![]() |
3.97 р.
Вага: 580 г
Памеры: 135x170 мм
|
Беларускія народныя прыкметы і павер'і. – Мінск : Беларусь, 2010.– 717 с. : іл.
ISBN 978-985-01-0878-4
Як убачыць праўдзівы сон? Як адвесці злыя чары? Як варажыць на Каляды і на Купалле? На ўсе гэтыя пытанні дае адказ народная фантазія. Кнігу склалі народныя прыкметы і павер'і, звязаныя з варажбой, чарадзействам і знахарствам. 3 вялікай цікавасцю чытаюцца таксама беларуская міфалогія і соннік.
ЗМЕСТ
Уладзімір Васілевіч. "Зямлёю закрытае – не забытае..."
Спіс крыніц і прынятыя скарачэнні
ВАРАЖБА
ЧАРАДЗЕЙСТВА
ЗНАХАРСТВА
НАРОДНЫ СОННІК
МІФАЛОГІЯ
Паказальнік
ЗЯМЛЁЮ ЗАКРЫТАЕ – HE ЗАБЫТАЕ...
Кніга, якую ты, чытач, трымаеш зараз у руках, з'яўляецца завяршэннем трохтамовага выдання беларускіх народных прыкмет і павер'яў. Гэтым разам твая ўвага будзе скіраваная, магчыма, не столькі на названыя жанры, колькі на старажытныя вераванні беларусаў. Вераванні, звязаныя з той жыццядайнаю сілаю, якою было і ёсць каханне. Вераванні ў магічную сілу чарадзейнага слова і дзеяння пры імкненні дамагчыся нейкіх вынікаў у складаных чалавечых абставінах. У пазбаўленне ад хваробаў, ад злыбяды. У прарочыя вобразы сноў. Вераванні ў багоў, дэманаў, духаў, нячысцікаў і іншых нябачных істотаў і сіл, якімі людская фантазія спрадвеку насяляла ўвесь навакольны свет.
Такім чынам, гэтую кнігу можна разглядаць лагічным працягам папярэдніх збораў – "Зямля стаіць пасярод свету..." і "Жыцця адвечны лад".
3 сямейным і каляндарна-працоўным ладам жыцця чалавека былі звязаны ягоныя памкненні даведацца пра сваю будучыню – каханне, лёс, надвор'е, ураджай. Таму менавіта варажба станавілася неад'емнаю часткаю розных абрадаў і святаў на працягу года. Чалавек спрабаваў як бы зазірнуць у будучыню, што чакала яго, але да якой яшчэ не надышоў час. Сам намер пранікнуць за межы рэальнага існавання настройваў на кантакт з нейкай вышэйшай усёмагутнай сілаю, здольнай даць адказ на любое пытанне. Вось чаму асаблівае значэнне надавалася ўсяму, што акружала варажбу. Напрыклад – часу, тэрміну (Шчодрык – магічны пачатак года; Купалле – дзень летняга сонцастаяння; поўнач; маладзіковая пара, з якой пачынае расці нябеснае свяціла, а разам з ім – і задуманае тым, хто варожыць), месцу
варажбы (гарышча, лазня, калодзеж; перакрыжаванне дарог – лёсаў), суправаджальным рэчам і абставінам (агонь – сімвал ачышчэння або жыццёвага гарэння; вада – сімвал плоднасці, урадлівасці; насенне, хлеб і соль – сімвалы дабрабыту).
Варажба напаўнялася гульнёвымі, драматызаванымі рысамі, уяўляючы амаль у кожным выпадку своеасаблівы спектакль – ці з удзелам аднаго выканаўцы, ці цэлай грамады. На гэтых "прадстаўленнях" удзельнікі станавіліся адначасова і гледачамі, нецярпліва чакаючы развязкі дзеяння: як павернецца сюжэт, які атрымаецца фінал? Паплыве вяночак па вадзе – пойдзе дзяўчына замуж, патоне – памрэ; выльецца з воску вяночак ці цэркаўка – хутка прыедзе суджаны са сватамі, а атрымаецца прамы даўгаваты кавалак накшталт труны – не дачакаецца яна сямейнага шчасця; ухопіць сабака прынесеную дзяўчынаю аладку і з'есць – быць ёй з мужам, а калі сабака тую яе аладку закапае ці ўтопіць – значыць, і дзяўчыну неўзабаве падсцерагае смерць; выцягне дзяўчына з-пад шапкі схаваны там пярсцёнак – хутка пойдзе пад вянец, а як знойдзе там шчопаць пяску – нядоўга ёй заставацца на белым свеце. Хоць, само сабою, варажба часцей настройвала на гарэзлівы лад: дастане дзеўка на Каляды з падпечча пеўня – жаніх не затрымаецца, курыцу – застанецца самотнаю; ухопіць апоўначы ў цёмным хляве барана, быка ці кабана – быць ёй у бліжэйшы час замужам, а калі пад рукі падвернецца саміца – давядзецца яшчэ пасядзець у дзеўках; выцягне дзяўчына на дрывотні голае, без кары паленца – не наракай у будучым на галечу, а як паленца акажацца з сучком – мужык трапіцца што трэба!
Векавыя традыцыі ператварылі варажбу ў своеасаблівую праяву народнай культуры, якая пашыралася на хвалі рамантычных парываў, лірычных летуценняў, так уласцівых маладосці (бо вядома, што менавіта маладым карцела даведацца, што чакае іх наперадзе). Дапытванне праз варажбу пра сваю не дабраную яшчэ пару гэткае ж натуральнае, як і бясконцыя пытанні маленькага дзіцяці, што толькі пачынае спазнаваць свет.