![]() |
6.99 р.
Вага: 660 г
Памеры: 140x210 мм
|
Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік / складальнікі В. Д. Астрэйка [і іншыя]; навуковыя рэдактары Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова. — Мінск: Беларуская навука, 2010. — 527 с.
ISBN 978-985-08-1230-8
Слоўнік уключае выбраныя з розных крыніц рэгіянальныя беларускія народныя назвы, якія звязаны з сельскай гаспадаркай, а таксама са спадарожнымі традыцыйнай сялянскай працы заняткамі. Уваходзяць у яго і словы, якія абазначаюць розныя паняцці народнай астраноміі і метэаралагічных з’яў.
ПРАДМОВА
Тэматычны слоўнік «Сельская гаспадарка» — гэта працяг серыі слоўнікавых выданняў (апублікавана тры выпускі — Жывёльны свет; Раслінны свет. Мінск, 2001; Чалавек. Мінск, 2006), падрыхтаваных супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Новы слоўнік уключае лексіку, звязаную з традыцыйнай гаспадарчай дзейнасцю селяніна, — апрацоўка зямлі, догляд пасеваў, збор і захаванне ўраджаю, назвы прылад працы і асобных падручных сродкаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца той ці іншы этап працы хлебароба, а таксама шматлікія іншыя найменні, што непасрэдна або ўскосна атаясамліваюцца з сельскай гаспадаркай. Гэта назвы зямельных надзелаў і іх відаў, назвы палеткаў пасля ўборкі збожжавых зернавых і бабовых культур, ільну, лексічныя абазначальныя сродкі сенажацей, іх відаў і характар працы, выкліканы нарыхтоўкай сена, кармоў наогул і г. д. Асобную частку слоўнікавых матэрыялаў складаюць назвы гаспадарчых пабудоў і іх частак, у якіх апрацоўваліся ці захоўваліся збожжа, лён, сена, салома. Падаюцца ў слоўніку і назвы асноўных сродкаў перамяшчэння — воза, саней, а таксама найменні збруі, той часткі спадарожнага начынення, без якой сельскагаспадарчая дзейнасць немагчыма. Зразумела, функцыі і выкарыстанне сродкаў перамяшчэння ў сялянскім побыце значна шырэйшыя, чым толькі ўласна гаспадарчыя, але, улічваючы іх асноўнае прызначэнне менавіта для сельскагаспадарчай вытворчасці, найменні для абазначэння воза, саней і збруі ўключаны ў гэты слоўнік.
У даведніку адлюстраваны таксама назвы з’яў нежывой прыроды — найменні стану надвор’я, працэсаў, з’яў, абумоўленых ім, інакш кажучы, назвы з метэаралагічнай сферы. Пры ўключэнні апошніх у склад дадзенай лексікаграфічнай працы яе аўтары арыентаваліся на структуру і асаблівасці ўпарадкавання спецыяльнага тома ЛАБНГ «Сельская гаспадарка. Т. 2» (Мінск, 1994). Такім чынам, у структурных адносінах слоўнік «Сельская гаспадарка» аб’ядноўвае ўласна намінатыўныя адзінкі, а таксама розныя іншыя абазначальныя сродкі, якія традыцыйна выкарыстоўваліся ў якасці адзінак моўнага забеспячэння сельскагаспадарчай дзейнасці селяніна і дадатковых заняткаў, звязаных з ёй.
У аснову тэматычнай класіфікацыі лексікаграфічнай працы пакладзены пашыраныя народныя ўяўленні аб зямлі і працы хлебароба на зямлі, яе характары і асаблівасцях, аб сродках, з дапамогай якіх такая работа рабілася раней ці ажыццяўляецца зараз, а таксама ўключаны ўсе тыя традыцыйныя паняцці і ўяўленні, што непасрэдна не датычацца сельскагаспадарчага вытворчага цыкла і спадарожных яму заняткаў хлебаробаў, але маюць пэўныя адносіны да сельскай гаспадаркі.
Як і ў папярэдніх выданнях серыі, лексічныя матэрыялы падзяляюцца на асобныя блокі або лексіка-тэматычныя групы слоў. Загалоўным словам у артыкуле выступае адпаведнае па значэнні слова літаратурнай мовы. У асобных выпадках (пры адсутнасці такога слова) у якасці загалоўнага выкарыстоўваецца найбольш пашыранае рэгіянальнае найменне. Слоўнікавыя артыкулы ў тэматычных падборках размешчаны паводле загалоўных слоў у алфавітным парадку. У канцы слоўніка змяшчаецца алфавітны паказальнік адлюстраваных у кнізе слоў, кожнае з іх забяспечваецца нумарам старонкі, адпаведным нумару ў тэкставай частцы.
Аўтарская работа выканана наступным чынам:
У сувязі з тым, што слоўнік прызначаны для шырокага кола чытачоў, словы ў слоўнікавых артыкулах згодна з усталяванай для серыі традыцыяй падаюцца ва ўніфікаванай правапісна адаптаванай форме, але так званыя нерэгулярныя фанетычныя асаблівасці мясцовых слоў захоўваюцца. Акрамя таго, у асобных выпадках паралельна з літаратурнай формай абазначальнага сродку падаецца яго фанетычны варыянт (варыянты). Гукавое аблічча лексем адлюстроўваецца пераважна ў словах, якія былі зафіксаваны на тэрыторыі заходнепалескіх гаворак. Пры наяўнасці варыянтаў ужывання аднаго і таго ж слова з прыстаўнымі зычнымі альбо пры наяўнасці граматычных варыянтаў апошнія падаюцца ў дужках: (в)отліга, аўсяна(я), салома. Такім жа чынам перадаецца і варыянтнае вымаўленне зычнага гука г, як фрыкатыўнага ці выбухнога (выбухны гук абазначаецца сімвалам г'). Указанне на тэрыторыю распаўсюджання мае абагульняльны, арыентацыйны характар. Каля кожнай лексемы змяшчаецца крыніца яе фіксацыі, а таксама агульнапрынятыя граматычныя і стылёвыя паметы пры іх наяўнасці ў лексікаграфічнай крыніцы.
Слоўнік з’яўляецца лексікаграфічным даведнікам па беларускай мясцовай лексіцы, якая звязана з сельскай гаспадаркай у яе шырокім разуменні. Ён будзе карысным і цікавым не толькі для філолагаў, але і гісторыкаў, этнографаў, краязнаўцаў, — наогул усіх, хто любіць роднае слова, цікавіцца і захапляецца народнай словатворчасцю.
Ад рэдактараў
Прадмова
Прынятыя скарачэнні
Назвы дыялектных груп гаворак
Асноўныя дыялектныя зоны
Дыялектныя рэгіёны
Іншыя скарачэнні
Назвы раёнаў
1. Назвы сельскагаспадарчых угоддзяў, назвы ворнай і няворнай зямлі
2. Назвы традыцыйных сельскагаспадарчых прылад працы, іх частак, прыстасаванняў, спадарожнага начыння
3. Апрацоўка зямлі, сяўба, догляд пасеваў
4. Збор і апрацоўка ўраджаю
5. Сенакос
6. Нарыхтоўка кармоў
7. Назвы меры і вагі, аб’ёму і плошчы
8. Назвы сельскагаспадарчых і вытворчых пабудоў
9. Народная астраномія і метэаралогія
10. Назвы воза, саней, іх частак, збруі
Алфавітны паказальнік