Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Шамякін Іван. Сэрца на далоні

Шамякін Іван. Сэрца на далоні
4.99 р.
Вага: 600 г
Памеры: 130x200 мм



Раман. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2008.— 542 с. — (Бібліятэка школьніка).

ISBN 978-985-02-1034-0.

У кнігу ўвайшоў раман народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», які ў 1968 годзе разам з пенталогіяй «Трывожнае шчасце» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа. Твор прысвечаны жыццю гарадской інтэлігенцыі — партыйных работнікаў, журналістаў, урачоў.


Урывак

Тараса пачала раздражняць Славікава прэтэнзія на глыбакадумнасць і разважлівасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананні, а проста так - модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, і ён стрымліваў сябе. Але тое, што сказаў Славік пра настаўнікаў, яго проста-такі ўзарвала.

- Хто гэта «атлусцелыя дзядзькі»? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесілі. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнікі? Ты...

Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць і не на поўны голас. Але словы яго, відаць, пачулі многія. На іх пачалі звяртаць увагу. Першы гэта прыкмеціў Славік. Азірнуўся насцярожана, прашаптаў добразычліва:

- Цішэй.

Тарас схамянуўся.

Па радыё абвясцілі, што да адыходу хуткага цягніка «Кіеў - Ленінград» засталася адна хвіліна. Пасажыры паспешліва пакідалі залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасіў: «Бора, пішы! Кожны дзень пішы!» Другі, мужчынскі: «Мама, пацалуй Аньку за мяне!»

Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокімі вокнамі. У адным акне - дзявочы твар, прыгожы і сумны. Тарасу стала шкада яе:

«Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. І ў ім многа радасці. Каб я мог падараваць табе радасць...»

Вагон ціха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позіркам. Ён усміхнуўся ёй і развітальна памахаў рукой. Яму таксама зрабілася трошкі сумна. Плылі вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнік і фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калі нарэшце Славік адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаіць графінчык з каньяком, гуркі, бутэлька нарзану.

- Пра што задумаўся, маэстра?

- Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такія дзеці?..

- Дурныя, хочаш сказаць? І маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем і паразважаем на гэтую тэму.

Славік звыкла прыгожым рухам наліў у чаркі, падсунуў Тарасу гуркі. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.

- Будзь здароў, камбрыгадзір! - і, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой і смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзіла вельмі натуральна.

Тарас выпіў паўчаркі, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солі - па-дамашняму, грунтоўна. І, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнанні са Славікам. Рукі, такія хуткія і ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлі з-пад улады. Гэта трохі выбівала з каляіны. Глушыла дасціпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славіка. А той зноў наліў сабе да ўзроўню - колькі засталося ў Тараса, але не выпіў. Заціснуў чарку ў далоні, нахіліўся над сталом. Шчокі яго заружавеліся, вочы сталі масляністыя і больш шырокія, а то ён усё прыжмурваў іх. Голас панізіў да шэпту:

- А ты лічыш, мае бацькі разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелі б выхаваць мяне інакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..

Тараса здзівіла і насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта ці зноў пазёрства?

- Сын журналіста, пісьменніка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кім паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, і ніхто не ведае Шыковіча. Хто чытае сумныя фельетоны і нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзіў у школу, выступаў - вучні раўлі ад захаплення. А я задзіраў нос: ні ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся, як той сыр у масле.

 

Іван Шамякін – беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Макаўскую сямігодку. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940), працаваў у Беластоку. У 1940—1945 у Чырвонай Арміі — камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945—1948 настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага р-на. З 1946 вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, быў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна».

Падрабязней пра аўтара ў Вікіпедыі.

Віртуальны музей Івана Шамякіна.


Раім таксама паглядзець:
Мележ Іван. Людзі на балоце
6.49 р.

Мележ Іван. Людзі на балоце

Раман з "Палескае хронікі". Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час гучаньня 18:13:55. Чытае Андрэй Каляда. (p) "BelTonMedia".

Раман "Людзі на балоце" бясспрэчна ўваходзіць у залаты фонд шэдэўраў усясьветнае прозы ХХ стагодзьдзя. Гэтаю кнігаю İван Мележ бліскуча распачаў так званую "Палескую хроніку" – сэрыю раманаў, прысьвечаных няпростаму, "нiшчымнаму" жыцьцю звычайнага беларускага селяніна ў палескай вёсцы Куранi.

Караткевіч Уладзімір. Чазенія
4.99 р.

Караткевіч Уладзімір. Чазенія

У кнігу ўвайшлі аповесць "Чазенія", а таксама навэла "Кніганошы" і апавяданні "Барвяны шчыт", "Паром на бурнай рацэ", "Сіняя-сіняя..." ды іншыя творы, прасякнутыя любоўю да прыроды і гісторыі роднай Беларусі, у якіх апяваецца хараство і духоўная прыгажосць чалавека.

Сямнаццатай вясной. Зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі
6.29 р.

Сямнаццатай вясной. Зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі

Пад адной вокладкай аб’яднаны хрэстаматыйныя творы і літаратуразнаўчыя артыкулы: аповесць Васіля Быкава "Пакахай мяне, салдацік", апавяданні Івана Навуменкі "Семнаццатай вясной", "Хлопцы самай вялікай вайны", Івана Чыгрынава "Дзівак з Ганчарнай вуліцы", "У ціхім тумане", Міхася Стральцова "Двое ў лесе", "На чацвёртым годзе вайны". У літаратурна-крытычных артыкулах, уключаных у кнігу, аналізуюцца прыведзеныя творы і расказваецца пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў.