Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook ці ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах
5.99 р.
Вага: 1230 г
Памеры: 165x245 мм



Гэтая кніга, па сутнасці, – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава, ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі. Сярод змешчаных тут матэрыялаў асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя архіўныя дакументы, рукапісы і эпісталярная спадчына В. Быкава з фондаў больш як дваццаці дзяржаўных музеяў і архіваў ды прыватных збораў, а таксама артыкулы ў перыядычным друку.

Мінск – Гародня, 2009. – 734 c. [20] с.: іл. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны, Гарадзенская бібліятэка. Людзі Беларусі: кн. 2, ч. 1).

ISBN 978-83-61617-89-1

Гэтая кніга, па сутнасці, – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава, ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі.

Сярод змешчаных тут матэрыялаў асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя архіўныя дакументы, рукапісы і эпісталярная спадчына В. Быкава (у тым ліку франтавыя лісты 1944 – 1945 гг.; ліставанне з А. Адамовічам, В. Аскоцкім, В. Астаф'евым, Р. Барадуліным, І. Дзядковым, В. Каверыным, Л. Лазаравым, В. Някрасавым, А. Твардоўскім, часопісам "Новый мир" ды інш.) з фондаў больш як дваццаці дзяржаўных музеяў і архіваў ды прыватных збораў, а таксама артыкулы ў перыядычным друку (пачынаючы з 1948 г.) і ўспаміны (у тым ліку Ч. Айтматава, С. Алексіевіч, Г. Бакланава, С. Быкава, В. Быкавай, Г. Бураўкіна, Б. Васільева, М. Гарбачова, І. Карпюк, У. Някляева, З. Пазьняка, А. Пяткевіча, С. Шушкевіча, А. Якаўлева).

Пры падборы ілюстрацыйных матэрыялаў перавага аддавалася малавядомым фотаздымкам В. Быкава, пэўная частка якіх друкуецца ўпершыню.

ЗМЕСТ

Як неба...
Уступнае слова Рыгора Барадуліна

"...А праўда застанецца"
Ад аўтара

"...Ён быў проста лепшым"
Замест пралога

"У маёй памяці многа суму"
1924–1941. Бацькі. Дзяцінства. Школа. Мастацкае вучылішча ў Віцебску. ФЗН

"...Я пакуль жывы. Ваюю"
Чэрвень 1941-га – май 1945-га. Вайна. Май 1945-га – люты 1947-га. Балгарыя, Украіна. Дарэмныя мары аб дэмабілізацыі

"Я не хацеў служыць ні аднаго дня"
Май 1947-га–1949-ты. Гродна. Мастацкая майстэрня. «Гродненская правда». Школа "чыстага" журналізму. 1949–1955. Далёкі Усход

"Панылы няўдачнік В. Быкаў"
Снежань 1955-га – 1959-ты. Гродна. Першая аповесць («Апошні баец» (1957). Прыём у СП БССР

"У апавяданнях 1950-х В. Быкаў падобны на неабстралянага байца"
Апавяданні 1951–1963 гг.

"Героі ці ахвяры лёсу?"
"Жураўліны крык" (1959)

"Новы вобраз у беларускай літаратуры"
"Здрада" ("Фронтовая страница") (1960–1961)

"Запомніце гэта імя"
"Трэцяя ракета" (1961)

"Нясвоечасовы" аўтарскі ўспамін"
"Адна ноч" ("Проклятье") (1961)

"Такога сюжэта яшчэ не было ў нашай літаратуры"
"Пастка" (1962)

"Крок не наперад, а ўбок"
"Альпійская балада" (1963)

"Пакутую пішучы, а найбольш – выдаючы"
"Гродненская правда". Літаб'яднанне. Сям'я

"Тое, што хачу, я ўсё роўна скажу"
Рым; знаёмства з А. Твардоўскім. "Мёртвым не баліць" (1965) у "Маладосці"

"Насуперак праўдзе жыцця"
1966. "Мертвым не больно" ў "Новом мире": рэдакцыйны артыкул у "Советской Белоруссии"; ліст 53-х; рэакцыя КДБ СССР

"Па законах партыйнай праўды"
Шальмаванне "Мёртвым не баліць"

"Я ім не Го Мажо"
Май 1966-га. V з'езд СП БССР

"Такі лёс літарацкі"
1966. Калектыўныя лісты: у абарону А. Сіняўскага і Ю. Даніэля; "Не вам беларусамі звацца!" 1967. Знаёмства з А. Салжаніцыным

"Я ўжо гатовы быў змоўкнуць"
"Праклятая вышыня" ("Атака с ходу") (1967)

"На чый млын лье ваду Васіль Быкаў?"
"Круглянскі мост" (1968)

"КДБ мае звесткі..."
Магчымасць эміграцыі

"Сотнікаву" ён застаўся больш верным, чым Твардоўскаму"
"Сотнікаў" (1969)

Васіль Быкаў з Аляксеем Карпюком. Мінск, 30 мая 1962 г. Фота з кнігі ''Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1''

