“Беларуская Прастора” запрашае сяброў на прэзентацыю сваіх выданняў!

24 снежня 2013 года (аўторак) культурніцкая пляцоўка “Беларуская Прастора” запрашае на прэзентацыю аўдыёкнігі Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі” і насценнага “ВАЯРСКАГА КАЛЕНДАРА”.


Прэзентацыя адбудзецца ў Пушкінскай бібліятэцы (Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна) па адрасе: г. Мінск, вул. Гікалы, 4. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

Вас чакаюць цікавыя музычныя і літаратурныя выступы, конкурсы з падарункамі, захапляльныя рыцарскія баёўкі ад клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт” і магчымасць сфатаграфавацца з сапраўднымі рыцарамі!

У імпрэзе возьмуць удзел: унукі Янкі Маўра, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Сасноўскі, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Тацяна Беланогая, Серж Мінскевіч, Юры Усціновіч, Ладзімір Лічко, Іван Іваноў, Андрэй Паддубскі, Алесь Калоша, Міхась Башура, Алесь Квіткевіч.


Нагадаем, што летась "Беларуская Прастора" ўжо ладзіла прэзентацыю сваіх выданняў у Пушкінскай бібліятэцы, тая імпрэза выклікала вялікую цікавасць. Сёлета таксама арганізатары рыхтуюць пэўныя сюрпрызы, пра якія даведаюцца тыя, хто непасрэдна прыйдзе на прэзентацыю, і тыя, хто будзе глядзець адмысловую онлайн-трансляцыю на Prastora.by, што будзе размешчаная на галоўнай старонцы нашай інтэрнэт-крамы незадоўга перад пачаткам імпрэзы.


Прыемнага прагляду тым, хто будзе глядзець нас не з Менску, і ясная справа, чакаем у госці ўсіх — як непасрэдна, гэтак і віртуальна! :) Ну а тых, хто ўсё ж вечар 24-га снежня будзе бавіць непасрэдна ў актавай залі Пушкінскай бібліятэкі ў сталіцы па адрасе Гікалы, 4 — запрашаем быць разам з дзецьмі, бо для іх рыхтуюцца адмысловыя сюрпрызы, віктарыны і падарункі!

 


 

Сёлетні год — юбілейны для класіка дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. З дня ягонага нараджэння споўнілася роўна 130 год. Дата, пагадзіцеся, не абы-якая, і з гэтае нагоды гуказапісвальная кампанія BelTonMedia выпусціла кампакт-дыск з творамі заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры.

Аўдыёкнігу “Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі” склалі дзве найзнакамітыя аповесці Янкі Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава, 1883 – 1971), якія ўпершыню выйшлі друкам у 1930-я гады і вось ужо каторае дзесяцігоддзе займаюць сваё пачэснае месца ў школьнай праграме па роднай літаратуры.

Напісаныя ў духу найлепшых класічных традыцыяў прыгодніцкага жанру, гэтыя творы ня страцілі сваёй літаратурнай і выхаваўчай каштоўнасці. У “Палескіх рабінзонах”, выкарыстаўшы традыцыйную ў літаратуры “рабінзанаду”, Маўр цікава распавёў пра прыродныя багацці нашага Палесся. Гэтая аповесць вучыць быць смелымі, упарта дамагацца мэты і адольваць любыя цяжкасці.

Маўр Янка. Палескія рабінзоны ; У краіне райскай птушкі


Аповесць “У краіне райскай птушкі” расказвае пра жыццё тубыльцаў у каланіяльнай, залежнай краіне, пра іх барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Аўтар услаўляе смеласць, волю і розум чалавека-змагара, які не скараецца перад выклікамі лёсу і ўрэшце перамагае.

Займальныя і разам з тым пазнавальныя, гэтыя творы абуджаюць фантазію, заахвочваюць да глыбокага пазнання роднага краю і свету, у якім мы жывём.

Больш падрабязна даведацца пра аўдыёкнігу і праслухаць фрагмент можна тут.

 


 

“ВАЯРСКІ КАЛЯНДАР” супольна выдадзены выдавецкім праектам ПАПЕРУС і транспартна-лагістычнай кампаніяй "Фабеас" у межах культурніцкай пляцоўкі “Беларуская Прастора”. Каляндар разлічаны як на шанавальнікаў нашае вайсковае гісторыі перыядаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, гэтак і на ўвесь беларускі (дый ня толькі) люд паспаліты. Як кажуць самі аўтары: "Шануючы гісторыю — ствараем будучыню!"

У выданні ўдала спалучыліся арыгінальныя малюнкі вершнікаў на конях у ваярскіх даспехах, змястоўныя гістарычныя даведкі і паэтычнае асэнсаванне кожнага малюнка.

Паколькі 2014 год — год каня, то коннікі на календары ў гэтым годзе будуць глядзецца вельмі дарэчы, але галоўная адметнасць дадзенага календара заключаецца яшчэ і ў тым, што калі карыстальнік напрыканцы 2014 году адарве аркуш з апошнім месяцам, то ў яго застанецца альбом з наборам прыгожых насценных малюнкаў вялікага памеру! Іншымі словамі — каляндар ператворыцца ў цалкам самадастатковы камплект плакатаў з выявамі вершнікаў памерам 49х34 см.

Гэты каляндар ёсць сумесным праектам групы творчых асобаў: полацкага мастака Івана Іванова, гісторыка і дзіцячага пісьменніка Юрыя Усціновіча, а таксама дызайнера і фотамастака Дзяніса Шарамецьева. Ідэя і канцэпцыя каляндара — Алесь Квіткевіч, кіраўнік культурніцкай пляцоўкі “Беларуская Прастора” і Міхась Башура, галоўны рэдактар выдавецкага праекта “ПАПЕРУС”. Каляндар выдадзены пры ўдзеле групы кампаніяў “Фабеас” і асабіста яе кіраўніка Андрэя Паддубскага.

Ваярскі каляндар на 2014 год / вонкавы выгляд


Каляндар ужо можна набыць: непасрэдна ў выдаўцоў — у інтэрнэт-краме prastora.by (у нас, вядома, найтаньней :), мінскіх крамах “Акадэмкнiга”, “Цэнтральная кнігарня”, “Кнігарня пісьменніка”, “Веды”, “Светач”, “Эўрыка”, "Кнігі & кніжачкі" (былая “Падпiсныя выданнi”), “Кніжны салон”, кнігарня “Ў”, галерэі “Падземка”, этна-краме “Рагна”, на кніжным кірмашы “Мір кніг” на Янкі Купалы, 27, у Таварыстве Беларускай мовы, а таксама ў кніжных крамах сеткі “БелКніга” ў Гомельскай, Віцебскай, Брэсцкай, Гарадзенскай і Мінскай абласцях.

 

Пашырайма Беларускую Прастору Разам!