![]() |
3.99 р.
Вага: 210 г
Памеры: 105x165 мм
|
Лірыка. — Мінск : “Беларускі кнігазбор”, 2004. — 172 с.
ISBN 985-6730-41-4
Пятая паэтычная кніга Мікалая Віняцкага «Залатое пачуццяў руно» ўключае новыя творы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем самых разнастайных класічных форм і жанраў паэзіі. Апроч вершаў аўтар увёў у сваю паэзію цэлы шэраг экзатычных на фоне традыцыйных жанраў. Упершыню ў літаратуры створаны змешчаныя ў гэтай кнізе такія складаныя жанры, як вянкі тэрцэтаў, квінцілаў, секстынаў, септымаў, нонаў, дэцымаў. У сукупнасці з апублікаванымі ім раней вянкамі тэрцынаў, катрэнаў, актаваў, вянком вянкоў санетаў, такімі новымі жанравымі відамі, якімі з’яўляюцца ўказаныя вянкі, ахоплены амаль усе разнавіднасці страфічных форм — ад трохрадкоўяў да дзесяцірадкоўяў. Гэтым самым зроблены новы крок да пашырэння і ўзбагачэння жанравых абсягаў беларускай паэзіі, на неабходнасць чаго ўказваў славуты Максім Багдановіч.
Толькі пошук. Прадмова Казіміра Камейшы
Мікалай Віняцкі — паэт акрэслена традыцыйны. Бадай, ніхто ў нашай паэзіі так глыбока не капае пласты традыцыйнага, як ён. Адсюль ідзе і яго вялікая павага і часты зварот да фальклору, да пачатку пачаткаў. А ўсё ў аўтара пачалося з санета, потым — з вянка санетаў, а далей — і з вянка вянкоў. А сёння я ўжо чытаю ў яго зборніках апроч вянкоў тэрцынаў, катрэнаў, актаваў («Адзвінелі жытоў каласы». Мн., «Беларускі кнігазбор», 2001 г.) і вянкі тэрцэтаў, квінцілаў, секстынаў, септымаў, нонаў, дэцымаў, якія ў новай кнізе паэта «Залатое пачуццяў руно». Нават на фоне традыцыйнага такія жанры, як рандэль, аспінэла, рытурнель, гучаць вельмі экзатычна.
Згадзіцеся, нават чалавек з вялікім паэтычным вопытам і чуццём не заўсёды знойдзе мужнасць заняволіць сябе ў келлю жорсткай кананічнасці і паэтычнай дысцыпліны, каб пачуваць сябе там гэтак жа натуральна, як і пад вольным небам. Гэта нечым нагадвае працу касманаўта, калі ты ў стане бязважкасці мусіш рабіць вельмі натуральную зямную справу. Мікалай Віняцкі такую мужнасць у сябе знайшоў. Яго твораў у дастатковай меры хапіла б, каб праілюстраваць вядомы Паэтычны слоўнік Вячаслава Рагойшы.
І новай сваёй паэтычнай кнігай аўтар робіць важкі крок да ўзбагачэння і пашырэння жанравых абсягаў нашай паэзіі, яшчэ раз даказвае неверагодныя паэтычныя магчымасці роднага слова.
Толькі пошук — гэтаму прынцыпу ніколі не здраджвае Мікалай Віняцкі. Ён шукае і шукае небеспаспяхова.
Можна было б, на першы погляд, папракнуць паэта ў тэматычнай аднастайнасці вершаў. Так, у іх вельмі часта спаткаеш словы «радзіма», «родны край», «мая Айчына». Але гэтым самым аўтар і падкрэслівае адну, скразную тэму сваёй творчасці — тэму вернасці і любові да Бацькаўшчыны.
Шчырасць і любоў да Радзімы ў паэта не паказныя, хоць і амаль заўсёды спавядальныя. Грунтуюцца яны і на сваім асабістым вопыце. За плячыма паэта — немалое жыццё. Працуючы геадэзістам, прайшоў ён не адну мілю дарог у родным краі і шмат дальш за яго межамі, начаваў у палатках і пад адкрытым небам, сам-насам з зорамі. І таму, напэўна, так востра адчувае прыроду, не даючы ніколі яе ў крыўду. Пра перажытае скажацца так:
Што ж мне не даў інакшай долі
Рукзак цяжэрны за спіной —
Бялеюць плечы з плямаў солі
Прафесіі маёй зямной.
Творы Мікалая Віняцкага гучаць то на сумнай, то на вясёлай ноце, але ў кожным з іх ёсць чалавечая заклапочанасць усім зямным, родным, добрым і дрэнным.
Адносна сваіх жыццёвых нягод паэт напіша так:
Ішоў навобмацак, наўгад —
Скуль бралася, не знаю, сіла.
Так і ў паэзіі бывае. Калі ты шукаеш нешта сваё, мусіш часта ісці «навобмацак», першаследам. Пошук таго вымагае.
Мікалай Віняцкі, паўторымся, шукае. Гэтаму сведчанне і яго новая кніга. Добрых яму знаходак!
Казімір Камейша,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова
Мікалай Фёдаравіч Віняцкі Паэт. Нарадзіўся 13 красавіка 1939 года ў вёсцы Чыгірынка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі вучыўся ў Мінскім політэхнікуме.
Працоўны шлях пачаў тапографам. Без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру пры Беларускім тэхналагічным інстытуце. Усё сваё далейшае жыццё прысвяціў тапографа-геадэзічнай дзейнасці. Кандыдат тэхнічных навук па спецыяльнасці "Геадэзія". Да выхаду на пенсію працаваў галоўным рэдактарам Беларускага картографа-геадэзічнага аб'яднання "Белгеадэзія". Жанаты, мае дваіх дзяцей. Літаратурнай дзейнасцю займаўся са школьных гадоў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Памёр 14 кастрычніка 2013.
Аўтар кніг паэзіі:
"Пад крылом лебядзіным…" (1996),
"Каб не пагасла зорачка надзей…" (1998),
"Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі" (1999),
"Адзвінелі жытоў каласы" (2001),
"Залатое пачуццяў руно" (2004).