Шпілеўскі Павел. Беларусь у абрадах і казках

Шпілеўскі Павел. Беларусь у абрадах і казках
4.27 р.
Вага: 440 г
Памеры: 145x220 мм



Пераклад з рускай Аляксандра Вашчанкі. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 304 с. Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-6941-92-7

Вяртаннем на родную мову можна назваць кнігу перакладаў выбраных твораў вядомага беларускага пісьменніка, этнографа, краязнаўцы, фалькларыста, журналіста і тэатральнага крытыка Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага, які ў самыя змрочныя часы нашай гісторыі адстойваў самабытнасць і таленавітасць свайго народа і спрыяў папулярызацыі фальклорнай спадчыны беларусаў сярод адукаваных чытачоў. Яго творы былі раскіданы па старонках расійскай перыёдыкі сярэдзіны XIX стагоддзя і зараз, праз паўтара стагоддзя, упершыню надрукаваны ў роднай пісьменніку Беларусі.

Творы Паўла Шпілеўскага належаць да залатой скарбонкі беларускай этнаграфіі, фальклору і краязнаўства, таму яны будуць цікавыя не толькі навукоўцам, а і ўсім тым, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю і вуснай народнай творчасці беларусаў.

Павел Шпілеўскі

ЗМЕСТ

Ад перакладчыка
Беларускія павер'і

Чарадзейныя яблыкі

Народныя прыказкі з тлумачэннем іх значэння і паходжання
Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных павер'ях

Беларускі кірмаш
Калядныя павячоркі
Вясельныя абрады сялян Магілёўскай і Мінскай губерняў
Абрады сялян Віцебскай і Мінскай губерняў пры ўборцы хлеба з палёў
Юр'еў дзень
Маладзіковая нядзеля
Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў Віцебскай губерні
Ігрышчы
Чары, замовы, прымхі, забабоны
Радзіны і хрэсьбіны
Пахаванне і памінкі
Валачобнікі

Даследаванне аб ваўкалаках
Археалагічная знаходка
Мазыршчына
Заходнерускія нарысы

Краснаслупскі камісар і мужык Аксён
Дудар
Пінчукі

Дзённік знаёмага чалавека
Каментарыі аўтара
Каментарыі перакладчыка
Рэкамендаваная літаратура па тэме
Працы П. М. Шпілеўскага


Ад перакладчыка

Вяртаннем на родную мову можна назваць кнігу перакладаў выбраных твораў вядомага беларускага пісьменніка, этнографа, краязнаўцы, фалькларыста, журналіста і тэатральнага крытыка Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага. Гэтыя творы былі раскіданы па старонках расійскай перыёдыкі сярэдзіны XIX стагоддзя і зараз, праз паўтара стагоддзі, упершыню сабраны ў адной кнізе. Шпілеўскі не пісаў на роднай мове, бо ў тыя змрочныя часы не існавала беларускай літаратурнай мовы, але народныя песні, прыказкі, прымаўкі, якія ён ужываў у сваіх творах, заўсёды выдзяляў курсівам і перадаваў з усімі арфаэпічнымі асаблівасцямі роднай мовы.

Павел Міхайлавіч Шпілеўскі нарадзіўся 12 лістапада (31 кастрычніка па старым стылі) 1823 года ў вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці) у сям'і праваслаўнага святара Міхаіла Іванавіча Шпілеўскага і яго жонкі Еўдакіі Васільеўны. У сям'і, па дадзеных за 1843 год, было сямёра дзяцей. Па тых часах – звычайная сям'я. Дакументы захавалі нават імя няні будучага пісьменніка. Гэта прыгонная сялянка Слуцкага Траецкага манастыра, якому належала вёска Шыпілавічы, Агата Касьмінава. Яна была цудоўнай апавядальніцай, і іменна з яе вуснаў маленькі Павел пачуў першыя беларускія народныя казкі і песні. Як важна, каб у кожнага дзіцяці ў маленстве была свая Арына Радыёнаўна, бо з чыстых крыніц вуснай народнай творчасці нараджаюцца будучыя Пушкіны і Купалы.

