Толкін Джон Рональд Руэл. Каваль зь Вялікага Вутану

Толкін Джон Рональд Руэл. Каваль зь Вялікага Вутану
4.79 р.
Вага: 180 г
Памеры: 165x240 мм



Казка / з ангельскай пераклаў Антон Францішак Брыль ; малюнкі Н. Краўчук. – Мінск : выдавец І. П. Логвінаў, 2010. – 28 с. : іл.

ІSBN 978-985-6901-54-9

Пачатак кнігі

Ня вельмі даўно – для тых, у каго доўгая памяць – і ня вельмі далёка – для тых, у каго доўгія ногі – стаяла вёска. Звалася яна Вялікім Вутанам, бо была большая за Малы Бутан, што хаваўся на некалькі міляў глыбей у лесе. А сама па сабе вёска была ня надта й вялікая, але ў тыя часы багатая, і людзей там жыло шмат – і добрых, і дрэнных, і сярэдніх – адным словам, розных, як паўсюль.

Вёска была на свой лад адметная, на ўсё навакольле слаўная ўмельствам тамтэйшых майстроў, асабліва ў кухарскай справе. Была там агромністая Кухня, што належала Вясковай Радзе, а Майстар Кухар быў вельмі важнаю асобаю. Ягоны дом ды Кухня лучыліся да Вялікай Зборні, будынку найбольшага ды найстарэйшага ў вёсцы, і найпрыгажэйшага таксама. Збудавалі яе калісь даўно з добрага каменю ды добрага дубу, а пасьля дбайна даглядалі, але ніколі болей не фарбавалі ды не залацілі. У Зборні вяскоўцы ладзілі свае сустрэчы ды нарады, агульныя пагулянкі ды сямейныя ўрачыстасьці. Таму працы Кухару заўсёды хапала, бо да кожнага здарэньня патрэбны быў адпаведны пачастунак. А ўжо да вялікіх гуляньняў, якіх штогод адбывалася нямала, адпаведным лічыўся пачастунак багаты й разнастайны.

На адно гуляньне ўсе чакалі з асаблівай нецярплівасьцю, бо толькі яно і ладзілася ўзімку. Цягнулася яно цэлы тыдзень, а ў апошні вечар на заходзе сонца быў баль пад назваю Сьвята Добрых Дзяцей, куды няшмат каго клікалі. Здаралася, безумоўна, што на кагось вартага запрашэньня забываліся, а кагось, наадварот, запрашалі памылкова. Бо так бывае заўсёды, якімі б уважлівымі ні былі тыя, хто ладзіць баль. Прынамсі, каб трапіць на Сьвята Дваццаці Чатырох, трэба было шчэ й нарадзіцца ва ўдалы час, бо здаралася яно толькі раз на дваццаць чатыры гады і запрашалі на яго толькі дваццаць чатыры дзіцяці. Дзеля такога выпадку ад Майстра Кухара чакалі чагось адмысловага, і апроч іншых прысмакаў мусіў ён сьпекчы да гэтага сьвята Вялікі Пірог. І ад таго, ці ўдалы ён атрымаецца, залежыла, слаўны ці няслаўны будзе Майстар Кухар сярод нашчадкаў, бо рэдка хто займаў гэтую пасаду так доўга, каб зрабіць два Вялікія Пірагі.

І вось аднойчы здарылася дзіва на ўсю вёску: тадышні Майстар Кухар абвясьціў, што яму патрэбны адпачынак. І пайшоў, ніхто ня ведаў куды, а калі празь некалькі месяцаў вярнуўся, то яго нібыта падмянілі. Ён заўсёды быў чалавек добры, любіў глядзець, як забаўляюцца іншыя, але сам заставаўся сур'ёзным ды маўклівым. А цяпер павесялеў, часта жартаваў ды сьмяшыў народ, а ў сьвяты сьпяваў вясёлыя песьні, чаго ад Майстра Кухара звычайна не чакалі. А яшчэ ён прывёў з сабою вучня, і гэтым зусім ужо ўразіў аднавяскоўцаў.

