Пясецкі Сяргей. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасьня 1939 г.)

Пясецкі Сяргей. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасьня 1939 г.)
7.00 р.
Вага: 270 г
Памеры: 125x200 мм



Пераклад з польскай. – Менск : VivaFutura, 2005. – 252 с.

ISBN 985-6056-37-0

ЗЬМЕСТ

Ад перакладчыка
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасьня 1939 г.)


Ад перакладчыка

Сяргей Пясецкі, пазашлюбны сын шпяхціча Міхала Пясецкага, нарадзіўся 1 чэрвеня 1901 году ў Ляхавічах. 3 18 году прымаў удзелу вайне супраць бальшавікоў, у атрадзе атамана Дзеркача (партыя "Зялёны дуб"). Быў паранены пры ўзяцьці Менску польскім войскам. 3 19-га – у беларускім аддзеле Войска Польскага. Пасьля дэмабілізацыі ў 1921 апынуўся на Заходняй Беларусі, дзе быў завэрбаваны польскай вайсковай разьведкай. Займаўся дывэрсійнай дзейнасьцю і дастаўкай кантрабанды праз савецкую мяжу ў раёне Ракаву. Гэты досьвед быў пакладзены ім у сюжэт першага выдадзенага ім раману "Каханак Вялікай Мядзьведзіцы".

3-за няўрымсьлівага авантурнага характару, п'янства, ужываньня наркотыкаў і пастаянны ўдзел у бойках адседзеў тры гады ў турмах па абодва бакі мяжы. За гэта быў звольнены з разьведкі. Апынуўшыся бяз грошаў, бяз працы, знаходзячыся пад узьдзеяньнем какаіну, учыніў узброенае рабаўніцтва з забойствам. За гэтае злачынстваў 1926 быў асуджаны да расстрэлу. Аднак за заслугі перад вайсковай разьведкай суд зьмяніў пакараньне сьмерцю на 15 гадоў зьняволеньня. За арганізацыю трох бунтаў зьняволеных у турмах у Лідзе, Равічу й Коранаве апынуўся ў знакамітай польскай вязьніцы з найбольш жорсткім рэжымам утрыманьня "Сьвяты Крыж", у якой 20% зьняволеных не дажывалі да заканчэньня тэрміну. Седзячы за кратамі, пачаў вывучаць польскую мову й пісаць аповесьці й раманы.

Пасьля публікацыі раману "Каханак Вялікай Мядзьведзіцы", які стаў надзвычай папулярным, у прэсе была распачата кампанія па датэрміновым вызваленьні пісьменьніка. У 1937 годзе хворы на сухоты Пясецкі апынуўся на волі. У 1938 ягоная кандыдатура ў сур'ёз разглядалася на прадмет атрыманьня Нобэлеўскай прэміі. У верасьні 1939 добраахвотна пайшоў у войска, быў намесьнікам камандзіра роты ў памежных войсках.

Сяргей Пясецкі

Падчас вайны Пясецкі ўдзельнічае ў фармаваньнях Арміі Краёвай на Віленшчыне, зноў супрацоўнічае з вайсковай разьведкай.

Аднойчы проста сярод дня зарганізаваў у Вільні дзёрзкія ўцёкі зь вязьніцы гестапа Язэпа Мацкевіча, які стаў пасьля вайны найбольш знакамітым пісьменьнікам польскае эміграцыі. Пасьля вайны эміграваў спачатку ў Італію (1946), а затым у Англію, дзе памёр у 1964 годзе. Аўтар больш дзясятка папулярных раманаў, перакладзеных на дзясяткі моваў сьвету.

"Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" – магчыма, найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага. Яго найчасьцей з усяе творчае спадчыны пісьменьніка выдавалі незалежныя выдавецтвы сьвету. Афіцыйна быў забаронены ў Польшчы практычна да пачатку XXI стагодзьдзя. Ідэя напісаньня раману нарадзілася ў 1940, пасьля некалькіх сустрэчаў пісьменьніка з малодшымі савецкімі афіцэрамі – людзьмі са змэханізаванымі мазгамі, празамбаванымі сталінскай прапагандай, няздатнымі думаць самастойна, людзьмі бязьмежна прымітыўнымі, з выключна плябейскім стаўленьнем да жыцьця і людзей, аднак упэўненымі ва ўласнае выключнасьці й правамернасьці сваёй місіі "ашчасьлівіць" усе народы сьвету. Але напісаць раман Пясецкі здолеў толькі ў 1948 годзе, ужо ў Англіі. У "Запісках..." аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра, разважаць ягонымі катэгорыямі, ягонай прымітыўнай мовай. "Запіскі..." зьяўляюцца адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных, але ў той жа час таленавітых і па-сапраўднаму сьмешных (гумар, што праўда, – "чорны") прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня антычалавечае сутнасьці таталітарнае савецкае сыстэмы.

"Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" – гэта, па вялікім рахунку, зборнік показак пра чырвонаармейцаў, якія расказвалі па ўсёй Эўропе падчас другой сусьветнай вайны. Паколькі яны напісаныя ад імя такога чырвонаармейца, дык Сяргей Пясецкі прыклаў максымум намаганьняў, каб мова раману была як мага больш грубай і прымітыўнай. Паколькі менавіта з мэтай агрубленьня й прымітывізацыі беларускае мовы была праведзеная так званая "рэформа" 34-га году, я цьвёрда перакананы, што дадзены твор можа быць перакладзены на беларускую мову толькі ў варыянце "наркамаўскага" правапісу.

З той жа мэтай падчас перакладу я карыстаўся выключна слоўнікам Крапівы, а таму ў тэксьце выкарыстоўваюцца не "валіза", але "чамадан" і г. д. (фатэль – крэсла, крэсла – стул, зэдлік – табурэт, ровар – веласіпед...)

Раман у арыгінале мае вельмі дзіўную аўтарскую пунктуацыю і нават незразумелую зьмену імя аднаго пэрсанажу – спачатку жанчына напісаная як Марыя Аляксандраўна, пасьля – Марыя Іванаўна.

Алесь Аспраўцоў


Таварышу І.В. Сталіну. (Пачатак "Запісак")

22 верасня 1939 года.
Вільнюс.

Ноч была чорнай, як сумленне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка англійскага міністра. Але няма на свеце сілы, якая стрымала б салдатаў непераможнай Чырвонай Арміі, што радасна і з гонарам ідуць вызваляць з буржуазнага ярма сваіх братоў – сялянаў і рабочых усяго свету.

Вораг быў заспеты цалкам знянацку. Я ішоў першым з пісталетам напагатове. За мною байцы. На мяжы мы не спаткалі нікога. Падышлі да польскай заставы. Акружылі яе ўзорна і ўваходзім у сярэдзіну. Дарогу нам заступіў нейкі азвярэлы фашысцкі салдат. Наставіў я яму пісталет у грудзі, а байцы штыхі.

– Рукі ўгору, паслугач!

Абяззброілі яго і шыбуем усярэдзіну. Амаль усе там спалі. Ніхто не ўчыніў адпору. Забралі мы зброю з пірамідаў і адрубілі тэлефон. Спытаўся я ў аднаго з салдатаў:

– Дзе ваш камандзір?

– Гэты, – указаў той пальцам.

Гляджу – зусім худы пан. Можа, нават з рабочых выкараскаўся, прадаючы сваіх братоў. Такія найгоршыя. Пытаюся я ў яго:

– Ты тут камандзір?

– Я, – адказвае ён. – У чым справа? Злосць мяне разабрала, але не меў я часу як след з ім расправіцца. Растлумачыў толькі:

– Скончылася тваё панаванне і канец вашай панскай Польшчы! Досыць папілі чалавечай крыві! Настаў час і сваёй захлынуцца!

Належала б па справядлівасці і яго, і тых усіх адурманеных капіталістычных паслугачоў расстраляць, хаця і шкада куляў на гэтых буржуйскіх сцерваў. Але мы мелі дакладны загад: "Палонных адсылаць у тыл". Таму пакінулі ахову і пайшлі далей. Там з імі нашы арлы з НКВД расправяцца. А нам часу шкада. Мы павінны выканаць важнае баявое заданне.

