![]() |
2.01 р.
Вага: 280 г
Памеры: 115x165 мм
|
Аповесці, Эсэ. – Мінск : Логвінаў, 2011. – 280 с.
ISBN 978-985-6991-36-6
У новую кнігу прозы Франца Сіўко ўвайшлі Аповесць "Тыдзень вялікай коткі", суплёт Эсэ, сярод якіх вылучаецца "Сволач паводле Брэма" і апавяданні "З Індыі з любоўю", "Духі Нізіннае Еўропы" і "Тры растанні".
ЗМЕСТ
Тыдзень, вялікай коткі. Аповесць
Просты-просты раман
З Індыі з любоўю. Апавяданне
Духі Нізіннае Мошы. Апавяданне
Тры расстанні. Апавяданне
Выспа Міжрэчча. Эсэ
Выспа Мова. Эсэ
Я пешкі, мама! Эсэ
Efter pradiset / Выспа Готланд. Эсэ
Выспа Смерць. Эсэ
Сволач паводле Брэма. Эсэ
Suum ciuque, або Пішам, таварышы! Эсэ
Хата. Эсэ
Істоты нябесныя. Эсэ
Цягнік жыцця. Запісы
Efter pradiset / Выспа Готланд
Мая выправа на Готланд пачалася задоўга да дня ад’езду. Месяцы за чатыры да яго, з тае хвіліны, як міжволі давялося засесці за падручнікі шведскай мовы. Вучыць якую я пачынаў ад нуля, але пачынаў, праўда, з такім запалам, што неаднойчы падчас курсу ўначы прачынаўся, ловячы сябе на тым, што ў дрэме паўтараю ў памяці шведскія словы...
Я стаяў у Вісбю на набярэжнай, як раптам пачуў зусім побач такое гучнае "Sjö! Sjö!", што ажно знянацку скалануўся. Некалькі падлеткаў, заінтрыгаваныя, мусіць, утрапёнасцю майго скіраванага на порсткія балтыйскія хвалі пагляду, захацелі мне нагадаць, што гэта – шё (мора, возера). Вось бы, пэўна, здзівіліся яны, калі б пачулі ў адказ, што ў нас на мяжы трох раёнаў Віцебшчыны, у мясціне, якая продкаў іх, вікінгаў, памятае, сваё Шо маецца. Акваторыя якога, дарэчы, да нядаўняга часу лічылася геаграфічным цэнтрам Еўропы. І што ў ваколіцах вёскі, дзе я вучыўся ў школе, значны адсотак тутэйшых жыхароў носіць прозвішча Швед.
Але найбольш цікавым падалося мне ў шведскай мове слова by (вёска). З-за поўнага падабенства да канцавога складніка нашых айчынных электронных (tut.by-еўскіх) адрасоў – трапней, каб і хацеў, наўрад прыдумаеш. Так і ўяўляецца мне яго шведскі сэнс, ледзь пачну адчыняць сваю паштовую скрыню…
Я прачнуўся ўранку ад нейкага галасу за рогам дома. Вызірнуў з вакна і не даў сабе веры: усю вулку збоч дома акупавала працэсія з маладых бацькоў, якія везлі на драўляных самаробных павозках сваіх дзяцей у цэнтр горада. Усе як адзін, у тым ліку і дзеткі, былі апранутыя ў сярэднявечныя строі, некаторыя – пры цацачнай зброі. Я ведаў, што з гэтага дня ў Вісбю, сталіцы Готланда, мае пачынацца свята Сярэднявечча. Але што ажно гэткім будзе яно маляўнічым і шматлюдным, не ўяўляў. "А хто там ідзе?" – міжволі ўсплыло ў памяці. "Маладыя шведскія бацькі вязуць малых шведзікаў паглядзець "на свет белы", – сам сабою склаўся адказ. І так на працягу тыдня: дзеці, моладзь, старыя – усе на свяце, кожнаму яно дарагое, кожнаму абыходзіць. Такая, мабыць, іхняя ідэалогія: простая, даходлівая, уцямная. Якую не спяцы-ідэолагі будуюць метадам запалохвання.
Франц Сіўко – беларускі празаік, публіцыст. Вучыўся ў Міжрэчанскай пачатковай і Павяцкай сярэдняй школах. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта (1975). 3 1975 па 1980 г. выкладаў рускую мову і літаратуру, этыку, быў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы ў сярэдняй школе № 2 г. Верхнядзвінска. У 1980 г. пераехаў на сталае жыццё ў Віцебск. Настаўнічаў у сярэдніх школах № 29, 30, 12, працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыі газеты "Віцебскі рабочы".
Артыкул пра аўтара ў Вікіпедыі.