Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Чытае аўтар

Беларуская аўдыёкніга – рэч досыць сьвежая. Аўдыёкнігі, начытаныя самімі аўтарамі, рэч да ўсяго яшчэ і вельмі аўтэнтычная. Да нядаўняга часу такія мелі ўсяго некалькі пісьменьнікаў – Арлоў, Гілевіч, Някляеў, Хадановіч ды колькі маладзейшых. І вось, здаецца, усё стала на свае месцы. Паўнавартасную аўдыёкнігу (маецца на ўвазе адмыслова выдадзены дыск) займеў карыфэй беларускае літаратуры, духоўны лідэр апошняга беларускага Адраджэньня, якім яго многія заслужана лічаць, – Народны (ува ўсіх сэнсах) пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.

Мы ўжо наўрад калі трымацьмем у руках асобныя дыскі з найлепшымі творамі Купалы, Коласа і Багдановіча ў аўтарскім выкананьні, і таму аўдыёкнігу "голасам Быкава" можна безь перабольшаньняў назваць артэфактам беларускае культуры.

Прычым гэта ўжо другі аўдыёдыск, дзе гучыць голас Народнага пісьменьніка – першы называўся "Быкаў на Свабодзе", і таксама выдаваўся беларускаю службаю аднайменнага радыё. Але тое была публіцыстыка, якой пісьменьнік таксама надаваў значную ўвагу, а дыск "Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Чытае аўтар" – гэта менавіта аўдыёкніга, больш за тое, мэмуарная.

Так сталася, што калі друкам выйшла першае выданьне "Доўгае дарогі дадому", я яшчэ вучыўся ў школе, і першаю кнігаю Быкава, якую прачытаў, была менавіта яна, апошняя па часе напісаньня поўная кніга Васіля Быкава. Аўтабіяграфія. Сьвежая, толькі з друкарні. І ўжо толькі потым была ўся Быкаўская спадчына, нашая літаратурная клясыка – і тая, што ў школьнай праграме (цікава, дарэчы, ці яна дагэтуль там?), і тая, што па-за ёю. Я, так бы мовіць, пачаў чытаць Быкава з канца. Пазнаёміўшыся спачатку з самім пісьменьнікам, і ўжо толькі потым зь яго літаратурнымі героямі. І тое, што цяпер усе мы маем магчымасьць знаёміцца з Быкавым – з такім Быкавым, пра якога расказвае ён сам – за гэта можна сказаць выдаўцам толькі дзякуй. Пераацаніць такое немагчыма.

Сымбалічна, што і літаратурны Быкаў у гуку (гэтаксама як і на паперы для мяне) распачаўся менавіта "Доўгаю дарогаю...". Як дырэктар выдавецтва, якое выпускае беларускія аўдыёкнігі, я магу троху раскрыць выдавецкі плян і сказаць, што ў наступным годзе выйдуць сама меней 4 паўнавартасныя аўдыёкнігі Быкава рознымі мовамі. Але першаю назаўсёды застанецца "Доўгая дарога дадому" – так, як яе начытаў сам Васіль Быкаў.

У дадзеным выданьні голас Быкава гучыць амаль што шэсьць з паловаю гадзінаў. Для начытаньня былі выбраныя 40 разьдзелаў (усіх у кнізе 117). Агучыць цалкам кнігу такога фармату – задача няпростая нават для спрактыкаванага дыктара. Пагатоў, трэба думаць, нялёгка ўжо проста фізычна гэта давалася 78-гадоваму на той час пісьменьніку. І тое, што ён зьдзейсьніў, называецца подзьвіг. Чарговы, наступны за франтавымі, літаратурнымі і грамадзка-палітычнымі подзьвігамі, якіх за жыцьцё Быкава назьбіралася нямала. Зьдзейсьніў яго найперш для нас, спадкаемцаў, бо яму на тое ўжо наўрад ці была асаблівая патрэба – ўласнае жыцьцё ён і так ведаў лепей ад іншых, наўрад таксама прагнуў дыктарскіх ляўраў ці пісьменьніцкае славы, якую і без таго меў. І нізкі паклон людзям, якія ўсё ж угаварылі Васіля Быкава зрабіць гэта і пераканалі ў неабходнасьці такога выданьня.

Гэты дыск выйшаў перад самым Днём нараджэньня Народнага пісьменьніка. Кагадзе з ініцыятывы Ўладзімера Някляева стартаваў збор подпісаў за наданьне імені Быкава вуліцам у Менску і Горадні. Тое, што імя Быкава вартае любога праспэкту ці плошчы, бясспрэчна. Важна тое, што гэты дыск стаўся трыб'ютам ня менш значным, чымся вуліца, якія, я перакананы, таксама будуць.

З Народзінамі, спадару Васіль!

Алесь Квіткевіч,
дырэктар ПВРУП "БелТонМэдыя",
www.Prastora.by


Праслухаць аўдыёкнігу "Доўгая дарога дадому" можна на адмысловым мікрасайце.

Падрабязьней пра прэзэнтацыю аўдыёкнігі ў Менску тут.

Набыць папяровы асобнік кнігі "Доўгая дарога дадому" можна тут.

Іншыя кнігі Васіля Быкава на Prastora.by тут.

Камэнтары

Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Чытае аўтар

а набыць гэтую аўдыёкнiгу будзе магчымасьць?

Адказ: спадзяемся, што некалі будзе - гэтае аўдыёвыданьне, па-першае, уключае ў сябе ня ўсю кнігу - а толькі тое, што Васіль Быкаў пасьпеў начытаць, а па-другое, "Радыё Свабода", наколькі нам вядома, адпачатку не прызначала гэты дыск для продажу. Але, магчыма, будзе іншае выданьне - гэта пытаньне часу.