Шпілеўскі Павел. Беларусь у абрадах і казках / Старонкі з кнігі

Бацька Паўла, Міхаіл Іванавіч Шпілеўскі, вызначаўся дзёрзкім норавам, не заўсёды выконваў загады кансісторыі, і таму яго часта пераводзілі на новыя месцы службы. Пасля Шыпілавіч быў Ігумен (з 1923 года – Чэрвень), а потым Лошніца, што на Барысаўшчыне. Дзякуючы гэтым пераездам, Павел ужо ў дзяцінстве добра пазнаёміўся з рознымі куточкамі Цэнтральнай Беларусі, куды ён прыязджаў да бацькоў на канікулы. Вось што ён пісаў пра тыя шчаслівыя часы: "Мне ўспомніліся тыя цудоўныя дні, поўныя невыказнай весялосці, зразумелай толькі таму, хто сам гэта адчуў. Дні, у якія я спяшаўся з губернскага горада на канікулы ў аддалены павет і мог з поўнай свабодай раз'язджаць па вёсках і сёлах, дзе па якойсьці трапяткой неўсвядомленай ахвоце да вывучэння народных павер'яў і казак прыслухоўваўся да гукаў гарманічнай, пявучай роднай мовы, запісваў словы і аповеды з вуснаў сялян – дамарослых баянов і знахарей, прабіраўся ў беларускія хаты і клети, знаходзіў задавальненне гутарыць за сціплай вясковай трапезай з сівавалосымі старымі і маршчыністымі бабулямі... Што цягнула мяне туды, у гэтыя хаціны бедных людзей? Не ведаю... Я любіў гэтых добрых людзей, я знаходзіў уцеху ў іхняй павольнай, лянівай гаворцы, у іх песнях, прыказках і прымаўках. Мне было весела жыць з імі, дзяліцца чыстым захапленнем іх душ. Мне не хацелася пакідаць іх хат, мне шкада было развітвацца з іх кутамі, дзе я пачуў столькі дзівосаў і цудаў пра заварожаных князёў і зачарованных князёўнаў, пра недаступныя скарбы і пачвар, што іх пільнуюць, пра чароўныя лёхі і знахароў-ведзьмакоў... Колькі новага, чаго нельга даведацца за школьнай лаўкай, я спасціг у гэтым народным вучылішчы, багатым разнастайнымі прадметамі і навукамі аб роднай зямлі і мове, аб старажытным жыцці-быцці продкаў, дзядоў, аб пераваротах у розныя эпохі гісторыі Заходняй Русі.

І я забываў з імі пра губернскі горад, пра таварышаў па школе, пра знаёмых і нават сваякоў. Я жыў з імі, я рос сярод іх".

У тыя часы дзеці святароў звычайна ішлі па слядах сваіх бацькоў, таму Павел Шпілеўскі ў 1837 годзе паступае ў Мінскую семінарыю. У ліку лепшых выпускнікоў семінарыі ён быў рэкамендаваны для паступлення ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе вучыўся з 1843 па 1847 год. Акрамя багаслоўскіх навук ён вывучаў філасофію, царкоўную і агульную славеснасць, матэматыку, фізіку, царкоўную і агульную гісторыю, яўрэйскую, грэчаскую, лацінскую, нямецкую і французскую мовы. Кандыдат багаслоўя Павел Шпілеўскі атрымаў грунтоўную падрыхтоўку, асабліва па мовах, што потым дало яму магчымасць выкарыстоўваць у сваіх працах розныя іншаземныя крыніцы.

