Верамейчык Сяргей. Міхал Клеафас Агінскі, 1765 – 1833: продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі

Верамейчык Сяргей. Міхал Клеафас Агінскі, 1765 – 1833: продкі, жыццё ў Залессі,
3.99 р.
Вага: 160 г
Памеры: 115x165 мм



Cпроба храналогіі. – Мінск : Кавалер, 2008. – 128 с. : іл.

ІSBN 978-985-6053-31-6

Кніга, напісаная краязнаўцам і на краязнаўчым узроўні, з'яўляецца займальным храналагічным даведнікам жыцця выдатнага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча М. Кл. Агінскага і будзе вельмі карыснай для настаўнікаў, вучняў і ўсіх цікаўных да гісторыі Беларусі.

ЗМЕСТ

Ад аўтара
Маёнтак у Залессі
Дрэва роду
     Герб роду Агінскіх
     Сямейная лінія Міхала Казіміра

Князь Міхал Клеафас (1765 – 1833 гг.)
Палітык
     Паўстанец
     Эмігрант
     Гаспадар Залесся
     Італьянскі перыяд (пасля 1822 г.)
     Адступленне – пра лёс паланэзу "ля-мінор"

Залессе пасля М. Кл. Агінскага
Запавет сыну
Спіс літаратуры


Ад аўтара

Шчыра прызнаюся – чатырнаццаць год таму пра Агінскага я амаль нічога не ведаў...

Пра Залессе тады я ведаў адзінае – там жывуць Лось і Ліс, мастакі (муж і жонка), якія з'ехалі з Менску ў гэтую вёску і там, з вясковымі дзецьмі, адраджаюць тэатр "Батлейка".

Пра Агінскага і Залессе я прачытаў, здаецца, у 1981 г. у кніжцы А. Мальдзіса "Падарожжа ў XIX стагоддзе" (у ёй мяне болей уразіла і захапіла асоба Ігната Дамейкі, які нарадзіўся каля Міра, а апынуўся аж у Чылі, дзе працаваў у Сант'яга рэктарам універсітэта).

Праз час і мне прыйшлося адкрываць "сваю Амерыку" – кінуўшы працу архітэктара-рэстаўратара, я ў верасні 1989 г. з'ехаў з Менску ў "эміграцыю" – у Залессе да Алеся Лася і Жэні Ліс. З імі разам і планавалася стварыць на базе іх "Батлейкі" школу мастацтваў для дзяцей Залесся і навакольных вёсак. Для размяшчэння школы намі быў запланаваны "захоп" часткі былога палаца Агінскага, які стаяў у парку сядзібы без прыгляду, у стане "бясконцай рэстаўрацыі".

Галоўнай справай-падзеяй у праекце нашай школы было наладзіць свята да дня нараджэння былога гаспадара Залесся (якраз на наступны год быў яго юбілей – 225 гадоў!). Вырашылі рабіць свята ў палацы Агінскага сярод бітай цэглы і рыштаванняў. Тады ж у мяне і ўзнікла думка стварыць "дрэва роду Агінскіх", Алесь жа ўзяўся за герб роду.

Першы варыянт радаводу складаўся з васьмі персанажаў і быў зроблены на старой, зафарбаванай бяліламі "Палітычнай карце свету", якую нам пазычылі ў мясцовай школе. Асноўнай крыніцай для яго была ўсё тая ж кніжка А. Мальдзіса. (Акрамя радаводу і герба, мы прыдумалі і "гульню ў гасцей Агінскага" – "Паўночна-афінскі пасьянс".) Прэм'ерны паказ радаводу адбыўся 25 верасня 1990 г. у так званай "каміннай зале" палаца, на першым святкаванні ўгодкаў М. Кл. Агінскага (першым, здаецца, не толькі на Беларусі). Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі вучні і настаўнікі Залескай школы і госці з Менску, Смаргоні і в. Заброддзе – усяго сабралася каля 40 чалавек.

Далей былі праца з дзецьмі ў Залескай школе (майстэрня малявання "Апалонік"), стварэнне музычных спектакляў (у дзіцячай тэатральна-музычнай студыі "Альтанка"), правядзенне штогод святаў у маёнтку, але, здаецца, над усім пераважала "прага адкрыццяў" – пра Агінскага, яго сям'ю і продкаў. Былое Залесся пачало ажываць у новых фактах, узнікалі новыя і новыя персанажы "Паўночных Афінаў" – будаўнікі і архітэктары палаца, садоўнік Струміла, іспанец-скрыпач Эскудэра, італьянец-спявак Паліяні, афіцэр Паўловіч, француз Жан Ралей... У мяне пачалі з'яўляцца тэматычныя папкі – "Кола Паўночных Афінаў", "Вандроўкі Міхала па Еўропе", "Продкі Агінскага", "Сям'я князя". "Мясцовыя гісторыі аб Агінскім", "Персанажы і сюжэты ангельскага парку ў Залессі" і інш.