Дзівіліся не таму, што Майстар узяў вучня – гэта якраз было звычайнаю справаю. Кожны Майстар у свой час абіраў вучня ды паказваў яму ўсё, што сам умеў, і зь цягам часу аддаваў яму ўсё болей ды болей працы, а калі адыходзіў ад справаў альбо паміраў, то вучань займаў ягонае месца. Але гэты Кухар усё ніяк не хацеў вызначыцца з вучнем, кажучы, што "час яшчэ ёсьць" ды што ён "глядзіць пільным вокам ды здольнага юнака не прагледзіць". А тут раптам прывёў непрыкметнага хлопчыка, ды яшчэ й ня зь іхняе вёскі. Той быў больш гнуткі ды спрытны за мясцовых, а ў размове ціхі ды ветлівы, але зусім яшчэ маладзенькі для працы, з выгляду – гадоў трынаццаці. Аднак жа выбар вучня быў справаю Майстра, таму супярэчыць ніхто ня стаў. Вось і застаўся хлопчык жыць у Кухаравым доме, пакуль не падрос дастаткова, каб пасяліцца асобна. Людзі хутка да яго папрывыкалі, а зь некаторымі ён нават пасябраваў. Сябры ды Майстар Кухар называлі яго Элф, а для астатніх быў ён проста Вучань.

Тры гады ўсё ішло сваім парадкам, а потым зноў адбылося нечаканае. Неяк вясновым ранкам Майстар Кухар зьняў свой белы каўпак, паскладаў чыстыя фартухі, павесіў белы халат на цьвік, ўзяў моцны ясянёвы кій ды невялічкую торбачку ды пайшоў зь вёскі. Разьвітаўся ён толькі з вучнем, бо нікога болей побач не было.

– Бывай, Элфе, – сказаў Майстар. – Працуй адзін, як умееш, а ўмееш ты добра. Спадзяюся, што справы пойдуць як найлепей. Калі выпадзе сустрэцца, пра ўсё мне апавядзеш. А людзям скажы, што я зноў пайшоў адпачыць, але гэтым разам не вярнуся.

Калі вучань перадаў тыя словы вяскоўцам, якія прышлі да Кухні, падняўся перапалох.

– Вось дык справы! – абураліся людзі. – Ані папярэдзіў, ані разьвітаўся! І што ж нам рабіць бяз Кухара? Ён жа нікога за сябе не пакінуў, – так яны казалі, і нікому нават у галаву не прыйшло прызначыць Майстрам Кухарам маладога Вучня. Ён хоць і падрос крыху, але выглядаў зусім яшчэ хлопчыкам, і пры Кухні прабыў усяго тры гады

Толкін Джон Рональд Руэл. Каваль зь Вялікага Вутану. Ілюстрацыя з кнігі

Падрабязьней пра кнігу "Каваль зь Вялікага Вутану" тут.


Раім таксама паглядзець:
Толкін Джон Рональд Руэл. Уладар Пярсьцёнкаў (кніга 1). Зьвяз Пярсьцёнка
14.99 р.

Толкін Джон Рональд Руэл. Уладар Пярсьцёнкаў (кніга 1). Зьвяз Пярсьцёнка

Кніга 1. Пераклад з ангельскае мовы Дзьмітрыя Магілеўцава й Крысьціны Курчанковай. – Менск, 2008. – 422 с. : іл.

Дыкенс Чарльз. Олівер Твіст
8.99 р.

Дыкенс Чарльз. Олівер Твіст

Класіка не старэе. Твор Дыкенса адпавядае нашаму часу яшчэ і тым, што на дзіва арганічна спалучае дзве такія цяжка сумяшчальныя пад вокладкай дзіцячай чытанкі тэмы, як любоў і каханне. Перакладзены на сотні моў, раман Дыкенса цяпер прадстаўлены чытачу і па-беларуску.

Краўцэвіч Алесь. Гедымін (1316 – 1341). Каралеўства Літвы і Русі
12.99 р.

Краўцэвіч Алесь. Гедымін (1316 – 1341). Каралеўства Літвы і Русі

Нарыс з серыі "Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх", прысвечаны вялікаму князю Гедыміну, напісаны прафесійным гісторыкам. Усе пададзеныя гістарычныя факты, а таксама высновы аўтара, грунтуюцца на навуковым аналізе гістарычных крыніц. Кніга будзе прыдатная як тым, хто навучаецца ці вучыць гісторыі, так і ўсім аматарам.

Камэнтары

Для дзяцей і дарослых.

Філасофская казка... Ні на што не падобная...

І што не можа не радаваць - пятая кніга Толкіна, выйшаўшая па-беларуску.

згодзен...

згодзен... але для малых дзетак крыху складаная