Шаноўнае спадарства, пасьля даволі працяглага перапынку сайт Prastora.by зноў пачаў папаўняцца новымі таварамі, пра што мы радыя вам паведаміць!
Разам з тым нагадваем, што неўзабаве ў Менску адбудуцца дзьве беларускамоўныя ялінкі – "Ялінка Нашых Дзетак" 17-га сьнежня а 10:30 у кавярні "Плянэта зорак" (Палац дзяцей і моладзі, Старавіленскі тракт, 41) і "Яліначка для карапузікаў" 24 сьнежня аб 11:30 у кавярні THE LOFT (вул. Петруся Броўкі, 22). Арганізатары абяцаюць цікавыя імпрэзы, так што – ласкава запрашаем!
У бягучым выпуску Навінаў мы праінфармуем ваc пра новыя паступленьні дзіцячае літаратуры, а таксама некаторых іншых кніг. Прыемнага калядна-навагодняга шопінгу на Prastora.by!
Казанне-казачка пра майстра слыннага Рукшу і пра тое, як змайстраваў ён коніка незвычайнага Грыўку. Выданне шыкоўна праілюстравана мастаком Іванам Івановым, усе старонкі ў кнізе – каляровыя. Гэта ўжо другая кніга для дзяцей полацкага гісторыка Юрыя Юрыя Ўсьціновіча, якая паводле дзеі папярэднічае першай – "Яська і конік ягоны Грыўка" – што таксама была адрасаваная маленькім чытачам.
Вершы, казкі і байкі Алега Старынчыка адрасаваныя як дзецям, так і дарослым. Яны поўныя гумару, радасці і пяшчоты, любові да роднай зямлі, усяго навакольнага света. Гэта байкі пра нас саміх. Нават сатыра ў творах аўтара не крыўдзіць, бо яны напісаныя з вялікай павагай і дабрынёй.
Вы не ведаеце, чаму сарокі носяць навіны на хвасце?.. А чаму кошкі не любяць хітрых мышак?.. А навошта афрыканскі папугай заляцеў у беларускі гай?.. Вы не сустракалі ката марахода, не чулі пра яго дзівосныя прыгоды?.. Ну тады гэтая кніга менавіта для вас. Юныя чытачы знойдуць тут прыгодніцкія казкі, вясёлыя вершы, дасціпныя загадкі, скорагаворкі, пацешкі. Кніга будзе вельмі карыснай вучням, бацькам і настаўнікам.
Беларуска-польскі і польска-беларускі слоўнік для дзяцей багата ілюстраваны дасьціпнымі малюнкамі, дзеля зручнасьці словы разьмеркаваныя па тэматычных разьдзелах, матар’ял пададзены даступна й займальна. Выданьне можа выкарыстоўвацца і як навучальны дапаможнік для тых, хто зусім ня ведае польскай мовы (незалежна ад узросту), і як слоўнік для тых, хто ўжо крыху валодае ёю.
У «Малой дзіцячай Чырвонай кнізе», якая пабачыла свет раней у 2008 годзе, аўтар у займальнай і дасціпнай форме расказаў пра рэдкія і тыя, што знікаюць, віды беларускай фаўны. Цяпер вядомы пісьменнік прапануе чытачам папулярнае літаратурна-мастацкае выданне, дзе, зноў жа, у цесным спалучэнні верша і празаічнай замалёўкі апавядаецца пра ахоўныя расліны Беларусі.
Кніга шатляндзкай пісьменьніцы Мэры Сьцюарт знаёміць нас з хлопчыкам Людвікам, які праз любоў да свайго старога каня Рэнці выпраўляецца ў небясьпечнае падарожжа па фантастычнай краіне Задыяка. Кніга паказвае, наколькі важна ў сяброўстве быць адданым і шчырым, выхоўвае веру ў тое, што кожны чалавек мае годныя якасьці, і ў яго сіле разьвіць іх у сабе ці занядбаць.
У зборнік увайшлі казкі вядомых англійскіх пісьменнікаў Э.Нэсбіт, К.Грэхэма, Л.П.Хартлі, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне дзяцей у розных краінах свету. На беларускую мову перакладаюцца ўпершыню.
Аднойчы ў лес прыйшоў жыць чужынец — Пацучок. Качаня папярэдзіла, што пацукі — злодзеі. Яны лянівыя, брыдкія й брудныя. Гэта ведае кожны! Парсючок сказаў, што пацукам у лесе ня месца. Аднак Жабка вырашыла сама пайсьці й паглядзець...
Кніга лаўрэата літаратурнай прэміі імя А. Куляшова Казіміра Камейшы кліча чытача ў непаўторны і чароўны свет прыроды Налібоцкага краю. Вы адчуеце сябе ўтульна ў вясёлым суладдзі дрэў, кветак і траў, звяроў і птушак. Вясёлыя прыгоды, нечаканыя здарэнні напаткаюць вас у казках паэта. Займальна, з добрым досціпам напісаны скорагаворкі і загадкі.
