![]() |
9.90 р.
Вага: 340 г
Памеры: 125x200 мм
|
Раман. – Мінск : Галіяфы, 2010. – 298 с. – (Другі фронт мастацтваў).
ISBN 978-985-6906-32-2
Адбываецца персаніфікацыя лірычнага героя ў аўтара і наадварот. Здзек з чытача, але і здзек з пісьменніка. Руйнаванне традыцыі і перамыванне костак штучным каштоўнасцям. Разбурэнне рамана як класічнай буйной формы. Трынаццаць частак твора "Замак пабудаваны з крапівы" – гэта, з аднаго боку, кампіляцыя асобных занатовак, замалёвак, казак, журналістыкі і бог ведама чаго, з другога – цэласны тэкст са сваёй выразнай архітэктонікай. Структура прадстаўленай кнігі будзе вымагаць ад чытача рэканструкцыі ўласных эмоцыяў і досведу. Перадусім раман Змітра Вішнёва можа выклікаць абурэнне або захапленне, але не абыякавасць. Рэкамендуецца ўсім аматарам прыгодаў.
ЗМЕСТ
частка першая
САМУРАІ І КОЗЛІКІ
частка другая
КАЗКА
частка трэцяя
МАЗГІ ВЫПІРАЛІ
частка чацвёртая
КАРЫСТАЛЬНІК: safa (12387484)
частка пятая
НА КІЛІМАНДЖАРА
частка шостая
ЮШКА
частка сёмая
П'ЯНЫЯ ПЕСНІ [КАРЫСТАЛЬНІК: safa (12387484)]
частка восьмая
СМЕРЦЬ ПАЭТА [ЯК Я РУЙНАВАЎ ПАЭТЫЧНЫ ФЕСТЫВАЛЬ "MEDANA"]
частка дзевятая
СНЫ ІМПЕРАТАРА
частка дзесятая
ПЕГАСЫ [пеас ы] [КАРЫСТАЛЬНІК: safa (12387484)]
частка адзінаццатая
СМЕРЦЬ МАСТАКА (ABSENT BELARUSIAN ART № 2]
частка дванаццатая
ЕСЦІ ПАД ПРЫМУСАМ [КАРЫСТАЛЬНІК: safa (12387484)]
частка трынаццатая
МЁРТВАЯ ЦАРЭЎНА
Фрагмент рамана
Дзецям акупантаў прысвячаецца
частка першая
САМУРАІ І КОЗЛІКІ
Усё пачалося з дзяцінства. Менавіта. У мяне была занадта вялікая галава, і яе цяжка было трымаць. Увесь час куляўся. Самыя лепшыя ўспаміны з дзяцінства – я падаю ўніз галавой. Вось тады і нараджаўся мастак. Свет я бачыў надзвычай дзіўна – перакуленым.
13.
Ну, зараз паспрабуем апісаць мяне. Як жа я выглядаў? Расцягнем восеньскі краявід на ружовыя палоскі святла і паспрабуем адшукаць гэты персанаж. (Гэта як прабегчыся басанож па ранішняй траве... ) Так-так, дзе той сямейны фотаальбом у крапінку? Дзе тыя пажоўклыя ад часу, раз'едзеныя вільгаццю і пагрызеныя пацукамі фоткі? Суб'ект-ус, варта сказаць, мае быць надзвычай унікальным... Бо я ж галоўны герой!.. Як жа сябе не любіць? Калі даводзіцца запаўзаць у скуру гэтага балвана (у патрэбным значэнні русізм-русізм!.. трэба: боўдзіла або ёлупа!), трэба любіць такім, як ёсць, самага нядобрага, самага агіднага, самага недабітага... Даводзіцца песціць яго: мыць грыбковыя пальчыкі ног, выціраць смаркаты нос, класці на каралеўскі ложак, кідаць пад святочны стол, чытаць на ноч казкі пра Шахеразаду... Так-так, якая цёплая і бліскучая на мне скура!.. (Нават ані падагравальнік, ані грэлка, ані грым не патрэбныя.) Памятаеце Джані Радары? Ага – я ўжо, як сяньёр Памідор... Запаўзаю пад сакавітую чырвоную мякаць. Не здзярэш.
Дык вось. Быў я круглым, але не тоўстым (круглым – гэта значыць, часцей за ўсё з апухлым барвовым тварам) – досыць сімпатычным, можа зрэдку з калматым шчоткападобным валоссем, мажліва, часам з бруднымі гарбузовымі зубамі... Ростам... ну, напэўна, дзесьці 173... плюс-мінус... адно мышаня. Для прыбалтыйскіх краінаў, можа, і не такі высокі, але для Менска і Берліна – падыдзе. Вядома, не дзядзя Сцёпа, але і не курдупель. Узрост мой плаваў нібы шхуна. Можна было даць і 25 гадоў, можна было і 35. Усё залежыла ад колькасці прынятага алкаголю...
Так, магчыма, скура героя да мяне і прырасла... Але прозвішча аўтара кнігі зараз з героя мы зрэжам. Хопіць. Былі ўжо суслікі, былі і вычварэнцы з вішнёвым абліччам. Даволі... У нашага героя і так хапае маньяцкага. Не варта аўтару ў яго ператварацца. Хто жа я? Я. Я – гэта я! Завуць мяне – Сафа. Націск, калі ласка, на першы склад!.. Альбо цалкам Сафеній (націск пераходзіць на літару "е") Бурштын... Такое дзіўнае імя мне далі бацькі з нагоды звычайнай сафы... Чаму? Зачыналі мяне на ёй, там раптоўна і нарадзілі... І калі мая геніяльная галоўка выходзіла з маці, і калі тая рассоўвала ад болі свае белыя ногі, і калі ейным крыкам быў разрэзаны пакой, у той момант і была нечакана і зруйнаваная сафа. Яна, як высветлілася, была не трывалай і развалілася. Ушчэнт. (А можа мяне спалохалася?) Гора майму бацьку!.. Але ў гонар гэтай падзеі мяне па-мастацку і абазвалі Сафам! Што ў сваю чаргу, напэўна, і прадвызначыла маю ролю ў мастацкім і літаратурным свеце. А чаму Бурштын? А халеры яго ведае. Ад бацькі дасталося. Былі ў нас усе спакон веку Бурштынамі. Мо хто з продкаў прыгожым і жоўтым быў ці гандляваў гэтымі самымі бурштынамі – адкуль я ведаю?
(Пачуў дзіўны голас: Ну, прывітанне, мастак! Прывітанне, галоўны герой рамана! Прывітанне, яйкападобная пачварына! У цябе доўгая дарога, вялікія перамогі, неверагодныя прыгоды і кароткае жыццё, бо калі ты не трапіш пад звонкі трамвай, з табой ўсё адно здарыцца нешта кепскае. Апрыёры – павінна здарыцца. Бо такія неўраўнаважаныя асобы, як ты, не могуць інакш. Яны не здольныя паміраць ад самоты і старасці. Такіх людзей немагчыма ўявіць нямоглымі ў інваліднай калясцы. Яны гараць ярка, але і хутка. І апошнія крокі іх актыўнай дзейнасці знікаюць у цемрачы чырвонымі светлякамі ці фосфарнымі зайцамі.)
Па маім твары прапоўз белы вусень... за ім праслізгацела заклапочаная п'яўка. "Фу, – я выцер насоўкай срэбныя кропелькі поту з мармуровага лба, – Галасы, галюцынацыі – трэба менш піць. Нашто я ўчора высмактаў пляшку таго ўзбекскага каньяку? Небарака... Так не толькі пячонка ператворыцца ў катлету, сэрца – у варанае яйка, але і ў вар'ятню хуценька пабяжыш да братоў па-розуму. Уражанне, што пабачыў сябе ў крывым люстэрку... Ы-ы-ы-ы... Звонкія трамваі – звонкія трамваі... Танкі-шманкі..." Я выцягнуў з рабой бульбіны відэлец і пачаў ім прымервацца да свінога філе.
(Як раптоўна зноўку пачуў дзіўны голас: Эй ты, боўдзіла гароднае, ты чаго на лірычнага героя імя па бацьку начапіў? Ты, што не беларус? Ды паглядзі на сябе ў крывое люстэрка... Паглядзі!.. Паглядзі ўважліва!.. Бачыш – не беларус... Разрэз вачэй у цябе не той – не беларускі... Ты жа азіят! Маскаль – ты надабіты!.. І ўвогуле, што за Мар'я Сяргееўна з грушкамі ў цябе выплывае напачатку твора?.. Ты б яшчэ пра Аляксандра Рыгоравіча з гарбузамі напісаў... Разумнік... Хаця што з цябе возьмеш: маскаль – ён і ў Афрыцы маскаль... Вітальевіч... Сафа Вітальевіч Бурштын... Блін...)
Я сплюнуў... Вось, яны нацыяналістыячныя выбрыкі (ці мо беларутэнскія якія?)... У героя беларускі пашпарт ёсць? Ёсць. Там што напісана? Правільна!.. У сінім пашпарце – на тым, дзе квітнеюць каласы, свецяцца сцягі і зорачка, – напісана: ВІТАЛЬЕВІЧ!!! А каму не даспадобы – пайшлі да дупы! У постсавецкай краіне жывём, зрэшты... Нефіг тут нам навязваць дробнабуржуазны нацыяналізм... Культурную традыцыю, разумееш, развялі... Спадар... Спадарыня... Гаспадар... Гаспадыня... Фіг вам з макам!.. І камера з халоднай падлогай!.. А свіное філе – мне!.. З гэтымі думкамі я злосна ўтыркнуў відэлец у свіное філе і пачаў яго пілаваць ножыкам...
(Дагрызаючы філе, я заўважыў пад суседнім часопісным столікам скурчанага жоўтага карліка... Такі брыдкі чалавечак... Во, блін... Адкуль ён узяўяся?.. "Гэй, ты! – кажу, – Гэта ты на мяне тут трындзеў?" Маўчыць, паскуда... Я працягваю: "Ты, шыбздзік недароблены, Леніна на цэнтральнай плошчы бачыў? Стаіць? Так – стаіць. Ну, дык не выёжвайся... Добрай раніцы, таварыш!")
Зміцер Вішнёў нарадзіўся ў 1973 г. ў Дэбрацэне (Вугоршчына), вывучаў філалогію і журналістыку ў Менску і Маскве. Піша вершы, прозу, крытыку, займаецца жывапісам. Да 2006 года быў кіраўніком перформарнага праекта "Спецбрыгада афрыканскіх братоў". Аўтар кніг: "Шматбаковы тамтам" (1998), "Тамбурны маскіт" (2001), "Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў" (2002), "Верыфікацыя нараджэння" (2005), "Фараон у заапарку" (2007). У Берліне выйшла кніга па-нямецку "lch sitze im Koffer" (2006). У 2006 годзе атрымаў стыпендыю Literarisches Collogium (Берлін, Нямеччына). У 2111 годзе атрымаў стыпендыю Homines Urbani (Villa Decius, Кракаў, Польшча). Удзельнік шматлікіх міжнародных паэтычных фестываляў і кангрэсаў. Перакладзены больш чым на дваццаць моваў..