Праўдзін Віктар. Нелюбімыя гінуць

Праўдзін Віктар. Нелюбімыя гінуць
2.99 р.
Вага: 600 г
Памеры: 145x245 мм



Проза. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010, – 375 с. – (Залатое пяро).

ISBN 978-985-02-1163-7

Раман Віктара Праўдзіна "Нелюбімыя гінуць" – надзвычай сучасны, глыбока псіхалагічны і ў значнай меры – сентыментальны. У цэнтры ўвагі аўтара – лёсы трох жанчын. Люба Анікейчык. прывабная вясковая беларусачка, ад побытавай безвыходнасці і няўдалага кахання вярбуецца на заробкі ў Германію, дзе ёй наканавана стаць сексуальнай забаўкай. Маладая чэчэнка Айшэ, нелюбімы муж-гвалтаўнік якой гіне, пакідаючы цяжарную жанчыну ва ўмовах вайны працягваць яго род. Мінчанка Марыя па віне п’янага мужа ў мядовы месяц трапляе ў аўтакатастрофу і застаецца бязногай калекаю. Ад нявесты зняволены ў турме нарачоны адмаўляецца, спустошаная маральна жанчына ідзе на шлях распусты. У рамане чаргуюцца нямецкія, чэчэнскія, беларускія раздзелы-карціны, сюжэт востры, напружаны. У кнігу ўключана таксама вядомая далёка за межамі Беларусі дэтэктыўна-прыгодніцкая аповесць "Эксгумацыя".

ЗМЕСТ

Пяшчотныя, чыстыя рукі Мадонны. В. Гардзей
Нелюбімыя гінуць. Раман
Эксгумацыя. Аповесць
Па-чалавечы. Апавяданне


Пяшчотныя, чыстыя рукі Мадонны. В. Гардзей (урывак)

Свой новы раман з даволі сімвалічнай, калі не сказаць – сентыментальнай, назвай – "Нелюбімыя гінуць" – Віктар Праўдзін як сапраўдны мастак слова пачынае з яркіх і надзвычай дакладных апісанняў прыроды. Толькі-толькі бярэцца на раніцу, палоска неба на ўсходзе барвавее, сочыцца вільготнай свежасцю, але сонца на нябесны блакіт уздымаецца марудна, як быццам яму нешта перашкаджае вылузнуцца з-за нізкіх хмар. Людзі, якія ў гэты ранні досвітак ужо даўно не спяць, зусім не зважаюць на зыбліва-барвовы далягляд, асветлены далёка, за лесам, малінава-залацістымі промнямі. Сённяшнім веснавым ранкам і ад людзей, і ад маўклівай прыроды вее нейкім раўнадушшам, калючым холадам. Нічога дзіўнага тут няма, таму што дзеянне арыгінальнага празаічнага твора распачынаецца на памежнай мытні, размешчанай у аднапавярховых плоскіх будынінах, і да іх ужо выстраілася ў паўкіламетровы цуг чарада рознакаляровых, шумных і смуродных машын.

Дзесьці ў канцы гэтай грымлівай чарады пакорліва прыткнуўся запылены мінскі "рафік", і, пакуль ідуць абавязковыя памежныя фармальнасці, аўтар рамана знаходзіць рэдкую магчымасць, што вельмі важна для разгортвання асноўнай сюжэтнай лініі твора, пазнаёміць чытачоў з пасажырамі "рафіка", якіх дапытлівая думка празаіка ўжо тут, у салоне, дзеліць на "любімых" і "нелюбімых". Мусіць, для таго, каб сказаць: любімыя калісьці становяцца Мадоннамі, шчаслівымі мацяркамі, а нелюбімых чакае жорсткі, суровы лёс, хаця самі персанажы рамана ў тым не вінаваты. Можа, таму ў вочы кідаецца знарочысты аўтарскі сентыменталізм, бо гэта зусім і не пісьменніцкі прыём, а сапраўдны чалавечы боль і спагада, што характарызуюцца павышанай увагай да душэўнага стану сваіх герояў. У запыленым "рафіку", як неўзабаве даведаецца чытач, едуць шасцёра дзяўчат прыблізна аднаго ўзросту, ад дваццаці да дваццаці трох гадоў, шафёр Дзмітрый і яшчэ адзін цыганаваты хлопец, вярбоўшчык і, як высветлілася потым, нахабны і хітры сутэнёр Ашот. Так завуць гэтага прадпрымальнага хлопца, а вязе ён сваіх наіўных пасажырак у Германію на заработкі, дзе за асобныя паслугі плата ўдвая большая. "3 Нямеччыны вяртаюцца ўжо багаценькімі..." – тлумачыць удачлівы вярбоўшчык.