У двух нумарах часопіса "Маяк" за 1844 год (тт. 16, 17) былі змешчаны дзве публікацыі: "Белорусские поверья" і "Волшебные яблоки", падпісаныя прозвішчам Эгилевский. Пад гэтым псеўданімам адбыўся літаратурны дэбют Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага, на той час – студэнта другога курса Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У іх акрэсліўся асноўны накірунак творчасці будучага пісьменніка, фалькларыста, этнографа і журналіста – збіранне і вывучэнне вуснай народнай творчасці і міфалогіі беларусаў.

"Белорусские поверья" складаюцца з невялікіх нарысаў, прысвечаных каляндарным святам, звычаям, замовам, прыкладам вуснай народнай творчасці і апісанню персанажаў міфалогіі беларусаў. Асноўная частка гэтага матэрыялу была пазней выкарыстана аўтарам пры публікацыі "Белорусских народных поверьев").

Мы ведаем пяць чарадзейных казак у запісах Шпілеўскага: "Сестра чаровница", "Медвежье ушко", "Волшебный цветок", "Золотая щука", "Глебушкины слезки" ("Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических поверьях". – Пантеон, 1853– 56 гг.). Іх асаблівасцю з'яўляецца тое, што яны літаратурна апрацаваныя, а магчыма, і часткова дапісаныя самім пісьменнікам. Тое ж характэрна і для "Волшебных яблок" Эгілеўскага, але разбойнікі ў гэтай казцы размаўляюць на чыстай беларускай мове! І гэта вельмі цікава, таму што, на жаль, пазней Шпілеўскі перайшоў да поўнай літаратурнай апрацоўкі казак. Апранаючы простую сялянку-казку ў шаўкі літаратурнай мовы, ён хацеў узняць якасць вуснай народнай творчасці беларусаў да ўзроўню мастацкай літаратуры, што, наогул, было характэрна для многіх прадстаўнікоў рамантычнага падыходу да фальклору. Да разумення, што лепшае – аўтэнтычнае, трэба было яшчэ расці і расці...

У 1845 годзе Шпілеўскі склаў "Словарь белорусского наречия", куды ўваходзіла і "Краткая грамматика белорусского наречия". Мабыць, тады ж гэтыя рукапісныя працы былі перададзены ім у Расійскую акадэмію навук. У прадмове аўтар піша, што матывамі, заахвоціўшымі яго ўзяцца за складанне слоўніка, былі "любоў да радзімы і спачуванне землякам", а таксама імкненне пазнаёміць навуковыя колы Расіі з беларускай мовай, якая сама па сабе і створаныя на ёй пісьмовыя помнікі, вусныя паданні і легенды могуць даць даследчыкам багаты матэрыял для высвятлення асобных пытанняў мовы, гісторыі і, наогул, культуры іншых славянскіх народаў, перш за ўсё рускага, бо захоўваюць у сабе многа рэшткаў сівой даўніны. На пасяджэнні Аддзялення рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук гэтыя працы разглядаліся толькі ў красавіку 1853 года. Акадэмік Берднікаў адзначыў, што Слоўнік і Граматыка "састаўлены наскара і таму патрабуюць уважлівага перагляду". Акадэмік І. І. Сразнеўскі выказаў жаданне пазнаёміцца з рукапіснымі працамі Шпілеўскага. У слоўніку ён удакладніў тлумачэнне значэнняў некаторых слоў і на палях дапісаў каля 450 новых. Да друку працы, відаць, не былі рэкамендаваны, але ў парадку заахвочвання аўтару выдалі 60 рублёў срэбрам.

У 1846 годзе ў дадатку да "Журнала Министерства народного просвещения" пачалі друкавацца "Белорусские народные поверья". Гэта, бадай, самая спрэчная праца маладога аўтара, якая да гэтага часу выклікае дыспуты сярод навукоўцаў. Адны называюць яе фальсіфікацыяй, другія – самым поўным даведнікам па міфалогіі беларусаў. У прадмове Шпілеўскі піша: "Прайшло некалькі стагоддзяў пасля ўвядзення хрысціянства ў Расіі, а паданні пра багоў, духаў, таямнічыя сілы, ведзьмаў і іншых страшыдлаў не зніклі, а з цягам часу толькі ахіналіся паэтычнай выдумкай і ў вуснах апавядальніка прымалі маляўнічы каларыт. Колькі змен адбылося ў рускім народзе з часу ўвядзення хрысціянства і распаўсюджання адукацыі; колькі бедаў перанесла Русь ад манголаў, літоўцаў і іншых народаў, і нягледзячы на гэта, паданні аб вераваннях старажытных рускіх славян захаваліся амаль у першапачатковым выглядзе ў рускім народзе. Мы ўжо казалі, што ў Кіеве і, наогул, па Дняпры, дзе знаходзіліся ідалы і капішчы старажытных рускіх славян, паданні аб іх захаваліся асабліва дакладна: па рэках Прыпяці, Сожы і, часткова, па Заходняй Дзвіне, у Мінскай, Магілёўскай, часткова ў Кіеўскай, Віцебскай і Чарнігаўскай губернях").

Шпілеўскі Павел. Беларусь у абрадах і казках / Старонкі з кнігі

Праца Шпілеўскага з'яўляецца своеасаблівым энцыклапедычным даведнікам, дзе ў алфавітным парадку дадзены апісанні 52 багоў, бостваў і духаў беларускай міфалогіі, даюцца іх характарыстыкі і знешні выгляд, прыводзяцца паданні, звязаныя з імі, і абрады іх ушанавання, а таксама прымаўкі, у якіх упамінаюцца гэтыя персанажы. Цікава, што многія з гэтых персаналіяў увайшлі ў сучасны энцыклапедычны слоўнік "Беларуская міфалогія" (Мінск: Беларусь, 2004). Гэтую працу Шпілеўскага можна было б назваць сапраўдным навуковым адкрыццём: па колькасці бостваў беларускі міфалагічны пантэон выйшаў на вядучыя месцы сярод усіх славянскіх народаў. Можна было б, каб не наступныя акалічнасці: аўтар не паведамляе, дзе і ад каго ён запісаў паданні; яны не падмацоўваюцца старажытнымі літаратурнымі крыніцамі; і сюжэты большасці беларускіх язычніцкіх міфаў, якія прыводзіць аўтар, болей нідзе не зафіксаваны. І ўсё ж у "Белорусских народных поверьях" прасочваецца навуковы падыход да вывучэння народнай культуры, характэрны для першай паловы XIX стагоддзя, а самымі цікавымі мне бачацца раскіданыя ў іх дыяменты вуснай народнай творчасці. Песні, танцы, абрады, прымаўкі, малавядомыя ў этнаграфічнай літаратуры, патрабуюць уважлівага вывучэння і ніколі не страцяць сваёй каштоўнасці.

Невялікі артыкул аб ваўкалаках з "Белорусских народных поверий" пазней перарастае ў Шпілеўскага ў грунтоўную працу "Исследование о вовколаках на основании белорусских поверий"). У гэтым творы, як, дарэчы, і ў многіх іншых, аўтар выступае гарачым патрыётам Беларускага краю і звяртаецца да навуковай грамадскасці Расіі з заклікам да вывучэння вуснай паэзіі беларусаў: "Беларусь такая багатая паданнямі, легендамі, прымхамі і забабонамі, што, ведаючы пра ўсё гэта, міжволі пашкадуеш, чаму да гэтага часу нашы вучоныя не хочуць звярнуць увагі на гэты край і вывучыць яго ва ўсіх галінах айчыннай старасветчыны... На старонках нашых часопісаў пастаянна з'яўляюцца розныя даследаванні пра старажытныя Афіны і Рым, строі, звычаі і нават пра баляванні іх жыхароў... А старажытнасці Заходняй Расіі, асабліва Беларусі, як быццам лічацца амаль нічога не вартымі... Не ведаю, чым растлумачыць такую абыякавасць нашых вучоных да Беларусі").

Аднак і тут Шпілеўскі зноў піша аб гістарычнай выключнасці беларусаў, аб нейкім асаблівым шляху іх развіцця; у беларускіх легендах ён бачыць сляды ўцалелых да гэтага часу родавых адносін. А багатая фантазія дазваляе яму, спасылаю-чыся на Герадота, лічыць неўраў продкамі беларусаў, сцвярджаць, што беларуская мова пайшла ад "гетского наречия" і што Авідзій некалі жыў у пячоры на высокай гары каля цяперашняга горада Пінска. Такімі вось антынавуковымі пастулатамі Шпілеўскі псаваў уражанне ад цікавай працы.

"Исследование о вовколаках..." Шпілеўскі напісаў ужо ў Варшаве, дзе з 1847 па 1853 год ён працуе выкладчыкам славеснасці ў павятовым духоўным вучылішчы. Ён піша: "...пераехаўшы ў Варшаву па прызначэнні ўрада, я прысвяціў сябе далейшым і канчатковым пошукам беларускіх старажытнасцяў").

Варшаўскі перыяд у біяграфіі Шпілеўскага найменш даследаваны. Дзе і як ён шукаў "беларускія старажытнасці", якімі літаратурнымі і навуковымі крыніцамі карыстаўся? Можна толькі меркаваць, што адной з асноўных крыніц збірання беларускага фальклору былі яго падарожжы па роднай Беларусі, куды ён кожны год ездзіў на адпачынак да бацькоў. І іменна з апісання свайго падарожжа на дыліжансе з Варшавы пачынае сваю чарговую кнігу "Путешествие по Полесью и Белорусскому краю", якую потым назавуць яго візітнай карткай. Як слушна заўважыў Г. В. Кісялёў, які адкрыў чытачам асноўныя біяграфічныя звесткі аб Шпілеўскім: "Для многіх гэта была ардынарная турботная паездка, для яго – падарожжа, гэта значыць нешта няспешнае, засяроджанае, узнёслае па мэтах і душэўным настроі").

У нашым імклівым жыцці, калі ў час паездак за вокнамі вагонаў або аўтобусаў мільгаюць назвы населеных пунктаў, мы не бачым і сотай часткі таго, што бачыў падарожнік XIX стагоддзя. А калі яшчэ гэты падарожнік глядзеў на Божы свет вачамі чалавека, улюбёнага ў бацькаўшчыну, ён мог данесці да чытачоў самыя тонкія перажыванні свайго гарачага сэрца. Іменна такім падарожнікам быў Павел Шпілеўскі. Кожная паездка на родную Міншчыну абвастрала цёплыя лірычныя пачуцці ад сустрэчы з радзімай. "Па дарозе мне сустракаліся знаёмыя твары і ўборы, чулася родная беларуская мова, якая... шчаслівыя часы!.. некалі ў гады маленства і дзяцінства гучала ў вушах маіх, калі добрая бабуля-няня закалыхвала мяне фантастычнымі казкамі пра шапку-невідзімку, пра заклятых князёў і князёўнаў, пра бабу-ягу – касцяную нагу...

Пачуўшы даўно знаёмую мне беларускую гаворку, я мімаволі спыніўся і, здавалася, удыхаў у сябе гукі меладычнай пявучай мовы, што чуліся ў паветры; у душу маю вось так і прасіліся водгаласы слоў, што вымаўляюцца, па звычцы беларусцаў, нараспеў, працяжна").

