Prastora.by шчыра віншуе ўсіх беларусаў з падзеяю ў нашым культурным жыцьці – выхадам новае кнігі сьветача беларускае паэзіі Рыгора Барадуліна! Кніга "Перакуленае / Опрокинутое" выйшла ў маскоўскім выдавецтве "Время" і была прэзэнтаваная на ХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы 13 лютага.
Рэдактарам і аўтарам прадмовы да гэтага тому выступіў Уладзімер Някляеў, а сярод перакладнікаў на расейскую такія літаратары як Ігар Шклярэўскі, Валянцін Тарас, Іван Бурсаў, Аляксандар Дракахруст, Навум Кісьлік ды іншыя.
Гэтая кніга сталася своеасаблівым падарункам на 75-гадовы юбілей народнаму паэту ад сяброў, калегаў і выдаўцоў, якія ўсе разам спрычыніліся да выхаду гэтага дыхтоўнага дзьвюхмоўнага выданьня: беларускія арыгіналы зьмешчаныя на цотных старонках кнігі, а найлепшыя іх пераклады на расейскую – на няцотных.
Нягледзячы на досыць цяжкі стан здароўя, мы спадзяемся, што свой 75-ы дзень нараджэньня 24 лютага дзядзька Рыгор сутрэне ва ўласнай хаце – а то і за пісьмовым сталом!
Інтэрнэт-крама Prastora.by далучаецца да юбілейных віншаваньняў і жадае нацыянальнаму генію як найхуткага выздараўленьня. Акурат да гэтае даты – 75-годзьдзя першага нашага паэта на сёньня – у нас на паліцах зьявіліся тры апошнія па напісаньні і даце выхаду ў сьвет барадулінаўскія кнігі:
Кніга Барадулін Рыгор. "Навошта". 162 с. з ілюстрацыямі. Кошт – 19 500 рублёў.
Кніга Барадулін Рыгор. "Перакуленае" / Бородулин Рыгор. "Опрокинутое". 512 с. з фотаздымкамі ў цьвёрдай вокладцы. Кошт – 26 200 рублёў.
Кніга Барадулін Рыгор. "Выпаў грук у грома з рук". 160 с. з ілюстрацыямі. Кошт – 8 000 рублёў.