Сапраўды, сваю "памежную" справу чарнявы цыганаваты хлопец ведае добра. Чаго, напрыклад, варта нечаканае нападзенне рэкеціраў, якія на дарозе вылезлі з чорнага "Мерседэса"!

Ашота яны не чапаюць, мусіць, даўно знаёмыя з ім, а з усіх астатніх пасажыраў "рафіка" забіраюць па 50 "баксаў". Ахвяры вядуць сябе па-рознаму: адны пратэстуюць, як шафёр Дзіма, ушчэнт знерваваная Кацярына хапаецца за брытву, каб абараніць сваю годнасць, а вось Ірына, самая смелая і разбэшчаная, лезе ў "Мерседэс", і там адбываецца агідная, прыкрая сцэна, ад якой у пасажыраў "рафіка" перад вачыма паплыў ружовы туман.

"Нелюбімыя гінуць" – раман ужо XXI стагоддзя, дакладней, яго пачатку, калі асабліва трагедыйнай стала сучасная рэчаіснасць з яе вострымі сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі, што пачаліся ў свеце пасля развалу CCCR Твор характарызуецца асаблівай увагай пісьменніка да лёсу жанчын, і не толькі беларускіх ці рускіх. Віктар Праўдзін, адчуваецца, добра ведае матэрыял, бо раман перадае жыццёвую сітуацыю ў той жа Германіі або Чэчні, дзе галоўным чынам і адбываюцца падзеі твора. Асабістыя сімпатыі аўтара зноў жа на баку сучаснай абяздоленай жанчыны, прычым свае сімпатыі ён аддае тром самым трагічным персанажам, чые жыццёвыя дарогі скрыжоўваюцца ў свеце, які застаўся без адвечных ідэалаў, а ў некаторых выпадках – і без вядомых усім нам біблейскіх запаветаў і звычайнай чалавечай маралі. Новы празаічны твор знакаміты пісьменнік называе "яскрава неасентыментальным", і, мабыць, у такой нечаканай выснове ёсць свая праўда, бо няпроста ж ледзь не на кожнай старонцы кнігі чытачы бачаць відавочную страту ў людзей шчасця, надзеі на светлы заўтрашні дзень, заўважаюць нейкую паўсюдную стомленасць і расчараванасць перад тым, што адбылося на зямным шары толькі за апошнія дзесяцігодцзі. Гэтай нечаканай высновай, як ужо гаварылася, Віктар Праўдзін быццам сцвярджае: у дыме і пажарах сучасных, больш чым калі бязлітасных, войнаў Мадонна з немаўлём на руках хутчэй за ўсё не выжыве. Яркі таму прыклад – трагічны, нават пагібельны лёс жанчын, якія паказаны аўтарам рамана то ў Беларусі, то ў Нямеччыне, то ў знішчаным федэраламі калісьці квітнеючым горадзе Грозным.


Раім таксама паглядзець:
Андрасюк Міхась. Вуліца добрай надзеі
3.49 р.

Андрасюк Міхась. Вуліца добрай надзеі

Новая кніга прозы Міхася Андрасюка (беларускага пісьменніка з Польшчы) знаёміць з мінулым і сучасным каларытных герояў белавежскіх вёсак і мястэчак. Апавяданням уласцівыя метафарычнасьць стыля, ласкавая іронія і псіхалагічны лірызм. За сваю прозу аўтар сёлета быў адзначаны прэміяй "Залаты апостраф-2009", што ўручаецца часопісам "Дзеяслоў".

Карона Вітаўта Вялікага. Сучасны беларускі дэтэктыў
6.99 р.

Карона Вітаўта Вялікага. Сучасны беларускі дэтэктыў

У зборнік уключаныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія плённа працуюць у жанры крымінальнага апавядання, дэтэктыва і трылера. Апроч займальнай інтрыгі і дынамічнага сюжэту ў творах прысутнічаюць нацыянальны каларыт і містычныя матывы беларускага фальклору.

Багданава Галіна. Сакрамэнта
3.49 р.

Багданава Галіна. Сакрамэнта

Новая кніга Галіны (Галіны Багданавай) – гэта шчырая споведзь перад сабою і перад чытачом пра наш час, пра вечныя пераўтварэнні кахання ў жыцці і вобразным свеце мастацтва.