Уладзімір Караткевіч : вядомы і невядомы

Уладзімір Караткевіч : вядомы і невядомы
9.99 р.
Вага: 840 г
Памеры: 175x245 мм



Зборнік эсэ, вершаў, прысвячэнняў. – Укладанне : А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 368 с.

ISBN 978-985-6941-76-7

Адметнасць і непаўторнасць новай кнігі пра Уладзіміра Караткевіча заключаюцца найперш у тым, што яна нечым нагадвае сяброўскую сагу пра вялікага і легендарнага пісьменніка, пра чалавека, чый ўплыў на грамадскую думку, на фарміраванне гістарычнага светапогляду сучасніка працягваюцца і цяпер.

Першую частку зборніка складае эсэ празаіка, паэта, літаратуразнаўцы Алега Лойкі "Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі", дзе не толькі канцэптуальна, але і лірычна, эмацыянальна, узнёсла асэнсавана постаць славутага творцы.

Другая частка зборніка – "Белая песня ў лугах залацістых...", дзе ўпершыню надрукаваныя паэтычныя творы самога У. Караткевіча на беларускай і рускай мовах, аўтапераклады асобных твораў на рускую мову і лісты паэта да Ніны Молевай.

Трэцюю частку кнігі склалі вершы, урыўкі з паэм, эсэ, вытрымкі з нарысаў, крытычных артыкулаў як беларускіх, так і замежных пісьменнікаў, іншыя матэрыялы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу.

ЗМЕСТ

І. Алег Лойка. УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ, або ПАЭМА ГАРСІЯ ЛОЙКІ. (Эсэ)
Подзвіг творцы. Анатоль Верабей
ГЭТАЯ ПАЭМА... (Замест уступу)
Раздзел першы. 3 НАПАЧАТКУ ПЯРОЙДЗЕНАГА
Раздзел другі. ПОШУКІ І ПАКУТЫ
Раздзел трэці. РОЗНЫ, ЯК ЯГОНЫЯ ВОЧЫ
Раздзел чацвёрты. "МАТЧЫНА ДУША", "ВЯЧЭРНІЯ ВЕТРАЗІ"
Раздзел пяты. ВЕРАБ'ІНАЯ НОЧ
Раздзел шосты. "ДАЗВОЛІЦЬ САБЕ РАСКОШУ ЛЮБІЦЬ УСІХ!..."
Раздзел сёмы. У ДАРОЗЕ 3 ІМ
Раздзел восьмы. ДУБУЛТЫ, ЛІПЕНЬ 81-ГА
Раздзел дзявяты. У СТЫХІІ БЛАЗЕНСТВА
Раздзел дзясяты. У СЛОНІМЕ НА ЛАБАЗОЎЦЫ
Раздзел адзінаццаты. МАЕ ВЕРШЫ ПРА ЯГО, І НЕ ТОЛЬКІ
Раздзел дванаццаты. СОНЦА ЗАХОДЗІЛА НА КАРЛА МАРКСА
".. .Памалюся дубу, каменю, яснаму сонейку!.." (Замест эпітафіі)

ІІ. "БЕЛАЯ ПЕСНЯ Ў ЛУГАХ ЗАЛАЦІСТЫХ..."
Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева

Асветленыя любоўю. Анатоль Верабей

Паэзія
Дзіва на Нерлі
Чудо на Нерли
Паэма пра засуш
Поэма о засухе
Рэчка Папараць
Речка Папороть
"...І сонца..."
"И солнце..."
Плошча Маякоўскага. (Паэма)
Площадь Маяковского. (Поэма)
"Я стал слабее стеблей травы..."
"Русь, ты одна на свете..."
Балада аб арганаўтах нябёс
Буслы вучаць дзяцей
"Месяц заснуў на коміне хаты..."
"Шчаслівы паўнатою сталай сілы..."

Мастакі (Художники)
Балада пра Невядомага, Першага
Прарок Геронім Босх
Трызненне Мужыцкага Брэйгеля
Баллада об аргонавтах неба
Пророк Иероним Босх
Бред Мужицкого Брейгеля
Грубае і ласкавае. (Паэма)
Грубое и ласковое. (Поэма)
"Когда ночь в мои окна звёздами впялится..."
Мёртвые радуги
Родина. (Поэма)

Лісты
Дарчыя надпісы
Віншаванне
Успамін

Нина Молева. Высшие литературные

III. "СВЕТ МЯНЕ ПАЎТОРЫЦЬ..."
Творы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу

"У векавечнай бацькаўшчыне...". Сяргей Панізнік

1. ГІМН ЯДНАННЯ
Вершы-прысвячэнні Уладзіміру Караткевічу

Уладзімір Караткевіч. Сплятайце рукі!
Валянціна Аколава. Аршанскі прарок Караткевіч. (Беларускі вянок санетаў)
Эдуард Акулін. Памяці Уладзіміра Караткевіча
Мікола Арочка. Замак Уладзіміра
Мікола Аўрамчык. "Ты ж знаеш, як паэзію – у прозе..."
Вольга Базылёва. "І нараджаюцца словы..."
Рыгор Барадулін.

Партрэт Уладзіміра Караткевіча ў унтах з двума сабакамі (Каралішчавічы, 1965 год)
Валун Караткевіча
Да партрэта Уладзіміра Караткевіча
У вянок жалобы Уладзіміру Караткевічу

Святлана Басуматрава. Блізкая далячынь
Серафіма Бестава. Ёсць нам у каго вучыцца
Данута Бічэль.

Сонца
У Гародні вясною з Валодзем Караткевічам

Генадзь Бураўкін. "Зноў жалобных званоў ускалых..."
Андрыс Веянс. Ля Даўгавы. (Пераклад з латышскай мовы Рыгора Барадуліна)
Сцяпан Гаўрусёў. "Абрысы снегавых палёў..."
Лідзія Гардынец. "Песціць зорка дрымотнае ранне..."
Ларыса Геніюш.

Над старымі друкаванымі кнігамі
"У жыцці ў цябе ўдараў нямала"

Сяргей Грахоўскі. Бог на зямлі. (Фантазія)
Марыя Дзмітранок. Размова з нябожчыкам
Павел Дзмітрук. "Я любоўю багаты..."
Зміцер Дзядзенка. "Каму маліцца на сваёй зямлі..."
Васіль Жуковіч. Уладзімір Караткевіч
Людміла Забалоцкая. "Ілжа разьбярыла адкрыта..."
Галіна Загурская. Паэт
Васіль Зуёнак. Рандэву па мемарыяльным Віцебску ў дзень адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу
Анатоль Зэкаў. Хрыстос
Вальдко Калінін. Цыганскі дзякуй Уладзіміру Караткевічу. (Пераклад з цыганскай мовы Рыгора Барадуліна)
Казімір Камейша. Човен
Анатоль Канапелька. Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Галіна Каржанеўская. Уладзіміру Караткевічу
Алесь Каско. "Дзе мой край?"
Алесь Касцень. "Праз фіранку бачым..."
Валянціна Коўтун. Замова ветру
Вольга Куртаніч. Прысвячаецца Уладзіміру Караткевічу
Уладзімір Ліпскі. Жыві сёння. (Урывак)
Алег Лойка. У Кіеўскай Лаўры
Максім Лужанін. Званок у "неадкладную дапамогу"
Раман Лубкіўскі. Караткевіч на белым кані. (Пераклад з украінскай мовы Васіля Зуёнка)
Уладзімір Лучук. Гарлачыкі. (Пераклад з украінскай мовы Сяргея Панізніка)
Янусь Малец. Перасцярога
Уладзімір Мароз. Вершы Караткевіча
Арташэс Пагасян. 3 неба. (Пераклад з армянскай мовы Рыгора Барадуліна)
Сяргей Панізнік.

Кругі застыглага рэха
Дзіда часу
Лістападаўская паўза

Уладзімір Папковіч. "Зноў і зноў я гартаю твае тамы..."
Насця Пыжыкава. "Ну і няхай сёння раніца шэрая..."
Юрась Свірка. Уладзімір Караткевіч
Давид Симонович. "Опять на планете ночами бессонными..."
Янка Сіпакоў. Заўжды
Таццяна Тамашэвіч. "Быў. Ёсць. Будзеш..."
Алена Танана.

