Статут Вялікага княства Літоўскага 1588

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588
12.99 р.
Вага: 630 г
Памеры: 205x265 мм



Пер. на сучасную бел. мову А. С. Шагун. – Мінск : Беларусь, 2010. – 207 с. : іл.

ІSBN 978-985-01-0854-8

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года – помнік юрыдычнай думкі і прававой культуры перыяду Адраджэння. Гэтае выданне дае магчымасць чытачу пазнаёміцца з выдатным помнікам на сучаснай беларускай мове.

Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.


Прадмова

Кніга, якую вы трымаеце ў руках, – фактычна першая спроба ўзнаўлення на сучаснай беларускай мове тэкстаў Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года – выдатнага, агульнаеўрапейскага кшталту, помніка прававой культуры і юрыдычнай думкі перыяду Адраджэння – вельмі насычанага і славутага падзеямі ў еўрапейскай гісторыі. Гэтае выданне адрасуецца не столькі навукоўцам, колькі (і нават у першаю чаргу) самаму шырокаму колу звычайных чытачоў, якія з-за адсутнасці пэўных спецыяльных ведаў і моўнай падрыхтоўкі не заўсёды здольныя без істотных цяжкасцей уцяміць існасць палажэнняў гэтага дакумента пры знаёмстве з яго ўжо вядомымі рускімі і беларускімі адаптацыямі, напрыклад з уключанымі ў апошнюю з прысвечаных Статуту ВКЛ 1588 года кнігу, выдадзеную на Беларусі ў 1989 годзе (Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. Мінск, выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя"). Асабліва было цяжка, калі даводзілася знаёміцца з арыгінальнымі, факсімільнымі тэкстамі ці тымі, якія выдаваліся ў перакладзе на польскую мову ў друкарнях Мамонічаў (1614, 1619, каля 1623), каралеўскім друкаром П. Элертам (1648) у Варшаве, пазней – у Акадэмічнай друкарні ў Вільні (1693, 1744, 1786) і друкарні А. Марціноўскага (1819). Ды і расійскія рарытэтныя выданні Статута, зробленыя ў Санкт-Пецярбургу на польскай і рускай (1811) і ў Маскве на тагачаснай беларускай (1854) мовах, патрабуюць шмат намаганняў ужо хаця б з прычыны іх рэдкасці і цяжкадаступнасці для радавых чытачоў.

Між тым як звод законаў феадальнага права, своеасаблівая канстытуцыя феадальна-грамадскага права Статут плённа дзейнічаў на тэрыторыі ВКЛ з 1589 года і пасля далучэння Беларусі да Расіі захоўваў сваю правамоцнасць ажно да 1831 года ў
Віцебскай і Магілёўскай і да 1840-га – у Віленскай, Мінскай і Гродзенскай губернях. І цяпер ён – неацэнная крыніца для асэнсавання і роздуму чалавека над многімі як мінулымі, так і сённяшнімі падзеямі. Менавіта таму пры адаптацыі старабеларускіх тэкстаў Статута да сучаснага беларускага гучання акцэнт рабіўся не столькі на моўны бок, стылёвую і граматычную адпаведнасць тэкстаў зыходнаму арыгіналу, колькі на іх сэнсавую аўтэнтычнасць, з мэтай данесці да зацікаўленых асоб у першую чаргу сутнасць, лёгкую для засваення канкрэтыку тых ці іншых норм, артыкулаў альбо палажэнняў Статута.

XVI ст., на працягу якога распрацоўваўся і быў уведзены ў дзеянне Статут, з'яўляецца адным з важных рубяжоў гісторыі чалавецтва. У гэты час у краінах Заходняй Еўропы адбываўся духоўны пералом. Феадальная саслоўная сістэма, што існавала вякамі, асвячаючы сваю неабмежаваную ўладу імем бога, пачала развальвацца пад націскам усё нарастаючых сіл новага, буржуазнага ладу. Грамадства рухалася да аднаўлення, але разбурыць яго ўласніцкія ўстоі ў народных мае яшчэ не было рэальных магчымасцей. Для Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, XVI ст. таксама стала адным з найбольш складаных і бурных гістарычных перыядаў.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Ілюстрацыя з кнігі

Статут ВКЛ 1588 года ў навуковых працах яшчэ называюць Трэцім Статутам ВКЛ. Гэта "нумарацыя" не выпадковая, бо ён меў сваіх папярэднікаў у выглядзе Статутаў ВКЛ 1529 (Першага Статута) і 1566 (Другога Статута) гадоў і вянчаў пэўныя вынікі даволі працяглай, творчай і настойлівай кадыфікацыі і сістэматызацыі шырокага абсягу норм тагачасных звычаёвага і афіцыйнага права, здабыткаў юрыдычнай думкі і развагі, якія, дарэчы, у многіх момантах апярэджвалі дасягненні юрыспрудэнцыі шэрагу суседніх і далейшых ад іх еўрапейскіх дзяржаў. Ён ствараўся ва ўмовах фарміравання ў Вялікім княстве Літоўскім культуры эпохі Адраджэння, пад уплывам рэнесансава-гуманістычнай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Хоць гэта дакумент феадальна-сярэдневяковага права, у ім даволі выразна прасочваюцца і тэндэнцыі новай, раннебуржуазнай прававой свядомасці.

