Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Рублеўская Людміла. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Рублеўская Людміла. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
5.49 р.
Вага: 410 г
Памеры: 135x210 мм



Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. — Мінск : Рэдакцыя газеты «Звязда», 2012. — 272 с. — (Святло мінуўшчыны). — Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-90277-6-5

У прыгодніцка-фантасмагарычным рамане Людмілы Рублеўскай, які з’яўляецца першай кнігай трылогіі, вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюма Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацка, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і неаднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
За гэтую кнігу аўтар была намінавана на прэмію імя Ежы Гедройца.

Людміла Рублеўская


АД АЎТАРА

XVIII стагоддзе... Эпоха авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў... Эпоха Асветніцтва і вынаходніцтва... Колькі ў гэтым часе сюжэтаў, прыдатных да прыгодніцкіх раманаў, якімі карысталіся Аляксандр Дзюма-бацька, Вальтар Скот і Генрык Сенкевіч...

На Беларусі таксама хапала падобных сюжэтаў. I мне даўно хацелася, як пісьменніку, «пажыць» тады, калі шляхта збіралася на шумлівыя соймы, дзёрзкае слова прыводзіла да двубою, прыгажуні хадзілі ў локцевых сукенках — з такімі шырокімі спадніцамі, што рукі нельга апусціць, а напудраныя парыкі іх прыпадабняліся невялікім клумбам... Калі ў нашых мястэчках будаваліся мануфактуры, на якіх выраблялі цудоўныя паясы і крышталь, габелены і вееры, а па кірмашах шнырылі ўвішныя шкаляры, якім забаранялася гаварыць па-свойму — толькі на лаціне, так што ўсе мястэчка пачынала ўжываць перакручаныя словы з лексікону Цыцэрона і Сенекі... Беларуская лекарка Саламея Русецкая-Пільштынова раз'язджала ў карэце між палацам турэцкага султана, нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў і палацам расійскай імператрыцы, малады Казанова біўся ў Варшаве на смяротным двубоі з графам Браніцкім з-за актрысы, у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзьведзяў адмысловым танцам з дапамогай распаленай рашоткі, а сябар Пане Каханку Міхал Валадковіч урываўся ў залу менскай ратушы і палохаў дэпутатаў трыбуналу стрэламі ў столь...

Падарожжа ў часе мне дапамагалі здзейсніць два героі — шкаляр менскага езуіцкага калегіюма, бедны шляхціц Пранціш Вырвіч і полацкі доктар і алхімік Баўтрамей Лёднік, які вучыўся ў Празе і Лейпцыгу. У персанажаў шмат тыповых для эпохі рысаў. Езуіцкія навучальныя ўстановы тады скончылі многія славутыя беларусы — нават Сімяон Полацкі, выхавацель расійскага цара Пятра Першага, і Казімір Лышчынскі, спалены на вогнішчы мысляр-атэіст. У навучанне прымалі прадстаўнікоў усіх канфесій і нават саслоўяў не толькі шляхту, і ў 1760 годзе на Беларусі дзейнічала 66 езуіцкіх калегіюмаў. А што тычыцца доктара Лёдніка, дык беларусы вандравалі па ўсёй Еўропе і вучыліся ва ўсіх славутых універсітэтах. I алхімія была дужа папулярным заняткам. Нават Францыск Скарына, зямляк майго героя, прысвяціў гэтай таямнічай навуцы некалькі гадоў свайго жыцця, перш чым пачаў друкаваць кнігі.

