Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Бардаўскае прадвесьне


31 сакавіка зоркі бардаўскае песьні на адной сцэне: Зьміцер Бартосік, Сяржук Сокалаў-Воюш, Андрэй Плясанаў

Росквітам беларускае бардаўскае песьні называюць 80-я гады, калі зазьзялі імёны Алеся Камоцкага, Сержука-Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Вальжыны Цярэшчанкі. У 90-х зьявіліся новыя імёны, узмацнілася сувязь бардаўскае песьні з папулярным рок-жанрам – Зьміцер Сідаровіч стварыў гурт "Камэлёт", а Эдуард Акулін пакінуў гурт "БАСКІ" і г.д. А некаторыя артысты здолелі нават сумяшчаць жанры, таленавіта праяўляючы сябе і ў рок-музыцы, і ў бардаўскай песьні – як, напрыклад, Андрэй Плясанаў.

31 сакавіка ў малой залі канцэртовага комплексу "Мінск" (ст. мэтро "Першамайская") адбудзецца міні-фэстываль бардаўскае песьні, які мусіць давесьці публіцы, што жанр яшчэ рана сьпісваць з рэестраў сучаснае культуры. У ім возьмуць удзел сапраўдныя зоркі, якіх слухачы ведаюць і па жывых канцэртных выступах, і з дыскаў: Зьміцер Бартосік, Андрэй Плясанаў і Сяржук Сокалаў-Воюш.

Зьміцер Бартосік: Ягонае імя ўпершыню зазьзяла яшчэ ў савецкія часы, калі ён стаў галоўным ляўрэатам фэстывалю "Аршанская бітва '92". Пра юны талент адразу стала пісаць сур'ёзная рэспубліканская прэса, песьні трапілі ў выдавецкі фармат на касэтах, гучалі па радыё і TV. Сёньня ж на ягоным рахунку ня толькі шматдзетная сям'я, але й кніга прозы "Чорны пісталет" ды два аўтарскія CD-альбомы – "Гандураскі сэрыял" і "Дарога на Вільню", а таксама ўдзел у шматлікіх калектыўных складанках ("Беларускі глёбус", "20 гадоў – 20 гітоў", "Вольныя песьні" ды інш.).

Андрэй Плясанаў: Гэта ня толькі бард, але й знакаміты мастак, прафэсійны кінарэжысэр, які ад канца 60-х захапіўся рок-н-ролам і стаўся арганізатарам першых біт-фэстаў у Менску. Быў удзельнікам некалькіх гуртоў, але ў сур'ёзнай фанаграфіі выявіўся толькі ягоны "P.L.A.N.", які мае ажно шэсць паўнафарматных альбомаў, прафэсійныя кліпы, канцэртовыя запісы. Творы з адмысловага акустычнага цыклю "Piosenki samotnego licvina" (2CD) гэтага караля клясычнага бел-рытм-энд-блюзу таксама траплялі пад увагу выдаўцоў рамантычнай бардаўскай акустыкі, але пералічваць кружэлкі-складанкі з удзелам "P.L.A.N." не выпадае, бо іх лік ужо перакрочыў два дзясяткі. Ня раз Андрэй Плясанаў прадстаўляў беларускую песьню і на міжнародных сцэнах – на музычных фэстывалях у Польшчы, Украіне, Расеі, на асабістых канцэртах у Турцыі, Эгіпце, Тайляндзе.

Сяржук Сокалаў-Воюш: Зорны час гэтага наваполацкага барда прыпадае на тыя самыя легендарныя 80-90-я гады, калі дыскаў у Беларусі яшчэ не было, затое кожную песьню за гонар мелі ведаць тысячы маладзёнаў, а асабіста слухаць барда (то ў Менску, то ў Вільні, то ў Беластоку) зьязджаліся фаны з усіх навакольных гарадоў і мястэчак. Затое ў чужым выкананьні ягоныя песьні тады і пазьней выдаваліся ў Амэрыцы, Канадзе, Польшчы. Потым настаў час зусім не палітычнай эміграцыі, калі Сяржук на банальным беларускім Купальлі пад Вязынкай пазнаёміўся з амэрыканскай беларускай і стварыў гэткую заакіянскую сям'ю. Але ў Амэрыцы ён ня стаў амэрыканцам, бо застаўся беларусам, пішучы там вясёлыя аповесьці ды праніклівыя песьні. На радзіме тым часам выйшла CD складанка ягонае раньняе бардаўскае спадчыны з прыватных фанаграфічных архіваў "Нефармальны беларус", а таксама новы канцэптуальны альбом "Песьні лісоўчыкаў", упершыню запісаны ў студыі. На бардаўскі фэст у Менск ён адмыслова прыехаў зь Нью-Ёрку на кароткі час.

Анонс:
31 сакавіка ў малай залі к/з Мінск пройдзе сумесны канцэрт зорак аўтарскай песьні, беларукіх бардаў Зьмітра Бартосіка, Сержука Сокалава-Воюша, Андрэя Плясанава. Пачатак 19.00. Квіткі ад 15 000 да 25 000. Даведкі: (017) 3286638, (029) 6490888.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА.