![]() |
3.99 р.
Вага: 120 г
Памеры: 105x165 мм
|
Лірыка. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. — 112 с.
ISBN 978-6638-32-1
Новы зборнік беларускага паэта Мікалая Віняцкага “Адзвінелі жытоў каласы” вельмі своеасаблівы, арыгінальны. Апроч традыцыйных вершаў і санетаў, упершыню ў літаратуры створаны вянкі: актаваў, тэрцынаў, катрэнаў, трыялетаў – экзатычных на фоне класічных жанраў. Паэт па-мастацку, выразна і вобразна дэманструе сваё бачанне рэчаіснасці, якое не пакідае веры і спадзяванняў на лепшае.
Дужасць крыла. Прадмова Казіміра Камейшы
Вершы Мікалая Віняцкага пачалі з'яўляцца ў друку не так і даўно. А ўжо сёння ён аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, вельмі прыязна сустрэтых чытачом ды і крытыкай, яго творы ўсё часцей і часцей пачалі з'яўляцца на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. I вось перад намі новая кніга паэта “Адзвінелі жытоў каласы”... Адрэзак часу паміж папярэднім і новым зборнікам зусім жа нязначны, што сведчыць пра вялікую працавітасць і нястомнасць аўтара. Але справа не ў працавітасці. Галоўнае, каб быў добры плён. А ён у аўтара відавочны.
Даўно сціхлі і забыліся бурлівыя дыскусіі і спрэчкі пра тых жа “фізікаў” і “лірыкаў” у паэзіі. Дыскусіі амаль заўсёды безвыніковыя. А што ў паэзію сёння ўсё больш і больш ідзе тых самых “фізікаў”, з гэтым варта пагадзіцца. Вось і ён, кандыдат тэхнічных навук, геадэзіст, картограф прыйшоў да паэзіі сваімі сцежкамі-дарожкамі. А іх у яго, як ні ў кога, было аж замнога. Амаль дваццаць гадоў аддаў паходнаму шчыраванню ў тапографа-геадэзічных экспедыцыях. Жыццё ў яго сапраўды вандроўнае. Але зусім не вандроўніцкі посах уручыў яму лёс, а даў апірацца зусім на іншыя тэхнічныя прылады, надта далёкія ад паэзіі. Пройдзена ледзь не кожная пядзь зямлі беларускай і еўрапейскай часткі былога Савецкага Саюза, складзена не адна тапаграфічная карта. Начлегі ў палатках і пад адкрытым небам, дождж і снег, лёгкія паходныя сняданкі... Праўда, і тут, як задумаешся, побач з тэхнічным было многа і лірычнага, сапраўды зямнога, бо заўсёды сам-насам з прыродай, у яе, лічы, абдымках.
На тапаграфічную карту, вядома ж, не занясеш усяго таго, што схоплівалі памяць і душа. На гэты выпадак у Мікалая Віняцкага былі дзве іншыя прылады — аловак і нататнік. Туды і заносілася радкамі ўсё тое, што назапашвала ўражлівая паэтычная душа:
Незваротна ў даль гады плывуць,
Гусі чарадою пралятаюць,
У шляхі далёкія завуць... —
Крозамі ў свой вобраз урастаю,
Ім, здарожаным, адным жыву... —
У бяссонні ночы каратаю.
Той “здарожаны вобраз” — найгалоўны ва ўсёй паэзіі М. Віняцкага. I ў новай кнізе паэта знаходзіш шмат сталай разважлівасці, роздуму пра наш няпросты час, пра тое ж няпростае жыццё людзей у гэтым часе, шмат трывогі і болю за нашу будучыню. Балюча, як і ў ранейшых зборніках, гучыць тут і чарнобыльская тэма. I гэта невыпадкова. Мікалай Віняцкі сам прымаў непасрэдны ўдзел у складанні радыяцыйных карт рэспублікі, прайшоў многімі сцяжынамі чорнага забруджвання. I зноў жа, пачуцці тыя і боль на карце не змесціш, а ў сэрцы і радках яны засталіся. I не здзіўляецца паэт, а больш сцвярджае:
Запозны грай вясны птушынай
Глухім стаў, нейкім незямным,
Суладны з часам у адным:
Абсяг замглілі аблачыны...
У адрозненне ад сённяшніх маладых, якія ўпарта шукаюць новых формаў паэтычнага самасцвярджэння, Мікалай Віняцкі працуе ў традыцыйнай манеры, з добрай апіркай на фальклор, на яго матывы і інтанацыі. I прычына тут, думаецца, не ў сталым узросце паэта, а ў добрым разуменні магчымасцей таго ж фальклору і роднага слова. Можна было заўважыць і ў папярэдніх кнігах, як трывала пачувае сябе М. Віняцкі ў жанры класічнага верша, у тым жа санеце і трыялеце. Ён пайшоў за першапраходцамі, але сваёй сцяжынай, напісаўшы вянок санетаў, а потым і вянок вянкоў. А ў новым зборніку побач з вянком санетаў мы ўжо знаходзім і вянок актаваў, тэрцынаў, трыялетаў, катрэнаў. Думаю, чытача яны зацікавяць. Вядома, у кананічных рамках верша душы паэта заўсёды цесна, але смелы пошук і нястомнасць трэба толькі вітаць.
Кажуць, дужасць крыла заўсёды правяраецца ў палёце. Лёт паэтычных крылаў у Мікалая Віняцкага, як бачна па кнізе, роўны і вывераны. Пажадаем жа ім і ў далейшым дужасці.
Казімір Камейша,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
Мікалай Фёдаравіч Віняцкі Паэт. Нарадзіўся 13 красавіка 1939 года ў вёсцы Чыгірынка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі вучыўся ў Мінскім політэхнікуме.
Працоўны шлях пачаў тапографам. Без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру пры Беларускім тэхналагічным інстытуце. Усё сваё далейшае жыццё прысвяціў тапографа-геадэзічнай дзейнасці. Кандыдат тэхнічных навук па спецыяльнасці "Геадэзія". Да выхаду на пенсію працаваў галоўным рэдактарам Беларускага картографа-геадэзічнага аб'яднання "Белгеадэзія". Жанаты, мае дваіх дзяцей. Літаратурнай дзейнасцю займаўся са школьных гадоў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Памёр 14 кастрычніка 2013.
Аўтар кніг паэзіі:
"Пад крылом лебядзіным…" (1996),
"Каб не пагасла зорачка надзей…" (1998),
"Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі" (1999),
"Адзвінелі жытоў каласы" (2001),
"Залатое пачуццяў руно" (2004).