Апошнія гады Рэчы Паспалітай — складаная і цікавая эпоха. I гэта не толькі заняпад, як да апошняга часу было прынята думаць. У дзяржаве множылася колькасць адукаваных людзей, з’яўляліся мануфактуры, развіваўся замежны гандаль, выспявалі думкі пра неабходныя рэформы. Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу — Рэчы Паспалітай наканавана было праз колькі гадоў быць падзеленай між другімі дзяржавамі. Трэба ўсведамляць, што ў яе складзе былі і Польшча, і Вялікае княства Літоўскае — а княства гэта і нашыя землі. Не думайце, што ўся шляхта, адукаваныя людзі ВКЛ лічылі сябе палякамі. Наадварот — хапала тых, хто з гонарам называў сябе ліцвінамі, русінамі... Праўда, часта вызначалі сябе па месцы нараджэння — палачанамі, случчанамі, гарадзенцамі. А ў гэтай кнізе нашы продкі называюць сябе ліцвінамі або беларусамі — таму што і такое вызначэнне тады ўжо гучала. Пісьменнік і выдавец Саламон Рысінскі ў іматрыкулярных актах Альтдорфскага ўніверсітэта ад 2 снежня 1586 года запісаны як «Solomo Patherus levcorussus» — Саламон Патэрус беларус. Беларуссю Рысінскі называў сваю радзіму ў лісце да нямецкага вучонага Рытэргузіуса. Януш Радзівіл, якога падчас Паўночнай вайны, што напалову знішчыла насельніцтва нашых зямель, хацелі прызначыць вялікім гетманам, выступаў за адлучэнне ВКЛ ад Рэчы Паспалітай, на сойме ў Варшаве крычаў: «Прыйдзе час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, — праз вокны іх выкідваць будзем!». «Мы і палякі, хоць і браты, — пісаў да аднаго з Радзівілаў Леў Сапега, — аднак зусім розных звычаяў». Не лічылі сябе нашы продкі і рускімі, якіх называлі часцей за ўсё маскоўцамі. Надта розныя былі звычаі, традыцыі... Што дзіўнага — калі ў XVI стагоддзі князь Міхал Глінскі разам з сям’ёй перабег у Маскву, да маскоўскага князя Васіля III, атрымаўся культурны шок. Глінскі паездзіў па Еўропе, вучыўся маляванню ў рымскіх мастакоў, плаваў матросам на караблях ад Лондана да Гамбурга... Ягоная пляменніца Алена, яна, дарэчы, стала расійскай царыцай і маці Івана Жахлівага, на радзіме глядзела спектаклі хатняга тэатра, для якога яе бацька сачыняў музыку і п’есы, звыкла апранацца па апошняй еўрапейскай модзе — з гарсэтамі і дэкальтэ, танчыла на балях, ездзіла на паляванне... А тут жанчын трымалі ў церамах, ганьбай лічылася хадзіць без барады і нават вучыць замежныя мовы. Таму Васіль III і быў уражаны адукаванай і вытанчанай прыгажуняй-ліцвінкай.

А беларуская мова, за якой Статуты ВКЛ замацавалі статус дзяржаўнай, гучала ў той час на нашай зямлі напоўніцу. Пра гэта сведчаць і асобныя мемуары і хронікі, і ўстаўкі-інтэрмедыі ў п’есах, якія разыгрываліся ў магнацкіх тэатрах і шкалярскіх. I, вядома, багацюшчы фальклор, якім можна ганарыцца — балады і песні, казкі і паданні, трапныя выслоўі і замовы, нават імёны і назвы страваў. Беларус Казімір Семяновіч, геній XVII стагоддзя, прыдумаў шматступенную ракету і напісаў на лаціне трактат пра мастацтва артылерыі, які стаўся культавай кнігай на некалькі стагоддзяў для вайскоўцаў і піратэхнікаў. I ў гэтым трактаце ён ужыў беларускія словы, якія зрабіліся міжнароднымі навуковымі тэрмінамі: «беркавец», «барыла»...

