Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Равенскі Мікола. Збор твораў: Вакальныя творы

2.99 р.
Вага: 110 г
Памеры: 200x290 мм



Пад рэд. Г.Каржанеўскай. Мінск: Тэхналогія, 2005. – 27 с.

ISBN 985-458-112-8

У першы выпуск “Збору твораў” Міколы Равенскага ўвайшлі тры выяўленыя на сённяшні дзень вакальныя творы. Гэта арыя Браніславы з аднайменнай оперы, фантазія-накцюрн “Менск” для голасу, скрыпкі і фартэпіяна і вакальны дуэт “Мой родны кут”.

ЗМЕСТ

Ад рэдакцыйнай калегіі
Вакальныя творы Міколы Равенскага
Арыя Браніславы з оперы “Браніслава”
“Менск” (фантазія-накцюрн)
Мой родны кут
Каментар

Ад рэдакцыйнай калегіі

Выхад у свет “Збору твораў” Міколы Равенскага (1886—1953) — з’ява для беларускага мастацтва неардынарная. За амаль паўтысячагадовую гісторыю айчыннага нотадрукавання гэта першы збор твораў аднаго кампазітара. Сімвалічна, што адлік гэтакіх друкаў пачынаецца з творчасці класіка беларускай музычнай культуры першай паловы ХХ стагоддзя. Міколу Равенскаму, аднаму з першых і вядомых прафесараў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), які ў 1930-х гадах выхаваў шмат выдатных дзеячаў беларускай культуры, выпаў няпросты жыццёвы лёс. Пры канцы 1930-х гадоў яго як “нацдэма” выключылі з кансерваторыі і Саюза кампазітараў. У 1944 годзе ён быў вымушаны эміграваць. Творы аўтара ўзнёслага рэлігійнага, а па сутнасці нацыянальнага гімна “Магутны Божа” — малітвы беларускіх хрысціянаў незалежна ад канфесіі — працяглы час заставаліся невядомымі на ягонай радзіме.

Толькі з канца 1980-х гадоў творчасць Равенскага зноў увайшла ў канцэртнае жыццё краіны. Малітва “Магутны Божа” загучала ў храмах Беларусі. Харавыя, вакальныя і інструментальныя творы кампазітара пачалі выконваць найлепшыя калектывы і салісты. Выйшаў і кампакт-дыск з запісамі твораў Міколы Равенскага. Штогод у Магілёве адбываецца Міжнародны музычны фестываль “Магутны Божа”.

У 2003 годзе намаганнямі дзвюх установаў — Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк) і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праз творчы калектыў “Беларуская Капэла” (Мінск) — пачалося ажыццяўленне выдання “Збору твораў” Міколы Равенскага. Рэдакцыйная калегія свядома не называе яго “поўным”. Равенскаму двойчы ў жыцці давялося ўзнаўляць свае творы. Частка іх была канфіскаваная ў 1930-х гадах савецкімі ўладнымі структурамі, частка загінула ў 1941 годзе, у першыя дні вайны. Пошукі супрацоўнікаў “Беларускай Капэлы” ў мінскіх і лонданскіх архівах і бібліятэках за час працы над “Зборам твораў” выявілі нямала твораў кампазітара, якія не згадваюцца ні ў якіх даведніках. Асобныя экземпляры аўтографаў маглі захавацца і ў прыватных архівах. Таму мы не страчваем надзеі і верым, што не ўсё з нязнойдзенага знікла за смугою часу. Бацькаўшчына, якую Мікола Равенскі любіў болей за жыццё, аддае належнае свайму таленавітаму сыну. Збор твораў кампазітара — гэта наша даніна славутаму творцу і патрыёту Беларусі.