Далей пайшлі прама дарогай. У кірунку на Маладзечна. Ціха... Нідзе ані святла, ані чалавека. Гэта мяне нават здзівіла. Столькі чытаў аб хітрасці польскіх паноў. А тым часам мы ж іх і перахітрылі. Як снег на галаву ім упалі.

Эх, каб толькі мая Дуня пабачыла, як з гонарам і смела крочыў я на чале ўсёй Чырвонай Арміі як абаронца пралетарыяту і ягоны збаўца! Але яна, пэўна, спала і не снілася ёй нават, што я, Мішка Зубаў, стаў той ноччу героем Савецкага Саюзу. Не ведала таго, што каб яна магла спакойна, радасна і ў дабрабыце жыць і працаваць, я ішоў у крывавую пашчу буржуазнага звера. Але я гэтым толькі ганаруся. Разумею, што прынёс у Польшчу, для маіх зняволеных панамі братоў і сёстраў, святло нязнанай імі вольнасці і нашу вялікую, адзіную ў свеце, праўдзівую, савецкую культуру. Уласна пра тое і клопат: пра культуру, вашу маць! Няхай пераканаюцца, што без паноў і капіталістаў стануць вольнымі, шчаслівымі людзьмі і будаўнікамі супольнай сацыялістычнай айчыны пралетарыяту. Няхай удыхнуць вольнасці! Няхай убачаць нашыя дасягненні! Няхай зразумеюць, што толькі Расія, вялікая МАЦЬ зняволеных народаў, можа пазбавіць чалавецтва голаду, няволі і эксплуатацыі! Вось.

Толькі праз сем кіламетраў ад мяжы мы напаткалі зверскі супраціў крывавых капіталістаў. Напэўна, нехта з польскай заставы здолеў уцячы, выкарыстаўшы цемру, і паведаміў буржуазіі, што ідзе непераможная армія пралетарыяту. Нехта крыкнуў нам нешта на сабачай польскай мове. Мы не зразумелі што, толькі адказалі гучна і пагрозліва, ажно рэха лесам пайшло:

– Здавайся, фашыст, а не то знішчым!

Перад намі толькі загуло. Мы, значыцца, па хмызах, па равах: як вайсковая тактыка раіць – схованкі шукаць. Потым падцягнулі машынкі і давай сыпаць чэргамі. Толькі лес заенчыў. 3 дзве гадзіны білі мы так з кулямётаў. Ніхто не адгукнуўся. Але заўсёды трэба асцярожна. Вораг хітры: можа стаіўся і чакае.

Тым часам развіднела. Бачым: на дарозе перад намі наладаваны сенам воз стаіць, а пры ім забіты конь ляжыць. Больш нікога... Тады мы рушылі наперад асцярожна, каб у засаду не трапіць. Але ўсё скончылася шчасліва. Несумненна, што вораг зразумеў, з якой сілай дачыненне мае, і ганебна ўцёк.

Такім вось чынам я, малодшы лейтэнант непераможнай Чырвонай Арміі, пакрочыў на чале майго ўзводу ў буржуазную Польшчу. А адбылося тое ўночы 17 верасня 1939 года. Ура! ура! ура!

Запіскі гэтыя я пачаў у горадзе Вільнюсе. Пішу іх у гонар нашай магутнай Чырвонай Арміі і – перадусім – яе ВЯЛІКАГА правадыра, таварыша Сталіна. Яму таксама, натуральна, прысвячаю іх. Добра разумею, што пяро мае бяссільнае, калі хачу апісаць вялікасць нашага правадыра і мае каханне да яго. Дзеля гэтага патрэбна пяро Пушкіна альбо Маякоўскага. Я ж магу толькі дакладна занатаваць тое, што бачыў і чуў у тыя вялікія гістарычныя дні, якія вызвалілі некалькі прыгнечаных народаў з капіталістычнай няволі.

