Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Равенскі Мікола. Беларускія народныя песні

3.99 р.
Вага: 480 г
Памеры: 170x240 мм



Збор Твораў / Рэд. кал.: І. Алоўнікаў [і інш.]. — Мінск: Тэхналогія, 2008. — 191 с.

ISBN 978-985-458-148-4.

У чарговы выпуск “Збору твораў” Міколы Равенскага ўвайшлі беларускія народныя песні ў запісах і апрацоўках кампазітара і ягоны артыкул “Асаблівасьці беларускай народнай песьні”.

Змест

Ад рэдакцыйнай калегіі
Беларускія народныя песні ў запісах і даследаванні Міколы Равенскага

АСАБЛІВАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ ПЕСЬНІ

Уступ
Зараджэньне і разьвіцьцё беларускай народнай песьні
Ладавасьць беларускай народнай песьні
Характэрныя рысы беларускай народнай песьні
Песьні абрадавага цыклю
Вясеньне-абрадавыя песьні
Песьня валачобнікаў
Сёмушная (траецкая) песьня
Купальскія песьні
Песьні працоўнага цыклю
Жніво
Зажынкавая песьня
Жніўныя песьні
Косьбіцкая песьня
Дажынкавая песьня
Талочныя песьні
Песьні бытавыя
Карагодныя песьні, зьвязаныя з абраднасьцю
Вясельна-карагодная песьня
Карагодная купальская песьня
Вясновая песьня
Вясельныя дзействы
Вясельная разьвітальная песьня
Бытавыя пазаабрадавыя песьні
Любоўныя песьні
Песьня сірацінкі
Песьня пры калысцы
Песьні жняі
Песьні пазьнейшага часу
Заключэньне

БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ПЕСНІ Ў ЗАПІСАХ МІКОЛЫ РАВЕНСКАГА
ДАДАТАК
КАМЕНТАР

Ад рэдакцыйнай калегіі

Выхад у свет “Збору твораў” Міколы Равенскага (1886—1953) — з’ява для беларускага мастацтва неардынарная. За амаль паўтысячагадовую гісторыю айчыннага нотадрукавання гэта першы збор твораў аднаго кампазітара. Сімвалічна, што адлік гэтакіх друкаў пачынаецца з творчасці класіка беларускай музычнай культуры першай паловы ХХ стагоддзя. Міколу Равенскаму, аднаму з першых і вядомых прафесараў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), які ў 30-х гадах мінулага стагоддзя выхаваў шмат выдатных дзеячаў беларускай культуры, выпаў няпросты жыццёвы лёс. Пры канцы 1930-х гадоў яго як “нацдэма” выключылі з кансерваторыі і Саюза кампазітараў. У 1944 годзе ён быў вымушаны эміграваць. Творы аўтара ўзнёслага рэлігійнага, а па сутнасці нацыянальнага гімна “Магутны Божа” — малітвы беларускіх хрысціянаў незалежна ад канфесіі, — працяглы час заставаліся невядомымі на ягонай радзіме.

Толькі з канца 1980-х гадоў творчасць Равенскага зноў увайшла ў канцэртнае жыццё краіны. Малітва “Магутны Божа” загучала ў храмах Беларусі. Харавыя, вакальныя і інструментальныя творы кампазітара пачалі выконваць найлепшыя калектывы і салісты. Выйшаў і кампакт-дыск з запісамі твораў Міколы Равенскага. Штогод у Магілёве адбываецца Міжнародны музычны фестываль “Магутны Божа”.

У 2003 годзе намаганнямі дзвюх установаў — Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк) і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праз творчы калектыў “Беларуская Капэла” (Мінск) — пачалося ажыццяўленне выдання “Збору твораў” Міколы Равенскага. Рэдакцыйная калегія свядома не называе яго “поўным”. Равенскаму двойчы ў жыцці давялося ўзнаўляць свае творы. Частка іх была канфіскаваная ў 1930-х гадах савецкімі ўладнымі структурамі, частка загінула ў 1941 годзе, у першыя дні вайны. Пошукі супрацоўнікаў “Беларускай Капэлы” ў мінскіх і лонданскіх архівах і бібліятэках за час працы над “Зборам твораў” выявілі нямала твораў кампазітара, якія не згадваюцца ні ў якіх даведніках. Асобныя экземпляры аўтографаў маглі захавацца і ў прыватных архівах. Таму мы не страчваем надзеі і верым, што не ўсё з нязнойдзенага знікла за смугою часу. Бацькаўшчына, якую Мікола Равенскі любіў болей за жыццё, аддае належнае свайму таленавітаму сыну. Збор твораў кампазітара — гэта наша даніна славутаму творцу і патрыёту Беларусі.

