![]() |
10.49 р.
Вага: 380 г
Памеры: 135x205 мм
|
Авантуры студыёзуса Вырвіча : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. — Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. — 320 с. — (Святло мінуўшчыны). — Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7083-16-9
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай...
ПРАЛОГ
Падаць з другога паверха на брукаванку шкодна.
Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.
Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваімі “дамамі фраўцымера” проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было... Не менш, чым для Вырвіча цяпер.
Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала.
I тут - гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і - канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям... Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлi кацінымі лбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак... I пачаліся пакаранні егіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька панты і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораня, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. I хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а апошняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча... Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.
Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі - месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова “гігіена”, а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу...
Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай - не прыклеенай - радзімкай на правай шчочцы.
Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж “пачастунку”. Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.
Пранцысь прыбавіў хады - бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіц гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць — але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёзуса, ведаў дакладна.
Пранцысь у суправаджэнні выратавальнага дажджу, які змываў яго ганьбу і смурод, ляцеў-кружляў па вузкіх вулках, намагаючыся забыцца на боль у назе, і раздумваў, ці варта бегчы да канвента, студэнцкага інтэрната, бо пагоня якраз туды і скіруецца. Сабакі ў дварах лена пабрэхвалі, нібыта разумеючы, што ўцякач на дабро іхніх гаспадароў не паквапіцца, цьмяная лампадка на Вострай браме паглядала дакорліва, не абяцаючы ратунку без раскайвання і епітыміі, і не заставалася іншага шляху, як пераскочыць цераз знаёмую каменную агароджу з вышчарбінкамі, куды так зручна ставіць ногі, трохі перачакаць, каб крокі пагоні сціхлі, пагладзіць рудога калматага сабаку па мянушцы Піфагор і пашкрэбсціся ў зачыненую зялёную аканіцу, стараючыся прасіцца як мага больш жаласна:
— Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакоя згубіў, не магу патрапіць у канвент… I нагу падвярнуў…
I пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку — заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, танчыць на балі ў Варшаве - бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча герба “Гіпацэнтаўр”. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, I Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны саславутага роду Багінскіх.
Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву, на Вялікае Княства Літоўскае, якое зноў чакалі вялікія перамены, а гэта значыць, узрушэнні, рушэнні і расчараванні.
Людміла Рублеўская (сапр.: Людміла Іванаўна Шніп) нарадзілася 5 ліпеня 1965 у Мінску — беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.
Нарадзілася ў сям'і служачых. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе.
Працавала загадчыкам аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыкам аддзела мовы ў газеце «Наша слова». У 1996-2003 гадах працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»: спачатку ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактарам аддзела літаратуры. З 2003 года працуе аглядальнікам аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия»