Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Сямашка Яўген. Армія Краёва на Беларусі

Сямашка Яўген. Армія Краёва на Беларусі
2.99 р.
Вага: 420 г
Памеры: 145x205 мм



Мінск: Беларускае выдавецкае Таварыства "Хата", 1994. – 270 с.

ISBN 985-6007-09-7

Гэтую кнігу пачытае беларус, паляк, рускі, украінец, літовец. Успрымуць неадназначна. Але не застануцца абыякавымі. Ніхто.

Перакананасць наша ад ведання матэрыялаў, фактаў. Прыведзеныя дакументы, верыцца, нікога не пакінуць абыякавым. Ні таго, каго саджалі, ні таго, хто саджаў.

Дзейнасць Арміі Краёвай на Беларусі да гэтага часу фактычна "белая пляма" для нашага чытача. Пры напісанні кнігі аўтар выкарыстаў шматлікую літаратуру, выдадзеную на Захадзе, асабліва ў Польшчы, матэрыялы архіваў. Многія прыведзеныя ў кнізе дакументы друкуюцца ўпершыню. Ахопліваюцца падзеі ад верасня 1939 г. да жніўня 1954 г. Дадзены слоўнік незразумелых слоў і тэрмінаў.

ЗМЕСТ

Трэба расчысціць поле. Уступнае слова аўтара

ЧАСТКА 1. Прадвеснікі АК
Яшчэ да вайны
Абшар Беласток
Канспірацыя на Віленшчыне
Яны ішлі на ўсход
Пад ударамі НКУС
Узняўся меч над Віліяй
Арышты і дэпартацыя

ЧАСТКА 2. Пад знакам канцэпцыі "двух ворагаў"
У новых абставінах
"Ціхацёмныя"
"Вахляж"
"Вахляж". Участак 3
"Вахляж". Участак 4. "Мінскі кірмаш"
"Вахляж". Участак 4. Мінская трагедыя
"Вахляж". Участак 5
План "Навальніца" ("Бура")
Палеская акруга АК
Навагрудская акруга АК
Віленская акруга АК
У пошуках паразумення
Канфрантацыя
Свая кашуля бліжэй да цела
Аперацыя "Вострая Брама"

ЧАСТКА 3. Схватка даўжынёй у 10 гадоў
3 Рудніцкай пушчы ў Рускую (Гродзенскую)
Калі вайна адкацілася на Захад
Пеленгатар зафіксаваў
"Рагнар" і другія
Пасля загаду пра роспуск АК
Атаманшы
Пераломны 1948-ы
Няўлоўны "Олех"
Вяртанне нелегалаў
Свой сярод чужых
Тэрор і яго ахвяры
Адзіночкі
Было, прайшло, не вернецца... Замест заключэння
Максімальнае прыбліжэнне да берагу праўды
Пасляслоўе
Тлумачэнне незразумелых словаў і назваў арганізацыяў, якія сустракаюцца ў кнізе
Крыніцы

ТРЭБА РАСЧЫСЦİЦЬ ПОЛЕ
Уступнае слова аўтара

Ранняя вясна 1957 года. Паўстанак. Прыкладна пяцьдзесят кіламетраў да Літвы і сто да Польшчы. Сонечна, холадна. Дзьме сухі, пранізлівы вецер. На высокім чыгуначным насыпе стаю з бацькам, чакаем прыгараднага поезда. Побач – мужчыны з ваколіцы, рабочыя, едуць на другую змену. Пыхкаюць самакруткамі, вядуць няспешную размову пра жыццё-быццё. Падышоў яшчэ адзін пасажыр. Прывітаўся, спыніўся непадалёк, павярнуўся плячыма ў бок ветру, таксама закурыў, моцна закашляўся. Незнаёмцу гадоў пад сорак, у яго выхудлы, бледны твар. Адзеты ў ватнік цёмна-шэрага колеру, на нагах кірзавыя боты, на галаве – паношаная выцвілая кепка, якая калісьці, пэўна, была чорнай. Мужчыны на імгненне прыціхлі, затым адзін спытаў напаўголас:

– Хто гэта?

– А ты што – не пазнаў? – таксама паціху прамовіў другі. – Рышард Кміта вярнуўся. Памятаеш, у Станкевічах жыў. Чуў я, у Варкуце сядзеў, на шахце тыраў. Відаць, хапануў ліха. Паслухай, як бухае – нібыта ў бочку.

– А-а-а... Чаму ж не памятаю. У белых служыў. Бач, давалі ні то пятнаццаць, ні то ўсе дваццаць, а ён, выходзе, і дзесяці не адсядзеў.

– Вось яно як, выходзіць, не такія яны і вінаватыя былі, – заўважыў хтосці з размоўцаў.

– Кінь-кінь, – далучыўся да гутаркі чалавек у форменай фуражцы чыгуначніка.– У нас проста так не сядзяць. Было за што.

– Садзілі, ды яшчэ як, – запярэчыў чыйсьці голас. – Вазьмі тыя ж Станкевічы. Мужчынаў хапалі, разумею, было за што. А жанчынаў бралі за што? Нават з груднымі дзяцьмі звозілі. Усю вёсачку дачыста вымялі. Ды і мужчыны не ўсе былі замешаныя. Хоць бы гэты Рышард. Чым правініўся? Брат яго старэйшы, Антак, той сапраўды з карабінам швэндаўся. А Рышард увесь час дома сядзеў, са старым гаспадарку цягнуў. Нічога дрэннага не рабіў. А замялі.

– Скуль ведаеш?– не пагаджаўся чыгуначнік.– Дыму без агню не бывае...

Загудзеў паравоз, размова абарвалася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Усе кінуліся да вагонаў. У дарозе бацька неахвотна паддаўся на мае роспыты, коратка паведаў пра драматычныя падзеі, надараныя тут у канцы красавіка 1949 года, пра горкі лёс жыхараў невялічкай вёскі Станкевічы на Лідчыне.

У адной з яе хатаў спынілася на начлег група "белых". На досвітку яе акружылі энкавэдзісты, як называлі жыхары супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Завязалася перастрэлка. Страты былі з абодвух бакоў. Частцы начлежнікаў удалося вырвацца з акружэння, уцячы.

Жыхары Станкевічаў спазналі пекла.

Так я ўпершыню, яшчэ ў дзяцінстве, пачуў у вагоне поезда пра акаўцаў*.

На працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў на тэму Арміі Краёвай (АК) на Беларусі ляжала табу. Нельга сказаць, што пра яе зусім не ўспаміналася публічна. Але тыя звесткі, якія трапляліся ў друку, давалі няпоўную і, што горш ад усяго, скажоную карціну. Напрыклад, у "Советским энциклопедическом словаре" 1987 г. выдання сказана: "Армія Краёва ў 1942–1945 дзейнічала пад кіраўніцтвам польскага эмігранцкага ўрада ў акупаванай фашысцкай Германіяй Польшчы. Кіраўніцтва АК арганізавала і пачало Варшаўскае паўстанне 1944".

Як быццам аўтар энцыклапедычнага артыкула не ведаў, што Армія Краёва дзейнічала ў Заходняй Беларусі і ў Заходняй Украіне, на тэрыторыі Літвы і нават Латвіі, быццам ён не чуў пра працэс шаснаццаці ў Маскве ў чэрвені 1945 г. і пра тое, што здарылася з рэшткамі фарміраванняў АК у пасляваенны час.

У беларускай гістарычнай і мэмуарнай літаратуры дастаткова добра адлюстравана баявая садружнасць беларускіх і польскіх партызанаў пад лозунгам "За вашу і нашу свабоду!". Яны мужна змагаліся ў савецкіх партызанскіх брыгадах і злучэннях, у асобных польскіх атрадах і групах пад кіраўніцтвам Вацлава Альхімовіча і Адама Свентажэцкага.

Нямала старонкаў гэтай тэме прысвечана і ў 3-томным фундаментальным даследаванні "Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистскмх захватчиков". А дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Арміі Краёвай, калі не лічыць некалькі ўрывачных звесткаў у газетных артыкулах апошніх гадоў, для беларускага чытача да гэтага часу застаецца "белай плямай" гісторыі. Замоўчвалася. Як і замоўчваліся прычыны Катынскай трагедыі. Рабілася гэта, каб пазбегнуць складанасцяў у адносінах – і без таго азмрочаных мноствам супярэчнасцяў імклівага дваццатага веку – паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі, а таксама з-за боязі вярэдзіць незагоеныя раны ад рэпрэсіяў.

Даваў сябе адчуваць навязаны зверху і падхоплены знізу беспрынцыповымі гісторыкамі і аўтарамі мемуараў антыгістарызм. Доўгі час многія падзеі і з'явы мінуўшчыны асвятляліся ў крывым люстэрку. Замоўчванне і скрыўленне да дабра не даводзяць. Падзеі былога ўсё часцей асвятляліся хлусліва – за рубяжом і ў нас.

Людзям патрэбна праўда, якая б горкая яна ні была. İ калі мы не на словах, а на справе хочам добрасуседскіх адносінаў з палякамі – а гэтага якраз і патрабуюць доўгатэрміновыя інтарэсы незалежнай Беларусі, – мы павінны перш за ўсё расчысціць поле, на якім хочам сустракацца з суседзямі, ад непаразуменняў.

Адным з метадаў такога ачышчэння з'яўляецца ўзаемнае праўдзівае асвятленне ўсіх выкрунтасаў і закутаў гісторыі. Мы ня хочам нікога асуджаць, хваліць, папракаць. Мы хочам зразумець – сябе, сябра, суседа. Балазе па-сапраўднаму зразумець суседа – значыць, лепш пазнаць самога сябе.

Каб дайсці да сутнасці падзеяў, адбываных у заходніх абласцях Беларусі ў 1939–1952 гг., трэба звярнуць позірк у мінуўшчыну рэгіёна, пазнаць атмасферу грамадска-палітычнага жыцця ў міжваеннае дваццацігоддзе і напярэдадні нямецкай акупацыі, дакладна ўяўляць расстаноўку сілаў у перыяд фашыстоўскай навалы.

Неабходна памятаць, насельніцтва краю на працягу многіх стагоддзяў перацярпела шэраг сапраўды ўнікальных і беспрэцэдэнтных гістарычных пераменаў, сацыяльна-палітычных узрушэнняў. Вузел, які быў завязаны ў Крэўскім замку (Смаргонскі раён), так і застаўся неразвязаным да апошняга часу – што б там ні гаварылі палітыкі, якім бы міралюбівым тонам ні былі прасякнуты заявы сучасных дзяржаўных дзеячаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Не сакрэт, што ў гэтых чатырох дзяржавах, асабліва цяпер, калі яны сталі незалежнымі, у некаторых колах грамадстваў, і перш за ўсё ў асяродках інтэлігенцыі, назіраецца незадаволенасць існуючым статус-кво. Ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі, узнікаюць пытанні ў сувязі з адраджэннем культуры нацыянальных меншасцяў, ня ўсё так гладка ў адносінах паміж рэлігійнымі канфесіямі...

А тады, у канцы 14 ст., і феадалы Вялікага княства Літоўскага, і польскія феадалы, прымаючы ўмовы Крэўскай уніі, мелі свой інтарэс. Першыя хацелі на землях ВКЛ аслабіць уплыў Маскоўскага княства, другія – пашырыць свае ўладанні за кошт беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў.

Па ўмовах уніі Ягайла абавязаўся разам з падданымі прыняць каталіцкую веру. İ ён стрымаў слова – прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладыслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і быў абраны каралём, адначасова застаючыся вялікім князем літоўскім. Праз два гады пасля уніі адбылося хрышчэнне літоўскага насельніцтва па каталіцкаму абраду. Пры ўмове прыняцця каталіцтва феадалам выдавалася грамата, у адпаведнасці з якой яны набывалі большыя правы, свабоды і прывілеі. Таму частка беларускіх і ўкраінскіх магнатаў, праследуючы чыста карыслівы інтарэс, таксама пачалі прымаць каталіцтва і пераймаць польскую мову, змушаючы да гэтага – дзе бізуном, дзе пернікам – і сваіх падданых.

На беларускіх землях пачалі ўзводзіцца касцёлы і кляштары, будаўніцтва якіх шчодра падтрымлівалася Ватыканам і каралеўскім дваром. Каталіцкае веравызнанне хацелі зрабіць адзіным на ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Але большасць беларускага насельніцтва, асабліва сялянства, захоўвала праваслаўную веру, нацыянальную культуру і мову сваіх продкаў.

Пачалося многавяковае супрацстаянне і саперніцтва. Яго не змаглі пераадолець ні тры падзелы Рэчы Паспалітай, ні далейшыя войны, паўстанні і рэвалюцыі. У нейкай ступені – яны засталіся і па сённяшні дзень. Ад трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) улада і дзяржаўнасць тут мянялася сем (!) разоў. Гэты рэгіён – тэрыторыя шматвяковага сумеснага пражывання беларусаў, палякаў, "тутэйшых", літоўцаў, татараў. Усё гэта, зразумела, наклала свой адбітак на псіхалогію мясцовых жыхароў, іх жыццёвы ўклад, традыцыі, звычкі, характар.

Як вядома, па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г., да Польшчы адышла значная частка заходніх беларускіх земляў. Да пачатку другой сусветнай вайны насельніцтва "Крэсув Всходніх" было падвергнута масіраванай ідэалягічнай апрацоўцы пад знакам нацыяналізму і вялікадзяржаўнага польскага шавінізму. Нацыяналістычная польская прапаганда для свайго ўздзеяння мела даволі багатую спрыяльную глебу. Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам, што частку польскага насельніцтва ўсё яшчэ абцяжарвалі крыўды, абразы і прадузятасці рускіх, застаныя з часоў "падзелаў" і царызму, нядобразычча да рускіх перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Сказалася рэха вайны 1920 г., калі Чырвоная Армія (у паняцці людзей – руская) грабіла, забівала багата мірных людзей. Дарэчы, арміі Тухачэўскага не мелі правіянтных складаў. Забяспечваліся самастойна, самахапам.

Давалі таксама пра сябе знаць рэлігійныя фактары, пазіцыя касцёла.

3 другога боку, не забудзем, рэжым санацыі да беларусаў ставіўся як да людзей другога гатунку. Асабліва пакутавала беларускае сялянства. Большасць яго, беззямельнае і малазямельнае, жыло ў крайняй беднасці. Сяляне вымушаны былі працаваць за мізэрную плату ў паноў і асаднікаў сезоннымі рабочымі і парабкамі. За адзін прыём да доктара трэба было плаціць 2 злотыя – кошт аднаго пуда хлеба.

У пошуках лепшае долі многія выязджалі на Захад. Дастаткова сказаць, што з беларускіх "крэсаў" з 1925 па 1939 г. эмігрыравалі ў Заходнюю Еўропу і Амерыку 78 тысяч чалавек. Безумоўна, у гаротным становішчы жылі і польскія рабочыя, сяляне, рамеснікі. Хваля за хваляй накатваліся масавыя пратэсты. У забастоўках, мітынгах, дэманстрацыях беларусы плячо ў плячо выступалі з польскім працоўным людам.

Але цяжкі сацыяльны прыгнёт беларусаў перамяжоўваўся з абсалютным нацыянальным бяспраўем. Калі ў 20-х гг. было адкрыта 78 беларускіх школ і 4 гімназіі, то ў канцы 30-х гг. усе яны былі закрытыя. Непісьменным стала амаль палавіна насельніцтва. Нават сама беларуская мова апынулася пад забаронай. Не было нацыянальных тэатраў, пазакрываліся клубы, бібліятэкі, створаныя беларускімі культурна-асветніцкімі таварыствамі. Людзі, якія належалі па сваім паходжанні, духоўным складзе, мове да беларускай этнічнай супольнасці, на практыцы былі пазбаўлены права звацца беларусамі. Польскае ярмо для беларусаў было не лягчэйшае ад ярма рускага для паляка. Прыціск пальшчызнаю беларускасці на адвеку беларускай зямлі быў невыносны для кожнага хоць чуць-чуць свядомага, разумнага. Беларускасць пальшчызна заганяла туды, куды немцы, каб не Ягайла са сваімі дружынамі, загналі б польскую нацыю – у нябыт.

Як немцы ў XIV стагоддзі абнямечвалі Маравію, Сілезію, вярхі кароны Польскай, так палякі вынішчалі ўсё беларускае на "Крэсах Усходніх". На зямлі беларускай.

... Выжылі. Але ўжо ня ласкай, ксяндзоўскімі хцівымі абяцаннямі, а сілаю. Пад шыльдаю закону.

Сёння мы жывём у час вострых ацэнкаў і пераацэнкаў мінуўшчыны. Ня трэба заплюшчваць вочы на тое, што і зараз асобныя навукоўцы лічаць, быццам жыццё пад Польшчай было вялікім шчасцем для насельнікаў Заходняй Беларусі. Маўляў, такім чынам народу ўдалося пазбегнуць масавых сталінскіх рэпрэсіяў і калектывізацыі.

İншыя навукоўцы імкнуцца прадставіць уз'яднанне "крэсаў" з Савецкай Беларуссю "насільным далучэннем". Маўляў, "савецкая акупацыя" прынесла народу Заходняй Беларусі адны беды і няшчасці.

Мы не спрачаемся ні з тымі, ні з другімі. Мы не апраўдваем і не ганім. Болей таго, мы запрашаем нас дапоўніць, паправіць.

Вядома ж, няма і не будзе апраўдання ганебным злачынствам перыяду культу асобы. Не забудзем толькі, што і ў вольнай Польшчы часоў Пілсудскага арганізоўваліся карныя экспедыцыі для падаўлення шматлікіх сялянскіх выступленняў, што звычайным фактам польскага грамадскага жыцця сталі суды над рэвалюцыянерамі. "Славутая" Картуз-Бяроза, Віленскія Лукішкі, Гродзенская турма былі перапоўнены палітвязнямі. Усё гэта было. Ніякія спробы затушаваць ці абяліць падзеі даўно праляцелых дзён не дабавяць аўтарытэту перапісвальнікам падручнікаў па гісторыі Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы... Бо яшчэ нікому не ўдавалася нанава перабудаваць мінулае жыццё, якое ўжо не вернеш.

Каб не надта радаваліся цяпер "свабодалюбныя" Англія ці Францыя (не будзем нават успамінаць Германію ці ЗША, Японію ці Аргенціну) нашым славянскім бедам, непаразуменням, самадурству, то няхай абернуцца на сябе і сваё мінулае. Адразу супакояцца. Гэта ў іх цягнуліся войны па 30 і нават 100 гадоў, гэта ў іх стагоддзямі прыцясняюць рэлігійныя фанаты адзін аднаго. У іх і цяпер гучаць узрывы бомбаў, стрэлы. Не сціхаюць усё 20-е цывілізаванае стагоддзе. Успомнім Ольстэр, İрландыю. Ёсць сэнс задумацца над тым, што піша чалавек, якога ніяк нельга западозрыць у сімпатыях да бальшавікоў і Саветаў. Вось урывак з успамінаў пра той час былога ўладальніка маёнтка, у будучым – паручніка, камандзіра аднаго з буйнейшых партызанскіх атрадаў Стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай Каспера Мілашэўскага:

"Я нарадзіўся 5 лютага 1914 года ў маёнтку Брынічава Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. Майго бацьку звалі Адольф, а маці – Элена. Яна паходзіла з сям'і Вераксаў, была ўнучкай удзельніка паўстання 1863 г. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, у нас было 60 гектараў раллі, так што матэрыяльна нам былося не найгорш.

Зямля ўсходняй Навагрудчыны была заселена народамі дзвюх нацыянальнасцяў. Сярод насельніцтва на паўднёвым захадзе ад верхняга цячэння Нёмана 80 працэнтаў складалі беларусы, а каля 20 палякі, у асноўным рэшткі дробнай засцянковай шляхты, уладальнікі фальваркаў і маёнткаў, вайсковыя асаднікі. На паўночны ўсход ад Нёмана ў большасці жылі палякі. Праўда, яны найчасцей карысталіся беларускай мовай, аднак лічылі сябе палякамі, бо належалі да рымска-каталіцкага веравызнання, і сваіх суседзяў з-за Нёмана называлі "рускімі", або "кацапамі". Да асіміляцыі паміж гэтымі этнічнымі групамі не даходзіла, ва ўсякім разе, шлюбы паміж прадстаўнікамі гэтых групаў не заключаліся.

Сацыялістычныя ідэі, праніклыя з-за ўсходняй граніцы, сярод католікаў прыжываліся слаба – у значнай ступені заслонай на іх шляху з'яўлялася санацыйная структура. Зусім інакш было на супрацлеглым беразе Нёмана. Народ убогі, гаспадаркі невялічкія альбо зусім карлікаватыя, поўная адсутнасць прамысловых прадпрыемстваў, а значыць, і заробкаў, голад на прадвесні – усё гэта падштурхоўвала бядноту да шукання нейкага выйсця. Таму прапаганда, асабліва па радыё з Менску, тут з поспехам уздзейнічала на людзей. Сацыялістычныя лёзунгі сярод убогага насельніцтва карысталіся вялікай папулярнасцю. Аднак прыхільнікаў другога грамадскага ладу санацыйныя ўлады садзілі ў турмы ці высылалі ў лагер у Бярозе Картузскай".