Беларускія народныя песні ў запісах і даследаванні Міколы Равенскага

У справе фіксацыі беларускага песеннага фальклору Мікола Равенскі адным з першых у дваццатым стагоддзі пераняў эстафету слаўных папярэднікаў рамантычнага стагоддзя. Паводле словаў самога кампазітара, зацікавіўся ён беларускай песняй яшчэ напярэдадні Першай сусветнай вайны:
“...Я працаваў у Наваградку, дзе быў дырыгентам царкоўнага хору й заадно настаўнікам сьпеваў. У той час пазнаёміўся я зь дзяўчынай з аднэй вёскі недалёка ад Наваградку. Было якраз жніво, і я часта хадзіў пераймаць яе па дарозе, калі яна вярталася з поля. Аднаго разу я выйшаў крыху раней. Хоць сонца было ўжо на захадзе, людзі яшчэ жалі. Я, чакаючы, прысеў на прыдарожным камені. Абапал дарогі пералівалася каласамі жыта, і паасобныя грамадкі жнеяў, параскіданыя па ўсім полі, увіхаліся каля яго. Мяне тут ведалі добра, і, відаць, пабачыўшы мяне, найбліжэйшая група жнеяў завяла жніўную песьню. Іншыя, далейшыя адна за аднэй падхоплівалі яе. Урэшце сьпявала ўсё поле. Адлегласьць між групамі была вялікая, й гукі неяк дзіўна мяшаліся між сабой: да гэтага далучалася рэха. Усё разам тварыла неапісальную цудоўную сымфонію. Я сядзеў, як зачараваны. Жнеі ўжо замоўклі, а рэха яшчэ доўга пералівалася, заміраючы ўрэшце ў далечы. Ня раз я ў жыцьці ўспамінаў той вечар і тую дзіўную сымфонію. У сваіх творах я прабаваў перадаць некаторыя фрагмэнты зь яе. Але адтварыць цэласьць – гэта не на людзкія сілы й здольнасьці. 3 таго часу я й зацікавіўся народнай песьняй...”.

У 1921 годзе Акадэмічны цэнтр Наркамата асветы БССР стварыў часовы калектыў, які пэўны час вандраваў па Слуцкім павеце з мэтаю даследавання беларускай народнай творчасці. У экспедыцыі браў удзел і Мікола Равенскі. Увялі яго ў склад экспедыцыі як аўтарытэтнага спецыяліста-музыказнаўца.

9 снежня 1921 года ў сваёй справаздачы кампазітар зазначыў: “...Маю гонар далажыць Акадэмічнаму Цэнтру Народнага Камісарыяту Асьветы Б.С.С.Р., што з дня павароту майго з экскурсіі па Слуцкаму павету я прыняўся за абробку сабранага мною сьпевальнага матар’ялу, прычым сабрата мною 80 матываў народных песянь, а ўласьне: вясельных, летніх, бытавых і г. д. Апрача таго, песянь без мэлёдый блізка 30 штук. За гэты час з сабраных песянь мною прыведзена ў парадак, г. зн. апрацавана мэлёдычная пасьледаўнасьць і дадзена гарманізацыя 10-і песьням. [...] Пачата падгатоўчая праца да ўкладаньня зь беларускіх песянь папуры для струннага квартэту, каторае маю намер прыспасобіць да канцэртнага выкананьня. За зімовы сэзон спадзяюся […] гарманізаваць 25 песянь, напісаць музыку да пяці вершаў і даць аднагалосную абробку сабраным мною ў Слуцкім павеце песьням. […] К вясьне маю скласьці зборнік народных песянь, прыстасаваных да 2 мэтаў: па-першае, да канцэртнага выкананьня, а па-другое, для школы ў лёгкай трохгалоснай і чатырохгалоснай гарманізацыі”.

