![]() |
15.90 р.
Вага: 1470 г
Памеры: 210x280 мм
|
Фотаальбом. – Гародня – Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. Цьвёрдая вокладка.
У кніжнай серыі "Гарадзенская Бібліятэка" пабачыла свет новая кніга Зянона Пазьняка - "Добрая фатаграфія".
Кніга складаецца з 56 эсэ на 239 старонках пра фатаграфіі з краінаў Еўропы і Амерыкі ад сярэдзіны 19 ст. да нашых дзён. Гэтай кнігай Зянон Пазьняк прэзентуе сябе як мастацтвазнаўца, дасведчаны фатограф і праваднік у свет прыгожага.
"Добрая фатаграфія" кніга вельмі інтымная. Пазьняк адкрывае ёй частку сябе, сваёй натуры. Гэтая кніга будзе цікавая і прыхільнікам Зянона, і тым, хто працуе над стварэннем яго псіхалагічнага партрэта. Гэта кніга для тых, каму цікава глянуць на свет і Беларусь у ім вачыма Зянона.
"Добрая фатаграфія" таксама ёсць своесаблівым фотападручнікам па гісторыі Заходняй цывілізацыі, якой Зянон надае сваё, уласнае тлумачэнне. Гэта кніга, дзе жывуць побач Кастусь Каліноўскі і Жаклін Кэнэдзі, Васіль Быкаў і каралева Лізавета ІІ, Рыгор Барадулін і Одры Хэпбёрн. На гэтых здымках каханне і здрада, перамогі і паразы, смерць і надзея, маладушша і геройства, наша Радзіма, якой была і якой ёсць.
"Добрая фатаграфія" таксама кніга, дзе Зянон Пазьняк дае ацэнку працам сучасных беларускіх фатографаў і журналістаў: Сяргея Грыца, Уладзіміра Кармілкіна, Антона Матолька, Андрэя Лянкевіча, Васіля Федасенкі, Віктара Драчова, Глеба Лабадзенкі, Сяргея Шапрана ды многіх іншых.
На старонка кнігі "Добрая фатаграфія" Зянон Пазьняк піша:
Да пачатку палітычнай дзейнасці ў мяне сабралася каля 50 тысячаў негатываў. Некалькі кніг па мастацтву і культуры (у рукапісах і чарнавіках), матэрыялы (якія, мяркую, ужо загінулі) па археалагічных раскопках Менска і мястэчак. Тое што засталося, зразумела, хутчэй за ўсё таксама загіне (а што не загіне - знішчаць). У нашым грамадстве гэта звыклая справа пры ўсіх рэжымах і акупацыях. Да знішчэння культуры і даробку жыцця трэба быць псіхалагічна падрыхтаваным, бо перманентная вайна з ардой – ідзе ўжо не на межах, яна ўнутры нас самых з таго часу як упусцілі вандроўнікаў у свой дом.
Ці шкода страціць творчы набытак сваёй працы? Шкода, вядома, але прымаю, як лёс, бо 20 гадоў таму быў зроблены выбар жыцця – за незалежнасць. З’явіўся шанец. І яго трэба было скарыстаць. Займацца палітычнай барацьбой, змагацца з камуна-маскоўшчынай і заставацца ў навуцы, у археалогіі, у мастацтве, у творчасці – было немагчыма. Тут альбо-альбо. Напісаныя і падрыхтаваныя кнігі, манаграфіі, даследванні, фатаграфіі, вершы, творчасць – усё было кінута, не азіраючыся, безаглядна. Бо калі б азірнуўся – ператварыўся б у "солевы слуп".