Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах

Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах
7.69 р.
Вага: 620 г
Памеры: 135x205 мм



Раман, аповесці, апавяданні / Людміла Рублеўская.— Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 526 с. — Цвёрдая вокладка.

ISBN: 978-985-02-1428-7

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман "Скокі смерці", у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў.

Таксама ў кнігу ўвайшлі: аповесць "Ночы на Плябанскіх млынах", дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну; цыкл "Старасвецкія міфы горада Б*", што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка.

Асобным раздзелам змешчаныя апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю.

У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.

Людміла Рублеўская

ЗМЕСТ

НОЧЫ НА ПЛЯБАНСКІХ МЛЫНАХ. Містычная аповесць

СКОКІ СМЕРЦІ. Гатычны раман

СТАРАСВЕЦКІЯ МІФЫ ГОРАДА Б*
Артэміда і Актэон
Апалон і Марсій
Арфей і Эўрыдыка
Скрыня Пандоры
Нарцыс і Рэха
Сідон і Траяніцы
Семела і Юпітэр
Узнясенне Ганімеда
Адысей і Сірэны
Ахілесава пятка
Пігмаліён і Галатэя
Геракл у Адмета

ШЛЯХЕЦКІЯ АПАВЯДАННІ
Слова гонару
Кветка вераніка
Лікантроп
Гайвароны
Хлебазоры
Цені забытага карнавалу
Лом з драўлянымі львамі
Экскурсавод

ГІСТОРЫІ ПАНІ. Нявыдуманыя аповеды
Як у мяне была швейная машынка «Зінгер»
Як я была прывідам
Як я вазіла транзістары і рэзістары
Я, Літінстытут і Кальварыя
Як мы з мамай мяжу парушалі
Як я святкавала ў Празе Дзень палення ведзьмака
Як я ў кіно з манахамі хадзіла
Я і Матлюба
Як мая сяброўка тапілася ў Свіслачы
Я і дачка сібірскага злодзея
Я і штучныя кветкі
Як мы ў Кіеве начавалі
Я, ангельская каралева і белыя пальчаткі

АПАВЯДАННІ
Кветка малайскага лёну
Шклянка цемры з прысмакам крыві
Дыярыуш пані
Жаніх панны Данусі
Жалезная Кнопка
Масоўка
Адзінка
Іслачскія імпрэсіі
Сяброўкі

 

Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах

 

Рублеўская Людміла. Ночы на Плябанскіх млынах

 


Людміла Рублеўская пра кнігу:

“У кнігу ўвайшлі творы, што не выдаваліся ў іншых кнігах, але маюць часопісныя варыянты. Таксама тут апублікаваны раздзел “Старасвецкія міфы горада Б*”, які выдаваўся асобнай кнігай, але вельмі даўно не перавыдаваўся. А на гэтую кнігу быў і ёсць вялікі попыт. Я таксама здзейсніла акт асабістай смеласці і ўключыла ў зборнік цыкл “Гісторыя пані. Нявыдуманыя аповеды”. Гэта рэальныя гісторыі, якія я змяшчала ў сваім блогу. Тыя, хто чытаў мае кнігі, ведаюць, што я адрозніваюся буйнай фантазіяй, у маіх творах намяшана і рамантыка, і фантасмагорыі, і містыфікацыі… Але ў гэтым цыкле нявыдуманых гісторый — чыстая праўда. У гэтым раздзеле чытачы знойдуць факталагічную падставу для маіх мастацкіх твораў, стане зразумелым, адкуль што пайшло”.

 


Урывак з "Ночы на Плябанскіх млынах".

Гісторыя пра Плябанскія Млыны.