Ужо праз год зборнік выйшаў з друку. Яшчэ праз год Равенскага накіравалі на вучобу ў Маскоўскую кансерваторыю. Там заняткі па народнай творчасці вялі выдатныя і высокааўтарытэтныя спецыялісты: праф. А. В. Нікольскі, праф. А. Н. Гарбузаў. Да 1930 года Равенскі жыў у Маскве, але сувязі з радзімай не траціў. Сачыў за мастацкімі навінкамі. У часопісе “Узвышша”, якім кіраваў паэт Уладзімір Дубоўка, Равенскі адгукнуўся рэцэнзіяй на выданне „Беларускія народныя песьні — сольныя і харавыя, з акомпанімэнтам фортэпіяно, гармонізаваныя Аладавым, Аленіным, проф. М. М. Іпалітавым-Іванавым, Я. Прохаравым: выпуск першы” (Менск: Бел. Дзярж. Выдавецтва, 1928). У артыкуле некалькі раздзелаў. Рэцэнзія — апошні раздзел. У папярэдніх Равенскі палемізуе з І. К. Здановічам наконт мастацкіх вартасцяў беларускіх народных песень. Акрамя таго, кампазітар падае свае погляды на прынцыпы гарманізацыі народных мелодый. Артыкул Міколы Равенскага — адна з самых грунтоўных прац таго часу ў галіне тэорыі народнай творчасці Беларусі.

Знаёмства Равенскага з паэтам Уладзімірам Дубоўкам, які быў паўнамоцным прадстаўніком урада БССР у сталіцы Савецкага Саюза, хутка перарасло ў сяброўства. У часе працы над операй “Браніслава” сябры вандравалі па Магілёўшчыне. Равенскі ўспамінаў: “Зьбіраючы на Магілеўшчыне песенны матар’ял для опэры „Браніслава”, мы шмат часу правялі разам. Ён браў мяне пад руку, і мы, дыскутуючы, паволі йшлі ад вёскі да вёскі. Сяляне ўжо ведалі нас і, пэўна, сьмяяліся з нашае пары: ён высокі й плячысты, а я малы й худы”.

Вярнуўшыся пасля вучобы ў Мінск, Равенскі стаў выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Паважлівае стаўленне да беларускага фальклору многіх музыказнаўцаў і кампазітараў фармавалася пад уплывам Равенскага. Яго былыя вучні музыказнавец Б. Смольскі і кампазітар А. Багатыроў згадвалі, што іх настаўнік быў вялікім знаўцам беларускай народнай творчасці.

У 1929 годзе ў Вільні праз тамтэйшае Беларускае выдавецкае таварыства выйшаў з друку зборнік “Беларускія народныя песьні. Сабраў і выдаў Р.Шырма. Вып. 1”. У гэтым выданні Шырма змясціў песню “Зялёны дубочак” у апрацоўцы К. Галкоўскага, над нотамі пазначыў: Нар[одная] мэл[лёдыя са] збор[у М.]Равенскага.

У 1930-х гадах Равенскі актыўна супрацоўнічаў з Акадэміяй навук БССР. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стала выданне “Песьні Беларускага Народу. Том 1-шы. Укладальнік Грынблат. Пад агульнай рэдакцыяй акадэміка Нікольскага”. Яно выйшла з друку ў 1940 годзе. У ім акрамя ўласна беларускіх народных песень знаходзім і “народныя” творы, што ўслаўляюць савецкую ўладу і, вядома ж, “вялікага павадыра ўсіх народаў” Сталіна. Што ж, такія былі вымогі культурнай палітыкі БССР.

У 1942 годзе Равенскі вярнуўся з Мінска на радзіму, у Чэрвень. Працаваў рэгентам праваслаўнай царквы, аднак не пакідаў займацца фальклорам. У свой час Рыгор Шырма, характарызуючы мелас С. Манюшкі, указваў на той самы рэгіён (Мінска-Слуцкі), які і Равенскі — зямляк Манюшкі — лічыў асноўным і паказальным, бо тут беларускі фальклор свабодны ад суседніх уплываў. У згаданым ужо артыкуле ў часопісе “Узвышша” Равенскі ў прыватнасці пісаў: “Чалавеку, які прэтэндуе на годнасьць навуковага працаўніка, варта было б азнаёміцца зь беларускай народнай песьняй як належыць. Для такога знаёмства трэба ўзяць ня песьні ўскраіны, а трэба ўзяць песьні цэнтральнае Беларусі, якія незалежны ад уплываў. Для прыкладу можна ўзяць любую песьню, хоць бы жніўную або вясельную, якія займаюць у рытмічных адносінах зусім самастойнае становішча”.