3 гэтых словаў бачна, што не было міру ў грамадстве. Канфлікт выспяваў як на сацыяльнай глебе, так і на нацыянальнай аснове, патрабаваў развязкі.

Для многіх яна надышла нечакана. Ва ўсякім выпадку ніхто і прадбачыць не мог, што верасень 1939 г. з'явіцца крутым паваротам для ўсяго насельніцтва Заходняй Беларусі. Паварот гэты закране ўсіх, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, сацыяльны статус. Адкрывалася новая, нязведаная старонка гісторыі.

Што тычыцца ўз'яднання беларускага народа ў адну сям'ю, то сама наша рэчаіснасць найлепшым чынам пацвярджае справядлівасць і наспелую неабходнасць гэтага гістарычнага акта... Сведка вераснёўскіх падзей 1939 г. народны паэт Беларусі Максім Танк праз 50 гадоў сказаў так: "Ніякім зводкам, рэляцыям, больш позьнім сведчанням гісторыкаў не пад сілу перадаць той энтузіязм і радасць, з якімі працоўныя Заходняй Беларусі віталі Чырвоную Армію".

Як бы хтосці цяпер ні гаварыў, якую б гіпотэзу ні вылучаў, ніхто ня зможа аспрэчыць былога. На самай справе просты беларускі люд сустракаў новую ўладу з захапленнем, хлебам-соллю, чым мог памагаў ёй. У польскім грамадстве "крэсаў" уз'яднанне беларусаў было ўспрынята з болем, нават выклікала варожую рэакцыю.

Яшчэ болей узмацнялі такую варожасць грубыя парушэнні законнасці, атмасфэра рэпрэсій, падазронасці, недаверу. Сярод розных слаёў польскага насельніцтва выспявала супраціўленне. Калі дакладней, то яно зараджалася адразу пасля прыходу савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

Многія польскія ваеннаслужачыя, у першую чаргу афіцэры, якім удалося пазбегнуць палону, ня склалі зброі, перайшлі на падпольнае становішча, хаваліся ў лясах, склепах. Былы сакратар Аўгустоўскага павятовага камітэта партыі Беластоцкай вобласці Мікалай Аўхімовіч успамінае, што толькі ў гэтым павеце ў канцы 1939 г. дзейнічала каля 50 польскіх узброеных групаў. Яны не давалі супакою органам Савецкай улады ні днём, ні ўначы.

Такая сітуацыя, хоць у меншых маштабах, была характэрнай і для іншых паветаў (раёнаў) заходніх абласцей.

Такім чынам, зародкі Арміі Краёвай і папярэднічалых ёй падпольных арганізацый і ўзброеных групаў на беларускай зямлі пачалі з'яўляцца задоўга да прыходу нямецкіх захопнікаў. Польскія даследчыкі сёньня не аспрэчваюць гэта.

Разглядаючы прававыя аспекты дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі, гісторыкі з Польшчы прыйшлі да наступнай высновы: змену граніцы пасьля 17 верасня 1939 г. польскі бок ня мог прызнаць да Патсдамскай канферэнцыі 1945 г., а гэта значыць, поўнасцю правамоцным быў загад польскага ўрада ў эміграцыі пра стварэнне ваенных структураў у межах даваенных граніцаў і барацьбу за незалежнасць у межах Другой Рэчы Паспалітай (1918–1939 гг.).

Пагаджацца з такой высновай ці не? Думаем, для кожнага свядомага беларуса гэта пытанне гучыць чыста рытарычна. Рыжскі дагавор быў для беларуса несправядлівым, ён раз'ядноўваў адзінакроўных братоў. Вось чаму ў асноўнай сваёй масе беларускае насельніцтва з непрыхільнасцю ставілася да барацбы акаўцаў, галоўнай мэтай якой было імкненне павярнуць назад кола гісторыі.