Статут абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У ім адлюстравана багатая прававая культура беларускага народа, а беларуская прававая лексіка склала аснову гэтага Статута. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе карысталіся рымскім правам, выкладзеным на незразумелай для многіх лацінскай мове, тэкст Статута быў добра зразумелым пераважнай большасці мясцовага насельніцтва. Мовай Статута ганарыліся яго сучаснікі.

Усе нормы Статута прасякнуты ідэяй усталявання прававой дзяржавы, у якой дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб павінна поўнасцю адпавядаць праву. Ідэя прававой дзяржавы, накіраваная найперш супраць самавольства буйных феадалаў і сярэдневяковай тэакратычнай тэорыі паходжання і сутнасці дзяржавы, была сфармулявана Сапегам у яго прысвячэнні Жыгімонту III і ўсім саслоўям Вялікага княства Літоўскага: "...для того права суть поставлены, абы можному і потужному, не все было вольно чынити, яко Цицеро поведил, иж есте смо невольниками прав для того, абы сьмы вольности уживати могли..." і далей: "...вольности своее во всем постерегаем бо не только сусед а спольный наш обыватель в отчизне але и сам господар пан наш жадное звирхнасти над нами заживати не может одно толко колко ему право допушчаеть". Абвяшчэнне ідэі прававой дзяржавы ў перыяд феадалізму сведчыла аб узнікненні новай дзяржаўна-прававой тэорыі, якая больш за ўсё выявілася ў нормах дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, дзе адлюстраваны дзяржаўны суверэнітэт, грамадскі дзяржаўны лад, асноўныя правы і абавязкі насельніцтва, галоўныя прынцыпы судовага ладу.

Першы Статут Вялікага княства Літоўскага (Статут 1529) склала камісія на чале з канцлерам ВКЛ А. Гаштольдам (некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў складанні і рэдагаванні Статута прымаў удзел Ф. Скарына) на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясцовага звычаёвага права, пастаноў судовых і дзяржаўных устаноў, Судзебніка 1468 года, прывілеяў. Пры яго падрыхтоўцы ўпершыню выпрацаваны сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыповыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галін права. Складальнікі Статута адступілі ад сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавалі сваю. У яе аснове закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права на прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спецыяльныя нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам. Пры гэтым яны былі не выключэннем, а састаўной часткай у сістэме Статута 1529 года, хоць і супярэчылі яго асноўным прынцыпам.

Статут ВКЛ складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў, а пасля ўнясення ў яго дапаўненняў колькасць артыкулаў павялічылася да 283. Раздзелы 1-ы – 3-і ўключаюць ў асноўным нормы дзяржаўнага права і прынцыповыя палажэнні іншых галін права, у 4-ым і 5-ым адлюстраваны шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-ым – судова-працэсуальнае, у 7-ым – крымінальнае, у 8-ым – зямельнае, у 9-ым – лясное і паляўнічае, у 10-ым – цывільнае, у 11 – 13-ым – крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае права. У Статуце 1529 года юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, у сувязі з якім усе асобы павінны былі судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вялікі князь абавязваўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясцовых феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Асаблівая ўвага ў Статуце надавалася судова-працэсуальнаму праву. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. У перыяд феадалізму такое абвяшчэнне ідэі правапарадку было значным крокам наперад. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымінальнага і цывільнага права. Так, абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымінальнае пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен быў аддавацца ў вечную няволю. У Статуце шмат увагі аддавалася шлюбна-сямейнаму праву. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вялікага князя выдаваць дзяўчат замуж толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў. Статут напісаны на беларускай мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларускага народа, дае магчымасць вывучаць лексіку і стыль, дзяржаўна-прававую тэрміналогію таго часу. Нормы дзяржаўнага права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці стварылі своеасаблівую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначаліся структура і характар дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, замацоўваліся асноўныя правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты. Вядомы пераклады Статута 1529 года на лацінскую (1530) і польскую (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на беларускай мове: Фірлееўскі, Замойскі, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лацінскай мове: Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; 1 спіс на польскай мове – Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944-ым). Упершыню Статут 1529 года надрукаваны ў 1841 годзе ў Познані ў "Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529" (лацінскім шрыфтам), у 1854 годзе ў Маскве кірыліцай.

Другі Статут Вялікага княства Літоўскага (Статут 1566) меў асноўнымі крыніцамі агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468 года, Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 года і некаторыя нормы звычаёвага права; выкарыстаў таксама нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права.

