Воранаў Віталь / Voranau Vital. Шэптам / Szeptem

Воранаў Віталь Voranau Vital. Шэптам Szeptem
17.99 р.
Вага: 220 г
Памеры: 145x160 мм



Шэптам / Віталь Воранаў. — Agencja Wydawnicza Ekopress Bialystok, 2014. — 176 с.

ISBN: 978-83-62069-92-7

Кніга апавяданняў "Шэптам" Віталя Воранава, інспіраваная паганскай традыцыяй, народнай медыцынай і шаптунствам беларускага Палесся і Падляшша.

Зборнік 18 тэкстаў заснаваны на матар’ялах сабраных падчас экспедыцыі па рэгіёне беларуска-польскага памежжа.

Кніга выйшла па-беларуску і ў перакладзе Манікі Уранэк на польскую мову.

Ілюстрацыі выканаў беларускі мастак Уладзімір Блюднік.

Выданне здзейсненае ў межах мастацкай стыпендыі Прэзідэнта горада Беластока

Шэптам. Віталь Воранаў

Уступ да кнігі Віталя Воранава "Шэптам"

Гэтая кніжка была са мной, так бы мовіць, з самага пачатку. Кожны раз, калі ў хату заходзіла нейкая цётка і, убачыўшы мяне ў калысцы, забывалася тры разы сплюнуць, як наказвае традыцыя, або сказаць пра мяне нешта адмоўнае, а замест гэтага пачынала абдорваць мяне непатрэбнымі кампліментамі, я тут жа пачынаў нясцерпна галасіць і пераставаў есці. Пасля гэтага мая бабуля заўжды ішла па знаёмую бабу, каб тая мяне загаварыла. Шаптуха прыходзіла, запальвала зёлкі, па хаце расцягвалася смуга пахучага дыму, і тады яна пачынала прыгаворваць:

Зоры-зарніцы, гасподнія памачніцы, прашу вас ранніх, позніх, вячэрніх, дняўных пры цёмных кусточках, пры зялёных лісточках, каб Віталю не калола, не парола, каб яму пілося, і елася, і спаць хацелася.

Пасля такіх замоваў, або так званага выгрызання хваробы зубамі, я пераставаў плакаць і зноў пачынаў есці, быццам нічога гэтага і не было.

Калі мне было 10 гадоў, я сарваў на пальцы задзірыну. Зусім невялікая ранка пачала гнаіцца і прычыняць вялікі нарыўны боль. Калі нарыў знёс пазногаць, за справу ўзяліся хірургі з новай бальніцы, у Глыбокім. Кожныя два-тры дні я павінен быў хадзіць на балючыя працэдуры, зрыванне засохлай павязкі, чыстку рознымі медыцынскімі спіртамі і мазямі, новае перавязванне і так з тыдня ў тыдзень, да часу, пакуль два хірургі не паклікалі маіх бацькоў, каб параіць ім звярнуцца да бабкі-шаптухі. Дактары не пакідалі сумневаў: або дапаможа шаптуха, або сярэдні палец левай рукі давядзецца ампутаваць... Бацькі пачалі шукаць шаптуху, але ў нашай родавай вёсцы такой ужо не было. Абазнаныя людзі параілі з’ездзіць у славуты Мосар, да бабы Зосі. Баба Зося жыла ў прыдарожнай, неашаляванай хаце, на ўзгорку, непадалёк ад касцёла. Яна патлумачыла, што мая хвароба – гэта валасень. Назвы хваробаў у традыцыйнай медыцыне, як часам называюць знахарства, адрозніваюцца ад назваў хваробаў у сучаснай медыцыне. Шаптуха пасадзіла мяне ў кухні, а сама выйшла з хаты. Я пачаў разглядаць хату, якая была падобная да іншых вясковых хат, напрыклад, да хаты майго дзеда, але ў той жа час адрознівалася ад іх нейкай дзіўнай таямнічасцю. Бацькі былі перапоўненыя хваляваннем і, відаць, нявер’ем у тое, што гэтая працэдура можа дапамагчы, але вялікага выбару ў іх не было. Шаптуха вярнулася з панадворка з нечым, што ёй было патрэбна для замовы. Як я даведаўся пазней, гэта быў гусіны тлушч – шмалец і сцёрты ліст клёна. Яна пачала накладваць гэтую сумесь мне на рану, адначасна прыгаворваючы нешта, што мне нагадвала малітву. Шаптала яна, дарэчы, па-польску, што даволі нетыпова для Беларусі, але звычайна для нашага паўночна-заходняга рэгіёну. Новая перавязка адрознівалася ад тых, што былі зробленыя ў бальніцы. Хворы палец быў перавязаны старым, пажоўклым кавалкам палатна, лоскутам, адарваным ад нейкага матар’ялу. Шаптуха сказала прыехаць другі раз праз тыдзень, і пасля таго, калі бацькі ўгаварылі яе прыняць гасцінец, мы сышлі. Калі праз тыдзень прыехалі зноў, было ўжо відавочна, што запальны працэс знік. Працэдура паўтарылася з той жа дакладнасцю, што і раней. Баба Зося апавяла ўжо нашмат больш даверлівым бацькам, што з такой самай хваробы вылечыла аднаго маладога хлопца з Мінска. У яго валасень дайшоў быў да лакця. Яму давялося прыязджаць да шаптухі на працягу некалькіх месяцаў, але ў выніку ягоная рука была цалкам уратаваная. Мне хапіла ўсяго толькі двух прыездаў. Палец пачаў хутка гаіцца. Пазногаць вырас на месцы раны, можа, толькі праз паўгода, але пра паходы на балючыя працэдуры ў бальніцы ці пра ампутацыю я мог ужо забыцца. Нашмат пазней, у кнізе Адама Варлыгі "Забабоны", я прачытаў, што "ў нашых даўнейшых людзей было веранне, што хвароба валасень праяўляецца ад таго, што нейкім чынам (бліжэй усяго ад чараў) пападаюцца пад скуру на канцы пальца валасы, якія там точуцца ў целе, а за гэта моцнае і страшнае калоцце ў пальцы".