Разам з тым мы павінны аддаць даніну павагі тым удзельнікам Арміі Краёвай, якія змагаліся з фашысцкімі акупантамі, ушанаваць памяць тых, хто загінуў ад нямецкай кулі і застаўся навекі ляжаць у беларускай зямлі.

Трэба разумець, у вачах нашага народа наўрад ці могуць быць героямі тыя, хто пасля ліпеня 1944 і аж да 1954 г. хаваўся са зброяй у беларускіх лясах. Ня толькі хаваўся. Ахвяры самі рабілі ахвярамі другіх, невінаватых.

Ваенны, старшыня калгаса, настаўнік, сельсаветчык, доктар, кінамеханік, член сям'і неўпадабанага чалавека мог загінуць ад акаўца ні за панюх табаку. Пакрыўджаны, неабачна падвучаны на благое, крыўдзіў невінаватых, пладзіў крыўды. Тэрарызавалі беларускія вёскі... бо тут забітыя ўпалоханыя праслаўныя людзі не маглі раскідаць калгас.

На беззаконне "энкавэдэшнікаў", якія скрыўлялі законы аб памілаваннях і амністыях, яны адказвалі сваім беззаконнем. Беларусы стралялі беларусаў. Удзень – міліцыя і органы бяспекі, уначы – акаўцы.

Колькі гэта магло цягнуцца?..

Кніга не прэтэндуе на ўсебаковую і вычарпальную распрацоўку складанай і вострай тэмы. Наша мэта – паказаць некаторыя важнейшыя вехі дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі, расказаць пра сталыя вядомымі трагічныя выпадкі, якія надоўга азмрочвалі адносіны паміж суседзямі за Бугам, пасеялі недавер і падазронасць паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам Заходняй Беларусі.

Мы хочам атрэсці павуцінне плёткаў, чуткаў, домыслаў, свядомай хлусні...

Дык разбяромся. Расчысцім поле ад камення.

"Армія Краёва: зараджэнне, дзейнасць, фініш. Невядомыя старонкі беларускай гісторыі. İ не толькі беларускай – польскай, рускай, літоўскай, украінскай таксама.

Жыццё даваеннай і пасляваеннай Беларусі ў непрыфарбаваным выглядзе. Дэпартацыі. Рэпрэсіі. Падполле. Дыверсіі. Тэрор.

Жорсткія кровапралітныя схваткі. Клубок супярэчнасцяў.

Трагічныя лёсы ўдзельнікаў драматычных падзеяў суровага ваеннага часу.

Пошукі выйсця з заблытаных гістарычных лабірынтаў. Два бакі рэабілітацыі.

Гародня, Вільня, Палессе, Менск, Варшава, Ліда, Масква, Лондан – у гэтых і другіх мясцінах жывуць і змагаюцца героі і антыгероі кнігі.

Першая кніга ў Беларусі і СНД, дзе амаль поўная непрычасаная праўда пра Армію Краёву.

Гэта не чытанка для душы, гэта кніга для роздуму і сэрца".

Падрабязьней пра Армію Краёву тут.


Раім таксама паглядзець:
Курапаты / Kurapaty
1.99 р.

Курапаты / Kurapaty

Зборнік зьяўляецца дакумэнтальным сьведчаньнем пра злачынствы бальшавіцкага рэжыму ва ўрочышчы Курапаты паблізу Менска.

Гамулка Крысціна. Паміж Польшчай і Расіяй
4.49 р.

Гамулка Крысціна. Паміж Польшчай і Расіяй

Кніга прысвечана аналізу шырокага спектру палітычных ідэй, канцэпцый і праектаў польскіх арганізацый у дачыненні да Беларусі і беларусаў у 1918 – 1922 гадах. Разглядаюцца асаблівасці эвалюцыі канцэпцый ва ўмовах палітычнай нестабільнасці і іх сутыкненне з рэальнай практыкай дзяржаўнага будаўніцтва.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пач
11.99 р.

Латышонак Алег, Мірановіч Яўген. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст.

Хоць асноўнай мэтавай аўдыторыяй дадзенага падручніка зьяўляліся беларусы, якія сёньня жывуць у Польшчы, цікавасць яна ўяўляе і для жыхароў мэтраполіі, г. зн. Рэспублікі Беларусь. Ужо на самым пачатку кнігі, ва ўступе, аўтары прадэкляравалі, што "мы будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў".