Месяц Караткевіча і Барадуліна на Prastora.by!

Шаноўнае спадарства!

Мы, калектыў Prastora.by, надумалі абвясціць снежань 2010 году "месяцам Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна" на Prastora.by! Прычынаў гэтаму – дастаткова, і ўсякія прыемныя нечаканкі яшчэ чакаюць вас наперадзе ў гэтым месяцы, таму ўсіх таямніцаў адразу раскрываць ня будзем, нагадаем толькі асноўнае: нядаўна споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, а таксама канчаецца год, у якім свой 75-годовы юбілей святкуе Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Сябры, аднадумцы, паплечнікі. Два геніі, якія шмат праз што прайшлі і шмат чаго перажылі разам. Караткевічу, як пры жыцці, так ужо і пасля ягонае смерці напісалі багата прысвячэнняў, але самыя шчырыя, найбольш моцныя і шчымлівыя радкі прысвяціў "князю крывіцкага духу" ягоны найлепшы сябар Рыгор Барадулін. Вось адно з такіх прысвячэнняў:

ВАЛУН КАРАТКЕВІЧА
Сізіфава табе вядома праца.
Ты, колькі жыў, варочаў валуны, —
Каб пачалі сыны
За розум брацца,
Каб апрытомнелі твае сыны.
Няўдзячнасці глухімі валунамі
Табе плацілі добрыя дзядзькі
За тыя, што даверліва луналі
За хмарамі вякоў,
Твае радкі.
І ён,
Валун знямелага ўтрапення
І плачу нашага,
На грудзі лёг
Тваёй магіле.
Сосны прарыпелі,
Жагнаючы зеленарука лёх.
Як возьме
Бог
Сваіх даўгоў папірус,
Згадае і аб нашай старане:
Там Беларусь,
Дзе Караткевіч вырас.
І адпачне
На гэтым валуне.
Рыгор Барадулін,
з кнігі
"Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы"

Караткевіч, у сваю чаргу, нямала радкоў прысвяціў дзядзьку Рыгору, або "Грышку", як ён сам яго называў. У тым ліку, цэлую навелу – "Ладдзю Роспачы", да якое мы яшчэ вернемся ніжэй. Тут жа прывядзем іншую "дэдыкцыю" – аўтограф на кнізе "Мая Іліяда" 1969 году, на якой Караткевіч намаляваў Барадуліна ў вобразе "святога" і выявіў, як ён "моліцца" на сябра, напісаўшы такія словы: "Вышэйшаму – ніжэйшы – дэдыкую – цалуючы прах пад ягонымі ступамі". Гэтыя і шмат якія іншыя рарытэтныя здымкі ўпершыню друкуюцца ў непадцэнзурным выданні "Ладдзі...".

 



 

Прапаноўваем вашай увазе таксама дзве новыя кнігі выдавецтва "Літаратура і Мастацтва", прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу:

Кніга Мальдзіс Адам. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча

Партрэт пісьменніка і чалавека : літаратуразнаўчае эсэ. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 208 с.

Уладзімір Караткевіч, легендарны беларускі рамантык, апярэджваў свой час, узняўся над канфармізмам, над паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышынь, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, чалавека з людзьмі і народамі.

Пісьменнік незвычайнага, рэнесанснага таленту, ён стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле. І задача гэтай кнігі – растлумачыць, хаця б часткова, той феномен, імя якому – Караткевіч. Аўтар спрабуе разгадаць многія загадкі геніяльнай празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.


Вечная дарога Уладзіміра Караткевіча

Асоба пісьменніка-рамантыка Уладзіміра Караткевіча і праз дзесяцігоддзі (ды і праз стагоддзі!) па-ранейшаму, мо нават з большай увагай, чым пры жыцці, будзе выклікаць цікавасць усё новых і новых пакаленняў чытачоў.

Аўтар неўміручых раманаў "Зямля пад белымі крыламі", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Нельга забыць", пачынальнік жанру гістарычнага дэтэктыва ў беларускай прозе, паэт, яркі публіцыст, ён, як ніхто іншы, паставіў літаратуру на службу гісторыі, спалучыў, аб'яднаў дзве Музы...

Жыццё твораў легендарнага пісьменніка працягваецца. Выдавецтва "Мастацкая літаратура" распачынае выданне 25-томнага Збору твораў У Караткевіча. Выходзяць кнігі класіка айчыннай літаратуры ў іншых выдавецтвах. У перыядычных выданнях друкуюцца раней невядомыя мастацкія творы. 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча падштурхнула шмат каго да напісання ўспамінаў пра легендарнага сучасніка. Усе гэтыя факты сведчаць пра рост увагі да творчай і жыццёвай біяграфіі Уладзіміра Сямёнавіча.

"Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" – кніга, якая ўпершыню прыйшла да чытача ў 1990 годзе. "Мастацкая літаратура" падаравала чытачу амаль што "па свежых слядах" напісаны твор. Адам Мальдзіс, сябра пісьменніка, які пайшоў з жыцця ў 1984 годзе, напісаў сваю дакументальную і разам з тым лірычную, мастацкую сагу пра творцу і творчасць па матэрыялах сваіх ранейшых дзённікавых запісаў. Усяго хапае ў кнізе – і гумару таксама. Але чым найперш уражвае праца дасведчанага культуролага, гісторыка літаратуры? Так, улюбёнасцю ў Караткевіча. Але – і жаданнем выразна акрэсліць месца Караткевіча ў грамадскім і нацыянальным жыцці народа Беларусі. Следам за кнігай А. Мальдзіса пабачылі свет многія караткевічазнаўчыя працы. І гэта проста выдатна, што аўтар гістарычнай прозы і публіцыстыкі, паэт, які, падобна Міцкевічу – шукальніку Польшчы, шукаў Беларусь, выклікае няспынную ўвагу. Магчыма, будуць перавыдавацца і гэтыя сур'ёзныя караткевічазнаўчыя працы. Але напісанае А. Мальдзісам – з іншага шэрага. "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" – пякучы напамін пра месца і ролю мастацтва, пра яго вартасці ў засваенні народнага, гістарычнага вопыту беларусаў.

Як мне асабіста падаецца, кнігу-ўспамін можна ўкладваць у зборнікі прозы самога Караткевіча, яна павінна быць дадаткам нават да акадэмічнага збору твораў пісьменніка. А сёння, праз дваццаць гадоў з часу першага выдання, чытача чакае сустрэча не толькі з аповедам А. Мальдзіса, але і з самой постаццю Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Са старонак кнігі "Жыццё і ўзнясенне..." ён сыходзіць бы жывы...

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

 


 

Кніга Уладзімір Караткевіч : вядомы і невядомы

Зборнік эсэ, вершаў, прысвячэнняў. – Укладанне : А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 368 с.

Адметнасць і непаўторнасць новай кнігі пра Уладзіміра Караткевіча заключаюцца найперш у тым, што яна нечым нагадвае сяброўскую сагу пра вялікага і легендарнага пісьменніка, пра чалавека, чый ўплыў на грамадскую думку, на фарміраванне гістарычнага светапогляду сучасніка працягваюцца і цяпер.

Першую частку зборніка складае эсэ празаіка, паэта, літаратуразнаўцы Алега Лойкі "Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі", дзе не толькі канцэптуальна, але і лірычна, эмацыянальна, узнёсла асэнсавана постаць славутага творцы.

Другая частка зборніка – "Белая песня ў лугах залацістых...", дзе ўпершыню надрукаваныя паэтычныя творы самога У. Караткевіча на беларускай і рускай мовах, аўтапераклады асобных твораў на рускую мову і лісты паэта да Ніны Молевай.

Трэцюю частку кнігі склалі вершы, урыўкі з паэм, эсэ, вытрымкі з нарысаў, крытычных артыкулаў як беларускіх, так і замежных пісьменнікаў, іншыя матэрыялы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу.


Подзвіг творцы

"Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі" – гэта твор, які быў напісаны моцна хворым Алегам Антонавічам Лойкам у 2008 годзе, у апошнія месяцы яго жыцця. Твор сведчыць пра подзвіг Алега Антонавіча як пісьменніка і навукоўца, пра яго самаахвярнае служэнне мастацкаму слову. Сабраўшыся з сіламі, Алег Лойка здзейсніў сваю даўнюю, больш як дваццацігадовую, задуму – не толькі асэнсаваў постаць Уладзіміра Караткевіча, але і выявіў уласную постаць, згадаў шмат цікавага з іх блізкага сяброўства.

Вызначэнне жанру твора як паэмы было абумоўлена жаданнем аўтара наблізіцца да постаці Уладзіміра Караткевіча як да глыбы чалавечнасці, беларускасці, мастакоўнасці, глянуць на яго як на лірычнага, гераічнага эпіка, вартага паэмнага ўзвышэння. Добра прыдалася да назвы твора і зыначанне Уладзімірам Караткевічам у лісце за 27 ліпеня 1974 года да Алега Лойкі яго прозвішча як Гарсія Лойка, сугучнае з прозвішчам славутага іспанскага паэта Гарсія Лоркі.

Гэты твор пра Уладзіміра Караткевіча стаў для Алега Лойкі арганічным працягам яго папярэдніх раманаў-эсэ пра Янку Купалу і Францыска Скарыну. У ім, як і ў раманах-эсэ "Як агонь, як вада" і "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае", натуральна спалучыліся асабістае, лірычнае, паэтычнае і даследчыцкае, праблемна-аналітычнае. У ім Алег Лойка падсумаваў і канцэптуальна выявіў уласны эстэтычны погляд на прыгожае пісьменства і на мастацкія набыткі Уладзіміра Караткевіча.

Алег Лойка напісаў не хроніку жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, а стварыў свой, шматгранны і непаўторны яго вобраз як чалавека і творцы. Пры гэтым плённа спалучыў, напрыклад, згадкі пра яго фарміраванне як асобы ў Оршы, Кіеве, Маскве, Рагачове, Мінску з роздумам пра веліч здзейсненага ім як пісьменнікам. Алег Лойка лічыць Уладзіміра Караткевіча класікам беларускай літаратуры, пісьменнікам сусветнага значэння, геніем. Цікавымі з'яўляюцца развагі пра ролю Уладзіміра Караткевіча для беларускай літаратуры і ролю Джэймса Макферсана з яго "Паэмамі Асіяна, сына Фінгала" для англійскай, пра ролю Вацлава Ганкі з яго краледворскімі рукапісамі для чэшскай. Сапраўды, Уладзімір Караткевіч "у пару савецкай русіфікацыі, калі Беларусь сваёй уласнай гісторыі пазбаўлялася, вяртаў ёй гісторыю, выдумляў ёй міфы".

Анатоль ВЕРАБЕЙ,
з прадмовы да кнігі

 



 

Добрая навіна для шанавальнікаў паэтычнага дару Рыгора Барадуліна – адгэтуль да кожнага асобніка перавыдання дэбютнае кнігі Паэты "Маладзік над стэпам" абсалютна бясплатна дадаецца сувенірны камплект паштовак, прысвечаны 75-годдзю пісьменніка. Гэта азначае, што, набываючы адзін асобнік "Маладзіка...", вы эканоміце амаль сем з паловаю тысяч!

Рэпрынтнае выданне Барадулін Рыгор. Маладзік над стэпам

Вершы. Рэпрынтнае выданне, падрыхтаванае паводле экземпляра, які захоўваецца ў Рыгора Барадуліна. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. Менск : Мэдысонт, 2010. – 110 с. : іл., у супервокладцы.

"Маладзік над стэпам" – першая кніга Рыгора Барадуліна. У 1959 годзе, калі яна выйшла, аўтару было ўсяго 24 гады, ён якраз скончыў філфак БДУ. Цяперашняе перавыданне – праз паўстагоддзя – прымеркаванае да 75-годдзя Рыгора Барадуліна. Да гэтае ж падзеі выйшаў і камплект сувенірных паштовак з выявамі паэта і ягонымі выбранымі вершамі на адваротным баку.


"Барадулін – гэта чараўнік.

Найперш – чараўнік паэтычнай стыхіі, якая жыве ў ім, мабыць, з дня яго нараджэння, і які сам жыве ў ёй, вольна і радасна, як жыве птушка ў палёце, рыба ў вадзе, самаадданая жанчына ў каханні... Паэзія для яго – Боская стыхія, у якой ён нявольнік і ўладар адначасова. Віртуоз і маэстра!"

Васіль Быкаў

 



 

Напрыканцы гэтага выпуску навінаў яшчэ раз вернемся да новага выдання "Ладдзі Роспачы" і нагадаем, што сёння, 4 снежня, у "Кніжным салоне" па адрасе Калініна,5 адбудзецца яго прэзентацыя. У імпрэзе абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў і Сяргей Панізнік.

Кніга Караткевіч Уладзімір. Ладдзя Роспачы

Навела / Першае непадцэнзурнае выданне: аналіз аўтарскіх і цэнзарска-рэдактарскіх правак. Уклад., ідэя, камент., аналіз Глеба Лабадзенкі ; прадмова Рыгора Барадуліна ; паслямова Васіля Сёмухі. – Мінск : Медысонт, 2010. – 148 с. : іл.

Гэтая кніга – першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча. Кніга адметная тым, што яна інтэрактыўная: кожны з вас, разгортваючы яе, робіцца даследчыкам творчасці Караткевіча. Тэкст не "адматаны" да першапачатковага варыянта – усе праўленыя і выразаныя моманты проста графічна паказаныя ў тэксце. Каб кожны з вас мог вырашыць, што выпраўлена справядліва, а што – не.

Артыкул Глеба Лабадзенкі, укладальніка кнігі, "На 23 старонках рукапісу цэнзары зрабілі Караткевічу 296 правак" можна прачытаць тут, унізе старонкі пасля апісання кнігі.

Далей будуць новыя нечаканкі, а пакуль што – прыемнага вам чытання і перачытвання нашых класікаў!

З павагаю,
каманда Prastora.by!