Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Радзівіл Багуслаў. Аўтабіяграфія

Радзівіл Багуслаў. Аўтабіяграфія
1.63 р.
Вага: 240 г
Памеры: 125x170 мм



Уклад. і пасляслоўе Уладзіміра Сіўчыкава ; прадм. Генрыка Літвіна ; пер. з пол. мовы А. Бутэвіч, Ул. Сіўчыкаў. – Мінск : Радыёла-плюс, 2009. – 212 с. : іл.

ISBN 978-985-448-102-9

Гэтую кнігу з яе асноўным творам, "Аўтабіяграфіяй", што належыць пяру выбітнага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага княства Літоўскага князя Багуслава Радзівіла, варта аднесці да "літаратуры факту".

Адрасуецца чытачам, якія цікавяцца еўрапейскай гісторыяй.

ЗМЕСТ

Супольная гісторыя
Прадмова Генрыка Літвіна
Пераклаў з польскай Уладзімір Сіўчыкаў

Багуслаў Радзівіл
АЎТАБІЯГРАФІЯ
     Заўвагі
Пераклаў з польскай Анатоль Бутэвіч

Багуслаў Радзівіл
Як і ў якім годзе да ваенных функцый быў далучаны
Пераклаў з польскай Анатоль Бутэвіч

Багуслаў Радзівіл
Калі войны праводзіць пачаў і ў якіх ваенных падзеях браў удзел
Пераклаў з польскай Анатоль Бутэвіч

Падарожны дзённік Багуслава Радзівіла 1620 – 1669 гадоў
Падрыхтаваў і пераклаў з польскай Анатоль Бутэвіч

Рыцар Рэфармацыі
Пасляслоўе Уладзіміра Сіўчыкава

Біябібліяграфічныя звесткі

Выкарыстаныя крыніцы

Супольная гісторыя

Раз-пораз у навуковых, культурніцкіх і палітычных асяродках узнікаюць спрэчкі – магчымая гістарычная аб'ектыўнасць ці яшчэ ад часоў летапісцаў непазбежныя суб'ектыўнасць з улікам нацыянальных інтарэсаў дзяржаў і выкананне гісторыкамі пэўнага сацыяльнага заказу?

Зразумела, трэба імкнуцца да аб'ектыўнасці, аднак і ўлічваць, што абсалютная аб'ектыўнасць немагчымая хаця б таму, што кожны з гісторыкаў выхаваны ў пэўным асяродку, у пэўных гістарычных, і грамадскіх, сямейных умовах. Таму я ніколі не адважыўся б сказаць, што ва ўсіх сваіх работах быў аб'ектыўны. Але стараўся і стараюся не дазваляць сабе не ўлічваць меркаванні іншых бакоў. Неверагодна важную ролю заўсёды надаю першакрыніцам, хаця і іх стваралі людзі, якія часам суб'ектыўна ацэньвалі падзеі, інфармацыю.

Адна з вельмі цікавых крыніц па гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага XVII стагоддзя – "Аўтабіяграфія", напісаная князем Багуславам Радзівілам, які паходзіў з біржанскай лініі магутнага магнацкага роду.

Радзівіл Багуслаў. Аўтабіяграфія. Ілюстрацыі з кнігі

Нельга не зазначыць, што дзякуючы раману "Патоп" Генрыка Сянкевіча стаўленне да гэтай гістарычнай постаці ў Польшчы выразна негатыўнае. Але фігура гэтая – складаная і неадназначная. У пэўнай ступені Багуслаў Радзівіл – ахвяра Сянкевіча. Раманіста гэтага я вельмі люблю, але гэта не значыць, што ўсё, што ён напісаў, трэба лічыць выдатным. Сянкевіч вельмі добра ведаў гісторыю, але найперш... выкарыстоўваў яе ў сваёй творчасці і з першакрыніцамі абыходзіўся досыць вольна. Апошняя частка трылогіі Сянкевіча – "Пан Валадыёўскі". У галоўнага героя ёсць там маладая жонка па імені Барбара Езяркоўская. У рамане ёсць і расказ пра гэтую Басю, у якой нібыта былі тры прэтэндэнты на руку і сэрца. Расказчык яе гісторыі падае і прозвішчы прэтэндэнтаў, якія быццам бы загінулі на вайне. Але адзін гісторык, які іранізаваў з Сянкевіча, сцвярджаў, што сапраўдная Бася Езяркоўская перажыла сваіх трох мужоў, і толькі чацвёртым быў у яе Валадыёўскі! У сапраўднай Валадыёўскай насамрэч раней было тры мужы і сапраўдныя іх прозвішчы супадалі з прозвішчамі трох прэтэндэнтаў на руку Басі ў Сянкевіча! Гэта ілюструе, наколькі добра Сянкевіч ведаў крыніцы і як выкарыстоўваў іх на патрэбы сваёй гульні з чытачом. Ахвярай той гульні стаў і Багуслаў Радзівіл. У "Патопе" пісьменніку быў патрэбны цынічны праціўнік галоўнага героя, як пэўны кантрапункт. Многія літаратары кажуць, што адмоўнага героя лягчэй выпісаць, ён, як правіла, аказваецца больш рэльефным, больш выразным і запамінальным. Але гэта адзін момант. Другі палягае на тым, што Сянкевічу быў патрэбны добры манарх, dobry król, і ён зрабіў Яна II Казіміра добрым каралём. А на самой справе ўплыў караля на гісторыю тагачаснай Рэчы Паспалітай быў абсалютна негатыўны. Ён быў таленавітым палкаводцам, але пасрэдным палітыкам і дыпламатам. Шляхта тады папросту пакінула Яна Казіміра, бо лічыла, што кароль мусіць быць спраўным чыноўнікам, а калі ён не здольны выконваць свае абавязкі як след, дык трэба яго пераабраць. Буйныя магнаты лічылі гаспадарамі дзяржавы найперш саміх сябе. Яны былі ўпэўненыя, што караля можна папросту замяніць, а таму прымалі пратэкцыю шведскага караля Карла X Густава. Але яны не прынялі да ўвагі, што пад націскам мілітарысцкай Швецыі шмат чаго можна было страціць назаўсёды. Было зроблена шмат памылак, перш чым многія зразумелі – трэба вяртацца пад сцягі Яна Казіміра.

Князь Багуслаў Радзівіл – вельмі яркая асоба, чалавек, у якога было надзвычай насычанае жыццё. Ён з'яўляецца фігурантам многіх гераічных падзей, але і ўдзельнікам афёр, авантур у Францыі, Нідэрландах, Англіі, Даніі. Ён быў надзвычай мужным, выдатным ваяром, некалькі разоў ахвяраваў велізарныя сродкі на абарону Вялікага княства і Рэчы Паспалітай.

Многае ў гэтай постаці неадназначна, але, калі верыць Сянкевічу, князь Багуслаў, акрамя ўсяго, быў яшчэ і злым духам Януша Радзівіла, а гэта абсалютная няпраўда. Таму трэба чытаць гістарычныя першакрыніцы, а ў тым ліку і "Аўтабіяграфію" самога Багуслава Радзівіла.

Але ёсць і іншыя дакументы таго перыяду. Як і князь Багуслаў Радзівіл, большасць шляхты зрабіла кароткачасовы выбар на карысць шведаў, але рабіць яго галоўным віноўнікам таго, што тады адбывалася, аніяк не выпадае. Тым болей, што да вайсковых дзеянняў далучыўся электар брандэнбургскі Фрыдрых Вільгельм, які быў блізкім сваяком Радзівіла. Князь Багуслаў на той перыяд стаяў поруч хутчэй з ім, чым са шведамі. Але для многіх гісторыкаў, а таксама для Сянкевіча было важна, што князь, можна сказаць, супрацоўнічаў з дзяржавай, якая пазней стала атаясамлівацца з Прусіяй, якая, у сваю чаргу, адыграла вельмі негатыўную ролю ў лесе Рэчы Паспалітай. Ценем на памяць Багуслава Радзівіла кладзецца ягоны ўдзел у заключэнні Радноцкага дагавора. Гэтая праблема вымагае вывучэння, бо практычнае значэнне дамовы было невялікім – хада ваенных падзей зрабіла яе сутнасць неактуальнай. Але ў гісторыі Радноцкі дагавор застаецца як першая спроба падзелу Рэчы Паспалітай, а Багуслаў Радзівіл як яе няспраўджаны далакоп. У Польшчы негатыўнае адценне – як бы мы ні імкнуліся да аб'ектыўнасці – заўсёды будзе класціся на палітыкаў, што супрацоўнічалі з Прусіяй. У нас заўсёды застаецца пад увагаю, да чаго гэта прывяло. Але як гісторык скажу: каб належным чынам ацэньваць постаць князя Багуслава Радзівіла, трэба ўлічваць умовы і асаблівасці той эпохі.