У Чэрвені Равенскі запісваў народныя песні ў сшытак, на вокладцы якога пазначыў: 1942. Ніжэй гэтага надпісу стаіць другая дата — 1944, бо кампазітар працягнуў працу фалькларыста ўжо ў Германіі, калі апынуўся ў лагеры перамешчаных асобаў. Працаваў як апантаны, бо нечакана атрымаў рэдкую магчымасць фіксаваць песні розных беларускіх рэгіёнаў. У сшытку з’яўляліся ўсё новыя і новыя запісы беларускіх народных песень. Равенскі спяшаўся. Назваў песням не даваў, нават не запісваў цалкам тэкст, толькі першыя радкі. Відавочна, што гэты сшытак змяшчае пачатковыя нататкі. Апрацоўкай унікальнага назапашанага матэрыялу кампазітар заняўся пазней, у 1949 годзе. У новым сшытку на 270 старонак пачаў сваім каліграфічным почыркам запісваць песні, сабраныя ў 1920—1940-х гадах. Пазначаў досыць часта, ад каго зроблены запіс, жанр і рэгіён Беларусі, які прадстаўляе песня, і г. д.

Сшытак 1949 года фальклорных запісаў Міколы Равенскага — гэта надзвычай каштоўная для беларускай навукі скарбонка народнай творчасці. Калі мы параўнаем іх са знакамітымі зборамі Р. Шырмы і Г. Цітовіча, то ўбачым і агульнае, і адрознае. Да агульнага аднясём, напрыклад, аднолькавыя песні. Аднак запісаны яны ў розны час, ад розных людзей, у розных абставінах. Ды і адных і тых жа песень у зборах выдатных беларускіх навукоўцаў, па-сутнасці, не так ужо і шмат. Што да адрозненняў, дык іх нямала. Першае, што кідаецца ў вочы, — розная метрарытмічная арганізацыя нотнага тэксту. Другое — крыху адрозныя варыянты тэкстаў песень. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што тэксты добра вядомых нам песень часам запісаны не цалкам або, наадварот, шырэйшыя за варыянты, запісаныя Шырмам, Цітовічам ды іншымі беларускімі фалькларыстамі. Навуковы аналіз запісаў Равенскага, спадзяёмся, будзе зроблены.

Сярод аўтографаў Равенскага ёсць яшчэ адзін, пазнейшага часу, сшытак, які таксама змяшчае шэраг фальклорных запісаў. Там жа змешчаны і ягоныя ўласныя творы і нават творы іншых беларускіх кампазітараў. Гэты сшытак мы называем Лювэнскім. Называем так таму, што ў ім змешчаны творы (тут іх каля 90), якія Равенскі прызначаў для працы з хорам беларускіх студэнтаў Лювэнскага універсітэта. Сярод фальклорных запісаў у сшытку 1949 года толькі ў адзінкавых выпадках сустракаюцца згадкі пра запісы калегаў (М. Шчаглова, М. Чуркіна), а сярод апрацовак народных песень у Лювэнскім сшытку пераважаюць менавіта кампазіцыі М. Шчаглова, Н. Сакалоўскага, У. Тэраўскага і іншых. Там жа змешчаныя і харавыя партытуры апрацовак беларускіх народных песень самога Равенскага.

Праца з хорам вымагала кампазітара ствараць канцэртны рэпертуар для сваіх выхаванцаў. Каб падтрымліваць у іх на чужыне дух нацыянальнай свядомасці і гонару за сваё беларускае мастацтва, Равенскі ўзнавіў і шэраг уласных твораў на вершы беларускіх паэтаў. Акрамя таго, для студэнцкага хору стварыў “Беларускую сюіту” (для салістаў, мужчынскага хору ў суправаджэнні фартэпіяна), большасць нумароў якой — апрацоўкі беларускіх народных песень.

Як навуковец у галіне беларускай музычнай этнаграфіі і фальклору Мікола Равенскі пакінуў нам тры працы. Дзве з іх былі апублікаваныя яшчэ ў 1928 годзе ў часопісе “Узвышша”. Яны ўяўляюць сабой навукова-папулярныя крытычныя артыкулы. Трэцяя — “Асаблівасьці беларускай народнай песьні” — да гэтага часу заставалася ў рукапісе. Яго нам перадала дачка кампазітара Вольга Аляксеенка (Равенская).