Стары Беларус
Вяртанне

Ала Танчэўская. Пакінуў Божа Беларусь
Анатоль Трафімчык. "Такую больш мне не сустрэць..."
Якаў Хелемскі. "Пачатыя ў канцы шасцідзясятых..." (Пераклад з рускай мовы Рыгора Барадуліна)
Вольга Чарнышова. "А дзе ж той Бог, што тут жыве?"
Іван Чыгрын.

Без Караткевіча праз Оршу
Тлумачэнне да аўтографа на кнізе "Блакіт і золата дня"
"Ён рэлігійны. Ён святы"

Ле Чонг Шам. Каля магілы. (Пераклад з в'етнамскай мовы (паводле аўтарскага падрадкоўніка) Сяргея Панізніка)
Віктар Шніп.

Балада Уладзіміра Караткевіча
"Няма Караткевічаў новых..."

Віктар Ярац.

Святло Беларусі
Закінутыя ганчарні

Эльвіра Ярчак. Уладзіміру Караткевічу

2. "РАСТУ Ў ЦАНЕ Я..."
Сяброўскія эпіграмы

Савось Авось (Рыгор Барадулін). Яшчэ пры жыцці
Чытацкае пытанне Уладзіміру Караткевічу
"Хай сніць масціты..."
"Я пераводжу з тома ў том..."
Уладзімір Караткевіч
"Ён адзін..."
"У гневе – леў..."
Уладзімір Караткевіч

3. ЖЫЦЦЁ І ЎЗНЯСЕННЕ
Уладзімір Караткевіч. "Радок бяззбройны і бясспрэчны..."
Адам Мальдзіс. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Партрэт пісьменніка і чалавека. (Урывак)
Уладзімір Караткевіч. Самая цікавая навука – жыццё. (3 адказаў на пытанні Таццяны Шамякінай)
Згадкі пра У. Караткевіча
Рыгор Барадулін. Акафіст Уладзіміру
Уладзімір Караткевіч. "Быў. Ёсць. Буду"

КАМЕНТАРЫІ


ПОДЗВІГ ТВОРЦЫ

"Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі" – гэта твор, які быў напісаны моцна хворым Алегам Антонавічам Лойкам у 2008 годзе, у апошнія месяцы яго жыцця. Твор сведчыць пра подзвіг Алега Антонавіча як пісьменніка і навукоўца, пра яго самаахвярнае служэнне мастацкаму слову. Сабраўшыся з сіламі, Алег Лойка здзейсніў сваю даўнюю, больш як дваццацігадовую, задуму – не толькі асэнсаваў постаць Уладзіміра Караткевіча, але і выявіў уласную постаць, згадаў шмат цікавага з іх блізкага сяброўства.

Вызначэнне жанру твора як паэмы было абумоўлена жаданнем аўтара наблізіцца да постаці Уладзіміра Караткевіча як да глыбы чалавечнасці, беларускасці, мастакоўнасці, глянуць на яго як на лірычнага, гераічнага эпіка, вартага паэмнага ўзвышэння. Добра прыдалася да назвы твора і зыначанне Уладзімірам Караткевічам у лісце за 27 ліпеня 1974 года да Алега Лойкі яго прозвішча як Гарсія Лойка, сугучнае з прозвішчам славутага іспанскага паэта Гарсія Лоркі.

Гэты твор пра Уладзіміра Караткевіча стаў для Алега Лойкі арганічным працягам яго папярэдніх раманаў-эсэ пра Янку Купалу і Францыска Скарыну. У ім, як і ў раманах-эсэ "Як агонь, як вада" і "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае", натуральна спалучыліся асабістае, лірычнае, паэтычнае і даследчыцкае, праблемна-аналітычнае. У ім Алег Лойка падсумаваў і канцэптуальна выявіў уласны эстэтычны погляд на прыгожае пісьменства і на мастацкія набыткі Уладзіміра Караткевіча.

Красамоўна сведчаць пра шчырае іх сяброўства пададзеныя ў творы надпісы Уладзіміра Караткевіча на зборніках паэзіі "Матчына душа" (1958) і "Вячэрнія ветразі" (1960), зборніку прозы "Блакіт і золата дня" (1961), рамане "Каласы пад сярпом тваім" (1968), што былі падараваныя Алегу Лойку. Шмат было падстаў для сімпатый і братэрскіх пачуццяў, якія ў сэрцы Алега Лойкі будзіў Уладзімір Караткевіч. Алег Лойка напісаў рэцэнзію на яго першы зборнік паэзіі "Матчына душа", якая, аднак, не была надрукавана. Уладзімір Караткевіч быў удзячны яму за рэцэнзію "Выхаванне таленту" на другі зборнік паэзіі "Вячэрнія ветразі", што была надрукавана ў часопісе "Маладосць" (1961, № 7). У часопісе "Маладосць" (1963, № 1) быў надрукаваны і артыкул Алега Лойкі "Хваляванне за сучасніка", дзе ён ставіў раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць" у адзін рад з раманам Івана Мележа "Людзі на балоце" і аповесцямі Васіля Быкава "Здрада" і "Трэцяя ракета". Алег Лойка сваю любоў да Уладзіміра Караткевіча перадаваў студэнтам БДУ, быў навуковым кіраўніком кандыдацкай дысертацыі Лідзіі Іванаўны Прашковіч "Беларускі гістарычны раман. (Станаўленне жанру)" (1977), прысвяціў яму свае вершы, сустракаўся з ім у Слоніме і Мінску, у снежні 1966 г. выступаў з ім у школах на Мядзельшчыне, у сакавіку 1971 г. у складзе групы беларускіх літаратараў наведаў Магнітагорск, у ліпені-жніўні 1981 г. яны з сем'ямі разам адпачывалі ў Доме творчасці ў Дубултах (Латвія). Пра ўсё гэта цікава і змястоўна апавядаецца ў творы.

Алег Лойка па-свойму глянуў на постаць Уладзіміра Караткевіча, паказаў яго як рэальнага, зямнога чалавека і як генія. Уласныя згадкі і развагі пра творчую спадчыну Уладзіміра Караткевіча ўдала падмацаваў вытрымкамі з яго лістоў да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, яго дзённікавымі запісамі, успамінамі пра яго Уладзіміра Калесніка, Фларыяна Няўважнага і іншых асоб. Плённа выкарыстаў і набыткі караткевічазнаўства, напрыклад кнігі Адама Мальдзіса "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека" (1990).

Апраўдана тое, што Алег Лойка падаў у творы свае рэцэнзіі на першыя паэтычныя зборнікі Караткевіча "Матчына душа" і "Вячэрнія ветразі". Ён слушна сказаў пра своеасаблівае спалучэнне ў яго паэзіі лірычных і эпічных элементаў. Падкрэсліў, што "адметнай і вельмі прыемнай адзнакай творчай індывідуальнасці Караткевіча з'яўляецца яго шырокая эрудыцыя". І сёння заслугоўвае ўхвалы тое, што Алег Лойка зычліва і эмацыянальна, улічваючы спецыфіку рамантычнага таленту паэта і яго светаўспрымання, на высокім прафесійным узроўні ахарактарызаваў першыя яго паэтычныя зборнікі. Выключную каштоўнасць маюць і асабістыя згадкі Алега Лойкі пра тагачасны літаратурны працэс, пра адносіны паміж сабой літаратараў, пра перыпетыі шляху Караткевіча ў літаратуру.

Алег Лойка напісаў не хроніку жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, а стварыў свой, шматгранны і непаўторны яго вобраз як чалавека і творцы. Пры гэтым плённа спалучыў, напрыклад, згадкі пра яго фарміраванне як асобы ў Оршы, Кіеве, Маскве, Рагачове, Мінску з роздумам пра веліч здзейсненага ім як пісьменнікам. Алег Лойка лічыць Уладзіміра Караткевіча класікам беларускай літаратуры, пісьменнікам сусветнага значэння, геніем. Цікавымі з'яўляюцца развагі пра ролю Уладзіміра Караткевіча для беларускай літаратуры і ролю Джэймса Макферсана з яго "Паэмамі Асіяна, сына Фінгала" для англійскай, пра ролю Вацлава Ганкі з яго краледворскімі рукапісамі для чэшскай. Сапраўды, Уладзімір Караткевіч "у пару савецкай русіфікацыі, калі Беларусь сваёй уласнай гісторыі пазбаўлялася, вяртаў ёй гісторыю, выдумляў ёй міфы".

