Абвестка

 

 

 

У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў будзем радыя адказаць на іх штодня з 10.00 да 18.00 па тэлефонах: +375-29-856-42-01 Міхась, Viber / WhatsApp: +375-29-632-91-29 Вераніка.
Або па электроннай пошце: prastora@prastora.by
І ў сацыяльных сетках: Facebook, уКантакце або Інстаграм.

 

 

 

Прэзэнтацыя новых аўдыёкніг у Дзень нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча

Шаноўныя сябры! Прапаноўваем вашай увазе новую аўдыёкнігу "Ладдзя Роспачы ды іншыя аповесці" Ўладзімера Караткевіча, а таксама сардэчна запрашаем на літаратурна-музычную імпрэзу з гэтае нагоды, якая адбудзецца ў Дзень нараджэньня пісьменьніка.

Дата і час правядзеньня: 26 лістапада (панядзелак) а 19-й гадзіне.
Месца правядзеньня: Менская абласная бібліятэка імя Пушкіна (адрас: вул. Гікалы, 4) – побач з пр. Незалежнасьці і пл. Якуба Коласа, непадалёк ад Філярмоніі і ЦУМ'у.

Плянуюцца выступы вядомых літаратараў, а таксама майстроў жывога слова, разынкаю вечару будзе вялікая музычная частка, якую адмыслова рыхтуюць ЛЯВОН ВОЛЬСКІ, ЮРЫ ДЗЬМІТРЫЕЎ (гурт ТРОІЦА), ПАВЕЛ АРАКЕЛЯН (і ягоны джаз-бэнд The Outsiders), а таксама ЗЬМІЦЕР БАРТОСІК.

Для тых, хто ня здолее быць у гэты час у азначаным месцы і ўбачыць усю падзею на ўласныя вочы плянуецца жывая трансьляцыя мерапрыемства, якую можна будзе глядзець тут.

Ну а для тых, хто здолее трапіць на імпрэзу, будуць прыемныя нечаканкі і сюрпрызы! Ласкава запрашаем!:)

Прэзэнтацыя новых аўдыёкніг у Дзень нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча

HandmadE – дэбютны альбом і канцэрт у межах праекту "Жывы Тузін"

HandmadE i Павал Кузіч 20 верасьня а 19-й гадзіне!
20 верасьня ў сталіцы распачнецца новы музычны сэзон – гурт HandmadE прадставіць публіцы свой дэбютны альбом – Na vačach tvajich... (На вачах тваіх...), адзін з самых адметных беларускіх дыскаў 2012 году. У імпрэзе таксама возьме ўдзел Павел Кузіч з прэм'ераю свайго новага электроннага праекту. Канцэрт адбудзецца а 19-й гадзіне ў менскім Loft cafe, кошт квіткоў – 50'000 рублёў і 60'000 рублёў (месца за столікам). Прыходзьце і на свае вушы пачуйце адно з самых яркіх беларускіх музычных адкрыцьцяў апошняга часу!

Першы студыйны альбом гурту HandmadE быў прэзэнтаваны ўвесну на партале "Тузін Гітоў", улетку ж яго ў рэальным выглядзе пад назваю "На вачах тваіх..." выдала кампанія BelTonMedia. Самая першая прэзэнтацыя новага альбому слухачам адбылася ўлетку на фэстывалі "Пікнік.BY", а клюбная прэм'ера заплянаваная акурат на адкрыцьцё канцэртнага сэзону, які распачынае інтэрнэт-партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Цяпер канцэрты ў межах праекту "Жывы Тузін" маюць праходзіць штомесяц, і стаўка гэтым разам будзе зробленая не на акустычныя выступы, як было летась, а на эксклюзіўныя прэм'еры – як ад маладых, гэтак і ад ужо вядомых беларускамоўных выканаўцаў. Весьці гэтыя канцэрты традыцыйна будзе Алег Хаменка – музыка і нязьменны вядоўца радыёвэрсіі гіт-параду "Тузін Гітоў".

Між іншым, не забыліся хлопцы з гурту HandmadE і на тое, што сёлета – акрамя юбілеяў Купалы і Коласа – спаўняецца і 100 гадоў з дня нараджэньня яшчэ аднаго клясыка беларускае літаратуры Максіма Танка. Сярод некалькіх прэм'ераў, якія абяцае лідэр гурту Яўген Валошын, будзе і новая песьня "Сіньярыта з Коста-Рыкі" на верш Яўгена Скурка (сапраўдныя імя і прозьвішча Максіма Танка). Лідэр HandmadE накіраваўся ў гэтую краіну роўна празь 50 год пасьля свайго славутага земляка і вялікага беларускага паэта ды трапіў у такую самую сітуацыю, а менавіта – закахаўся ў тамтэйшую дзяўчыну. "Толькі мне, відаць, пашанцавала больш, чымся Танку, бо я ня быў абцяжараны дзяржаўнымі паўнамоцтвамі і выправіўся ў Лацінскую Амэрыку, каб трошкі пабавіцца там, пажыць, зрабіўшы тое, пра што, напэўна, марылася нашаму паэту паўстагоддзя таму", – іранізуе Яўген.