“Асаблівасьці...” кампазітар пачаў пісаць у 1949 годзе, пасля таго як назапасіў запісы народных песень. Напісаннем гэтай працы завяршаецца трыццацігадовая праца Равенскага-фалькларыста. Па ўсім відаць, што ён рыхтаваў навуковую працу да публікацыі, дзе рэферат хутчэй за ўсё меўся быць разам са зборам беларускіх народных песень. Праца Равенскага засяродзілася на асэнсаванні ўжо назапашанага матэрыялу. Ён глыбока вывучаў песні, запісаныя ў папярэднія гады. У сшытку 1949 года алоўкам рабіў пазнакі ў мелодыях, паказваў лад, жанр — рыхтаваў гарманізацыі песень. Шматлікія пазнакі сведчаць, што Равенскі ўвесь час шукаў заканамернасці, вылучаў “характэрныя рысы беларускіх народных песень”, а на аснове іх глыбокага і аб’ектыўнага абагульнення рабіў высновы, у якіх радасна сцвярджаў самому сабе і свету яскравую самабытнасць беларускай народнай песеннай творчасці.

Чытаючы “Асаблівасьці...”, увесь час адчуваеш, што кампазітар, жывучы далёка ад радзімы, быў абсалютна не адарваны ад агульнабеларускага навуковага працэсу ў галіне фальклору. У тыя ж гады пісалі фундаментальныя даследчыя працы Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. Аднак яны мелі магчымасць працаваць не толькі з уласнымі запісамі, але і з працамі іншых навукоўцаў у бібліятэках і архівах. Гэтых магчымасцяў у Равенскага не было. Жывучы ў Германіі і Бельгіі, ён мог абапірацца толькі на ўласныя веды, уласную памяць і ўласны даследніцкі досвед працы з народнымі песнямі.

Азнаёміўшыся з падрыхтаваным да друку рэфератам, доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава трапна заўважыла: “Узноўлена, паўстала з нябыту яшчэ адна класічная праца ў галіне беларускай фалькларыстыкі. Можа, погляды Равенскага той-сёй палічыць сёння ў чымсьці наіўнымі або першапачатковымі, але гэта — погляды аднаго з пачынальнікаў беларускай фундаментальнай этнаграфіі ХХ стагоддзя, яе сапраўды айчыннага значання”.

Існуюць шэсць рукапісных варыянтаў аўтографаў навуковай працы. Аднак, бадай што, толькі адзін з іх мае больш-менш закончаны выгляд. Стан здароўя не дазволіў кампазітару давесці задуманае да канца. У сакавіку 1953 года яго не стала.

Больш чым праз паўстагоддзя нам, каб апублікаваць гэтую працу, па сутнасці давялося прайсці шляхам Равенскага-навукоўца. Мы звялі тэксты шасці варыянтаў у адзін цэласны і паслядоўны пласт, знялі паўторы. Толькі тады і высветлілася, што праца мае завершаны выгляд. Падрыхтоўка да друку рэферата і запісаў беларускіх народных песень пераканала нас і ў тым, што гэта — дзве часткі адной працы. Так яна і друкуецца.

Ганна Каржанеўская, Віктар Скорабагатаў


Раім таксама паглядзець:
2.99 р.

Равенскі Мікола. Збор твораў: Вакальныя творы

Пад рэд. Г.Каржанеўскай. Мінск: Тэхналогія, 2005. – 27 с.

Равенскі Мікола. Збор твораў: Літургічныя творы
2.99 р.

Равенскі Мікола. Збор твораў: Літургічныя творы

У другі выпуск “Збору твораў” Міколы Равенскага ўвайшлі літургічныя творы, выяўленыя на сёньняшні дзень – “Літургія”, “Паніхіда”, асобныя малітвы, харавы канцэрт “Малое славаслоўе” (“Слава в вышних Богу”), а таксама пазалітургічныя творы рэлігійнага зьместу.

0.92 р.

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы; уклад., сістэматызацыя тэкстаў і камент. В. І. Скідана, А. М. Хрушчовай; уступ. Арт. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. С. Ліс. – 2-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 330 с. – (БНТ: Беларуская народная творчасьць).