Першы раз вы сустрэнецеся з маймі героямі ў 1759 годзе, калі яшчэ быў жывы кароль Аўгуст III Саксонскі, альбо Сас, як яго называлі ў народзе. Але да ягонага трона ўжо прымерваліся прэтэндэнты. I магнацкія групоўкі, самай вядомай з якіх была Фамілія — партыя на чале з Чартарыйскімі, якая ўрэшце і перамагла, і суседзі — з захаду, усходу, поўначы... У краіне быў разлад, соймы зрываліся адзін за другім — за часы праўлення Аўгуста III не адбыўся ніводны. Любы шляхцюк мог скарыстаць права «liberum veto» — забараніць прымаць закон, альбо ўвогуле не дазволіць адкрыць сойм. Усё вырашалася альбо подкупам, альбо сілай. Караль Радзівіл на сеймік, дзе павінны былі выбраць земскага пісара, прыехаў на 30 вазах, і каб шляхта падтрымала патрэбную кандыдатуру, забіваліся валы, ракой цякло віно і дукаты... «Аж да дзесяці гадзін вечара шляхта суправаджала князя, піла, танцавала і спявала на вуліцах, жыхары горада — прыхільнікі партыі наваградскага ваяводы — нават пачалі баяцца, як бы іх не падпалілі». А вось на наваградскім сейміку 1756 года, дзе другі з Радзівілаў, Станіслаў, хацеў атрымаць пасаду краўчага, яго супернік, наваградскі стольнік Храптовіч, падняў на сваю абарону землякоў, і бедны Станіслаў пісаў: «Як вакол мяне завярцелася, каб мяне згладзіць з таго свету, стралялі ў мяне як у лося, але не патрапілі, унтэр-афіцэру наваградскаму шляхціцу пад вуха патрапіла, які быў за мною, самі тады натоўп зрабіўшы, абвінавацілі мяне маніфестамі». У выніку два дзясяткі шляхціцаў былі параненыя, а потым прайшлі ажно два паралельныя сеймікі.

Кароннае войска было слабейшым за войскі магнатаў, чым апошнія і карысталіся. Таму ў цяжкіх выпадках улады звярталіся па дапамогу да расейцаў — так было, напрыклад, калі спатрэбілася арыштаваць рэчыцкага суддзю Юдыцкага. Той, угневаны, што выбралі не таго маршалка каптуровага суда, узяў са сваімі людзьмі Рэчыцкі замак і пабіў дэлегатаў, што падтрымалі Чартарыйскіх. Толькі атраду расейскіх жаўнераў у трыста шабель удалося схапіць суддзю-разбойніка, а тады «ўзялі яго і завялі на каптурныя суды ў Рагачоў, дзе судзілі яго дэкрэтам на горла і расстралялі. I супраць гэтай справядлівасці нічога не скажаш», — пісаў мемуарыст Марцін Матушэвіч.

У той час, калі вы сустрэнецеся з маімі героямі, Еўропу раздзірала Сямігадовая вайна, у якой удзельнічалі і расійскія войскі. I беларусаў яна закранала таксама — ва ўсялякім выпадку, можна было і на нашых дарогах напаткаць вярбоўшчыкаў, што часам гвалтам набіралі рэкрутаў. А Аўгуст Сас, які ў Рэчы Паспалітай ніколі раней не жыў, змушаны быў перабрацца ў Варшаву з роднага Дрэздэна.

Пабачыце вы і адносіны паміж саслоўямі — а паміж шляхціцам і нешляхціцам існавала сапраўдная прорва. Кожны шляхцюк, нават самы бедны, тэарэтычна быў панам-братам любога іншага, хоць бы і караля, які лічыўся ўсяго першым сярод роўных.

Паны-браты жылі па сармацкім кодэксе. Сармацкае паходжанне — гэта легенда, паводле якой шляхта вяла свой род ад рымскага арыстакрата Палямона, што заснаваў у нашых путчах племя сарматаў. Шанаваць продкаў, бацькоў, трымаць слова, не спускаць найменшай абразы, сачыць за сваім зямельным надзелам і ісці на вайну, як толькі паклічуць — так належала жыць. Шмат чаго шляхціц не мог сабе дазволіць: ганьба было, калі цябе лупцавалі на зямлі... А падклаўшы дыванок — то ўжо і нічога. Вязе бедны шляхціц на поле гной — каб не атрымалася страты для гонару, належала ўторкнуць у вохкую кучу шаблю. Гнаць гарэлку можна — а стаяць за варштатам альбо гандляваць у лаўцы, «локцем сукно мерачы», паводле Статута не шляхецкі занятак.