Я ня ведаю, чаму людзі так любяць страшныя гісторыі. Вядома, усе прагнуць цудаў. Бяз веры ў цуд душа сьляпая, нібы начны матыль. Але вельмі часта ў пошуку незвычайнага мы ляцім, як тыя матылі, не да зор, а на агеньчык сьвечкі альбо газоўкі… І з тым жа сумным вынікам, што й для сапраўднага матыля. І ня трэба пасьмейвацца нада мной – я ведаю, што вы і так лічыце мяне занадта… разважлівай. Што зробіш? Я расла ў сям’і настаўнікаў, дзе слова “маральнасьць” гучала часьцей, чым слова “сьвята”. Усе ведаюць, што паводкі бываюць у нас з-за Плябанскай плаціны. Пабудавалі яе дзеля млыноў… Адзін належыць дамініканскаму касьцёлу, другі – архіерэйскаму дому. І закінутыя даўно млыны, але горад так і ня змог пры­браць плаціну, якая ператварае раку ў гніючую сажалку, бо і касьцёл, і царква запрасілі за сваю маёмасьць гэтулькі, што гараджане паўвеку зьбіралі грошы на выкуп. Але ёсьць і іншае вытлумачэньне. Бо калісьці менавіта паўз гэтае месца плыў па рацэ абраз Маці Боскай Менскай… Супраць плыні, са спаленага Кіева, кінуты ў ваду татарынам. Месьцічы знайшлі абраз у Траецкім, бо раніцай над берагам зьявілася дзіўнае сьвятло. Дасюль сьвятыня перахоўваецца ў менскіх храмах і апякуецца нашым горадам, і, дасьць Бог, будзе апекавацца вечна… Тым больш гавораць, што маляваны абраз рукою самога апостала Лукі. Калісьці княгіня Друцкая, вельмі пабожная, замовіла для абраза дзівосны аклад — са срэбра, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Можна, вядома, разважыць — навошта тыя каштоўныя аклады, калі для верніка галоўнае ня бляск камянёў, а аблічча сьвятога, і Багародзіца не ў кароне і срэбных шатах, а басанож па зямлі хадзіла. Але любая ахвяра, дадзеная з верай і любоўю, ня будзе адвергнутая. Нават бедны блазан, які, ня маючы што прынесьці ў дарунак Прасьвятой Дзеве, пачаў паказваць перад ёй сваё грэшнае мастацтва і заслужыў ад яе апладысьменты – драўляная скульптура зварухнулася. Так, людзі заўсёды спадзяюцца на цуд. Спадзяваліся і нашыя продкі, калі да гораду набліжалася войска татарскага цемніка Менглі-Гірэя. Але нашыя продкі ведалі і тое, што трэба бараніць сваю радзіму да апошняга. Напярэдадні па горадзе прайшлася пошасьць, вояў не хапала, і надзей на выратаваньне было менш, чым вады ў прысаку. Жанчыны і мяшчанкі, і шляхцянкі, шчыльна падвязвалі валасы белымі хусткамі і дзялілі месцы на абарончых валах, дзеці, нават самыя малыя, глядзелі на іх сухімі вачыма і сьцягвалі каменьні ў кучы – не для гульні, а для абароны. Дымы далёкіх вогнішчаў, быццам хвасты чорных лісіцаў, хісталіся ля лесу – там спыніліся ворагі. Тады ноччу ў царкве княгіня Друцкая – ці то паводле пабачанага ў сьне, ці так спрарокаваў юрад на паперці, а ў такое верылі неабвержна, — з малітваю дастала з акладу сьвятога абраза чатыры каштоўныя камяні – смарагд, хрызаліт, бірузу і чырвоны карбункул, паклала кожны камень у срэбны куфэрак і паслала давераных людзей, каб тыя закапалі камяні ў чатырох канцах гораду. Пакуль тыя камяні будуць у зямлі, ніякі вораг горад ня зьнішчыць. Самы каштоўны і прыгожы, чырвоны, як золак, камень – карбункул – закапалі ля Плябанскіх млыноў… І горад на той раз ацалеў – прыйшла дапамога… Праўда, зацішак доўжыўся нядоўга. Захоплівалі наш горад расейцы, шведы, палякі, немцы… Відаць, пры­бралі хцівыя рукі закапаныя сьвятыя камяні. Але рубін каля млыноў заставаўся… Таму й горад не зьнікаў, адраджаўся зноў і зноў. Ня ведаю, якім чынам, але пра скарб даведаліся. І што б вы думалі? Знайшліся людзі, што пачалі яго шукаць! Некаторыя з-за верніцкага імпэту. Бо невядома было, ля якога млына сьвятая рэліквія: ля таго, што належаў касьцёлу, або ля таго, што належаў праваслаўнай царкве. А які гэта быў бы доказ праўдзівасьці канфесіі! Абодва млыны дружна малолі муку, адна вада круціла іх колы, і ніхто не дзяліў хлеб на лепшы і горшы ад таго, на якіх жорнах было змолатае зерне… Але людзі, пакуль іх ня зьмеле на сваіх жорнах сьмерць, дзеляцца і дзеляць, і заўсёды знаходзяць падставу дзеля нянавісьці. Ну а іншыя, зьняверцы, і каталікі, і праваслаўныя, сьмеючыся над забабонамі, проста хацелі пабагацець. Капалі таемна, крадма, шнырылі ля вадзяных колаў, заглядвалі ў скляпеньні, шукаючы срэбнага куфэрку з карбункулам… Але заўсёды былі й тыя, хто даражыў запаветамі продкаў і гатовы быў бараніць сьвятое любой цаной. Таму неаднойчы нараніцу воды Сьвіслачы прыбівалі да берагу мёртвае цела з расьсечанай мечам галавой. І пачалі гаварыць, што млыны – месца небясьпечнае, што там па начах жыве нячыстая сіла, і ва­дзянікі круцяць іх колы, не зважаючы на сьвятыя малітвы. Але пра якія млыны так не гавораць?