На думку Алега Лойкі, творчасць Караткевіча была не толькі выявай духу. У ёй яшчэ было ўзвелічэнне беларускай шляхты і беларускага мужыка, "як і выявы самога характару Караткевіча як дзеяча гісторыі, культуры Беларусі, беларускага народа". Слушна сцвярджаецца, што "Уладзімір Караткевіч – беларус да мозга касцей – гэта перш за ўсё".

Алег Лойка дакладна вызначае сутнаснае ў постаці Караткевіча: "Віталізм, аптымізм, жыццярадаснасць да карнавальнасці – толькі ў гэтым ён. Трагізмам увогуле дыхае шмат што ў творчасці Караткевіча, і то вялікім, празмерным, надзвычайным трагізмам, але па-над усім у яго жыццё – радаснасць да самага здаровага рогату, да самага нястрымнага рагатання".

Уладзімір Караткевіч быў розны, як яго вочы рознага колеру, як яго выявы на фатаграфіях розных часоў. Адметныя, непаўторныя былі і яго творы. Але, як піша Алег Лойка, "быў і застаецца ў народным, нацыянальным успрыняцці Караткевіч толькі адзін. <...> Але юнак разам з тым заставаўся ў ім да самага канца дзён ягоных". Сапраўды, ён быў розны і адначасова адзіны, цэласны ў сваім знешнім абліччы, у духоўным вобліку, у эстэтыцы сваёй творчасці.

Для пісьменніка важнай была думка пра повязь часоў. Таму нельга не пагадзіцца з Алегам Лойкам, які піша: "І тут ізноў трэба падкрэсліць, што мінулае, сучаснае, будучае ў Караткевіча – гэта адзінае, гэта яго вялікасць Час, яе вялікасць Прастора. Караткевіч па адчуваннях чалавек усезямных Часу і Прасторы, космасу Дабра і Зла. Толькі Дабро і Зло спрадвечныя пад небам, на зямлі, толькі адносіны людзей да гэтых граняў існасці ўвяргаюць іх у стан змагання за Святло супраць Цемры". Ды і герояў сваіх, згадаем хоць бы раман "Каласы пад сярпом тваім", пісьменнік дзяліў не па сацыяльна-класавай прыкмеце, а па тым, добрыя яны ці дрэнныя.

Алег Лойка лічыць, што хоць і цяжка, "але ўсё ж больш-менш выразна можна яго ўспамінаць у трох іпастасях: Караткевіч – парадны, Караткевіч – паўпарадны, Караткевіч – непарадны.

Парадны – куртуазна-рыцарская стыхія, цалаванне жанчынам ручак, паданне перад імі на калені (як перад жонкай Мальдзіса Марыяй Карлаўнай); паўпарадны – у чарнавіках, блакнотах, лістах, у спалучэнні высокага стылю і простанароднага, ледзь не вульгарнага; непарадны – вагантны, анекдатычны, хахмацкі, аматар куплі, тамада застолляў". Так, Уладзімір Караткевіч быў не без пэўнай прыгодніцка-рамантычнай авантурнасці. Таму можна гаварыць таксама пра авантурызм літаратурнага героя Караткевіча і яго абвостраных сюжэтаў, пра авантурнасць тыпажу – гераічнага, рыцарскага, барокавага, закаханых герояў, гратэскава-лотраўскіх персанажаў.

