Ракава Любоў. Гісторыя на градках

Ракава Любоў. Гісторыя на градках
4.99 р.
Вага: 130 г
Памеры: 130x200 мм



Кніга прысвечана аднаму са старажытных заняткаў беларусаў — агародніцтву. У ёй разглядаюцца асаблівасці апрацоўкі глебы, прылад працы, тэхналогіі вырошчвання і распаўсюджвання агародных культур у розныя гістарычныя часы ў розных сацыяльна-саслоўных групах.

Агародніцтва на Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2008. — 144 с.: іл.

ISBN 978-985-01-0814-2.

Кніга прысвечана аднаму са старажытных заняткаў беларусаў — агародніцтву. У ёй разглядаюцца асаблівасці апрацоўкі глебы, прылад працы, тэхналогіі вырошчвання і распаўсюджвання агародных культур у розныя гістарычныя часы ў розных сацыяльна-саслоўных групах. Значнае месца адводзіцца вераванням, звычаям і рытуалам беларусаў, звязаных з агародніцтвам. У аснову работы пакладзены старажытныя пісьмовыя актавыя дакументы, хронікі ХVI—XVIII стст., матэрыялы архіваў ХIХ—ХХ стст. і дадзеных этнаграфічных даследаванняў 1960—2000-ых гг.

Разлічана на этнолагаў, гісторыкаў, культуролагаў, работнікаў сельскай гаспадаркі, студэнтаў ВНУ і шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гэтай праблемай.

ЗМЕСТ

Уводзіны
Глава 1. Развіццё агародніцтва ў XVI—XIX стст.
Агароджа
Глеба-кліматычныя ўмовы Беларусі і ўраджайнасць агародных культур
Прылады працы і апрацоўка глебы на агародах
Склад агародных культур і традыцыі іх вырошчвання
Захоўванне агародніны
Вераванні і абрады, звязаныя з агародніцтвам
Глава II. Развіццё агародніцтва ў XX ст.
Заключэнне

УВОДЗIНЫ

Беларусы спрадвеку былі земляробамі, іх матэрыяльная і духоўная культура была класічна земляробчай. Неад’емнай часткай сялянскай гаспадаркі з’яўлялася агародніцтва. Адсутнасць крыніц не дазваляе вызначыць час, калі агародніцтва стала асобнай галіной у сістэме земляробства, узнікненне якога гісторыкі адносяць да эпохі неаліту (III тысячагоддзе да н. э.)1. Занятак агародніцтвам у беларусаў быў арыентаваны на забеспячэнне патрэб даволі вялікай у той час сям’і прадуктамі харчавання, дзе значную долю складала агародніна. Можна сказаць, што і сёння прадукцыя са свайго агарода ў многім забяспечвае жыццядзейнасць жыхароў вёскі і гарадскіх пасёлкаў, а для жыхароў асобных рэгіёнаў Беларусі з’яўляецца і асноўнай крыніцай даходаў. Здаўна на агародах вырошчвалі боб, гарох, капусту, буракі, моркву, пастэрнак, хрэн, пятрушку, цыбулю, часнок, рэпу, бручку, агуркі, мак і інш.

Развіццё агародніцтва на Беларусі мае асобую актуальнасць з-за малай вывучанасці і дыскусійнасці многіх пытанняў этнічнай гісторыі. Раскрыццё старажытных рысаў, пераемнасць і шляхі развіцця агародніцтва на землях Беларусі з эпохі феадалізму да нашых дзён уяўляюць цікавасць як для вырашэння этнагенетычнай праблемы, так і для разумення культурнай спадчыны беларусаў.

На напісанне гэтай работы аўтара навяла думка пра амаль поўную адсутнасць спецыяльных прац, прысвечаных гісторыі развіцця агародніцтва на Беларусі. Шматлікія апублікаваныя працы гісторыкаў утрымліваюць вельмі цікавыя звесткі аб развіцці сельскай гаспадаркі розных саслоўяў феадальнага і капіталістычнага грамадства, няроўнасці становішча розных сацыяльна-саслоўных груп, характары павіннасцяў і г. д. На жаль, пытанням матэрыяльнай і духоўнай культуры, у тым ліку і месцу агародніцтва ў быце насельнікаў Беларусі, удзяляецца мала ўвагі. Самыя агульныя звесткі аб гэтай вельмі важнай галіне матэрыяльнай культуры пачарпнуты аўтарам з прац вядомых гісторыкаў, археолагаў, этнографаў: М. Рытава, П. Шпілеўскага, А. Грушэўскага, А. Кіркора, I. Сербава, М. Нікіфароўскага, Ю. Крачкоўскага, М. Улашчыка, Л. Малчанавай, Л. Мінько, В. Цітова, А. Лойкі, М. Спірыдонава, З. Капыскага, П. Казлоўскага, В. Голубева і інш. Найбольш значнай сярод іх з’яўляецца невялікая праца М.В. Рытава «Огородничество в Белоруссии. Современное состояние нашего сортоведения» (Доходное плодоводство. Курсы промышленного плодоводства и огородничества, читанные в разных пунктах России. А.К. Грелль. М., 1891). Яна дае ўяўленне аб тэхналогіі вырошчвання асобных агародных культур на сялянскіх агародах у ХIХ ст.

Базу нашага даследавання склалі старажытныя пісьмовыя крыніцы (акты, хронікі, інвентары маёнткаў), а таксама ўспаміны падарожнікаў, якія бывалі на беларускіх землях у розныя часы. Аўтарам вывучаліся таксама матэрыялы абласных, занальных і нацыянальнага архіваў краіны, дзе аналізаваліся звесткі аб занятках агародніцтвам розных сацыяльных слаёў грамадства XIX—XХ стст. Шырока выкарыстаны палявыя даследаванні супрацоўнікаў аддзела этналогіі Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі і асабістыя запісы аўтара (2000—2008), зробленыя ў розных рэгіёнах Беларусі. Цікавыя звесткі аб агародніцтве аўтар знаходзіла ў фальклорных і літаратурных творах.

Як адзначалася, узнікненне земляробства на тэрыторыі Беларусі гісторыкі адносяць да эпохі неаліту (III тысячагоддзе да н.э.). Пры раскопках паселішчаў ранняга жалезнага веку знойдзены зярняты гароху, вікі, палявых (конскіх) бабоў, а таксама першае старажытнае рала (у в. Капланавічы Клецкага р-на). Цікавыя звесткі пра развіццё агародніцтва ў XVI—XVIII стст. даюць нам старажытныя акты, летапісы, хронікі.

З гэтай кнігі Вы даведаецеся, якія культуры былі распаўсюджаны на агародах у розныя гістарычныя часы, якой тэхналогіяй і якімі прыладамі працы карысталіся, а таксама пазнаёміцеся з народнымі ведамі, звычаямі, традыцыямі і рытуаламі, якія збераглі нашы прашчуры і дзяды і якія, на іх погляд, павінны былі забяспечваць ураджайнасць палёў і агародаў, ахоўваць іх ад сіл стыхіі. Спадзяёмся, што чытачоў-агароднікаў могуць зацікавіць рацыянальныя прыёмы працы на агародах, якія можна скарыстаць і сёння.