Навіны Prastora.by ад 14/11/2009

Шаноўнае спадарства!

Сёньня, 14 лістапада – Дзень нараджэньня выбітнай швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн, знакамітай казачніцы, чые творы ведаюць і любяць у многіх краінах сьвету.

За сваё 95-гадовае, насычанае падзеямі і літаратурнымі творамі жыцьцё пісьменьніца атрымала безьліч узнагародаў і прэміяў – сярод якіх асобна можна адзначыць прэмію імя Ганса Хрысьціяна Андэрсэна (якую завуць "малой Нобэлеўскай"), прэмію імя Льюіса Кэрала, узнагароды ЮНЭСКА і Срэбнага Мядзьведзя (за фільм "Роні – дачка разбойніка"). У 1980-90-е гады Астрыд Ліндгрэн брала актыўны ўдзел у грамадзкім і палітычным жыцьці сваёй краіны, зрабіўшыся добраахвотнаю заступніцаю правоў дзяцей і жывёлаў.

Астрыд Ліндгрэн стала першаю жанчынаю, якой пры жыцьці быў ўзьведзены помнік – ён знаходзіцца ў цэнтры Стакгольму, і спадарыня Ліндгрэн прысутнічала на ўрачыстай цырымоніі яго адкрыцьця. İмём пісьменьніцы таксама названая адна з малых плянэтаў. Ня так даўно швэды назвалі сваю суайчыньніцу "жанчынаю стагодзьдзя", і неўзабаве ў гэтай краіне быў адчынены першы музэй Астрыд Ліндгрэн.

Таму 14 лістапада можна назваць сапраўдным сьвятам для ўсіх, хто зь дзяцінства добра памятае казачны сьвет твораў Астрыд Ліндгрэн, хто цэніць і любіць творчую спадчыну слыннай пісьменьніцы.

У беларускай інтэрнэт-краме Prastora.by таксама адзначаюць гэтую падзею. У продажы зьявіліся абедзьве кніжкі швэдзкай казачніцы, перакладзеныя на беларускую мову – "Піпі Доўгаяпанчоха" і "Малы і Карлсан-з-даху", а акурат да Дня нараджэньня пісьменьніцы прымеркаваная сьвяточная акцыя: той, хто набудзе абедзьве кнігі Астрыд Ліндгрэн па-беларуску, атрымае ў падарунак музычны кампакт-дыск зь беларускімі казкамі, песьнямі й калыханкамі. Акцыя трывае роўна тыдзень (14 – 21 лістапада) з Дня нараджэньня пісьменьніцы.

Прыемнага чытаньня і казачнага ўсім жыцьця!
Каманда Prastora.by