3-за патрэбы абараняць гонар двубоі ў васямнаццатым стагоддзі забралі шмат жыццяў. Ды што шляхцюкі — дамы часцяком біліся адна з адной, арудуючы шаблямі і шпагамі не менш спрытна, чым мужчыны. Але найбольш шкодзілі звады між магнацкімі групоўкамі. Кожны сойм ператвараўся ў пабоішча. Дробны шляхціц не мог існаваць сам па сабе — ён павінен быў падрымліваць нейкую партыю, нейкага магната.

Цяпер наконт трымання шляхецкага слова... Сучаснаму чалавеку, які звык, што слова значыць дужа мала, цяжка ўявіць, што калі ты штось паабяцаў— нават калі сто разоў пасля пашкадаваў, калі табе гэта ўпоперак жыцця — выканай... Аднойчы такім чынам шляхціц Ян Салагуб займеў багатую і прыгожую нявесту. Ён гасцяваў у пана, у якога была дачка-прыгажуня, і на развітанне па звычаі запатрабаваў, каб панна Алена Шымоўская яму «прапіла чару» — адпіўшы, падала госцю... I папрасіў у бацькі яе рукі. А той і прамармытаў нешта няпэўна-станоўчае, абы п’янога ў дыміну на-дакучлівага госця выправіць... Але Салагуб, і праспаўшыся, пачутага не забыўся... I стаў мужам панны Алены.

Словы шмат значаць і для мяне. Я пастаралася, каб у рамане гучала сакавітая, поўнагалосная беларуская мова, прыкрашаная перлінамі, якія я знайшла ў дыярыушах і хроніках, каб фразы звіваліся трохі велягурыста і весела, прыблізна так, як у тагачаснай куртуазнай літаратуры і мемуарах. Некаторыя незразумелыя тэрміны вы зможаце знайсці ў маленькім слоўнічку напрыканцы кнігі. Напрыклад, слова “дысідэнты”, як бы сучаснае, насамрэч было звычайным і ў беларусаў васямнаццатага стагоддзя — так называлі некаталікоў.

Пабачыце вы і яшчэ да канца не знішчаны шматмоўны, шматнацыянальны свет Вялікага княства Літоўскага, у якім суіснавалі беларусы, палякі, габрэі, стараверы, што перасяліліся з Расіі ад пераследу, татары, якія пісалі свае кітабы на беларускай мове, што дазволіла нам атрымаць пацверджанне — і тады наша мова гучала з сённяшнімі асаблівасцямі, толькі яны не перадаваліся ў тагачасных пісьмовых помніках на кірыліцы.

Але галоўнае не змяняецца з эпохі ў эпоху — героі мусяць выбіраць паміж баязлівай бяспекай і небяспечным подзвігам, змагацца за каханне, абараняць уласную годнасць і ўсведамляць, што з’яўляецца сапраўднымі каштоўнасцямі, а што — не...

Прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка ствараліся не запар. Я напісала некалькі раздзелаў— і пакінула недапісанае на некалькі гадоў. За якія ўзнікла два раманы пра часы куды больш бліжэйшыя да нас і пра сучаснасць. А потым вярнулася да калісьці пачатага... Мяркуючы — ну вось, зараз напішу невялікую вясёлую аповесць.

Але аповесць ператварылася ў раман, а героі ўсё ніяк не жадалі са мной развітвацца, гістарычны фон аказаўся настолькі багаты, што пакінуць сваіх персанажаў на парозе вызначальных падзеяў не дазваляла цікаўнасць. Так гэты твор стаў першай кнігай з цыкла прыгодаў Пранціша Вырвіча.

Наступны раман перанясе вас ужо ў 1762 год, дзе шкаляр Вырвіч зробіцца студэнтам Віленскай акадэміі, і падарожнічаць ім з Лёднікам давядзецца ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу. У трэцяй кнізе Пранціш зробіцца драгунам і будзе здзяйсняць свае подзвігі ў першыя гады царавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што раман я назвала «прыгодніцкі і фантасмагарычны»... Чаму? Бо хаця ў ім дастаткова дакладных звестак — ажно да колькасці вояў у полацкай харугве — ёсць і шмат фантазіі. Настолькі, што філасофскі камень і танк на паравым рухавіку ў старажытным Слуцку не падаюцца немагчымымі. Часам мне нават даводзілася трохі змяняць прозвішчы гістарычных асобаў— каб дазволіць сабе вольнае абыходжанне з імі. А што — хіба рэальны д’Артаньян здабываў падвескі французскай каралеве? Ён увогуле быў шпегам, ілгуном, баязліўцам і досыць непрыемнай асобай.