Шэптам. Віталь Воранаў

З гэтай прычыны пытацца ў мяне, ці веру я ў шаптух і іх сілу, відаць, было б залішнім. Я зведаў сілу гэтай штукі на сабе, і то не раз. Але стаўленне да шаптух сярод людзей бывае рознае. У Польшчы і чым далей на захад ад Віслы пра гэтае мастацтва амаль ніхто нічога не ведае. Хрысціянства зрабіла ўсё магчымае, каб паганскія па сваім паходжанні веды адправіць у нябыт або адаптаваць на патрэбы сваіх дагматаў. Таму сёння большасць шаптух, апрача даўнейшых замоваў, выкарыстоўвае таксама малітвы "Ойча наш", "Вітай, Марыя" ці "Веру ў Бога Айца Усемагутнага", а іхныя хаты звычайна абвешаныя іконамі. Самі шаптухі часта гавораць пра тое, што вера ў Бога – асноўная перадумова аздараўлення і што яны з’яўляюцца толькі пасярэднікамі ў гэтым працэсе: "Не я доктар, ты доктар..." Нягледзячы на гэта, стаўленне да шаптунства як сярод праваслаўных, так і каталіцкіх іерархаў даволі адмоўнае. Адначасна я ведаю, што вера ў сілу народнай медыцыны не перашкаджала маёй бабулі быць шчырай верніцай-каталічкай. Беларусы – адзін з нямногіх народаў, якія змаглі сінтэзаваць пашану да хрысціянства з верай у сілу паганскіх па сваёй сутнасці абрадаў. Некаторыя вернікі хрысціянскіх канфесій лічаць шаптунства д’ябальствам, чорнай магіяй і адыходам ад веры. Не жадаючы паглыбляцца ў чыста тэалагічныя аспекты гэтай праблемы, скажу толькі, што хрысціянству 2000 гадоў, сучаснай медыцыне крыху больш за 100, а беларусам, па заявах навукоўцаў-генетыкаў, прыкладна 8000 гадоў, і ўвесь гэты час ім трэба было неяк ратавацца ад рознае немачы. Адсюль вонкава знахарскія рытуалы часцяком нагадваюць магічныя заклінанні, але ў іх аснове заўсёды закладзеныя практычныя шматгадовыя назіранні.

Знахарства дапамагае ў хваробах, ад якіх па сённяшні дзень не вельмі ўдала лечыць сучасная медыцына: валасень, каўтун, рожа, скула, ячмень, залатнік, часотка. Больш за тое, шаптухі ўмеюць загаварыць шэраг хвароб псіхалагічнага характару: урок, спуд і нават шаленства... Некаторыя ведаюць, як звесці пару, якая разышлася, загаварыць ад алкаголю або як выгнаць з чалавека нячыстую сілу. Амаль у кожнай шаптухі свая метадалогія, у кожным рэгіёне можна знайсці сваю спецыфіку, але ўсе гэтыя веды маюць пад сабой агульны рацыянальны грунт шматвекавога назірання за прыродай і чалавекам. У пэўных хваробах дапамагаюць розныя расліны, у некаторых – пэўныя рытуалы і псіхалагічны ўплыў на хворага. Як казала мая бабуля – усе хваробы "ад нэрву". Некаторыя навукоўцы прыходзяць сёння да той жа высновы...

