Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх па тэлефонах: +375-29-632-91-29 (Вераніка), +375-29-856-42-01 (Міхась).
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
Ці ў сацыяльных сетках: Facebook або ўКантакце.

 

 

 

Абвестка

Новая аўдыёкніга "Чорны замак Альшанскі" і дыск "Галасы" ў продажы!

Месяц Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна на Prastora.by працягваецца, і мы радыя прапанаваць вам новую аўдыёкнігу "Чорны замак Альшанскі" і раней выдадзены дыск "Галасы", на якіх вы зможаце пачуць творы і нават галасы нашых найлепшых творцаў!

 

Аўдыёкніга Караткевіч Уладзімір. Чорны замак Альшанскі

Аўдыёкніга ў фармаце mp3. Агульны час гучання: 21 гадзіна 36 хвілінаў. Чытае Андрэй Каляда. © & (p) BelTonMedia, 2010.

У гістарычным рамане-дэтэктыве "Чорны замак Альшанскі" Уладзімір Караткевіч уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. Падзеі, што гістарычна і сюжэтна знітаваныя з сучаснасцю.

За гэты твор у 1984 годзе аўтара пасмяротна ўганаравалі Дзяржаўнаю прэміяю імя Якуба Коласа. У той самы час на нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Міхаіл Пташук зняў паводле раману двухсерыйны мастацкі фільм "Чорны замак Альшанскі".

 


Васіль Быкаў:

На перадапошнім годзе свайго жыцця ён скончыў "Чорны замак Альшанскі", які, дарэчы, зараз жа пасля выхаду ў свет быў экранізаваны на беларускай кінастудыі і абышоў шматлікія экраны свету. Гэты твор, бадай, самае сталае ўвасабленне Караткевічавага прыгодніцкага таленту, і створаны на выпрабаваным грунце прыгодніцкага жанру. У ім аўтар удала спалучыў падзеі і вобразы розных часоў, паказаў іх узаемасувязь і ўплыў даўніх справаў і ўчынкаў на фарміраванне нашага сёння. Раман чытаецца з захапленнем, яго востра-сюжэтная форма ў спалучэнні з выдатным моўным майстэрствам забяспечылі яму поспех сярод шырокага кола чытачоў.


Анатоль Верабей:

Уладзімір Караткевіч – адзін з яркіх і адначасова загадкавых беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХХ ст. Здавалася б, ён такі просты, светлы і чысты, а на самай справе гэта надзвычай складаны для асэнсавання мастак, бо ў яго творчасці шмат нечаканасцей і таямніц. Напрыклад, у рамане "Чорны замак Альшанскі" адзін з герояў з лагоднай іроніяй і мяккім гумарам кажа пра Караткевіча: "А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць". І гэта сапраўды так.


Рыгор Барадулін:

Упершыню ўбачыў я здзіўленавокага, нязвыкла даверлівага, амаль па-малечы цыблакаватага і разам з тым мажнога хлопца, у якога нечакана спалучалася вяскова-мястэчкавая беларуская шчырасць з урбаністычнай еўрапейскай шырынёй і ўзважанасцю. Было гэта ўвосень 1955 года ў Каралішчавічах. Першае ўражанне памыляецца рэдка. Такім і застаўся, такім і быў Уладзімір, Сямёнаў сын, – падлеткам, якому хочацца ведаць болей за ўсіх астатніх, таму і ведае, якому, між іншым, рупіць паказаць сваю глыбокую дасведчанасць, сваю касмічную шырыню, таму і паказвае сваю неабачлівую любоў да ўсіх, таму і любіць.

Акуратнасць, дакладнасць, размах. Гэтыя рысы вабілі ў Караткевічу. Калі ён бараніў каго, дык абавязкова ад цэлай банды. Калі ішоў ад дзяўчыны, дык тут жа ўдакладняў, што сёння ўжо не ад першай. Далікатны інтэлектуал, быў ён нясхібным і нязломным. "І коскі з месца не зрушу!" – гэта не фраза, не афарызм на публіку. Гэта штрышок да вобліка вялікага творцы, хто здоўжыў і доўжыць вякі беларускай думкі, беларускага слова, беларускага роду!

