Васючэнка Пятро. Дванаццаць подзвігаў Геракла

Васючэнка Пятро. Дванаццаць подзвігаў Геракла
6.99 р.
Вага: 270 г
Памеры: 145x220 мм



Раман-бурлеск. Дванаццаць подзвігаў Геракла : для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту / Пятро Васючэнка ; мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч. — Мінск : Выдавецкі дом "Звязда", 2013. — 152 с. : іл. — Цвёрдая вокладка.

ISBN 978-985-7059-53-9

Пра подзвігі асілка, які змагаецца з монстрамі, ліхадзеямі, разбойнікамі і нязменна перамагае іх, аўтар распавядае ва ўласцівай яму разняволенай манеры, займальна і з гумарам.

Геракл, апісаны беларускім аўтарам, выглядае падобным да падлетка, надзеленага надзвычайнай фізічнай сілай, які стаіць на шляху спасціжэння дабра і справядлівасці.

Раман змяшчае шмат цікавых звестак па міфалогіі, гісторыі, геаграфіі Старажытнай Грэцыі.

Пятро Васючэнка

ЗМЕСТ

АД АЎТАРА

ТРЫНОЖАК АПАЛОНА
(Пралог)

НЯМЕЙСКІ ПРЫВІД
(Першы подзвіг Геракла)

ЛЯРНЕЙСКАЯ ПАЧВАРА
(Другі подзвіг Геракла)

ПАЛЯВАННЕ НА КІРЭНЕЙСКУЮ ЛАНЬ
(Трэці подзвіг Геракла)

КРЫВАВАЯ ВЯЧЭРА Ў ЭРЫМАНФЕ
(Чацвёрты подзвіг Геракла)

НЕЗЛІЧОНЫЯ СКАРБЫ ЦАРА АЎГІЯ
(Пяты подзвіг Геракла)

ЖАЛЕЗНЫЯ ПТУШКІ АРЭСА
(Шосты подзвіг Геракла)

КАРЫДА НА КРЫЦЕ
(Сёмы подзвіг Геракла)

ФРАКІЙСКІЯ КОНІ-ЛЮДАЖЭРЫ
(Восьмы подзвіг Геракла)

ІПАЛІТА, ЦАРЫЦА АМАЗОНАК
(Дзявяты подзвіг Геракла)

ПАЧВАРЫ 3 ЧЫРВОНАГА ВОСТРАВА
(Дзясяты подзвіг Геракла)

МАЛАДЗІЛЬНЫЯ ЯБЛЫКІ ГЕСПЕРЫДАЎ
(Адзінаццаты подзвіг Геракла)

ПРАЗ АПРАМЕТНУЮ
(Дванаццаты подзвіг Геракла)

ВЯРТАННЕ Ў ДЭЛЬФЫ
(Эпілог)


АД АЎТАРА

У XXI стагоддзі мне захацелася напісаць кнігу пра тыя часы, калі чалавек быў дзіцем, і чалавецтва палягала ў стане дзяцінства, і гэтым дзіцячым садком кіравалі выхавацелі – усемагутныя і ўсёведныя алімпійскія багі.

Ясна, што ўсё гэта адбывалася ў Старажытнай Грэцыі, а ў Грэцыі, як той казаў, усё ёсць. Грэцыя была калыскаю ўсясветнай цывілізацыі, і тое, што маем сёння, мы маем дзякуючы той эпосе, якую называюць Антычнасцю.

Я ўявіў сабе тагачасную Грэцыю, у сваёй свядомасці накрэсліў яе карту, з яе гарамі і доламі, з вінаграднікамі, козамі і пастухамі, і яна падалася мне падобнай да маёй радзімы – Полаччыны, або Крыўі, таксама старажытнага і запаветнага краю, адкуль вытокі мудрасці і кніжнасці Беларусі.

Чалавецтву, што выйшла з улоння прыроды, настаў такі час расці і мудрэць, і вось з’яўляюцца героі і мудрацы, падлеткі Антычнасці. Адным з такіх быў легендарны Геракл, тынэйджар паводле свае імпульсіўнай, наіўнай, запытальнай натуры, але ўжо дарослы чалавек сваім целам.

Геракл перамагае дэманаў мінулых эпох, па сутнасці, перамагае адвечны страх чалавека перад незразумелым, ліхім, невытлумачальным.

Мяне турбуе яго агрэсіўнасць, юначы максімалізм, і я баюся, каб ён, чалавек, што стаіць на пачатку новай цывілізацыі, не абрынуў свой гнеў на ўсё жывое, на братоў нашых меншых, якія маюць права на існаванне нават у тым выпадку, калі прырода стварыла іх брыдкімі. Надта ўжо мой герой спадзяецца на свае цягліцы, кулакі, булаву і лук з атручанымі стрэламі.

Геракл робіць і часткова выпраўляе свае памылкі. Ці выправіць іх цывілізацыя? Ці знойдзе яна адказ на тую загадку, якую паставілі перад Гераклам алімпійскія багі? Герой жыве ў прадчуванні новай эры, у якой алімпійскія небажыхары сыдуць у цень.

Геракл расце разам з чалавецтвам. І таму маю кнігу можна назваць раманам выхавання.

(А калі нехта любіць неверагодныя авантуры, метамарфозы і паядынкі, ён таксама знойдзе іх у гэтым творы.)

Цяпер яшчэ вось што. Нехта з першых чытачоў майго рукапісу запытаўся ў мяне: “Пятро, а чаму Грэцыя, Мікены, Геракл? Чаму не нашае, беларускае? Ёсць у нас, прыкладам, свае асілкі – Кацігарошак, скажам, або Хведар Набілкін”.

Перапрашаю, пра Хведара Набілкіна я напісаў п'есу-казку. А Алімп, Парнас, Геракл – яно ж даўно ўжо нашае, беларускае!

Прыгадайма паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, дзе, у прыватнасці, можна прачытаць і такое:

Вось б’юцца Марс ды з Геркулесам,
А Геркулес, як той мядзведзь, –
Каб цешыць старага Зевеса,
Хахол ён Марсу добра мнець...

Наша літаратура заўжды ўмела з доляй іроніі, гумару казаць пра былое, пра паважныя рэчы, і тое самае спрабуе рабіць аўтар новай версіі прыгодаў Геракла.

 

Ціхан Чарнякевіч пра новую кнігу Пятра Васючэнкі:

Кніжкі Пятра Васючэнкі не залежваюцца на паліцах у кнігарнях, а ў бібліятэках карыстаюцца чытацкім попытам. Свой новы раман пісьменнік ахарактарызаваў, як гісторыю волата з мускуламі кшталту Арнольда Шварцнэгера, але з душою падлетка.

Вядомы антычны сюжэт практычна не дэфармуецца аўтарам, але і не ператвараецца ў пераклад кніжкі Куна. Спадар Васючэнка пераводзіць Геракла ў рэалістычны канон (замест герметыкі міфалагічнага), што дазваляе Гераклу быць простым чалавекам, поўным, вядома, надзвычайнаю моцай. Героя акаляе будзённая рэальнасць. Мала таго, ён шукае сваё асабістае чалавечае пакліканне, сэнс свайго жыцця.

Чытач знойдзе тут і алюзіі на нацыянальную класіку, і дабротны беларускі гумар, а таксама пэўныя перагукі з сучаснымі тэмамі – напрыклад, эмансіпацыі. На мой погляд, вельмі мілая дзіцячая кніжка атрымалася (ой, кніжка ж не выйшла яшчэ!). Стыль бездакорны, “васючэнкаўскі”. Такое адчуванне, што гэта адзіны літаратар, якому невядомае пачуццё дысгармоніі.


Раім таксама паглядзець:
Маўр Янка. Палескія рабінзоны ; У краіне райскай птушкі
6.49 р.

Маўр Янка. Палескія рабінзоны ; У краіне райскай птушкі

Аўдыёкнігу склалі дзве найзнакамітыя аповесці заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра: “У краіне райскай птушкі” і “Палескія рабінзоны”, якія ўпершыню выйшлі друкам у 1930-я гады і вось ужо каторае дзесяцігоддзе займаюць сваё пачэснае месца ў школьнай праграме па роднай літаратуры.

Масла Алена. Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала
6.49 р.

Масла Алена. Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала

Пані Чаротная расказвае сваёй шматлікай радні аб прыгодах і знаёмствах, што напаткалі яе падчас вандроўкі да цёткі Крумкі. Ад роднай сажалкі ў Прыздвінні да Палангі – шлях не блізкі. Але падарожніцы дапамагаюць спрыт і таварыскі характар... Героі казкі – "насельнікі" Чырвонай кнігі. У кожнага з іх – свой характар і стаўленне да свету. Адпаведна гэтаму і разгортваюцца казачныя падзеі.

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі
4.99 р.

Дайнека Леанід. Меч князя Вячкі

Прыгодніцкі раман Леаніда Дайнекі мае гістарычную аснову. Гэта – гераічная барацьба гараджан старажытнага полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.