Усё, дзякуючы чаму мы ўспамінаем сувязі паміж беларускім і польскім народамі, якія вынікаюць з часоў першай Рэчы Паспалітай, мне вельмі даспадобы перш за ўсё як гісторыку і энтузіясту той дзяржавы. Зразумела, прысутнічалі там і механізмы, якія не дужа хораша працавалі, але гэта была вельмі цікавая дзяржава, дзе суб'ектамі былі людзі на месцах, дзе надзвычай важным з'яўлялася самакіраванне. Можа, у гісторыі Еўропы яна была самай дэмакратычнай дзяржавай. Гэта наша сумесная спадчына, вельмі важная сёння ўсёй Еўропе, а таму паўтаруся: усё, дзякуючы чаму мы ўспамінаем і расказваем іншым пра Карону і Княства, вельмі важнае, карыснае і добрае.

Вяртанне да гісторыі, супольнай для абедзвюх нацый, становіцца прычынай, па якой мы становімся ўсё больш блізкімі і ўсё лепш разумеем адзін аднаго. Нам прасцей даходзіць да праўды, калі мы робім гэта разам. Вядома, часам паўстаюць рознагалоссі, бо беларусы, літоўцы, палякі, украінцы, звяртаючыся да падзей эпох сярэднявечча і барока, ужываюць нацыянальны пункт гледжання, апісваюць даўнія падзеі сучаснымі катэгорыямі.

Гісторыя Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага – гісторыя адразу некалькіх народаў. На жаль, дагэтуль існуе схільнасць разглядаць наш рэгіён як перыферыю, але калі мы зірнем на яго з сучаснай перспектывы – перспектывы адносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, – то выявіцца, што наш рэгіён быў у авангардзе. Вялікае княства Літоўскае з'яўляецца супольным не толькі для беларусаў і літоўцаў, але і для палякаў. Трэба памятаць, колькі найвыдатнейшых польскіх палітычных і культурных дзеячаў паходзіла менавіта адтуль.

Таму я вельмі рады, што сёння і беларускі чытач зможа азнаёміцца з "Аўтабіяграфіяй" Багуслава Радзівіла, з яшчэ адной крыніцай па нашай супольнай гісторыі.

Я таксама вельмі ўсцешаны, што мне асабіста ўдалося спрычыніцца да выхаду гэтае цікавае кніжкі.

Генрык Літвін,
доктар гістарычных навук

Падрабязней пра кнігу "Радзівіл Багуслаў. Аўтабіяграфія" тут і тут.


Раім таксама паглядзець:
Верамейчык Сяргей. Міхал Клеафас Агінскі, 1765 – 1833: продкі, жыццё ў Залессі,
3.99 р.

Верамейчык Сяргей. Міхал Клеафас Агінскі, 1765 – 1833: продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі

Кніга, напісаная краязнаўцам і на краязнаўчым узроўні, з'яўляецца займальным храналагічным даведнікам жыцця выдатнага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча М. Кл. Агінскага і будзе вельмі карыснай для настаўнікаў, вучняў і ўсіх цікаўных да гісторыі Беларусі.

Залескі Браніслаў. З жыцця літвінкі
4.36 р.

Залескі Браніслаў. З жыцця літвінкі

Беларуска Гэлена Скірмунт вучылася мастацтву ў лепшых мастакоў Еўропы сярэдзіны ХIX стагоддзя. Яна дасягнула дасканаласці ў жывапісе і скульптуры. Безумоўна яна была б зоркай нумар адзін у нашым выяўленчым мастацтве. Але лёс распарадзіўся інакш. Яна прыняла ўдзел у паўстанні 1863 года.

Ліхадзедаў Уладзімір. Юльюш Славацкі на паштоўках канца XIX – пачатку XX ст
5.99 р.

Ліхадзедаў Уладзімір. Юльюш Славацкі на паштоўках канца XIX – пачатку XX стагоддзя

На рэпрадукцыях старых паштовак адлюстраваны жыццёвы і творчы шлях Юльюша Славацкага (1809 – 1849). Асаблівая ўвага аддадзена сувязі яго з Беларуссю. Кніга змяшчае таксама пераклад на беларускую мову аднаго з ранніх твораў – трагедыі "Міндоўг, кароль літоўскі".