Праект Статута рыхтавала камісія пад кіраўніцтвам канцлера М. Радзівіла Чорнага пры ўдзеле маршалка дворнага А. Б. Валовіча, верагодна, таксама П. Раізія, А. Ратундуса і інш. У ім былі спалучаны тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходнееўрапейскага права. У асноўным захавана структура Статута 1529 года. 367 артыкулаў Статута 1566 года аб'яднаны ў 14 раздзелаў. Першыя 3 раздзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, ваеннага, адміністрацыйнага права, 4-ы – судовага ладу і працэсу, 5 – 6-ы – сямейнага і апякунскага права, 7 – 9-ы – цы-вільнага права, 10-ы – ляснога і паляўнічага права, 11 – 14-ы – крымінальнага права. Найбольш істотныя змены унесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права. Статут 1566 года замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзян, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны суверэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаванне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія і падкаморскія суды. Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія былі заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэнне льгот і перавага для класа феадалаў і саслоўя шляхты, недапушчэнне простых людзей у органы кіравання, замацаванне прававой няроўнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную на той час форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы.

У Статуце 1566 года ў пэўнай меры ўжо быў акрэслены пераход ад феадальнага права ўласнасці да буржуазнага. Ён даваў права ўсім феадалам вольна распараджацца сваімі маёнткамі. У Статуце паўней выкладзены нормы спадчыннага права, істотныя змены унесены ў крымінальнае права. Суб'ектам злачынства прызнаваўся толькі чалавек. Непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў. Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці. Крымінальнае пакаранне павінна было ажыццяўляцца толькі па суду, а асоба, якая абвінаваціла каго-небудзь у злачынстве і віна якой не даказана, павінна была быць пакарана так, як мог быць пакараны абвінавачаны ёю. Статут напісаны на беларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Выяўлена 58 спісаў Статута 1566 года, з іх 13 на беларускай, 40 на польскай і 5 на лацінскай мовах. Упершыню надрукаваны ў 1855 годзе ў Маскве.

Трэці статут Вялікага княства Літоўскага (Статут 1588) меў сваімі крыніцамі для распрацоўкі Статуты ВКЛ 1529 і 1566 гадоў, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584 гадоў, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў.

Ён быў падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Л. І. Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 года мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1 – 4-ым раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5 – 10-ым і часткова ў 13-ым – шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11 – 12, 14-ым і часткова ў 13-ым – крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкуле 3-ім 3-га раздзела, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскім веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага, цывільнага права. Так, напрыклад, кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569 года, але абавязваў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй "чужаземцаў і загранічнікаў", у тым ліку і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ. Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Статут замацоўваў феадальны грамадскі лад, наяўнасць 2 асноўных класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі. Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара, аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі. Статут 1588 года закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Гэта выдатны помнік беларускай мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі.

Статут ВКЛ 1588 года выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 года ў Расіі. У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права.

Статут 1588-га, пераважна ў рэдакцыі 1614 года, быў галоўным пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях дзейнічаў да 1840 года). У XVII – XIX ст. перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.


Раім таксама паглядзець:
Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
6.49 р.

Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае

Гэта – яго кніга жыцця. Мікола Ермаловіч працаваў над ёй да апошніх сваіх дзён, паспеўшы ўнесці ў яе ўсе неабходныя праўкі і дапаўненні. Слухач упершыню мае магчымасць у поўным выглядзе пазнаёміцца з праўдзівай гісторыяй беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага.

Краўцэвіч Алесь. Рыцары і дойліды Гародні
12.99 р.

Краўцэвіч Алесь. Рыцары і дойліды Гародні

Кніга складаецца з трох навелаў гісторыка Алеся Краўцэвіча, прысвечаных археалагічным даследаванням сярэднявечнай Гарадзеншчыны, гарадзенскаму Старому Замку, вялікаму князю Вітаўту, які сваю кар'еру пачынаў у Гародні. Гэта першая падобнага кшталту кніга прысвечаная Гародні.

Бабкова Вольга. ...І цуды, і страхі
3.49 р.

Бабкова Вольга. ...І цуды, і страхі

Пад адной вокладкай сабраныя гістарычныя эсэ Вольгі Бабковай, друкаваныя ў розныя часы ў газеце "Наша Ніва". Аўтарка не імкнецца вытлумачыць жыццё людзей позняга Сярэднявечча і пачатку Новага Часу, адно спрабуе адчуць колеры і смакі самога тагачаснага жыцця. Праца са старажытнымі дакументамі дала магчымасць адгукнуцца ўласным голасам на "экзістэнцыяльнае рэха", якое паўстае паміж часам цяперашнім і часам мінулым. Паміж аўтарам і гістарычным персанажам.

Камэнтары

калі з'явіцца ў наяўнасці?

калі з'явіцца ў наяўнасці?