ЯК НЕБА

Быкаў як неба – яго хапала на ўсіх, акрамя сябе.
Неба ясьніць позірк і ўзвышае душу.
Неба пялегвае і асланяе.
Роднае неба...
Адны ня могуць жыць бязь неба.
Іншыя робяць патугі не заўважыць і зьняважыць неба.
Неба жывіць сьвятлом, бароніць ад змроку...
У кожнага народа неба сваё.
Васіль Быкаў быў крывіцкім, беларускім небам.
На неба гэтае гналі хмары ворагі беларушчыны.
Але запляміць неба немагчыма.
Хто плюе ў неба, плюе на сябе.
Васіль Быкаў быў пасланы нам Усявышнім, каб апомніліся, каб нарэшце ўспомнілі, хто мы і для чаго на зямлі жывем.
Васіль Быкаў прайшоў крыжовы шлях дзеля нас.
Васіль Быкаў чуў голас вышыняў і голас душы.
Апосталы вучаць, апосталы вястуюць – слухаць іх трэба душой растрывожанай.
Дзякуй тым, хто пры жыцьці сказаў сьветлае слова апосталу нацыі.
Ганьба тым, хто паклёпамі, даносамі, скогатам з усіх падваротняў караціў дні апосталу.
Слову Васіля Быкава трываліць Беларусь.
Слову Васіля Быкава быць з намі і ў радасьці, і ў бядзе.
Слову Васіля Быкава жыць у вяках!
Хочацца сказаць шчыры дзякуй укладальніку гэтай унікальнай кнігі. Яна будзе добрым падмуркам будучых тамоў дасьледчыкаў творчасьці вялікага пісьменьніка.
Фактычны матэрыял заўсягды пераконвае. Ён балюча, бо дакладна, паказвае час, у якім жыў і тварыў Васіль Быкаў. І яшчэ болей падкрэсьлівае мужнасьць сапраўднага таленту.
Праз усё жыцьцё Васіль Быкаў змагаўся за праўду.
А цяпер праўда кажа ўдзячнае слова пра свайго абаронцу.

Рыгор Барадулін,
Бычкі-Вушача 17 жніўня 2006 г.

Васіль Быкаў на Нёмане. 1962 – 1963 г. Фота з кнігі ''Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1''

"...А ПРАЎДА ЗАСТАНЕЦЦА"

У другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, калі "Новый мир" пасылаў аўтарам часопіса віншавальныя лісты, прыпісаў фразу, якая так падтрымала ў той час апальнага і гнанага пісьменніка з Гродна. Васіль Быкаў успамінаў: "Как при вспышке молнии, в темени явственно обнаружился ориентир, который я, ослепленный и растерянный, готов был потерять в громыхании критических залпов. Он дал мне возможность выстоять в самый мой трудный час, пошатнувшись, вновь обрести себя и остаться собой". Гэта былі чатыры словы, якія пасля сталі крылатымі: "Усё мінецца, а праўда застанецца".

З таго часу мінула ўжо не адно дзесяцігоддзе, разам з імі сцерліся з памяці і імёны многіх ганьбавальнікаў Васіля Быкава, засталіся ж яго творы і – праўда. Праўда Быкава, праўда пра Быкава. Акрэсліць, па магчымасці, гэтую праўду мы і ставілі на мэце.

Гэты твор – не мастацкая проза, аўтар імкнуўся вытрымаць прынцып дакументальнасці, разумеючы пад гэтым дакументальнасць у больш шырокім сэнсе. Безумоўна, адной з крыніц інфармацыі была мемуарная "Доўгая дарога дадому", аднак мы свядома абмяжоўвалі сябе ў яе цытаванні. Пазбегчы ж гэтага наогул не ўяўлялася магчымым, паколькі любы чалавек сам можа распавесці пра сябе значна больш, чым нехта іншы. Урэшце, акрамя цытавання самога Быкава (у тым ліку яго інтэрв'ю, газетных і часопісных публікацый), у кнізе шырока пададзеныя ўспаміны – апублікаваныя ці яшчэ не, а таксама падрыхтаваныя спецыяльна для гэтага выдання – сучаснікаў Васіля Быкава: яго сваякоў, сяброў і тых, хто быў удзельнікам ці сведкам розных падзей у яго жыцці. Адзначым, што тэксты, надрукаваныя ці напісаныя па-руску, падаюцца моваю арыгінала; тэксты на беларускай мове друкуюцца варыятыўна – у адпаведнасці з афіцыйна прынятым ці дарэформенным, а дакладней – аўтарскім правапісам.

Паколькі жыццёвая біяграфія кожнага пісьменніка неаддзельная ад гісторыі яго творчасці, значнае месца ў кнізе займаюць перш за ўсё вытрымкі з крытычных артыкулаў ці літаратуразнаўчых манаграфій. Але, прытрымліваючыся прынцыпу храналагічнасці, мы вымушаныя былі часам яго парушаць – напрыклад, цытуючы літаратурную крытыку пазнейшых часоў побач з крытычнымі артыкуламі, якія друкаваліся непасрэдна пасля выхаду ў свет таго ці іншага быкаўскага твора, і ў некаторых іншых выпадках.