Калі думаю аб нашым вялікім ПРАВАДЫРЫ і ВУЧЫЦЕЛІ, дык адчуваю, як мне на вочы наплываюць слёзы. Кім бы я быў без яго? Царскім вязнем, зганьбаваным і эксплуатаваным нялюдкам. А зараз я, чый бацька быў звычайным рабочым, афіцэр. Маю гонар належаць да камсамолу. Скончыў дзесяцігодку. Умею чытаць і пісаць амаль без памылак. Здолею таксама і па тэлефоне паразмаўляць. Знаю палітасвету. Ем штодзённа сапраўдны хлеб. Хаджу ў скураных чаравіках. З'яўляюся чалавекам адукаваным і культурным. Да таго ж карыстаюся найвялікшай вольнасцю, якую можа мець чалавек на зямлі. Вольны называць нават ЯГО – нашага правадыра – таварышам. Толькі падумайце сабе як след: я маю права свабодна і паўсюль называць ЯГО таварышам! Таварыш Сталін! ТАВАРЫШ СТАЛІН!... Вось гэта і ёсць мой найвялікшы гонар і радасць!... Ці можа грамадзянін капіталістычнай дзяржавы назваць свайго прэзідэнта альбо цара таварышам? Ніколі! Хіба толькі іншы крыважэрны прэзідэнт альбо азвярэлы цар. А я... Адчуваю, што слёзы радасці і гонару наплываюць мне на вочы... Мушу спыніць пісанне і перапаліць, бо не стрываю празмернага шчасця, і сэрца маё разарвецца.

 

Раман легендарнага й сусьветна вядомага польска-беларускага пісьменьніка Сяргея Пясецкага ў жорсткай сатырычнай форме апісвае рэальныя падзеі, што адбываліся на Віленшчыне й Лідчыне ад моманту "узьяднаньня" Усходняе й Заходняе Беларусі і да "вызваленьня" Вільні савецкімі войскамі ў 1944 годзе. Аповед вядзецца ад асобы "вызваліцеля", малодшага чырвонага афіцэра. Напісаны ў 1948 годзе, раман прызнаваўся сучасьнікамі геніяльным зборам показак пра расейцаў увогуле й Чырвоную Армію ў прыватнасьці, што апавядаліся ў той час па ўсёй Эўропе. У "Запісках..." яны прадстаўлены поўным спэктрам ад пабытовых кпінаў, да зьнішчальнае палітычнае сатыры й "чорнага" гумару. Варта адзначыць, што гэты твор бясспрэчна быў забаронены ў савецкія часы, нават у Польшчы афіцыйна быў упершыню апублікаваны толькі ў 2000 годзе. Па-беларуску публікуецца ўпершыню.

Падрабязьней пра пераклад кнігі "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" тут, і сам твор – тут.

Пра аўтара ў Вікіпэдыі.


Раім таксама паглядзець:
Пясецкі Сяргей. Каханак Вялікай Мядзведзіцы
6.32 р.

Пясецкі Сяргей. Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Аўтар гэтай кнігі Сяргей Пясецкі (1901 – 1964) нарадзіўся ў Беларусі, памёр у Англіі. Раман "Каханак Вялікай Мядзведзіцы" (1937) – найбольш вядомы твор пісьменніка. Перад вайной вылучаўся на Нобелеўскую прэмію.

Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім. Янкі, альбо Астатні наезд на Літве
4.99 р.

Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім. Янкі, альбо Астатні наезд на Літве

Новы раман пісьменніцкага дуэта М. Клімковіча і У. Ахроменкі – захапляльны аповед, прасякнуты гумарам. Кніга зацікавіць як аматараў вострасюжэтных твораў пра авантуры і інтрыгі, перастрэлкі і пагоні, гэтак і прыхільнікаў інтэлектуальнай літаратуры, якія цэняць тонкую пародыю, дасціпныя алюзіі і мудрагелістыя стратэгіі.

Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім. Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Буль
3.99 р.

Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім. Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

Апокрыф-правакацыя. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 142 с.

"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша" – пародыя на афіцыйную мінуўшчыну трох спадкаемцаў міфалагічнай істоты Homo Slavіanikus’а, у якой дастаткова выразна прачытваецца гісторыя трох сусветна знаных народаў.