Каштоўнай у сувязі з гэтым з'яўляецца наступная выснова Алега Лойкі: "І што характэрна – гэта пэўная лірызацыя авантурызму, спалучэнне яго з двайной мараллю – свецка-хрысціянскай і хрысціянска-народнай, характэрная Караткевічу ўвогуле рэзкая палярызацыя дабра і зла. Караткевіч не шукаў, як Якуб Колас, нягоднікам станоўчых рысаў, каб гэтым ачалавечніць іх, закрэсліваць у іх подласць. Караткевіч ішоў ад Шэкспіра, а не ад Л. М. Талстога, будучы і розным рамантыкам, і розным майстрам паказу жыцця ў яго рэаліях".

Алег Лойка грунтоўна, у кантэксце творчасці Караткевіча, прааналізаваў яго апавяданне "У шалашы". Глыбока прачытаў пралог да рамана "Нельга забыць", адзначыў, што ў ім Караткевіч – "як бы адхрышчваючыся ад літаратуршчыны рамантызму, як бы хуліганячы, яўляючы сябе як бы дэкамеронаўцам ці раблезіянцам, а насамрэч спалучаючы супрацьлегласці, палярнасці, стылізуючы іх пад адзіным рамантычным дахам, і тое, і другое робячы характэрнымі рысамі свайго, Караткевічавага стылю". Алег Лойка назваў магутнейшым раман Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", адзначыў, што ў гэтым творы пісьменнік інквізіцыю Сярэднявечча асудзіў у беларускай літаратуры, як ніхто да яго, што ў гэтым творы ён блюзнерыў у беларускай літаратуры, як да яго ніхто!..

У першым раздзеле свайго твора аўтар пісаў: "Сапраўды, мой творчы замах быў калісьці надзвычайны, наўрад ці што з яго я цяпер здзейсню". Таму вельмі шкада, што напрыканцы жыцця моцна хворы Алег Лойка не ўсё змог здзейсніць з калісьці надзвычайнай задумы. Аднак і тое, што ён зрабіў, уражвае і захапляе. Ён узвысіў і адкрыў, адметна, глыбока і непаўторна раскрыў постаць Уладзіміра Караткевіча, сам яскрава раскрыўся. І ў гэтым каштоўнасць яго твора.

Анатоль ВЕРАБЕЙ

Пра Ўладзімера Караткевіча ў Вікіпэдыі.


Раім таксама паглядзець:
Мальдзіс Адам. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
4.99 р.

Мальдзіс Адам. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Пісьменнік незвычайнага, рэнесанснага таленту, Уладзімір Караткевіч стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле. І задача гэтай кнігі – растлумачыць, хаця б часткова, той феномен, імя якому – Караткевіч. Аўтар спрабуе разгадаць многія загадкі геніяльнай празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.

Караткевіч Уладзімер. Быў. Ёсьць. Буду
6.49 р.

Караткевіч Уладзімер. Быў. Ёсьць. Буду

Зборнік вершаў "Быў. Ёсьць. Буду" — апошняя, разьвітальная кніга Ўладзімера Караткевіча. Кніга-споведзь, кніга-прызнаньне ў любові да роднага краю, кніга-запавет веры і надзеі, дадзены нам, спадкаемцам. У аўдыёкнігу ўвайшлі таксама выбраныя вершы Ўладзімера Караткевіча розных гадоў.

Караткевіч Уладзімір. Ладдзя Роспачы
3.12 р.

Караткевіч Уладзімір. Ладдзя Роспачы

Гэтая кніга – першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча. Кніга адметная тым, што яна інтэрактыўная: кожны з вас, разгортваючы яе, робіцца даследчыкам творчасці Караткевіча. Тэкст не "адматаны" да першапачатковага варыянта – усе праўленыя і выразаныя моманты проста графічна паказаныя ў тэксце. Каб кожны з вас мог вырашыць, што выпраўлена справядліва, а што – не.

Караткевіч Уладзімер, Геніюш Ларыса, Барадулін Рыгор. Галасы
4.99 р.

Караткевіч Уладзімер, Геніюш Ларыса, Барадулін Рыгор. Галасы

23 ўнікальныя трэкі (у фармаце Audio-CD), запісаныя Сяргеем Панізьнікам у 1968 годзе + запіс 2009 году: Рыгор Барадулін чытае тыя самыя вершы праз 41 год. Бонус: аўдыёэсэ Сяргея Панізьніка "Як запісваліся гэтыя галасы".