Плануючы гэтую кніжку, я марыў трапіць у рэгіён, дзе веды пра знахарства самыя жывыя, і не дзіва, што гэткім рэгіёнам аказалася Падляшша-Палессе. Задума пачала ажыццяўляцца пасля майго вяртання з Амерыкі, дзе я правёў апошнія два гады жыцця, і пасля маёй чарговай паездкі ў Беласток. Менавіта ў Беластоку я паглыбіўся ў не сустраканую ўжо доўгі час атмасферу народных забабонаў. Знаёмая юрыстка апавяла, як у судзе, што адбываўся ў адным мястэчку пад Беластокам, адна абураная жанчына крычала ў бок сваёй крыўдзіцелькі: "Ты цяжарная, таму не хлусі, бо дзіця тваё будзе такое ж хлуслівае, як і ты". Іншая адукаваная жанчына на поўным сур’ёзе пераконвала мяне, што былая жонка ейнага мужа сурочвае дзяцей з яго першага шлюбу. Калі муж забірае дзяцей да сябе і яны едуць некуды разам, то ўсё заўжды ідзе не так. А апошнім разам з-за гэтага чароўнага ўздзеяння ў іх нават здарылася аварыя. І калі я прызнаўся ёй, што цікаўлюся гэтай тэмай, яна тут жа пачала выпытваць адрасы знаёмых мне шаптух і ў прынцыпе была гатовая зараз жа сесці ў машыну і ехаць здымаць сурокі. Неўзабаве пасля гэтых дзвюх гісторый я сустрэў загадчыка аднаго з мясцовых дамоў культуры, які быў цалкам упэўнены ў тым, што на музейныя кросны ў ягонай установе наведзены подзіў і што падчас працы кросны выкідваюць розныя штукі, каб сапсаваць цяжкі і карпатлівы працэс ткання. Па словах загадчыка, уначы кросны грукочуць і нават самавольна перамяшчаюцца… Карціну дапоўніла касірка на запраўцы, якая адмовілася прымаць банкаўскую картку з рук у рукі і пачала настойваць на тым, каб я тую картку паклаў на стол... Падобнае ўражанне раней рабіла на мяне хіба толькі беларускае Палессе. Менавіта таму для сваёй экспедыцыі я выбраў якраз гэты, фактычна адзіны культурна-гістарычны рэгіён лясоў і балот. Заадно хацелася б падкрэсліць, што гэтая кніга, збор апавяданняў, – мастацкая літаратура ці, па-англійску кажучы, фікцыя. Серыя падарожжаў па падляшскіх і палескіх вёсках была мною здзейсненая выключна для натхнення і лепшага спазнання тэмы вядзьмарства, аднак большасць матар'ялу не мае, па вялікім рахунку, этнаграфічна-дакументальнага характару. Для вывучэння тэмы адсылаю да навуковых даследаванняў, якіх у нас багата.


Раім таксама паглядзець:
Зайка Алесь. Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вя
16.99 р.

Зайка Алесь. Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны

Гэтая кніга — першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі — радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Запісы фальклорнага матэрыялу зроблены даследнікам у 1969-2014 гадах.

Качук Юры. Моц смаку : Беларуская кухня
63.99 р.

Качук Юры. Моц смаку : Беларуская кухня

Апошнія асобнікі ўнікальнага выданьня!

Кніга Юрыя Качука змяшчае не толькі рэцэпты з падрабязным апісаннем гатавання страў, але і шматлікія фотаздымкі, зробленыя аўтарам падчас прыгатавання. Гэтую энцыклапедыю кухарства стварыў сапраўдны знаўца свае справы!

Сахута Яўген. Беларускае народнае мастацтва
12.99 р.

Сахута Яўген. Беларускае народнае мастацтва

Выданне дае комплекснае ўяўленне пра адну з найважнейшых галін традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі – народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацкія рамёствы і промыслы. Разглядаюцца іх набыткі і традыцыі, а таксама сучаснае становішча, вызначаюцца нацыянальная адметнасць і месца ў еўрапейскім кантэксце, грунтоўна характарызуюцца найбольш пашыраныя віды беларускага народнага мастацтва: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.