Прайшло дзьвесьце гадоў ад таго часу, калі княгіня Друцкая дастала з рызы сьвятога абраза чатыры камяні. На адным з млыноў – ніхто ня памятае, на якім – шчыраваў пабожны і ціхмяны млынар. Быў ён дужы, як усе млынары, бо лёс іхні – усё жыцьцё насіць цяжкія мяхі, і, нягле­дзячы на ціхі нораў, мог абараніць свой млын. І дачка ягоная была ціхмянай і набожнаю… Мне вельмі хацелася б сказаць, што яна была прыгожай, але гэта ня так. Яе вочы былі моцна скошаныя, і млынароўна, відаць жа, лічыла, што лёс яе прадвызначаны гэтак жа, як прадвызначаны ён у разьбітага збанка… Хаця што такое жаночая прыгажосьць? Вось камусьці з венцаносцаў імпануе тонкі стан, і няшчасныя дзяўчаткі ад маленства зацягваюцца ў гарсэты, аж ссоўваюцца рэбры, і ад немагчымасьці напоўніцу ўздыхнуць прыгажуні штогадзіны губляюць прытомнасьць... Тым самым пацьвярджаючы міф, якія яны слабенькія ды пяшчотныя, быццам крылцы матылька… А раней цягам стагоддзяў імітавалі цяжарнасьць – бо камусьці з вяльможных паноў спадабалася менавіта гэта… Палюбоўніца французскага караля на шпацыры змацоўвае прычоску карункавай падвязкай ад панчохі – каралю падабаецца, і вось дамы, адна перад адной, грувасьцяць сабе на галаву вежы з карункаў, дадаючы каркас з дроту, кветкі, птушкі… Прычоска – на паўгода, спаць на адмысловых падушках-зэдлічках, часалкі для галавы – ганяць “жыўнасьць”, ня шко­дзячы прычоску.

Так што я ня ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданьні.

 

Людміла Рублеўская сапраўднае: Людміла Іванаўна Шніп (5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык. Нарадзілася ў сям'і служачых. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала загадчыкам аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыкам аддзела мовы ў газеце «Наша слова». У 1996-2003 гадах працавала ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»: спачатку ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактарам аддзела літаратуры. З 2003 года працуе аглядальнікам аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия».

Першы верш надрукавала ў 1983 (газета «Знамя юности»). Аўтар зборнікаў «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), аўтар аповесцяў «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.


Раім таксама паглядзець:
Рублеўская Людміла. Сутарэнні Ромула
6.29 р.

Рублеўская Людміла. Сутарэнні Ромула

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай: «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» і «Сутарэнні Ромула» атрымалі шырокі розгалас. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці.

Марціновіч Віктар. Сфагнум
6.49 р.

Марціновіч Віктар. Сфагнум

Другі наклад бэстсэлера 2013 года!

Трое маладых злачынцаў забіваюць падзельніка і губляюць чужыя грошы, якія цяпер давядзецца вяртаць любой цаной. Яны вырашаюць залегчы на дно ў маленькай вёсцы, ратуючыся адначасова ад крэдытораў і крымінальнага вышуку... Рукапіс рамана "Сфагнум" яшчэ да выдання быў намінаваны і трапіў у "доўгі спіс" рускай літаратурнай прэміі "Нацыянальны бэстселер".

Рублеўская Людміла. Сэрца мармуровага анёла
6.49 р.

Рублеўская Людміла. Сэрца мармуровага анёла

Героям даводзіцца разгадваць таямніцы беларускай гісторыі, рабіць складаны выбар паміж здрадай і подзвігам, самаахвярнасцю і спакойным жыццём, шукаць скарбы, біцца на двубоях і змагацца за сваё каханне.