Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Калядна-навагодняя акцыя ў інтэрнэт-краме Prastora.by

Шаноўныя наведнікі інтэрнэт-крамы Prastora.by!

Калядная і навагодняя пара – час падарункаў. Мы таксама вырашылі не заставацца ўбаку і правесьці калядна-навагоднюю акцыю.

Тым болей, што нагодаў назьбіралася, як той казаў, аж цэлы мех. Апрача ўласна Калядаў і Новага году, гэта і выхад новага супольнага музычнага праекту "Мой сябра Анёлак", і канцэрт-прэзэнтацыя гэтага альбому 7 студзеня ў вялікай залі КЗ "Мінск".

İдэя правядзеньня такое акцыі ўзьнікла падчас размовы з "мастацкім кіраўніком" гэтага праекту Зьмітром Вайцюшкевічам (інтэрвію зь ім чытайце ніжэй на гэтай старонцы). А цяпер, уласна, пра акцыю і яе ўмовы:

Першая прыемная навіна – гэта грандыёзная зьніжка на DVD-караоке Зьмітра Вайцюшкевіча: Спявай васільковы край!, які цяпер каштуе 15'700 р. замест ранейшых 25'600 р.

Аднак, гэта яшчэ ня ўсё. Пачынаючы з 29 сьнежня і па 15 студзеня вы маеце магчымасьць атрымаць гэты дыск цалкам бясплатна!

Для гэтага трэба: замовіць 5 любых дыскаў з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, і вы атрымаеце ў падарунак на выбар DVD-караоке: Спявай васільковы край! або DVD з мультфільмамі "Тарзан-2 + Тазан-1", дзе песьні выконвае Зьміцер Вайцюшкевіч. Дыскі ў замове могуць быць як розныя, так і аднаго найменьня, – галоўнае, каб сумарная колькасьць іх адпавядала 5 шт.

Аформіўшы замову, проста пазначце ў камэнтары да яе, які дыск вы жадаеце атрымаць у якасьці падарунка: DVD з мультфільмамі або DVD з караоке.

Прыемнага вам праслухоўваньня і вясёлых сьвятаў!
Каманда Prastora.by

______________________________________________________________________________________

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч: у Новы год зь лёгкаю і спакойнаю беларускаю ўсьмешкай.

Пра вынікі году:

2009 год у творчым пляне быў даволі насычаны. İшла праца над польскім альбомам, і яна амаль што скончаная. Выдадзены супольны музычны праект, які называецца "Мой сябра Анёлак". Выйшаў ён, калі можна так сказаць, пад маім "кіраўніцтвам", або прасьцей пад агульным лэйблам "Усход-Захад-Аркестар".

Таксама распачатая праца над "Швэдзкім альбомам" на вершы швэдзкіх паэтаў ў перакладах на беларускую. Пераклады тэкстаў зрабілі такія знаўцы паэтычнага слова як Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Зьміцер Плакс. Яшчэ мы запісалі ў Польшчы альбом супольна з тамтэйшым фальклёрным ансамблем "Czeremszyna", які выйдзе ўжо літаральна праз пару месяцаў – напачатку наступнага году.

А ўвогуле год атрымаўся досыць плённым, быў я ў Злучаных Штатах, у Францыі, у Нямеччыне, у Польшчы шмат разоў. Па Беларусі даў Бог праехаць – пры дапамозе кампаніі "Будзьма!", пэўна, што канцэртаў 50 зайграў.

Пра новы альбом "Мой сябра Анёлак":

У гэтым праекце разам з салістамі ўзялі ўдзел больш за 20 творчых асобаў. Гэта поўны склад WZ-Orkiestra, плюс духавая сэкцыя, якая традыцыйна з намі запісваецца яшчэ ад "Цацачнае крамы". Былі запрошаныя некаторыя гітарысты, напрыклад, Сяргей Трухановіч (гітарыст гурту Крама – заўв. Prastora.by) паўдзельнічаў у некалькіх трэках. Бо мне ўвогуле падабалася і падабаецца супрацоўнічаць з рознымі гітарыстамі – зь Сяргеем Канановічам (гурты Hasta La Fillsta, Крамбамбуля, Zet – заўв. Prastora.by) мы запісалі ці не палову гітарных партыяў для "польскага альбому". Таму маю працу над супольным альбомам "Мой сябра Анёлак" можна акрэсьліць як рэжысэрскую ў нейкім сэнсе – запрашаліся розныя музыкі, а я ўсё гэта каардынаваў.

Я хацеў мець на гэты праект свой погляд, і таму пры запрашэньні салістаў асноўнымі крытэрамі былі "незацяганасьць" і мая асабістая цікавасьць. Я даўно знаёмы зь Беняй (Сьвятлана Бень, гурт "Серебряная свадьба" – заўв. Prastora.by), мы так хораша спакойна сябруем, без фанатызму, і мне асабіста вельмі цікавая яе творчасьць.

Пра астатніх салістаў таксама магу сказаць, што гэта менавіта тыя людзі, якія мне як музыкі цікавыя – гэта Наста Някрасава, якую добра ведаюць тыя, хто цікавіцца фальклёрам, гэта Алесь Зайцаў з гурту "Босае сонца", таксама Янка Маўзэр, зь якім я ня быў знаёмы да праекту і які падаўся мне такім "магілёўскім мачо". Ён з гэтаю роляю справіўся бліскуча, выступіў, так бы мовіць, для раўнавагі, – паколькі я не магу ўвесь час быць гэтым самым "мачо". İ з усімі астатнімі ролямі на гэтым альбоме Янка таксама справіўся выдатна. Хто яшчэ? Яўгенія Лятун, джазавая сьпявачка (гурт "Дыліжанс" – заўв. Prastora.by), адна з найлепшых, можа быць нават лепшая ў Беларусі. Мне так падалося, што яна дагэтуль увогуле ў сваім жыцьці нічога па-беларуску не сьпявала, і мне здалося, што дзякуючы песьні "Ты, як анёлак" ў яе зьявіцца вера, што далей яна можа сьпяваць і па-беларуску. Калі з Жэняю так атрымаецца, то я буду рады ўжо толькі таму і буду лічыць, што праект адбыўся недарма.

Ганну Хітрык я запрасіў ужо ў апошні момант, проста таму, што бяз Хітрык – анікуды. Яна таленавітая, вельмі так па-акторску "гнуткая" – яе можна "круціць" як хочаш, ну і са сваімі, як кажуць, "прусакамі ў галаве", што мне якраз і было патрэбна ў гэтым праекце.

Апроч вышэйзгаданых людзей прынялі ўдзел таксама я, мая жонка Галя Казіміроўская і сын Язэп, таксама запрашалі і іншых дзяцей, яны крычалі, сьпявалі, то бок таксама прымалі актыўны ўдзел. Такім чынам атрымаўся праект, у якім былі задзейнічаныя шмат артыстаў, але з гонарам магу сказаць, што мы справіліся.

Пра досьвед першага беларускамоўнага DVD-караоке "Сьпявай, васільковы край":

Па-першае, я вельмі рады, што ён ёсьць. İ голасу Вайцюшкевіча там няма, што мяне таксама цешыць. То бок любы карыстальнік гэтага дыска можа сам сьпяваць, і для мяне гэта вельмі прыемна. Мне ўвогуле здаецца, што гэта вельмі добрая ідэя, тым больш што гэта якраз той праект, які ня я прыдумаў, а прыдумаў нехта, і для мяне гэта важна. Што хтосьці прыйшоў і сказаў: "Зьміцер, я цябе бачу такім, зробім?". İ я з радасьцю даў згоду, праект адбыўся і цяпер карыстаецца пэўным попытам.

Я заўсёды лічыў, што "кропля камень точыць" – і вельмі добра, што мы пачалі рабіць караоке. Ёсьць таксама і альбом-караоке Алеся Камоцкага, і нават İрына Дарафеева падцягнулася са сваімі песьнямі. Цяпер, можна сказаць, артысты ўвогуле дзякуючы крызісу сталі такімі больш лагоднымі, ім ужо многа чаго стала не шкада, чаго раней было шкада за грошы. А цяпер калі ласка, карыстайцеся, толькі каб слухалі і не забывалі.

Лічу, важным пасьля крызісу сталася тое, што ты ёсьць, што ты застаесься актуальным і ўвогуле кімсьці ёсьць. Таму калі артыст хоча кудысьці там далей ісьці, ён мусіць пра гэта думаць.

Пра тое, чаго чакаць публіцы на традыцыйным канцэрце 7 студзеня ў КЗ "Мінск":

Будзе прэзэнтацыя новага альбому, які мне падаецца такім цёплым і хатнім, і мы пастараемся гэтую атмасфэру захаваць і перадаць. Таму што многія, я ведаю, ужо па традыцыі прыйдуць зь дзеткамі, і мы будзем рабіць праграму з улікам на гэта.

Паколькі сэнс менавіта гэтага канцэрту, 7 студзеня, гэта акурат зрабіць акцэнт на такіх сямейных радасьцях. Калі можна паглядзець, як тваё дзіця выходзіць падчас канцэрту на сцэну, усьміхаецца… А я асабіста ведаю, якое гэта адчуваньне для бацькоў. Паколькі тут і ночы няспаныя, і ўся цеплыня і пяшчота… Ну вось, калі каротка, пра гэта канцэрт.

Калядныя і навагоднія пажаданьні карыстальнікам інтэрнэт-крамы Prastora.by і ўсім беларусам:

Быць багатымі, здаровымі. Не хварэць. Ну і бадай што самае галоўнае – знайсьці сябе. Калі раптам хтосьці адчуе, што яго пакінулі анёлкі, папрасіць, каб анёлак вярнуўся. Верыць трэба толькі ў лепшае, старацца жыць "крыху наперад", з такою лёгкаю і спакойнаю беларускаю ўсьмешкай.

29 сьнежня 2009 году, Менск.