"Путешествие...", нягледзячы на тое, што гэтая кніга насычана як гістарычнымі, так і этнаграфічнымі звесткамі, можна назваць энцыклапедыяй краязнаўства Беларусі першай паловы XIX стагоддзя. Брэст, Белавежская пушча, Кобрын, Палессе, Клецк, Нясвіж, Слуцк, Шчорсы, Мір, Мінск і Мінская губерня, Заслаўль, Лошніца, Барысаў, Ігумен – вось няпоўны пералік гарадоў, мясцін і населеных пунктаў, аб якіх падрабязна расказаў Шпілеўскі.

Па багацці і разнастайнасці звестак аб Беларусі "Путешествие..." не мае сабе роўных не толькі ў дарэвалюцыйнай краязнаўчай літаратуры, але і да нашага часу застаецца выдатным літаратурным помнікам сваёй эпохі.

Трэба зазначыць, што жанр падарожжа быў папулярным ва ўсе часы як у літаратараў, так і ў чытачоў. Аддаў яму належную ўвагу і Шпілеўскі. Артыкул "Мозырщина") з'явіўся працягам апісання падарожжа па родным краі. Мазыр, Петрыкаў, Тураў, Давыд-Гарадок, іх гісторыя і сучасны побыт, род заняткаў мясцовых жыхароў, іх звычкі і строі, легенды і паданні – усё гэта цікавіла пісьменніка.

Вось што ён піша аб цяжкім жыцці простага люду: "Каб яшчэ больш упэўніцца ў атупенні мазырскага народа, трэба зазірнуць у яго бедныя хаты, па большай частцы, курныя, пабудаваныя без усялякіх зручнасцяў і неабходных гаспадарчых прылад. Мазырскі селянін цясніцца са сваёй сям'ёй, з хворымі дзецьмі ў адным пакоі, які асвятляецца лучынай ледзь не поўны дзень, таму што, нярэдка, у хаце маецца толькі адно маленькае акенца.

...Нельга не пашкадаваць, што гэты добры, сумленны, рэлігійны народ, прывязаны да радзімы, які жыве ў багатым краі, шчодра надзеленым ад прыроды ўрадлівай глебай, жыватворным кліматам, цудоўнымі пашамі і векавымі лясамі, пакінуты на волю лёсу і не знаходзіць сімпатыі ў сваіх уладальнікаў").

Як бачым, ад залішняй ідэалізацыі сялянскага жыцця з цягам часу Шпілеўскі прыходзіць да апісання суровай рэчаіснасці.

Я б назваў Паўла Шпілеўскага адным з першых беларускіх пісьменнікаў-эколагаў. Ён узвышаў свой голас супраць бязлітаснай высечкі векавых лясоў, знішчэння баброў і іншых звяроў, бескантрольнай лоўлі рыбы. І ўзвышаў нездарма: праз 150 гадоў у беларускіх рэках няма ні бялуг, ні асятроў, ні сцерлядзі, пра якіх узгадваў пісьменнік, а векавых дубоў захаваліся адзінкі...

Шпілеўскі Павел. Беларусь у абрадах і казках / Старонкі з кнігі

Але вернемся да біяграфіі пісьменніка. У чэрвені 1852 года ён звальняецца Мінскай кансісторыяй у свецкае званне і са снежня 1853 года ўладкоўваецца на працу пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце Санкт-Пецярбурга, дзе жыла нейкая радня Шпілеўскіх. Павел Міхайлавіч быў памочнікам прафесара польскай мовы Дуброўскага. Задача маладога выкладчыка была ў тым, каб практыкаваць у польскай мове студэнтаў, якіх спецыяльна рыхтавалі для Варшаўскай навучальнай акругі. Шпілеўскі кватараваў пры інстытуце і быў сваім чалавекам сярод студэнтаў, якія паважалі яго як літаратара. Да гэтага часу адносіцца яго знаёмства са студэнтам Дабралюбавым, ад якога ён даведваўся пра літаратурныя навіны паўночнай сталіцы.