"Лаліта" Набокава па-беларуску, п'еса "Амазонія" ды іншыя цікавосткі!

Андрэй Каляда
Днямі свой чарговы Дзень нараджэньня адзначыў прафэсар і слынны тэатральны пэдагог Андрэй Каляда, на рахунку якога ці не палова ад усіх агучаных па беларуску мастацкіх (і ня толькі) тэкстаў. Каманда Prastora.by далучаецца да віншаваньняў і зычыць вельмішаноўнаму спадару Андрэю і надалей гэтак жа заўзята шчыраваць на беларускай ніве, як тое ён ужо робіць шмат гадоў!

Акурат да дня нараджэньня майстра выйшлі некалькі выданьняў, якія мы з прыемнасьцю прапаноўваем вашай увазе – сярод іх будзе Аўдыёкнігазбор перакладаў на DVD, а таксама некалькі перакладных кніг клясыкаў усясьветнае літаратуры, у тым ліку Нобэлеўскіх ляўрэатаў.

А ў працяг тэатральнае тэмы Prastora.by, зьяўляючыся інфармацыйным партнэрам міжнароднага тэатральнага праекту, настойліва раіць менскай публіцы сплянаваць свой пятнічны вечар 29-га чэрвеня такім чынам, каб абавязкова наведаць сталічную канцэртную залю "Менск", дзе а 19-й гадзіне будуць паказваць камэдыю "Амазонія" паводле польскага аўтара Міхала Вальчака.

Рэжысэр-пастаноўнік – Ігар Пятроў (Купалаўскі тэатар, Беларусь), сцэнаграфія і строі – Юлія Скшынецка і Дзіяна Маршалэк (Польшча), харэаграфія – Майк Партуш (Францыя), музычнае аздабленьне – Павал Захаранка (Беларусь). У спэктаклі занятыя студэнты Беларускае дзяржаўнае акадэміі мастацтваў, мастацкім кіраўніком курса зьяўляецца народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Квіткі можна замовіць праз інтэрнэт: на www.kvitki.by – кошт ад 15000 да 30000 беларускіх рублёў, даведкі па тэлефоне (017) 328-69-95. Прыходзьце, будзе сьмешна й цікава!

Новае на Prastora.by ад 30.05.2012

Літоўская гаспадыня. Першая беларуская гаспадарча-кулінарная энцыклапедыя

Прапаноўваем вашай увазе новыя тавары, што зьявіліся ў продажы на Prastora.by, – сярод якіх перавыданьне легендарнае і ўвогуле першае беларускае гаспадарча-кулінарнае энцыкляпэдыі "Літоўская гаспадыня", а таксама шмат іншых гістарычных і мастацкіх кніг, у тым ліку для дзяцей. Прыемнага чытаньня!

Каб пабачыць поўны сьпіс тавараў, націсьніце ніжэй "Чытаць цалкам" або проста клікніце на малюнку справа ад гэтага тэксту.

"Шабаны" Бахарэвіча і Памідорава ды іншыя літаратурна-музычныя навінкі

Альгерд Бахарэвіч на прэзэнтацыі свайго новага раману / фота Сяргея Гудзіліна, nn.by

Кагадзе Альгерд Бахарэвіч, які цяпер стала жыве ў Гамбургу, прэзэнтаваў у Менску свой апошні раман – "Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня" – які адразу ж зрабіўся бэстсэлерам у сталічных кнігарнях і наклад якога ўжо практычна разышоўся.

Досыць рэдкая зьява для сучаснае беларускае літаратуры, калі ўвесь тыраж новае кнігі фактычна распрадаецца за 2-3 тыдні: ці то асоба аўтара, чые кнігі актыўна пачалі перакладаць і друкаваць за мяжою, ці то бурлівыя абмеркаваньні, якія ягоная творчасьць выклікае на Радзіме, ці то яшчэ нешта іншае, але ж факт застаецца фактам – "Шабаны" Альгерда Бахарэвіча могуць стаць самаю прадаванаю кнігаю ў 2012 годзе.

Як і апошні кампакт гурту "Pomidor/Off" з аднайменным трэкам-прысьвячэньнем менскаму прамысловаму раёну – за яго (зрэшты, ня толькі за яго) Аляксандар Памідораў і кампанія атрымалі сёлета аж дзьве ўзнагароды (у тым ліку і галоўную Рок-карону – "гурт году") на апошняй Рок-каранацыі ў Маладэчне.

"Лісты з Зэльвы" Геніюш, "Тэорыя змовы" Ахроменкі і кнігазбор Мілаша па-беларуску

Чэслаў Мілаш, 1986 год

2011 год для міжнароднае літаратурнае супольнасьці прайшоў як "Год Чэслава Мілаша" – польскага літаратара, "нобэлеўскага ляўрэата зь ліцьвінскаю мэнтальнасьцю". На працягу ўсяго году адна за другою выходзілі кнігі Мілаша на розных мовах сьвету – у тым ліку, па-беларуску. Прапаноўваем вашай увазе падборку з 6-ці кніг слыннага аўтара, выдадзеных па-беларуску ў розны час ад 2000 і да 2012 году, у якіх сабрана ўсё найбольш значнае, што стварыў за сваё плённае творчае жыцьцё ляўрэат Нобэлеўскае прэміі па літаратуры за 1980 год.

Таксама пацешыў літаратурных гурманаў двума новымі дыхтоўна выдадзенымі тамамі выдавецкі праект "Гарадзенская бібліятэка", чарговы раз ушанаваўшы памяць Ларысы Геніюш і Васіля Быкава. Кніга "Гарадзенскі архіў" Васіля Быкава зьявіцца на Prastora.by трохі пазьней, і пра яе мы паведамім у адмысловай рассылцы, а вось кніга "Лісты з Зэльвы" Ларысы Геніюш ужо даступная на нашым сайце, і падрабязьней пра яе вы можаце прачытаць ніжэй.

Прыйшла вясна – пара натхненьня! Файныя дызайнэрскія "натхняльнікі" і іншыя навінкі на Prastora.by

Прыйшла вясна – пара натхненьня! Файныя дызайнэрскія ''натхняльнікі'' і іншыя навінкі

Сяброве!

Кагадзе ў нашую засьнежаную краіну прыйшла каляндарная вясна – за вокнамі сакавік, а значыць – надыходзіць пара натхненьня і абуджэньня ўсяго навакольля ад зімовае сьпячкі! Сёй-той ужо нават пасьпеў спаліць традыцыйнае пудзіла зімы, адзначаючы Масьленіцу :)

Наперадзе таксама іншыя веснавыя сьвяты, і адмыслова з гэтае нагоды на нашых віртуальных паліцах у абмежаванай колькасьці зьявіліся файныя (і адначасова вельмі практычныя) сувэніры – дызайнэрскія "натхняльнікі", якія могуць стацца выдатным падарункамі да любога сьвята.

Але пра іх падрабязьней ніжэй, пакуль жа хочам далучыцца да віншаваньняў Паўлу Касьцюкевічу з нагоды атрыманьня ім вагомае (ува ўсіх сэнсах) прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую беларускамоўную кнігу прозы!..

Facebook, прэс-фота і добрая музыка!

Facebook, прэс-фота і добрая музыка!

Шаноўныя сябры!

Радыя паведаміць вам, што зьявілася старонка Prastora.by у Facebook! Адгэтуль, упадабаўшы (або на новамоўі "лайкнуўшы") яе, карыстальнікі найбуйнейшае сацыяльнае сеткі змогуць апэратыўна атрымліваць інфармацыю пра ўсе абнаўленьні, навіны, акцыі і паступленьні новых тавараў у беларускую інтэрнэт-краму Prastora.by!

Зрабіць гэта можна як на самой старонцы ў Facebook, гэтак і праз адмысловы модуль непасрэдна на сайце www.Prastora.by – далучайцеся самі, інфармуйце сяброў і знаёмых, і – пашырайма беларускую прастору разам!

Новая аўдыёкніга У. Арлова ды іншыя новыя тавары на Prastora.by

Новая аўдыёкніга У. Арлова ды іншыя новыя тавары на Prastora.by

Пабачыў сьвет новы аўдыёдыск з творамі вядомага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова – дапрацаванае выданьне "Імёны Свабоды", што раней у трохі меншым аб'ёме выходзіла кнігаю.

Выданьне склалі 266 гістарычных партрэтаў герояў беларускай свабоды XVIII – XXI стагодзьдзяў. Аўдыёвыданьне зьмяшчае некаторыя новыя тэксты, якіх няма ў папяровым выданьні. Таксама на дыску ёсьць тэкставы файл, які ўтрымлівае ілюстрацыі і дапрацаваныя ранейшыя тэксты – з праўкамі, якія спадар Арлоў зрабіў падчас працы над аўдыёкнігаю.

Як гаворыцца ў анатацыі на самім дыску, гэтая кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш. Падрабязна азнаёміцца са зьместам аўдыёкнігі можна тут.

Паступленьне новых кніг для дзяцей на Prastora.by

Паступленьне новых кніг для дзяцей на Prastora.by

Шаноўнае спадарства, пасьля даволі працяглага перапынку сайт Prastora.by зноў пачаў папаўняцца новымі таварамі, пра што мы радыя вам паведаміць!

Разам з тым нагадваем, што неўзабаве ў Менску адбудуцца дзьве беларускамоўныя ялінкі – "Ялінка Нашых Дзетак" 17-га сьнежня а 10:30 у кавярні "Плянэта зорак" (Палац дзяцей і моладзі, Старавіленскі тракт, 41) і "Яліначка для карапузікаў" 24 сьнежня аб 11:30 у кавярні THE LOFT (вул. Петруся Броўкі, 22). Арганізатары абяцаюць цікавыя імпрэзы, так што – ласкава запрашаем!

У бягучым выпуску Навінаў мы праінфармуем ваc пра новыя паступленьні дзіцячае літаратуры, а таксама некаторых іншых кніг. Прыемнага калядна-навагодняга шопінгу на Prastora.by!