Вялікіх намаганняў для збору інфармацыі я не рабіў – не ездзіў у бібліятэкі, не сядзеў у архівах, бо ўсё пачало з'яўляцца то там, то тут у друку (у гістарычных часопісах ці кніжках). Акрамя гэтага, знаёмцы і сябры, якія наведвалі нашыя святы, па маёй просьбе прывозілі ўсё, што датычылася тэмы Агінскага. На першым варыянце радаводу (ён штогод служыў аздобай свята ўгодкаў Агінскага) з'яўляліся ўсё новыя персанажы – "дрэва" расло ў вышыню! Урэшце да 230-годдзя князя Міхала быў зроблены другі варыянт яго радаводу, які налічваў ужо 32 асобы.

Аднойчы выпадкова правёўшы экскурсію па сядзібе і нечакана набыўшы славу гіда, я пачаў іх ладзіць пастаянна. На экскурсіях (болей для школьнікаў) я выгаворваў усё, што ведаў, і звычайна пачынаў з радаводу, з жыцця Агінскага, потым апавядаў пра яго прыезд у Залессе, пра "Паўночныя Афіны" (палац, сядзібу, паркі) і заканчваў Фларэнцыяй, дзе пахаваны Агінскі. Ліміт часу (каля гадзіны) вымагаў лапідарнасці аповеду, і шмат "цікавых гісторый" заставалася за яго межамі. Мне заўсёды бракавала лаканічнай храналогіі, маё "шматведанне" абцяжарвала аповед дробязямі – легендамі, гіпотэзамі і нават анекдотамі (хаця я ўпэўнены, што менавіта на гэтым спачатку трымаецца "слава" любой гістарычнай асобы!). Так што ў маіх экскурсіях былі і "правалы"...

Успамінаючы свае вучнёўскія ўражанні ад музейных экскурсаводаў, якія занудліва засыпалі мяне (тады не вельмі здольнага і прагнага да ведаў вучня) кучаю ўсялякіх датаў і гістарычных падзей, я пачаў прыдумляць новыя прыёмы свайго аповеду пра Агінскага і Залессе – каб зацікавіць дзяцей-слухачоў "дэтэктывам даследчыка" і пазбавіць сябе ад назірання іх патухлых позіркаў, абыякавасці і пазяханняў.

Так узніклі "загадкі і падказкі", "перакруты" з датамі нараджэнняў (Агінскага і Моцарта), "кітайскі яблык у Залессі", "пошукі персанажаў ангельскага парку" і г.д. У час экскурсій я пачаў браць гітару і са слухачамі мы "рэпеціравалі" ў парку спевы на тэму "Паўночных Афінаў".

У сюжэце "адкрыццяў пра Міхала" перыяд з 1996 па 1998 год быў для мяне самым "прыбытковым". За гэты час адбылася паездка з залескімі вучнямі на радзіму Агінскага – у м. Гузаў (Рэспубліка Польшча), потым гузаўцы (ксёндз П. Станяк, настаўнікі і вучаніцы) прыехалі ў Залессе і прывезлі шмат дакументаў пра Агінскага. У кастрычніку 1996 г. Залессе наведаў нашчадак Агінскага сп. Анджэй Залускі, потым – яго брат сп. Іва з жонкай Памэлай (сп. Іва прывёз і падараваў свой дыск з паланэзам Агінскага). У 1997-м у Англіі выйшла кніга А. Залускага "Музыка і час М. Кл. Агінскага" , а ў 1998-м і П. Станяк выдаў у Гузаве сваю – "Клеафас Міхал Агінскі".

Новыя паступленні ўжо проста складваліся, і не хапала часу іх сістэматызаваць. Галоўнае – не было зразумела, дзеля чаго. Мой "капітал ведаў" пра Агінскага не знаходзіў выйсця – ён не працаваў, не быў "пушчаны ў абарот"... Маёнтак так і стаяў амаль такі, як і раней, "нежывы". Сродкаў на яго аднаўленне ў дзяржаве пакуль няма...

У сакавіку 2000 г. – тэлефонны званок ад Р. Улана (рэдактара "Новай газеты Смаргоні") з нечаканай для мяне прапановай зрабіць разам WEB-старонку пра Агінскага ў Інтэрнеце.

Ад гэтага званка і бярэ пачатак гэтая "спроба храналогіі", якую я прапаную чытачу.

Інфармацыя, вядома ж, не будзе новай для дасведчанага чалавека, бо гэта толькі спроба аматара гісторыі злучыць вядомую інфармацыю пра Агінскага ў адзіны храналагічны ланцужок для шырокага чытача, цікаўнага да падзей мінуўшчыны нашай Радзімы (зразумела, што гэты ланцужок з'яўляецца толькі "поглядам з Залесся" і ніяк не прэтэндуе на ўсебаковы агляд тэмы).

Выказваю маю шчырую падзяку:

• сп. А. Залускаму – за дасланыя мне ксеракопіі рукапісу мемуараў М. Кл. Агінскага,
• Валянціну Калніну – за гістарычныя звесткі, якія ён мне бескарысліва перадаваў,
• прафесару А. Мальдзісу – за парады і заўвагі, якія ён выказаў у сваёй рэцэнзіі,
• ксяндзу П. Станяку – за дасланыя дакументы,
• Таццяне Кляшчонак – за супрацоўніцтва і пераклад дакументаў з польскай мовы,
• Канстанціну Хацяноўскаму – за выхад гэтай кнігі,
• а таксама ўсім сябрам і знаёмым, хто дапамагаў мне ў маёй справе.

Сяргей Верамейчык,
Залессе.

Б'е барабан, гучаць фанфары,
Граюць альты і кантрабас...
Гэта ўспамін былое славы –
"Паўночных Афінаў" час,
Калі ў Залессі, усімі знаны,
Жыў Міхал Клеафас!
Слаўнага роду ваяводаў,
Роду Агінскіх тых часін,
Калі жыхар былога Княства
Не забываў, што ён "ліцвін"’
– Час даўніны былое славы
"Паўночных Афін",
калі
Прыязджалі ў Залессе госці да гаспадара,
Сустракаў іх князь Агінскі, шчыра ўсіх вітаў.
І разносілася рэха музыкі сярод алей –
Гралі скрыпкі, клавікорды і віяланчэль!
3 дзіцячага музычнага спектакля "Вечар у Паўночных Афінах" да ўгодкаў М. Кл. Агінскага. 5.11.2001, Залессе.

Падрабязней пра кнігу "Міхал Клеафас Агінскі, 1765 – 1833: продкі, жыццё ў Залессі, нашчадкі (спроба храналогіі)" тут.


Раім таксама паглядзець:
Ліхадзедаў Уладзімір. Юльюш Славацкі на паштоўках канца XIX – пачатку XX ст
5.99 р.

Ліхадзедаў Уладзімір. Юльюш Славацкі на паштоўках канца XIX – пачатку XX стагоддзя

На рэпрадукцыях старых паштовак адлюстраваны жыццёвы і творчы шлях Юльюша Славацкага (1809 – 1849). Асаблівая ўвага аддадзена сувязі яго з Беларуссю. Кніга змяшчае таксама пераклад на беларускую мову аднаго з ранніх твораў – трагедыі "Міндоўг, кароль літоўскі".

Ліхадзедаў Уладзімір. Адам Міцкевіч на паштоўках канца XIX — пачатку XX стагоддз
19.99 р.

Ліхадзедаў Уладзімір. Адам Міцкевіч на паштоўках канца XIX — пачатку XX стагоддзя

Гэты альбом — унікальная культурная з’ява. Тут упершыню на чатырохстах старых паштоўках адлюстраваныя жыццё і творчасць Адама Міцкевіча, ураджэнца беларускай зямлі, геніяльнага польскага паэта, славы і гонару ўсяго чалавецтва. У аснове кнігі — найбагацейшы збор паштовак вядомага беларускага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.
Для шырокага кола чытачоў.

Пясэцкі Сяргей. Пяты этап
16.99 р.

Пясецкі Сяргей. Пяты этап

Раман "Пяты этап" – першы твор Сяргея Пясэцкага. Напісаны ў 1934 г., рукапіс не прапусціла турэмная цэнзура, таму кніга выйшла ў свет ужо пасля з'яўлення "Каханка…". Раман апавядае не столькі пра вядомае ўжо нам жыццё перамытнікаў на ракаўска-стаўпецкім памежжы, колькі пра шпіёнска-дыверсійныя калізіі, жыва і вобразна ўзноўленыя аўтарам, чыя маладосць прайшла пад бел-чырвона-белым штандарам у беларускіх партызанскіх атрадах "зялёнадубаўцаў".