У красавіку 1855 года пакаёвы наглядчык Шпілеўскі быў пераведзены на пасаду настаўніка школы пры экспедыцыі нарыхтавання дзяржаўных папер, дзе і працаваў прыкладна да 1858– 59 гадоў. А потым быў нялёгкі хлеб журналіста.

Асобнае месца ў творчасці Шпілеўскага займаюць "Западнорусские очерки"). Гэта шэсць белетрыстычна-этнаграфічных нарысаў, якія маюць усе адметныя рысы сапраўдных апавяданняў і да таго ж цікава ілюстраваны мастаком Паўлам Аненскім. Нарыс "Краснослупский комиссар и мужик Аксён" апявае добрага пана Коржыка, які пазбавіў мужыка Аксёна і яго аднавяскоўцаў ад прыгнёту камісара з "гаворачым" прозвішчам Хапункевіч. "Кум и кума", "Ребе-Хаим и Кузьма-бобыль" і "Арендарь Пейсах" носяць яўнае адценне антысемітызму. А вось нарысы "Дударь" і "Пинчуки", напісаныя дабротна і майстравіта, заслугоўваюць да сябе большай увагі беларускага чытача. Цікава, што ў "Дударе" Шпілеўскі адным з першых этнографаў дае не толькі апісанне такога сакральнага для беларусаў музычнага інструмента як дуда, але і падрабязна спыняецца на асобах дудароў, асабліва на постаці апетага ў паданнях дудара Петруся па мянушцы Красны Сіротка.

Пісьменнік пакінуў пасля сябе даволі важкую літаратурную спадчыну, але ёсць дзве галоўныя працы, якія атаясамліваюцца з прозвішчам Шпілеўскага. І калі першую – "Путешествие по Полесью и Белорусскому краю" – можна смела назваць энцыклапедыяй краязнаўства Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, то другая – "Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических поверьях" – энцыклапедыя беларускага фальклору. Яна складаецца з 17 артыкулаў, якія з 1853 па 1855 год друкаваліся ў санкт-пецярбургскім часопісе "Пантеон". Ужо адны іх назвы паказваюць, што гэта самае поўнае на той час апісанне каляндарных звычаяў, абрадаў і чарадзейных казак беларусаў. Самае каштоўнае ў гэтай працы – этнаграфіч-ныя нарысы, бо ў чарадзейных казак, якія аўтар называе паданнямі, адзін апавядальнік – сам Шпілеўскі.

Апошнія гады жыцця Павел Шпілеўскі цалкам аддаў журналісцкай дзейнасці. Ён супрацоўнічаў з часопісам "Театральный и музыкальный вестник", дзе шэраг артыкулаў прысвяціў мінскім тэатрам. Свой вялікі праект "Дневник знакомого человека" – летапіс культурнага і грамадскага жыцця Санкт-Пецярбурга і часткова Расіі – Шпілеўскі пачаў у часопісе "Сын Отечества" і потым у 1858– 59 гадах пра доўжыў у "Иллюстрации", куды ў якасці штатнага супрацоўніка яго запрасіў галоўны рэдактар У. Р. Зотаў. Выданне вызначалася цудоўнымі ілюстрацыямі і гравюрамі, якія рабілі лепшыя расійскія мастакі, але ідэйная накіраванасць часопіса вагалася паміж дэмакратыяй і лібералізмам. Такімі ж эклетычнымі былі пагляды як Зотава, так і самога Шпілеўскага. У сваім "Дневнике знакомого человека" Шпілеўскі заўсёды знаходзіць месца, каб апісаць навіны з роднай Беларусі, якія прыходзілі ад яго ўдзячных землякоў-чытачоў.

Памёр Павел Шпілеўскі 17 кастрычніка 1861 года, крыху не дажыўшы да свайго 38-годдзя. Толькі праз працяглы час у пецярбургскім "Месяцеслове" з'явіўся без подпісу кароткі некралог на смерць пісьменніка. Біяграфія Шпілеўскага захавала шмат белых плям: мы не ведаем яго сямейнага стану і месца пахавання, не захаваўся ягоны партрэт. Тут справа за руплівымі даследчыкамі і літаратуразнаўцамі.

