Вольга Архіпава разважае пра творчасьць мастака Сяргея Рымашэўскага;
Ірына Батакова ў матэрыяле “Копія няіснай рэальнасьці” распавядае пра фотапраекты Андрэя Шчукіна й Дзяніса Нядзельскага;
Ліза Міхальчук з аглядам найбольш запамінальных выставаў у галерэі “Падземка”;
Ільля Сін прэзэнтуе Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці;
музычныя навіны ад Алесі Серады.
У тэматычным блёку “Нямецкі pARTisan” сучасная нямецкая проза (Марыца Бодрожыч, Ільма Ракуза, Кірстэн Фукс) у перакладзе Ірыны Герасімовіч.
Таксама ў нумары спэцпраект Андрэя Лянкевіча й Яны Флемінг “Міkі-Mauzer” — эратычныя фота беларускай рок-зоркі Янкі Маўзэра.

* Даведка. Горад Сонца — унікальны ўрбаністычны ансамбль 30–50-х гадоў ХХ стагодзьдзя, які знаходзіцца на тэрыторыі Менску й ня мае аналягаў у сьвеце.