 



 

Аўдыёкніга Караткевіч Уладзімер, Геніюш Ларыса, Барадулін Рыгор. Галасы

23 ўнікальныя трэкі (у фармаце Audio-CD), запісаныя Сяргеем Панізьнікам у 1968 годзе + запіс 2009 году: Рыгор Барадулін чытае тыя самыя вершы праз 41 год. Бонус: аўдыёэсэ Сяргея Панізьніка "Як запісваліся гэтыя галасы". Агульны час гучання 44:36. © Сяргей Панізьнік, запісы, здымкі, 2009. © Глеб Лабадзенка, ідэя, канцэпцыя, 2009. © Аляксей Кульбіцкі, дызайн, вокладка, 2009.

 


Сяргей Панізьнік:

Згадка саракагадовай даўнасьці: адпраўлялі мяне ў прымусовую службовую камандзіроўку. Набіраўся згукаў Бацькаўшчыны, каб і ў замежжы не смылела сэрца, – запісваў на магнітафонную стужку галасы Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна.

Тады-сяды зыкі нашых прыўкрасных аўтараў луналі на літаратурных вечарынах. І вось як сонечны прамень зваліўся на маю безнадзейную галаву Майстар сучаснага зьвеставаньня Глеб Лабадзенка. Цяпер ёсьць спадзеў, што галасы творцаў нашай змагарнай паэзіі запоўняць адухоўленую прастору – і праз Блог Глеба Лабадзенкі, і праз дыскі, выдадзеныя ў нашым суаўтарстве. Будзьма слухачамі мастацкага Слова, прамоўленага вуснамі Будзіцеляў!


Глеб Лабадзенка:

Калі Сяргей Панізьнік перадаў мне гэтыя запісы, я, паслухаўшы, спачатку ачмурэў. Бо гэта фантастыка – чуць галасы нашых клясыкаў саракагадовай даўніны! А пасьля падумаў: як спадар Панізьнік мог так доўга хаваць гэткі скарб?!

Запісы трапляюць да вас практычна ў першародным гучаньні. Там застаўся й гук вярчэньня бабінаў магнітафона "Рамантык", і чырк запалкі Ўладзімера Караткевіча, і ціхае "Можна? – Можна!" у пачатку верша, і агаворкі Рыгора Барадуліна пасьля адзначэньня Народзінаў Фамы Фаміча (так сябры называлі за сталом Уладзімера Караткевіча)...

Апроч уласна архіўных запісаў, дыск мае два бонусы. Першы – роўна праз 41 год Рыгор Барадулін зноўку начытаў тыя самыя вершы. Яны адмыслова ідуць на дыску парамі, бо гэта шалёна цікава – як Аўтар бачыў свой верш адразу і як бачыць цяпер – праз столькі гадоў. Другі бонус – эсэістычны аўдыёрасповед Сяргея Панізьніка пра гісторыю зьяўленьня гэтых запісаў.

Хачу зьвярнуць увагу, што першы трэк называецца "П'янка ў дэкарацыях" – пра гэта гаворыць напачатку сам Караткевіч. А ў кнізе "Быў. Ёсьць. Буду." гэтая малая паэма цнатліва завецца Гулянка ў дэкарацыях"...

3 гэтай жа прычыны вельмі цікава слухаць вершы. трымаючы перад вачыма іх папяровыя варыянты – дзе слова ня тое, дзе фраза іншая... І там – рэдактарава, а тут – Караткевічава!.. Не зьдзіўляйцеся, што раманс "Ты так печально целуешь меня" Караткевіч напісаў па-расейску. Пісалася гэта ў Маскве, на вышэйшых сцэнарных курсах для расейскамоўнай каханкі... Песьня "Ой, косю, мой косю", паводле ўспамінаў сяброў пісьменьніка, была самай улюбёнай ва Ўладзімера Сямёнавіча. Ён казаў, што пачуў яе ў маленстве пад Воршай ад цыганоў: бег за возам і слухаў, ажно пакуль песьня ня скончылася...

Пры стварэньні гэтага дыску галоўнай маёй мэтай было – каб гэтыя галасы мог пачуць кожны беларус. Бо гэта – галасы Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна.