Дзень беларускай дзіцячай творчасці — гэта свята дзіцячых усмешак, магчымасць прадэманстраваць свае таленты і добра правесці час і адпачыць адначасова!
Мы распрацавалі новы фармат, які ўключае ў сябе мноства забаўляльных актыўнасцяў, вясёлыя анімацыйныя элементы і творчую конкурсную праграму.
Мы пастараліся даць адказ на пытанне «Куды схадзіць разам з дзецьмі?» так, каб гэта было цікава, карысна, пазнавальна і разам з тым бясплатна!
Рэалізацыя дадзенай ідэі стала магчымай дзякуючы нашаму генаральнаму партнёру — сетцы крамаў «Карона». Дзякуем беларускаму бізнэсу, які падтрымлівае беларускую дзіцячую творчасць!
ДЗЕ: Гродна, Канцэртная зала, вул. Дзяржынскага, 1.
КАЛІ: 6-га кастрычніка (субота), з 11:55 да 18:00.
Свята распачнецца ў 11:55 — не запытвайце, чаму, проста яно так распачнецца)) — прывітальным словам кіраўніка кампаніі «PRASTORA.BY» Алеся Квіткевіча і ўступнай музычнай кампазіцыяй на тэму шанавання продкаў і зямлі, на якой нам пашчасціла нарадзіцца.
Потым адзін за другім на сцэну выйдуць гродзенскія дзіцячыя творчыя калектывы. Адзінаццаць выступленняў — ад сольных нумароў да харавога выканання калектывам з дваццаці юных спевакоў! Гледачы і слухачы ў зале змогуць аддаць свой голас за ўпадабаны калектыў або выканаўцу: кожны атрымае бюлетэнь са спісам усіх выступоўцаў, і тыя юныя артысты, якія набяруць найбольшую колькасць галасоў у конкурсе народнага журы «Падтрымаем свае таленты!», атрымаюць прызы ад арганізатараў і партнёраў мерапрыемства — кампаніі «PRASTORA.BY», сеткі крамаў «Карона» і студыі аўтарскіх скураных вырабаў «Макей». Пераможца атрымае галоўны прыз — магчымасць запісаць песню ў прафесійнай студыі або, калі нумар будзе не вакальны, то ўзнагародаю стане створаны відэакліп.
Пасля прысутных чакае рэканструкцыя рыцарскага бою і дэманстрацыя сярэднявечнай зброі. У максімальна аўтэнтычнай абстаноўцы пад музыку бубна і дуды. За якаснае і відовішчнае шоў адказваюць Юры Усціновіч, Алесь Пятроўскі і Андрэй Дундукоў, якія адмыслова прыедуць — бадай што прыскачуць на сваім жалезным кані! — з Мінска.
У ліку іншых гасцей — з Маладзечна — знакамітая Вольга Бабурына з дачкою Мілавай цікава распавядуць пра традыцыйную беларускую выцінанку. А таксама прадэманструюць найлепшыя са сваіх прац, зробленыя ўласнымі рукамі і пяшчотна дастаўленыя для гэтых мэтаў у горад над Нёманам.
Парадуе сваёю творчасцю ў гэты дзень са сцэны і класік беларускай літаратуры Данута Янаўна Бічэль-Загнетава. Акрамя цудоўных лірычных паэтычных твораў, Данута Янаўна яўляе сабою яшчэ і вобраз чароўнай і жыццярадаснай жанчыны, над якою ня мае ніякай улады час!
Затым перад прысутнымі выступяць госці з Мінска: дуэт «Дзівабор», Таццяна Свістунова і «Кветка-Мара», чароўная і загадкавая Дыяна Шыманоўская, маладыя пісьменніцы Юлія Алейчанка і Дар’я Бялькевіч, а таксама Раман Абрамчук з анты-кавербэндам «Гарадскі вал» і Андрусь Такінданг з гуртом «Рэха».
Вядоўца і канферансье на свяце «Дзень беларускай дзіцячай творчасці» ў Гродна — Мікіта Найдзёнаў!
Прыходзьце! Вашым дзецям будзе цікава!
Кантакт для сувязі: +375-29-856-42-01, Міхась Башура.