Упершыню кнігу пра беларускія народныя інструменты стварылі ў выглядзе энцыклапедыі. Арыгінальная форма падавання кожнага інструмента дапаможа дзецям з цікавасцю і жаданнем увайсці ў свет беларускай музыкі. Аўтары — музыка, гісторык, калекцыянер музычных інструментаў Яраш Малішэўскі і пісьменніца Аксана Спрынчан — у кожным з 32 інструментаў пабачылі своеасаблівую душу і часцінку той краіны, для якой яны сталі блізкімі.
Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Кастусь Жук вядомы як аўтар шматлікіх кніг для дарослых, а таксама кніжкі для дзяцей «Шпак купіў магнітафон». Новы зборнік паэта зацікавіць маленькага чытача незвычайнымі сюжэтамі, навізной адкрыцця свету.
Змест кнігі складаюць творы дзіцячага фальклору: загадкі, лічылкі, скорагаворкі. Загадкі ў вобразнай мастацкай форме даюць звесткі пра чалавека, жывёльны і раслінны свет, з’явы прыроды. Кніга будзе цікавая шырокаму колу чытачоў: дзецям, бацькам, выхавальнікам дзіцячых садкоў, настаўнікам.
"Мянтуз сярод мядуз" — не проста кніга скорагаворак. У азбуцы-маляванцы маленькі чытач пазнаёміцца з усімі літарамі беларускага алфавіта. Гэта па-першае. А па-другое, навучыцца правільна вымаўляць іх. Па-трэцяе, даведаецца, якія ёсць рыбы. А ўзяўшы ў рукі каляровыя алоўкі ці фарбы, яшчэ і размалюе кніжку на свой густ. Мастачка Лаліта Мельнічэнка магла б зрабіць гэта і сама, аднак вырашыла даручыць дзецям. Не падвядзіце ж яе!
Для кожнага з нас мама — самы блізкі, самы дарагі і любы чалавек. Ад калыскі — і навек. Паэты і дзеці называюць яе ласкава сонейкам, светлай зараначкай. У гэтай кнізе сабраны вершы і песні пра маму, матулю, маці, — з любоўю ў сэрцы, з ласкай у голасе, з усмешкай у вачах.
"Кошачьи" сказки для детей 3-5 лет, где главный герой - котенок Коська - познает мир, делая маленькие кошачьи открытия, КОТорые многому учат людей. Эти детские сказки написаны и проиллюстрированы Сергеем Стельмашонком.
Маленькіх чытачоў на старонках гэтай кнігі чакаюць казачныя падарожжы непаседлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, маленькіх мышанят і іх сяброў.
У свеце няма ніводнага дзіцяці, якое не любіць казкі. На жаль, стаўшы дарослымі, многія дзеці забываюцца, што калісьці ўмелі ствараць свой дзівосны казачны свет, дзе жылі іх улюблёныя героі і дзе заўсёды перамагала дабро.
Гэта не проста паэтычны зборнік, а яскравы калейдаскоп нашага жыцця, якое паўстае перад маленькім чытачом ва ўсёй разнастайнасці. Аўтар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, з цеплынёй гаворыць пра прыгажосць і непаўторнасць роднага краю, пра жывёл і птушак, пра школьныя здарэнні і цікавыя сітуацыі, у якія трапляюць юныя героі.
У новым рамане аўтар не здраджвае гістарычнай тэматыцы. Чытач перанясецца ў XV — XVI ст., у Рым, у Вялікае Княства Літоўскае, у Канстанцінопаль, які штурмуюць туркі-асманы. Заключныя сцэны рамана — славутая Аршанская бітва 8 верасня 1514 года, у якой гетман Канстанцін Астрожскі разграміў войска вялікага маскоўскага князя.
Займальны аповед пра прыгоды і каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, чацвёртае шлюбаванне якога адбывалася ў беларускім Новагародку ў лютым 1422 года. У выніку ў Польшчы запачаткавалася вядомая на ўсю Еўропу каралеўская Ягелонская дынастыя.
У кнігу беларускага пісьменніка Алеся Гаруна (сапр.: Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі, 1887—1920) увайшлі найлепшыя вершы розных гадоў і п’еса для дзяцей "Датрымаў характар".
У кнігу выдатнай беларускай пісьменніцы, асветніцы, грамадскага і рэвалюцыйнага дзеяча Цёткі (Алаізы Пашкевіч, 1876 – 1916) увайшлі творы з яе літаратурнай спадчыны: вершы, апавяданні, артыкулы, нарысы, адметная рыса якіх рэвалюцыйная палымянасць, пафас барацьбы за народную справу, вера ў лепшую будучыню роднага краю.
Альбом — вынік першага ў гісторыі конкурсу фотажурналістаў, своеасаблівы зрэз прафесійнага майстэрства беларускіх фатографаў, што працуюць у сферы медыяў.
А таксама іншыя тавары, якія вы зможаце знайсьці на Prastora.by!