Але калі Слуцкі замак згодна рэканструкцыям вучоных быў аднапавярховы — дык я так і не «нарасціла» яму паверхаў, хаця па сюжэце вельмі хацелася.

Спадзяюся, што прыгоды Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка дапамогуць вам яскрава ўявіць Беларусь стагоддзя авантурыстаў і асветнікаў.

У шлях, сябры! Дарогі, сутарэнні і палацы старажытнай Беларусі чакаюць вас!

 


Тлумачэнне некаторых гістарычных тэрмінаў

Амарат — каханак.

Банда — так у XVIII стагоддзі называлі каманду, гурт.

Гіцаль — памочнік ката, слова ўжывалася як лаянка.

Гуз — дыямент, якім упрыгожвалі шляхецкую шапку.

Дысідэнты — так у Рэчы Паспалітай называлі вернікаў-хрысціян, якія не належалі да каталіцкага веравызнання: прыхільнікаў арыянства, кальвінізму, лютэранства, сацыян, анабаптыстаў, квакераў, менанітаў, а пасля Берасцейскай уніі 1596 года і праваслаўных.

Казакі — не толькі сацыяльная супольнасць, але таксама і від лёгкай кавалерыі.

Канфідэнт — давераная асоба.

Карусель — прыдворны рыцарскі турнір.

Кумпан — блізкі сябар.

Ліберум вета (liberum veto) — права кожнага шляхціца адмяніць рашэнне любога сойму альбо забараніць ягоную працу.

Ліхвяр — той, хто пазычаў грошы і жыў з атрыманых працэнтаў.

Магістрат — гарадская рада.

Маршалак — вялікі маршалак кіраваў вялікакняскім дваром і сенатам, павятовы — ачольваў мясцовы ўрад, вёў павятовы соймік, трыбунальскі — кіраваў судовымі пасяджэннямі.

Сармацкі касцюм — традыцыйны шляхецкі ўбор, складаўся з жупана, кунтуша, пояса ўсходняга тыпу, шапкі з футрам. У Рэчы Паспалітай яго насілі паралельна з нямецкім (французскім) строем еўрапейскага ўзору, але прыхільнікі традыцый «чужую моду» не ўхвалялі.

Трыбунал — галоўны суд ВКЛ.

Фамілія — групоўка магнатаў, якую ачольвалі Чартарыйскія.

Фартуна — улюбёны вобраз куртуазнай літаратуры, удача.

Харугва — рота шляхецкай кавалерыі, у якой было ад 30 да 200 чалавек.

Шэлег — дробная мядзяная манета, роўная адной трэці меднага гроша.

Янычары — від войскаў у ВКЛ.


Раім таксама паглядзець:
Рублеўская Людміла. Сэрца мармуровага анёла
6.49 р.

Рублеўская Людміла. Сэрца мармуровага анёла

Героям даводзіцца разгадваць таямніцы беларускай гісторыі, рабіць складаны выбар паміж здрадай і подзвігам, самаахвярнасцю і спакойным жыццём, шукаць скарбы, біцца на двубоях і змагацца за сваё каханне.

Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах
7.69 р.

Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах

Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.

Бохан Юры. Узбраенне беларускіх зямель у XIV — XVI cтагоддзях
24.99 р.

Бохан Юры. Узбраенне беларускіх зямель у XIV — XVI cтагоддзях

Багата ілюстраванае выданне прысвечана эвалюцыі ўзбраення насельніцтва беларускіх земль на працягу ХIV — XVI стст. Разглядаюцца розныя катэгорыі наступальнага і засцерагальнага ўзбраення, мясцовыя традыцыі, развіццё вайсковай справы і ўзбраення. Разлічана на студэнтаў, выкладчыкаў, прафесійных гісторыкаў і археолагаў — усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі перыяду Сярэднявечча.