Асноўная заслуга Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага мне бачыцца ў тым, што ў самыя змрочныя часы нашай гісторыі ён адстойваў самабытнасць і таленавітасць свайго народа, захаваў для нас перліны вуснай народнай творчасці беларусаў і спрыяў іх папулярызацыі сярод адукаваных чытачоў.

Нагадаю, што Шпілеўскі словы беларускага паходжання выдзяляў курсівам і стараўся перадаць з усімі арфаэпічнымі асаблівасцямі роднай мовы, у кнізе мы пакідаем усе яго выдзяленні.

Найбольш складанай для перакладчыка з'яўляецца перадача тэкстаў песень, бо пры прывядзенні фальклорнага твора да сучаснага правапісу парушаюцца асаблівасці вымаўлення, уласцівыя для пэўнага рэгіёна. У ідэале тэксты песень трэба было б даваць у два слупкі: злева – тэкст Шпілеўскага без усялякіх змяненняў, а справа – тэкст, прыведзены да сучаснага правапісу. Сваю галоўную задачу як перакладчыка я бачу ў папулярызацыі творчасці Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага і гэтае выданне лічу навукова-папулярным, таму пры перадачы песень і слоў беларускага паходжання я захоўваю ўсе асаблівасці тэкстаў Шпілеўскага, але ў, ер – даю ў сучасным правапісе.

Каментарыі аўтара пазначаны арабскімі лічбамі (1), а каментарыі перакладчыка – арабскімі лічбамі з дужкай (1)). Яны змешчаны ў канцы кнігі.

Псеўданімы і крыптанімы П. М. Шпілеўскага: Эгилевский, Древлянский, П. Древлянский, П. М. Древлянский, Знакомый человек, Барон Икс, П. Ш., П. Ш-ій.

 

Павел Шпілеўскі – (31.10.1823, в. Шыпінавічы Бабруйскага р-на – 17.101861), этнограф, пісьменнік, журналіст. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1847). З 1946 выступаў як даследчык і папулярызатар этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі. Аўтар нарысаў і артыкулаў "Беларускія народныя павер'і" (1846– 52), "Народныя прыказкі, з тлумачэннем паходжання і значэння іх" (1852), "Даследаванне пра ваўкалакаў" (1853), "Мазыршчына (з падарожжа па заходнярускаму краю)" (1859), "Паездка ў заходнія губерні" (1860), публікацыі "Беларускія прыказкі" (1853). Цыклы белатрызаваных нарысаў Ш. "падарожжа па Палессі і Беларускім краі" (1853– 55) і "Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках" (1856) – першыя буйныя публікацыі ў рускім перыядычным друку, прысвечаныя Беларусі.

Пра Паўла Шпілеўскага ў Вікіпэдыі.

Падрабязней пра выданне кнігі Шпілеўскага па-беларуску тут.


Раім таксама паглядзець:
0.92 р.

Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў

НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы; уклад., сістэматызацыя тэкстаў і камент. В. І. Скідана, А. М. Хрушчовай; уступ. Арт. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. С. Ліс. – 2-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 330 с. – (БНТ: Беларуская народная творчасьць).

Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
2.24 р.

Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Галоўны яго твор – "Шляхціц Завальня", дзе ўпершыню шырока выкарыстоўваюцца беларускія казкі і паданні, дзе ў кожным слове "чуваць беларуса".

Мовы ўсяго жывога. Сербскія народныя казкі
2.45 р.

Мовы ўсяго жывога. Сербскія народныя казкі

Зборнік складаюць самыя цікавыя казкі сербскага народа, якім уласцівая непаўторная займальнасць. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі ўмовамі жыцця братняга народа, яго традыцыямі і нацыянальным характарам.