![]() |
2.49 р.
Вага: 110 г
Памеры: 140x124 мм
|
9 трэкаў + песня "Silver Sky" ангельскаю моваю / Агульны час 39:28. © Dali, ТДА "Вестрекордс-плюс", 2008 (р) ТДА "Вестрекордс-плюс", 2008.
Трэк-ліст
1. Рыо-дэ-Жанейра
2. Мечтай со мной
3. Грай гармон
4. Когда ты вернёшься
5. Пахне чабор (MTV-unplugged Live)
6. Рапсодия
7. Я люблю тваё неба шэрае
8. Грай гармон (Remix by Alexis)
9. Мечтай со мной (Remix by Alexis)
BONUS: Silver Sky (песня "Я люблю тваё неба шэрае" па-ангельску)
+ буклет на 8 старонак з тэкстамі песень і постарам
"Zагадкі Zігмунда Фрэйда" – вельмі веснавая назва. Менавіта вясною сэрца спрабуе выскачыць з цела і несціся насустрач яшчэ аднаму такому ж апантанаму сэрцу. І ва ўсім вінаваты тут спадар Фрэйд, як не круці. У ролі даследчыкаў "фрэйдызму" вырашыў выступіць беларускі гурт "Dali", таму сваю музычна-навуковую працу яны і назвалі "Zагадкі Zігмунда Фрэйда".
Назва цалкам адпавядае агульнаму гучанню дыска: музыкі прысвяцілі свае песні "непапсоваму каханню і музычнай эротыцы". Яны адзначаюць, што канцэпцыя альбома закладзена ў назве. На мой жа погляд, пра канцэпцыю тут гаворка не ідзе, проста ў альбом увайшлі ўжо вядомыя песні, якія гучаць на канцэртах гурта, а таксама ў тэле- і радыё ратацыі. Гэты альбом, па сутнасці, стаў падвядзеннем вынікаў і завяршэннем творчага пачатковага этапу каманды.
Абавязкова трэба адзначыць тое, што альбом выдатна гучыць: цікавыя аранжыроўкі песень лёгка ўплятаюцца ў меладычныя хады, Віктар Рудэнка і кампанія і тут дэманструюць добры густ у разуменні "смачнасці" музычнага прадукту і бездакорны прафесіяналізм – мабыць, таму дэбютны дыск не гучыць "дэбютна", а дастаткова ўпэўнена і па даросламу.
Большасць "фрэйдаўскіх" песень – пазітыўныя, вясёлыя і танцавальныя. У альбом "Zагадкі Zігмунда Фрэйда" увайшлі песні на розных мовах. Сярод англамоўных кампазіцый вылучаецца песня "Silver Sky", якая з'яўляецца бонус-трэкам "загадак". Менавіта на ёй музыкі акцэнтуюць увагу, бо, па іх словах, песня напісана ў стылістыцы, у бок якой рухаецца гурт, і трапіць у будучы нью-фанкавы альбом, які ўбачыць свет напрыканцы бягучага года.
Апроч усяго, у альбом трапілі і некалькі рэміксаў, якія зрабіў профі жанру deep house Alexis Scorpio. Мне, напрыклад, рэміксы спадабаліся тым, што яны ніколькі не напружваюць слухача, тым самым нагадваючы танцавальныя кампазіцыі гурта А-Studio, якія некалі выконвала Паліна Грыфітс.
А цяпер слова эксперту – вядомаму музычнаму крытыку і журналісту – Змітру Падбярэзскаму: "Я хацеў бы найперш адзначыць, што "Dali" пашанцавала ў тым сэнсе, што ў складзе гэтага калектыву вельмі добра падрыхтаваныя музыкі, то бок, не самавукі ў асноўным. Яны разумеюць музыку, разумеюць тое, што самі робяць. Тую стылістыку, у якой яны працуюць, яны таксама вынайшлі, як мне падаецца, даволі лёгка. Гэта такая іхняя пазіцыя: рабіць не тое што адвязаную, але вясёлую музыку. Яны, канешне, не ідуць там услед, скажам, за "Лепрыконсамі"... У "Лепрыконсаў" больш такая, прашу прабачэння за слова, "калдырная" музыка. "Далі" робяць музыку тонкую, больш прадуманую і спалучаюць адначасова і добры густ, і прафесійнае разуменне сваёй творчасці... Што да гэтага дыску – ён мне падаўся, як і многія дэбютныя дыскі, нейкім незавершаным. Там няма кропкі, якая дазволіла б казаць пра "Далі" з поўнай падставай, што гэты калектыў адбыўся. Тое што ён адбыўся – гэта зразумела, але вось менавіта кропкі, акцэнту мне на дыску трошкі не хапіла. А з пункту гледжання ўвасаблення матэрыялу – там усё нармальна!"
Паводле Эўрапейскага радыё для Беларусі.
Фрагмэнт трэку "Рыо-дэ-Жанейра" можна праслухаць ніжэй.
Выглядае, нібы вы ня маеце ўсталяванага Adobe Flash Player'у. Усталюйце яго зараз.