![]() |
8.99 р.
Вага: 750 г
Памеры: 135x205 мм
|
Зборнік дэтэктыўнага апавядання / Укладанне Г. Янкута. — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 468 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum»). — Цвёрдая вокладка.
ISBN 978-985-7057-68-9
Калектывам часопісу "ПрайдзіСвет" быў падрыхтаваны дыхтоўны зборнік дэтэктыўнага апавядання «Злачынства, сэр!», які змяшчае як творы класікаў жанру, так і пародыі. Амаль усе апавяданні ў зборніку друкуюцца ўпершыню.
ЗМЕСТ
Пра бездакорнасць метаду.
Кацярына Маціеўская
ЗЛАЧЫНСТВА, СЭР!
Гілберт Кіт Чэстэртан
Лятучыя Зоркі
Пераклаў з ангельскай Антон Францішак Брыль
Жалоба маркіза Марна
Пераклаў з ангельскай Павел Донаў
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Пераклаў з нямецкай Аляксей Жбанаў
Эдгар Алан По
Скрадзены ліст
Пераклала з ангельскай Ганна Янкута
«Ты — той чалавек!»
Пераклала з ангельскай Кацярына Маціеўская
Фрэнк Р. Стоктан
Панна ці тыгр?
Пераклала з ангельскай Юля Цімафеева
Элеры Куін
Вар’яцкае чаяванне
Пераклала з ангельскай Кацярына Маціеўская
Карэл Чапэк
Злачынства на пошце
Пераклала з чэшскай Надзея Кахновіч
Даніэль Клугер
Цана любові
Пераклаў з рускай Уладзь Лянкевіч
Вольга Такарчук
Прачынайся, ты забіты
Пераклала з польскай Ганна Пазюк
Маўрыцыё Бліні
Джулія
Пераклала з італьянскай Аксана Данільчык
БЯСЧЫНСТВА, СЭР!
Брэт Гарт
Скрадзены партсігар
Пераклала з ангельскай Ганна Янкута
Рэкс Стаўт
Ўотсан быў жанчынай?
Пераклала з ангельскай Ганна Янкута
Даніэла Капітанява
Забойства ў Жлуктаве
Пераклаў са славацкай Сяргей Сматрычэнка
Жан Жыраду
На валаску
Пераклала з французскай Кацярына Маціеўская
Аркадзь Аверчанка
Зніклы галёш Добльса
Пераклала з рускай Яніна Голуб
ДАДАТАК
Стывен Ван Дайн
Дваццаць правілаў дэтэктыўшчыка
Пераклала з ангельскай Юля Цімафеева
Роналд Нокс
Дзесяць запаветаў дэтэктыўнай літаратуры
Пераклала з ангельскай Юля Цімафеева
КАМЕНТАР
ПЕРАКЛАДЧЫКІ
ПРА БЕЗДАКОРНАСЦЬ МЕТАДУ
Неабсяжная гісторыя дэтэктыву налічвае столькі ўзораў жанру, што спробы іх класіфікаваць загадзя асуджаныя на паразу. У гэтай гісторыі ўсё ўжо было, і цяпер дэтэктыў таксама можа пацвердзіць мудрасць Эклезіяста. А калісьці… о, калісьці трава, зразумела, была зелянейшая, дэтэктыў паступова ламаў законы жанру, парушаў каноны і выходзіў за ўсе магчымыя межы, так што цяпер зводы правілаў на тэму таго, «як трэба пісаць дэтэктывы», выглядаюць пакрытымі пылам помнікамі эпохі, якіх ніколі не прыйдзе ў галаву слухацца. А між іншым, гэты дамастрой дэтэктыву цікавы менавіта з часавай адлегласці: «Як жа яны там жылі, бедныя?» — спытае распешчаны чытач. І задумаецца. Сапраўды, як жыць у свеце, дзе апавядальнік або дэтэктыў не можа аказацца злачынцам, а кітайцы ўвогуле забароненыя?
Адзінае, што яшчэ аб’ядноўвае дэтэктыўныя творы, — гэта іх абсалютная непадобнасць: пісьменнікі пакаленнямі старанна вы дум лялі новых герояў і да поўнай дасканаласці шліфавалі іх метады. Што дазволена Шэрлаку Холмсу… сто гадоў не патрэбнае Нэра Вулфу: пакуль ён будзе попел з бруку падбіраць, архідэі завянуць. Айцу Браўну не патрэбны паліцэйскі атрад — ён умее злачынцаў пераконваць, а мадэмуазэль дэ Скюдэры можа напісаць вытанчаны ліст каралю. Галоўнае, каб метад працаваў.
«Артыстызм, калі ён у крыві, можа прыняць самыя нечаканыя формы», — аднойчы сказаў Шэрлак Холмс. Шаноўны джэнтльмен, па ўсім ві даць, меў рацыю, бо вышэйзгаданы метад чытач ацэньвае выключна з эстэтычнага пункту гледжання. Прыгожы — значыць працуе. Ці так важна, што дэдуктыўны метад Холмса — не зусім дэдуктыўны, і ці папрыгажэе ён, калі мы назавем яго метадам з элементамі індукцыі і абдукцыі? Часам паэтычныя вольнасці ратуюць не толькі пераклад, але і дэтэктыў.