Вядома, чытач заўважыць пэўны дысананс – аповед пра апошнія гады жыцця больш аб'ёмны і дэталёвы. Тлумачыцца гэта наяўнасцю значна большай колькасці сведчанняў. У далейшым гэты дысананс можа быць у нейкай ступені пераадолены, але толькі пасля таго, як будуць адкрытыя некаторыя спецархівы. Менавіта з названых прычын ды яшчэ з прычыны невычарпальнасці самой тэмы гэтая кніга не можа прэтэндаваць на паўнату аповеду пра Васіля Быкава. Урэшце, наўрад ці ў блізкай будучыні такая задача можа быць вырашаная, – дзеля гэтага спатрэбіцца вялікі калектыў даследчыкаў, гады руплівай працы і ў выніку – не два, а многія тамы быкаўскага жыццяпісу. Аднак будзем шчыра спадзявацца, што насамрэч – усяму свой час.

Аўтар

"Гэта своеасаблівая Быкаўская энцыклапедыя, дакументальнае сведчанне чалавечага і пісьменніцкага подзвігу выдатнага сына беларускага народа. У кнізе паслядоўна і поўна прасочаны сумленны і пакручасты шлях генія да вышынь сусветнай славы, ягоныя пакутлівыя пошукі ісціны і зацятае, свядомае служэнне праўдзе жыцця.

Лёс Васіля Быкава – неадрыўная, неабходная, бліскучая старонка гісторыі Бацькаўшчыны. І даследаванне Сяргея Шапрана ярка, таленавіта і ўражліва паказвае гэта".

Генадзь Бураўкін

"Па сваёй навуковай вартасці гэтая дакументальная кніга, у якой сабраны вельмі багаты фактычны матэрыял, не менш значная, чым самыя глыбокія праблемныя даследаванні, прысвечаныя выдатнаму пісьменніку Васілю Быкаву".

Дзмітрый Бугаёў

Васіль Быкаў. Чэрвень 1969 г. Фота з кнігі ''Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 1''

"Вялікая праца і яшчэ большая любоў да ўсяго, што ёсць Васіль Быкаў, – вось што такое гэтая кніга".

Уладзімір Някляеў

"Журналіст Сяргей Шапран здзейсніў тое, што павінен быў бы зрабіць калектыў быкавазнаўцаў, а менавіта сабраў і сістэматызаваў велізарны, часта маладаступны даследчыкам, матэрыял жыцця быкаўскага генія ў слове. Перад намі постаць Васіля Быкава на фоне натуры XX стагоддзя. Па сутнасці, размова ідзе пра трагедыю пісьменніка ў савецкім і постсавецкім грамадстве, яго штодзённую вайну за свабоду пісаць тое, што лічыў патрэбаю жыцця, і так, як хацеў.

Чытаючы старонку за старонкай гэты сапраўдны фаліянт, міжволі нанава і з асаблівай вастрынёй перажываеш драму часу, ад якога адставаў не Быкаў, як тое сцвярджалася быкавафобамі, f 20-мільённая кагорта бальшавікоў, гэбістаў і куды большае войска дабравольных даносчыкаў, стукачоў, віжоў у цывільным. Быкаў працаваў на будучыню, яны – на прамінулы дзень, на забыццё і чорную энтрапію.

Думаю, што ў гісторыі Беларускага Супраціўлення застануцца і імёны ўсіх, хто так ці інакш, маральна ці матэрыяльна спрыяў ажыццяўленню задумы Сяргея Шапрана".

Міхась Тычына

Падрабязней пра выданне "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах" тут.


Раім таксама паглядзець:
Геніюш Ларыса. Лісты з Зэльвы
11.99 р.

Геніюш Ларыса. Лісты з Зэльвы

У лістах Ларысы Геніюш знайшлі адлюстраванне самыя розныя падзеі – паўсядзённыя і эпахальныя. У іх споведзь паэткі, яе боль, яе гнеў, яе перажыванні, яе вялікая любоў да Беларусі. У зборнік увайшлі 420 лістоў, 366 зь якіх публікуюцца ўпершыню. Выданьне багата ілюстраванае ўнікальнымі фотаздымкамі.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах
5.99 р.

Шапран Сяргей. Васіль Быкаў: Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. Частка 2

Гэтая кніга – спроба адкрыць невядомыя, але адначасова важныя акалічнасці жыцця і творчасці пісьменніка, дзе упершыню выкарыстоўваецца эпісталярная спадчына а таксама архіўныя дакументы. Гэты том з'яўляецца лагічным працягам дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі, распачатага Сяргеем Шапранам у першай частцы.

Быкаў Васіль. Бліндаж
3.49 р.

Быкаў Васіль. Бліндаж

У новую кнігу класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава ўвайшлі творы, невядомыя беларускаму чытачу – аповесьці "Бліндаж" і "Апошні баец". Абодва творы яднае тое, што дзеяньне ў іх адбываецца напачатку Вялікай Айчыннай вайны.