Сахута Яўген. Беларуская выцінанка

Сахута Яўген. Беларуская выцінанка
2.17 р.
Вага: 790 г
Памеры: 175x245 мм



Мінск : Беларусь, 2008. – 230 с. : іл.

ІSBN 978-985-01-0804-3

У гісторыі нацыянальнай культуры ёсць нямала амаль забытых відаў народнай творчасці, якія апошнім часам выклікаюць усё большую цікаўнасць, што стымулюе іх адраджэнне і развіццё. У поўнай меры гэта тычыцца выцінанкі. Цяпер яна – неад'емны элемент разнастайных выставак, ёю займаюцца ў дзіцячых садках, школах, студыях, дамах рамёстваў.

У прапанаванай, багата ілюстраванай кнізе абагульнены і гісторыя, і сучасны стан, і мастацкія асаблівасці, і нацыянальныя адметнасці беларускай выцінанкі.

ЗМЕСТ

Уводзіны
Мастацтва папяровых выразак: ад Кітая да Беларусі
Сучасная беларуская выцінанка
Вядучыя майстры выцінанкі

Бабурына Вольга
Бярнадская Наталля
Вяль Святлана
Гамаюнава Наталля
Гаравая Людміла
Дзенісевіч Вольга
Дубінка Вячаслаў
Казачонак Людміла
Лабунова Таццяна
Малышэўскі Юрый
Маркавец Таццяна
Муліца Станіслаў
Сакалова-Кубай Ніна
Сухая Наталля
Талерчык Алеся
Харлінская Вольга
Шаліма Алена

Belarusіan Wytsіnanka / пераклад І. Дз. Галяшэвіча
Літаратура

УВОДЗІНЫ

У гісторыі нашай культуры нямала відаў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, калісьці досыць папулярных, затым практычна забытых, а сёння адроджаных, вернутых фактычна з небыцця, на новым узроўні ўключаных у сучасныя культурныя працэсы. У поўнай меры гэта датычыць і мастацтва стварэння ажурных узораў з паперы – выцінанкі.

У свой час гэты від народнага мастацтва перажыў кароткі, але прыкметны росквіт. У канцы XІX і асабліва ў першай палове XX ст. ажурныя папяровыя ўзоры можна было бачыць амаль у кожнай хаце. Некаторае ажыўленне традыцыі назіралася ў пасляваеннае дзесяцігоддзе, затым выцінанка практычна знікла з народнага побыту, пакінуўшы след хіба толькі ў людской памяці.

Шырокі ўздым цікавасці да набыткаў нацыянальнай культуры, характэрны для апошняга часу, выклікаў адраджэнне і развіццё многіх практычна забытых відаў народнага мастацтва і народных мастацкіх рамёстваў. І справа тут не толькі ў нашым усведамленні іх каштоўнасці як арганічнай часткі нацыянальнай культуры, неабходнасці падтрымліваць, адраджаць і развіваць мастацкую спадчыну нашых продкаў. Як аказалася, традыцыйныя мастацкія рамёствы – зусім не "архаіка" ці музейны набытак, а вельмі сучасная з'ява, якая пры ўмелым, беражлівым, клапатлівым падыходзе арганічна і натуральна ўключаецца ў наш сучасны побыт.

Наталля Сухая. Каляды. 1996 г. (З серыі ''Беларускія народныя строі''). Ілюстрацыя з кнігі

Найярчэйшай ілюстрацыяй гэтых працэсаў якраз і з'яўляецца выцінанка. Сёння мы назіраем не проста адраджэнне, а імклівы ўзлёт, які літаральна за дзесяцігоддзе вывеў выцінанку ў шэраг найбольш папулярных відаў сучаснага народнага мастацтва. Пры гэтым прыкметна змяніўся і яе характар – ад досыць простых, сціплых у мастацкіх адносінах вырабаў да высокадэкаратыўных твораў станковага характару.

Натуральна, што працэсы адраджэння на новым узроўні забытых старонак нацыянальнай культуры выклікаюць патрэбу ў высвятленні традыцый і набыткаў на гэтай ніве. Як аказалася, у параўнанні з іншымі відамі беларускага народнага мастацтва традыцыйная выцінанка не пакінула амаль ніякага рэальнага следу. Прычыны гэтага розныя, і перш за ўсё адносіны да выцінанкі саміх майстроў. Калі, напрыклад, тканы ці вышываны абрадавы ручнік мог перадавацца з пакалення ў пакаленне, то зробленыя з таннага нетрывалага матэрыялу ажурныя папяровыя ўзоры штогод (а то і некалькі разоў на год) замяняліся новымі, старыя ўзоры без жалю выкідвалі, таму шукаць іх сёння ў традыцыйным побыце – марны занятак. Не паклапаціліся сабраць іх у свой час музеі, не згадваюць у сваіх працах даследчыкі матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Такую няўвагу даследчыкаў народнай культуры беларусаў да выцінанкі можна растлумачыць адносна познім ажыўленнем беларускай этнаграфічнай і мастацтвазнаўчай навукі. Таму даводзіцца канстатаваць відавочны факт: калі ў нашых суседзяў – палякаў, украінцаў, літоўцаў – публікацыі пра выцінанку з'явіліся яшчэ ў пачатку XX ст., а багатыя музейныя калекцыі захоўваюць узоры стогадовай даўнасці, то беларускія даследчыкі нічога гэтага не маюць.

Нельга не адзначыць пры гэтым, што адносіны да выцінанкі як віду народнага мастацтва не зусім адназначныя. Калі літоўскія, украінскія, польскія, славацкія даследчыкі даўно вызначылі належнае месца выцінанкі ў культуры сваіх народаў, то даследчыкі рускага народнага мастацтва адносяцца да яе досыць скептычна. Відаць, гэта можна патлумачыць як слабою пашыранасцю выцінанкі ў рускай народнай культуры, так і не надта выгадным параўнаннем яе з глыбока традыцыйнымі відамі народнага мастацтва. На першы погляд як быццам лагічна: і гісторыя выцінанкі не надта багатая, і матэрыял нетрадыцыйны, і выступала яна часта ў якасці часовага і больш таннага заменніка тканін, карункаў, вышыўкі. Тым не менш у гэтым выпадку варта кіравацца прынятым у мастацтвазнаўстве правілам: калі нейкі від творчасці перажыў больш чым тры пакаленні майстроў, яго можна залічваць да народнага мастацтва. А перыяд актыўнага бытавання выцінанкі куды большы, і за такі час яе стваральнікі выпрацавалі характэрныя для такіх вырабаў і адначасова глыбока традыцыйныя мастацкія сродкі і прыёмы, што дазволіла іх творам арганічна ўключыцца ў інтэр'ер народнага жылля, не ствараючы дысанансу з узорамі іншых відаў народнага мастацтва. Вызначаецца выцінанка і нацыянальнымі адметнасцямі, што заўсёды было ўласціва глыбока традыцыйным відам народнага мастацтва.

І ўсё ж пры гэтым нельга не зазначыць, што няпоўнае стагоддзе актыўнага бытавання выцінанкі – не надта значны час у эвалюцыі народнага мастацтва, каб паспець выпрацаваць такую дасканаласць формаў і дэкору, як, скажам, у ткацтве, вышыўцы, разьбярстве, ганчарстве. Таму ў мастацтве выцінанкі (у тым ліку і нашых суседзяў) шмат выпадковых матываў, чужых уплываў, пераймальніцтва, нярэдка пераважае ярка выяўленая індывідуальнасць ці звычайная самадзейнасць. Гэта асабліва прыкметна ў сучаснай беларускай выцінанцы, паколькі нават пры ўсім жаданні майстроў абапірацца на яе традыцыі яны сутыкаюцца з ужо адзначанай практычна чыстай старонкай у айчынным мастацтвазнаўстве.

Першай спробай запоўніць гэтую старонку стаў артыкул у часопісе "Мастацтва Беларусі" канца 1980-ых гадоў – часу прыкметнага росту цікавасці да забытых відаў традыцыйнага народнага мастацтва. Ён тэзісна, зыходзячы з наяўнага на той час нешматлікага матэрыялу, акрэсліваў гісторыю і тагачасны стан выцінанкі ў Беларусі, характарызаваў яе мастацкія асаблівасці і тэхналагічную спецыфіку. Прапанаваная ў артыкуле класі-фікацыя выцінанкі паводле сваіх тэхналагічна-кампазіцыйных разнавіднасцей і сёння без нейкіх дапаўненняў і змяненняў выкарыстоўваецца ўсімі, хто звяртаецца да гэтага віду народнага мастацтва Беларусі.

Прыкметная патрэба ў метадычным забеспячэнні шырокай цікавасці да "мастацтва паперы і нажніц" выклікала з'яўленне некалькіх дапаможнікаў практычнага характару, што давалі магчымасць авалодаць асноўнымі прыёмамі стварэння выцінанак усім, хто хацеў асвоіць гэты тэхналагічна досыць даступны від народнай мастацкай творчасці2. У сваю чаргу, гэтыя выданні паспрыялі росту цікавасці да выцінанкі практычна ва ўсіх кутках Беларусі з ахопам шырокага дыяпазону ўзростаў, пачынаючы з выхаванцаў дзіцячых садкоў.

У выніку сёння выцінанку можна лічыць адным з найбольш папулярных відаў сучаснай народнай мастацкай творчасці, які, бадай, ідзе ўпоравень з такім нацыянальным феноменам, як саломапляценне. Выцінанка – абавязковы экспанат разнастайных выставак сучаснага народнага мастацтва, у гэтай галіне праводзяцца разнастайныя конкурсы і святы, наладжваюцца семінары-практыкумы і майстар-класы. Многія ўстановы культуры, народныя майстры, аматары мастацкай творчасці сабралі цікавыя калекцыі ўзораў сучаснай выцінанкі. Таму, думаецца, ужо наспеў час сабраць лепшыя і найбольш характэрныя творы ў гэтай галіне беларускага народнага мастацтва ў грунтоўным выданні, каб упершыню прыстойна і годна прадставіць яе шырокай грамадскасці – так, як гэта ўжо даўно зрабілі нашы суседзі.


Раім таксама паглядзець:
Нявечны каляндар / Ephemeral Calendar
9.49 р.

Нявечны каляндар / Ephemeral Calendar

Надзвычай стылёвы каляндар, зроблены "выцінанкай". Ідэя – усё паўтараецца, усё адбываецца паралельна і адначасна ў мінулым і ў будучым. Паўтараюцца таксама ілюстрацыі выразак на адным і на другім баку календара, якія зачыняюцца па прынцыпе аканіц.

Мастацтва ў школе. Жывапіс, скульптура
5.99 р.

Мастацтва ў школе. Жывапіс, скульптура

Выяўленчае электроннае выданне ў фармаце Data-CD. Выпуск 1. Падрыхтавана ў адпаведнасці з школьнымі праграмамі агульнаадукацыйных і спецыялізаваных школ.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагод
3.24 р.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагоддзя

= Национальны художественный музей Республики Беларусь. Искусство XV – начала XX века = The National Art Muzeum of the Republic of Belarus. The 15th – early 20th Century Art. Альбом / Аўтары-складальнікі: Ю. А. Піскун, Н. Ф. Высоцкая, А. У. Карпенка і інш. 2-е выданне – Мінск: Беларусь, 2006. – 336 с. Цв. вокл. На беларускай, рускай і англійскай мовах.