Ці ўсведамлялі гэта аўтары, ламаючы жорсткія рамкі канону, невядома, але факт у тым, што дэтэктыў з цягам часу ўсё больш аддаляўся ад першапачатковых аскетычных патрабаванняў пераймаць рэчаіснасць, выяўляць знаёмую чытачу да зубоўнага скрыгату будзённасць і маляваць абавязкова стэрэатыпных персанажаў, каб чытач ці то не заблытаўся, ці то не спалохаўся. І вось ужо мастацкая рэальнасць не мае нічога агульнага са звыклай, герой такі, якога ў жыцці не бывае, а мова — самая аддаленая ад будзённай, то бок паэтычная.
А потым рэчаіснасці пачынаюць пераплятацца. Вось містэру Сатэртуэйту ў Агаты Крысці дапамагае таямнічы містэр Кін, які невядома адкуль узяўся; ці чалавек ён увогуле — таксама вялікае пытанне, але дапамагае прыгожа, метад працуе, катарсіс забяспечаны, а што яшчэ трэба ад твора мастацтва? Вось Элеры Куін, герой раманаў Элеры Куіна, няспешна гартае «Часопіс таямніцаў Элеры Куіна», выдаваны Элеры Куінам, але не тым, які герой, а тым, які аўтар… ці наадварот? Мабыць, ужо няважна, проста сцэна прыгожая. А калі міс тэр Куін дэшыфруе злачынства з дапамогай твора Льюіса Кэрала,
у прасторы перапляцення двух мастацкіх тэкстаў «нармальнай» рэчаіснасці месца ўвогуле не застаецца.
Згадзіўшыся з містэрам Холмсам, нам застаецца згадзіцца таксама з яго не менш знакамітым сучаснікам. Перавярнуўшы мімесіс з ног на галаву, містэр Ўайлд сказаў, што не мастацтва — перайманне рэчаіснасці, а зусім наадварот. Бадай, мы не будзем паглыбляцца ў гэтую сентэнцыю, бо параход сучаснасці параходам, але нешта непахіснае застацца павінна: у дэтэктыве не можа не быць таямніцы. Хто ведае, магчыма, чытач — толькі сон, які сніцца героям дэтэктыву, і нам пасля словаў «Прачынайся, ты забіты» наканавана ўсвядоміць, што жыццё — самы рэалістычны жанр літаратуры.
Кацярына Маціеўская
Канцэпцыя зборніка “Злачынства, сэр!” грунтуецца на меркаванні, што дэтэктыўнае апавяданне — неабавязкова жанр масавай літаратуры. Для зборніка абіраліся творы, якія паказваюць дэтэктыў з розных бакоў, дэманструюць розныя эпохі і аўтарскія стылі і аб’ядноўваюцца нетрывіяльнасцю падыходу да прахаднога, здавалася б, жанру. У кнізе можна знайсці і так званы протадэтэктыў — апавяданне Э. Т. А. Гофмана “Мадэмуазель дэ Скюдэры” (пераклад Аляксея Жбанава), у якім толькі-толькі з’яўляюцца першыя прыкметы жанру, які неўзабаве зробіцца ці не самым папулярным, і два апавяданні аднаго з бацькаў дэтэктыву Эдгара По, і класічныя творы прадстаўнікоў жанру Г. К. Чэстэртана і Э. Куіна, і апавяданне вядомага (праўда, зусім не гісторыямі пра крадзяжы і забойствы) чэшскага празаіка Карэла Чапэка (пераклад Надзеі Кахновіч), і твор амерыканца Ф. Стоктана “Панна ці тыгр?” (пераклад Юлі Цімафеевай), якое ўваходзіць у самыя знакамітыя анталогіі амерыканскага апавядання, і ўзоры сучасных мадыфікацыяў жанру — творы В. Такарчук, Д. Клугера, М. Бліні.
Раздзел “Бясчынства, сэр!” змяшчае вядомыя класічныя пародыі на гісторыі пра Шэрлака Холмса, напісаныя Б. Гартам, Р. Стаўтам, Ж. Жыраду і А. Аверчанкам, а таксама вялікую аповесць славацкай пісьменніцы Даніэлы Капітанявай “Забойства ў Жлуктаве” (пераклад Сяргея Сматрычэнкі), у якой аўтарка прымушае самых знакамітых дэтэктываў усіх часоў і народаў (сярод якіх — не толькі згаданы ўжо Шэрлак Холмс, Эркюль Пуаро, міс Марпл, Нэра Вулф, камісар Мегрэ, але і герой новага часу камісар Каломба і нават агенты ФБР Малдэр і Скалі) расследаваць загадкавае забойства ў маленькім славацкім мястэчку Жлуктаў.
“Так, у нас тут, безумоўна, забіваюць. Ну, і крадуць усё, што кепска ляжыць альбо старанна ахоўваецца: дыяменты, лісты, партсігары, галёшы і грошы. А яшчэ ў нас смяюцца — бо, як гэта ні парадаксальна, нават забойства можа зрабіцца крыніцай добрага настрою. Прынамсі для чытача”.